Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства прадаўжалася амаль пяць гадзін. Прэзідэнт адказаў больш як на шэсцьдзесят пытанняў.

    Пытанні датычыліся эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі на сучасным этапе, знешняй палітыкі, узаемаадносін з Расіяй, Захадам, іншымі краінамі і рэгіёнамі свету. Прадстаўнікі СМІ таксама цікавіліся інтэграцыйнымі працэсамі на постсавецкай прасторы і ўдзелам у іх Беларусі. Традыцыйна прагучалі і некаторыя асабістыя пытанні.

    Усяго ў прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, прынялі ўдзел больш як 350 журналістаў з 285 СМІ. Рэгіёны прадстаўлялі каля 200 журналістаў са 184 сродкаў масавай інфармацыі. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі замежных мас-медыя з сямі краін.

    Як адзначыў Прэзідэнт, амаль год таму на аналагічнай прэс-канферэнцыі вялася размова аб будучым Беларусі, журналісты задавалі розныя, у тым ліку вострыя, пытанні. "Я называў умовы, пры якіх мы зможам забяспечыць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у Беларусі, захаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Лёгкага жыцця, калі помніце, не абяцаў, але і змрочнымі перспектывамі таксама не запалохваў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мінуў 2012 год. Сёння мы ўжо можам рабіць нейкія вывады, што ж са сказанага збылося, а што (па тых ці іншых прычынах) не".

    "Тады я выказаў упэўненасць, што ў цэлым мы з новымі выклікамі часу справімся. І цяпер канстатую, што гэта так і адбылося. Гэта рэальны факт. Мы дасягнулі няхай невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Можа, не ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць, не ўсе запланаваныя вышыні мы ўзялі. Мінулы год быў вельмі складаны, нам трэба было разабрацца з фінансавымі непарадкамі і той неразбярыхай, якія нам дасталіся ад 2011 года. Больш-менш мы з гэтай праблемай справіліся. У гэтым была галоўная мэта", - сказаў Прэзідэнт.

    "Вядома, заўсёды хочацца большага. Але для нас, беларусаў, ёсць толькі адзін спосаб дабіцца гэтага самага большага - лепш працаваць. Аб гэтым я таксама, дарэчы, гаварыў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы спрацавалі ў цэлым за год лепш, чым у мінулым годзе, і дасягнулі значных якасных зрухаў. Што асабліва важна - нарасцілі экспарт, атрымалі дадатнае знешнегандлёвае сальда, практычна ўпершыню ў такім аб'ёме за ўсю нашу гісторыю. Нават нягледзячы на тое, што сусветная кан'юнктура цэн была не нам на карысць", - канстатаваў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы абверг домыслы аб магчымай адстаўцы Урада.

    Прэзідэнт лічыць, што ў краіне ставяцца рэалістычныя задачы ў эканоміцы. "Чалавеку, які папракнуў мяне ў тым, што я нерэалістычна стаўлю задачы, я адказваю адкрыта: я іх фармалізую, зацвярджаю, прынамсі, апошнія два-тры гады, - адзначыў ён. - Патрабую, вядома, пэўнага балансу, каб эканоміка развівалася, каб даходы насельніцтва раслі, каб правы чалавека не парушаць па галоўных напрамках, каб было нармальнае жыццё, дастойная зарплата, каб можна было карміць дзяцей".

    У валютнай сферы Беларусі будзе захавана свабоднае рыначнае курсаўтварэнне. "У былыя часы мы неяк спрабавалі ўтрымліваць беларускі рубель. Да чаго гэта прывяло, вы ведаеце. Таму Нацыянальнаму банку і новаму Ураду была пастаўлена жалезная задача - ні ў якім выпадку нічога штучна не стрымліваць, таму што гэта праз бок вылезе!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Я заўсёды гаварыў - у нас складваецца рэальны рыначны курс беларускага рубля. Таму не трэба бегаць у абменнікі, стаяць у чэргах", - адзначыў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што размовы аб спадзе нацыянальнай валюты не адпавядаюць рэчаіснасці - "апакаліпсіс", які прадказвалі беларускаму рублю ў мінулым годзе і пачатку гэтага, не здарыцца.

    Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што выплаты па знешніх даўгах не абрушаць беларускую эканоміку. "Учора ў мяне пабывалі і Прэм'ер-міністр, і Старшыня Праўлення Нацбанка, і я ім задаў гэта пытанне. У бягучым годзе нам больш як $3 млрд. трэба будзе выплаціць з улікам абслугоўвання працэнтаў. Старшыня Праўлення Нацбанка мне далажыла, мы $3 млрд. ужо сёння маем. Нам $1 млрд. трэба знайсці за гэты год. Я лічу, гэтыя грошы мы знойдзем", - адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што магчыма дамовіцца па некаторых даўгах аб адтэрміноўцы выплат.

    "Краіна не абваліцца ад выплаты знешніх даўгоў. У далейшым будзе лягчэй - там пару мільярдаў за год трэба будзе плаціць. Цяпер мы перажываем пік гэтай сітуацыі, мы яго вылічвалі, і мы ведаем, як яго прайсці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

    На прэс-канферэнцыі былі закрануты і пытанні мадэрнізацыі, прыцягнення інвестыцый. "Калі паўстае пытанне замежных інвестыцый, трэба разбірацца: што за інвестыцыі, хто іх прапануе", - лічыць Прэзідэнт.

    "Вось мне прапанавалі, дапусцім, $13 млрд. інвестыцый. Хоць заўтра! Значная сума? Гэта наогул вырашэнне ўсіх праблем для нашай дзяржавы. Іншае пытанне: а што гэта за інвестыцыі? А мы хочам у вас за гэту суму купіць "Беларуськалій". Я кажу з парога: да пабачэння! Наш "Беларуськалій" каштуе $30-32 млрд., гэта агучаная лічба. Вось вам і інвестыцыі!" - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за бясцэнак грамадская маёмасць прададзена не будзе. "Не трэба нам такія інвестыцыі, - заявіў Прэзідэнт. - У мяне інтарэс беларускага народа на першым плане".

    У той жа час ён дадаў, што чакае ад замежных інвестараў сумленнай работы ў Беларусі. "Прыйшоў працаваць - працуй, як у Амерыцы, дзе ніхто не падумае аб тым, каб дзесьці цэнт утаіць ад падаткаў, таму што загрыміш мінімум на 25 гадоў. Вядома, маё стаўленне ў гэтым плане будзе строгае", - папярэдзіў Прэзідэнт.

    "Для таго каб інвесціраваць і спакойна, сумленна, празрыста працаваць у Беларусі - у нас ёсць усё! І гарантыя сумленным людзям поўная. У нас ніхто ні на каго на вуліцы з пісталетам або стрэльбай не наедзе і не пачне яго выварочваць навыварат, як у суседніх дзяржавах бывае. Ніхто. Калі ты сумленна працуеш тут. Так будзе заўсёды", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Мадэрнізацыі ў Беларусі цяпер надаецца агульнадзяржаўнае значэнне: "Пытанне не стаіць: трэба ці не трэба. Гэта пытанне жыцця. У нас няма выбару. Узмацняецца канкурэнцыя. Нашы асноўныя рынкі па экспарце - Расія і Еўрасаюз на месцы не стаяць. Яны багацейшыя, мацнейшыя. Такі наш лёс - калі не мадэрнізуемся, мы ад іх адстанем, а значыць, не прададзім наш тавар. Ён будзе проста неканкурэнтаздольны. Таму мадэрнізацыі быць. Праз 5-7 гадоў скончыцца вось гэты "расійскі" перыяд у СГА і ўсе будуць у роўных умовах. Нам патрэбна танная канкурэнтаздольная прадукцыя. Калі мы хочам жыць, нам трэба прадаўжаць мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, транспарту, лагістыкі, трэба ствараць новую прамысловасць, што мы і робім. Практыка паказвае, што рынак нічога не вырашыць - усё вырашаюць людзі".

    Не засталася без увагі журналістаў і адна з тэм, што найбольш абмяркоўваюцца апошнім часам, - аптымізацыя ў дзяржапараце. На думку Прэзідэнта, скарачэнне не больш як на чвэрць ад існуючага складу з'яўляецца найбольш аптымальным: "Мы ўжо бачым гэта скарачэнне - 25%, больш, я лічу, наогул дакранацца да скарачэння дзяржапарату нельга, таму што ўзнікне сітуацыя, калі па кіраўніцкіх законах структура не зможа існаваць". За кошт скарачэння дзяржапарату з'явіцца магчымасць істотна павысіць даходы астатніх дзяржслужачых.

    Многія пытанні датычыліся ўзаемаадносін Беларусі з рознымі краінамі і рэгіёнамі, у тым ліку з Захадам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у ЕС няма жадання весці дыялог з Беларуссю: "Калі вы хочаце з намі наладзіць адносіны і бачыце, што ў нас штосьці не так, мы таксама ў вас бачым нямала недахопаў, ну, дык вы садзіцеся за стол перагавораў і давайце будзем гэтыя праблемы абмяркоўваць. Але вы ж не хочаце гэтага рабіць. Значыць, вам не патрэбна гэта нармалізацыя".

    "Замест таго, каб размаўляць, дэмакратычная Еўропа колькі чалавек неўязнымі зрабіла? 232. І нават маіх дзяцей. Добра, у мяне старэйшы сын памочнік, яго касой, пад адзін грэбень. Ну, а Дзмітрый, сярэдні, наогул да палітыкі ніякага дачынення не мае, ён ніяк не ўдзельнічаў у гэтых выбарах. Ну, а гэты малыш? Ён жа наогул нічога не разумее ў гэтай палітыцы! Вы што, павар'яцелі там? І вы хочаце, каб са мной, з Беларуссю быў нармальны ў вас дыялог?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Я магу вам пералічваць такія дзікасці, колькі хочаце. Вы суддзям забаранілі ўезд. За што? Суддзі ў адпаведнасці з законам прымаюць рашэнне: ёсць артыкул - ён прыняў рашэнне, не было б артыкула - не прыняў. Вы забаранілі ўезд. Гэта ж націск на правасуддзе! Тысячы пытанняў!" - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідзе націск і па эканамічных напрамках.

    Асобныя журналісты актыўна цікавіліся далейшым лёсам так званых палітзняволеных. Паводле слоў Прэзідэнта, яны могуць выйсці на свабоду, у тым ліку датэрмінова, але ў адпаведнасці з законам.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як беларус не хоча бачыць апазіцыйных кандыдатаў на нейкіх кіруючых пасадах, паколькі яны змагаюцца не за незалежнасць краіны. "Хачу бачыць людзей, якія змагаюцца за незалежную краіну. І не проста языком, а рэальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Дрэнны для іх Лукашэнка, ну, крытыкуйце, але не на шкоду беларусам", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт закрануў і пытанне адносін Беларусі з бліжэйшымі суседзямі з захаду. У прыватнасці, размова зайшла аб увядзенні малога прыгранічнага руху з Польшчай і Літвой. "Гэта і палітычныя, і эканамічныя праблемы, я не буду іх дэталізаваць. І ўвогуле палітыка Польшчы адносна Беларусі. Шэраг нявырашаных момантаў, я не буду называць прыклады і па супрацоўніцтве спецыяльных падраздзяленняў, спецыяльных службаў. Цэлы букет. Яны іх ведаюць", - адзначыў Прэзідэнт, гаворачы пра польскі бок.

    Акрамя таго, адказваючы на пытанне наконт магчымых тэрмінаў увядзення малога прыгранічнага руху, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы і з Польшчай, і з Літвой прымем рашэнні, як дамовімся. Пакуль я не ведаю, калі. Гэта не ад нас залежыць. Пэўныя праблемы ёсць, яны нас насцярожваюць, і як толькі мы атрымаем пэўныя гарантыі ад іх і будзем бачыць з іх боку дружалюбную палітыку, мы прымем гэтыя рашэнні".

    Што датычыцца будучага старшынства Літвы ў ЕС і ўплыву гэтага факта на адносіны з Беларуссю, Прэзідэнт адзначыў: "Разлічваю (на старшынства Літвы) настолькі, наколькі Літва самастойная ў Еўрапейскім саюзе. Калі яна старшынствуе, гэта не значыць, што яна будзе там вяршыць справы. Я асабліва тут не маю нейкіх надзей". Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб такой аб'ектыўнай акалічнасці, як суседства Літвы і Беларусі: "Суседзяў не выбіраюць. Гасподзь прадвызначыў, і ім трэба жыць у дружбе".

    Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб удзеле Беларусі ў розных інтэграцыйных утварэннях, у тым ліку СНД, дзе Беларусь прыняла старшынства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на падтрымку беларускіх ініцыятыў з боку ўсіх дзяржаў Садружнасці.

    Старшынства Беларусі пройдзе пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур".

    "Мы, краіны Садружнасці, ужо занадта розныя і не можам выйсці на прыняцце нейкіх палітычных, значных эканамічных рашэнняў. Напрыклад, зона свабоднага гандлю - боўталіся, колькі існуе СНД, і то там выключэнні, абмежаванні. Таму мы стараемся вылучыць тыя ініцыятывы, якія пройдуць. Лічу, што тут не павінна быць асаблівага напружання. І экалогія, і зялёныя тэхналогіі цікавяць усе дзяржавы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

    Ён адзначыў, што СНД - добрая пляцоўка для перагавораў і ўзгаднення пазіцый.

    У той жа час, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у СНД зроблена значна менш, чым у Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі: "Я ужо не кажу пра Саюзнае будаўніцтва з Расіяй. СНД гэтага ніколі не пераадолее... Трэба спакойна да гэтага ставіцца".

    У час старшынства Беларусі ў СНД Прэзідэнт таксама мае намер абмеркаваць з кіраўніцтвам Грузіі магчымасць яе вяртання ў Садружнасць у тым ці іншым фармаце.

    Каменціруючы па просьбе журналіста заявы дзяржсакратара ЗША, якая выказала апасенні наконт больш цеснай еўразійскай інтэграцыі і заявіла аб гатоўнасці ЗША прадухіліць гэты працэс, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "А што каменціраваць? Яна сёння сказала, а на заўтра ўсе чыноўнікі Дзяржаўнага дэпартамента пачалі актыўна абвяргаць, што яна не гэта мела на ўвазе".

    "Тое, што іх хвалюе, што адбываецца ў нас на постсавецкай прасторы, дык нас хвалюе тое, што ў іх адбываецца ў Афганістане, Іраку, на арабскай дузе. Нам гэта непрымальна! Нас таксама гэта хвалюе. Таму мы разумеем іх хваляванне, але мы ж не ваюем. Мы не ўзялі пісталеты, аўтаматы ў рукі і не пайшлі ўздоўж і ўпоперак граміць гэтыя дзяржавы, і Расія, якую перш за ўсё Клінтан спрабавала папракнуць, таксама не ваюе", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка не бачыць нічога дрэннага ў тым, што Расія спрабуе вакол сябе "нарэшце цывілізаваным чынам сабраць гэтыя дзяржавы".

    "У іх мы, бачыце, зона іх жыццёвых інтарэсаў! Паўсюль, куды ні ступі ў свеце - зона інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі! Хвалюе вас гэта? Хвалюе. І мяне таксама хвалюе. Аднак мы не так хвалюемся, як яны, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы будуем свае адносіны, зыходзячы з нашых інтарэсаў. І мы будзем іх так будаваць. І я ведаю, такая пазіцыя ва ўсіх дзяржаў. Мы бачым арыенціры сусветнай эканомікі, светаўладкавання ўсяго, і арыентуемся, вядома, на гэта. Але ў нас ёсць уласныя інтарэсы".

    Наконт еўразійскай інтэграцыі, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь, Казахстан і Расія пакуль не гатовы да больш радыкальных крокаў у гэтым напрамку, чым тыя, якія ўжо зроблены. "Можа, Расіі хацелася б больш хуткіх нейкіх крокаў, можа, больш радыкальных", - сказаў Прэзідэнт.

    Гаворачы аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў працэсе развіцця еўразійскай інтэграцыі яшчэ не хутка будзе дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва, аналагічны таму, які існуе ў гэтым саюзе: "Магу сказаць, што АЭП, СГА і іншыя - гэта пакуль што ўрэзаныя ў эканамічных адносінах саюзы. Нам у АЭП да 2015 года, пакуль з'явіцца гэты эканамічны саюз, як мы яго будзем называць, яшчэ трэба прайсці вельмі доўгую дарогу. І калі мы яе пройдзем, то ў эканоміцы Еўразійскага эканамічнага саюза не дасягнём таго ўзроўню супрацоўніцтва, якое існуе ў нас у Саюзнай дзяржаве".

    У Саюзнай дзяржаве па многіх напрамках, такіх як правы чалавека, ваенная сфера, супрацоўніцтва паміж знешнепалітычнымі ведамствамі, створаны цэласныя сістэмы, як у адзінай дзяржаве. З такім падыходам, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у тым ліку салідарны і Прэзідэнт Расіі, што ён пацвердзіў на нядаўняй двухбаковай сустрэчы.

    Разам з тым часам паміж Беларуссю і Расіяй узнікаюць і некаторыя спрэчныя пытанні, па якіх, тым не менш, бакі знаходзяць рашэнне. Адзін з журналістаў у сваім пытанні адзначыў, што вельмі актыўна апошнім часам абмяркоўваецца тэма пастаўкі нафтапрадуктаў, якую ў тым ліку каменціраваў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

    Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў наяўнасць прынцыповых дамоўленасцей з Расіяй па балансе паставак нафты. "Калі гаварыць аб пазіцыі расійскага пасла ў Беларусі, ён вельмі экзатычна іншым разам выглядае ў сваіх разважаннях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Мы сапраўды дамовіліся. Расіі трэба перапрацоўваць нафту, яна будзе перапрацоўваць на нашых НПЗ. Чым больш, напэўна, тым лепш. Тым больш што ў нас мадэрнізаваныя заводы. Ім патрэбны высокаактанавыя бензіны, ракетнае паліва, якія мы робім вельмі якасна. Яны зацікаўлены, каб мы пастаўлялі іх у тым ліку і ў Расійскую Федэрацыю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Той, хто ўважліва гэтыя пытанні адсочвае, даў ацэнку выказванням пасла і яго кампетэнтнасці, не трэба зацыклівацца на гэтых пытаннях. Часам МЗС і паслы вельмі мала ведаюць аб тым, што адбываецца ў рэальных адносінах паміж дзяржавамі, асабліва на самым высокім узроўні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    Сярод прыярытэтаў Кіраўнік дзяржавы таксама назваў развіццё гандлёва-эканамічных адносін Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

    Там, дзе нас прымаюць, туды трэба ісці, мы там патрэбны. Я пабываў у Венесуэле, Бразіліі і іншых краінах і пераканаўся, што ў нас ёсць шмат груп тавараў, якія карыстаюцца там вельмі вялікім попытам. Мы прынялі рашэнне, што нашым апорным пунктам у Паўднёвай Амерыцы будзе Венесуэла, і адтуль мы будзем працаваць і на Эквадор, і Кубу, і краіны Цэнтральнай Амерыкі. У бліжэйшы час разлічваем дасягнуць, прынамсі, $5 млрд. тавараабароту з гэтым кантынентам. Гэта стане добрай прыбаўкай у вырашэнні нашай асноўнай праблемы - экспарту, паколькі нам патрэбна валюта", - адзначыў Прэзідэнт.

    Каменціруючы ўзаемадзеянне Беларусі з азіяцкімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь даўно хацела наладзіць добрыя адносіны з гэтым рэгіёнам. Асабліва Прэзідэнт адзначыў адносіны з Кітаем і Індыяй.

    Прэзідэнт канстатаваў, што беларуска-кітайскія сувязі вельмі інтэнсіўна развіваюцца. "Мы ствараем там сумесныя вытворчасці, Кітайская Народная Рэспубліка адкрывае тут новыя прадпрыемствы, гэтаму мы ўсялякім чынам садзейнічаем і будзем садзейнічаць", - падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў кітайскага боку ў цэнтры Еўропы ёсць надзейны саюзнік. "Калі вы, прадстаўнікі Кітая, хочаце развіваць з тэрыторыі Беларусі супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, у тым ліку Еўрапейскага саюза, вы на нас можаце поўнасцю разлічваць", - дадаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць добрых асабістых адносін з цяперашнім Генеральным сакратаром ЦК Кампартыі Кітая Сі Цзіньпінам. У цэлым адносіны Беларусі і Кітая будуюцца на адкрытасці, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Кітай - гэта імперыя, яны нам аказваюць вялікую дапамогу, адкрыта крэдытная лінія прыкладна на $16 млрд. Рэалізуюцца праекты, напрыклад, у Светлагорску на кітайскія крэдыты будуецца завод беленай цэлюлозы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама прывёў у прыклад праект стварэння Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі.

    "Мы бачылі, як яны развіваліся, шмат чаму ў іх вучыліся, у тым ліку ў практыцы свабодных эканамічных зон. З Індыяй нас звязваюць таксама вельмі моцныя адносіны, іх цікавіць навукова-тэхнічны прагрэс, нашай навуцы ёсць што ім прапанаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    В'етнам, паводле слоў Прэзідэнта, гэта яшчэ адна краіна ў Азіі, з якой у Беларусі склаліся дружалюбныя, амаль брацкія адносіны: "Гэта краіна, якая бурна развіваецца. Яны нам дапамагаюць супрацоўнічаць з Лаосам, Камбоджай, М'янмай".

    "У мінулым годзе паспяхова прайшлі візіты беларускай урадавай дэлегацыі ў Бангладэш, Індыю, краіны Цэнтральнай Азіі. Цяпер рыхтуецца маштабны візіт на вышэйшым узроўні ў Інданезію і Сінгапур. Мы ўсё больш і больш спрабуем асвойваць гэтыя рынкі", - заявіў Прэзідэнт.

    Крыху складаней, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ідзе супрацоўніцтва з афрыканскім кантынентам. "Аднак пастаўлена задача новаму Міністру замежных спраў знайсці тры-чатыры магутныя дзяржавы ў Афрыцы, як Венесуэла ў Лацінскай Амерыцы, якія маюць у нас патрэбу. Мы пачнём з малога, замацоўваючыся на рынках гэтых дзяржаў і працуючы з іх тэрыторый на суседнія краіны, - сказаў Прэзідэнт. - У нас нармальныя адносіны з Эфіопіяй, з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, цяпер выйшлі на нейкі кантакт з Ганай, інакш кажучы, нас ведаюць і да нас нармальна ставяцца. Мы будзем там зазямляцца".

    Адказаў Прэзідэнт і на вялікі блок пытанняў адносна развіцця сацыяльнай сферы.

    Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што заработная плата настаўнікаў, якая сапраўды незаслужана нізкая, будзе павышана: "Выйсце адно: мы будзем павышаць заработную плату настаўнікам, яны павінны атрымліваць больш, атрымліваць дастойную заработную плату і эфектыўна працаваць".

    Але пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, на яго прапанову значна павысіць зарплату за кошт скрачэння колькасці настаўнікаў і павелічэння ставак да 20 гадзін у тыдзень не было адказу ні ад Міністра адукацыі, ні ад педагагічнай грамадскасці. Прэзідэнт адзначыў, што "да гэтага ўсё роўна трэба будзе ісці, таму што ёсць вялікія праблемы пенсійнага ўзросту, гэта трэба заўсёды помніць і эканоміць, скарачаць, стымуляваць, каб людзі працавалі больш, для таго каб нармальна жыць". Таму, напэўна, не абысціся і без некаторых непапулярных мер.

    Прэзідэнт закрануў і пытанне залішняй загружанасці настаўніка папяровай работай. "У былыя часы ў школе патрабавалі ад настаўніка план на паўсшытка. Не думаю, што цяпер такія патрабаванні, але я катэгарычна папярэджваў, што настаўніку нельга навязваць, які план пісаць і што яму там пісаць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я дазваляю вам нічога не пісаць. Але выдавайце "тавар" так, каб на тэсціраванні былі нармальныя веды. А ад таго, што мы напішам, мала што залежыць".

    Прэзідэнта папрасілі выказацца наконт адтоку з Беларусі рабочай сілы і складанасці гэтай праблемы. "Напэўна, тут усё ж такі больш "пакутуюць" сродкі масавай інфармацыі як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што ідзе сёння ператок (туды едуць, да нас прыязджаюць) людзей - гэта нармальна, гэта не спыніш. І я не збіраюся тут ствараць нейкія перашкоды".

    Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна было шмат хваляванняў у сувязі з тым, што з Беларусі выязджалі будаўнікі. Сёння, паводле яго слоў, склалася адваротная сітуацыя, і будаўнікі вяртаюцца ў Беларусь, дзе будуецца шмат цікавых і дарагіх аб'ектаў.

    Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, добра, што ў Беларусі практычна няма беспрацоўя, аднак у асобных галінах не хапае рабочых рук. "Трэба працаваць, як у сельскай гаспадарцы - мадэрнізаваць прадпрыемствы, і тады нам будзе не патрэбна такая колькасць", - прапанаваў Прэзідэнт адзін з варыянтаў вырашэння праблемы. "Таму і пачата ўся гэта мадэрнізацыя. Мы гэту праблему вырашым ужо ў бягучай пяцігодцы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнту задалі яшчэ адно актуальнае для насельніцтва пытанне адносна ўвядзення дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію. "Пэўную колькасць электрычнасці расходуеш - плаці па адной цане, расходуеш больш - плаці больш, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну чаму вы, у каго маленькі халадзільнічак стаіць у кутку на кухні і расходуе зусім мала энергіі, павінны быць пастаўлены ў роўныя ўмовы з тымі, у каго тры халадзільнікі і адзін маразільнік?"

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння насельніцтва ў Беларусі аплачвае каля 20% прадастаўленых паслуг па ЖКГ. Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе ў адрас ЖКГ было "выплачана датацый на вельмі вялікую суму". Прэзідэнт лічыць, што пакрыху ад гэтага трэба адыходзіць, што павінна адбыцца з ростам заработнай платы ў насельніцтва.

    Па просьбе журналістаў Прэзідэнт пракаменціраваў нядаўняе рашэнне аб рэарганізацыі некалькіх дзяржаўных газет. Ён адзначыў, што стварэнне грамадска-палітычнага холдынга на базе газеты "Советская Белоруссия" ў першую чаргу накіравана на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных СМІ, а не на эканомію бюджэтных сродкаў. "Галоўная мэта - эфектыўнасць, а эканомія - гэта потым ужо", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Адказваючы на пытанне аб магчымасці раздзяржаўлення сродкаў масавай інфармацыі, Прэзідэнт сказаў, што дзяржаўная прэса ёсць у любой краіне. З ідэалагічнай сферы дзяржава не выйдзе, хоць Прэзідэнт не супраць таго, каб газеты самастойна, без бюджэтнай падтрымкі зараблялі сродкі.

    Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта і яго стаўленнем да вадзіцеляў, якія садзяцца за руль у нецвярозым стане.

    Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выступае за ўзмацненне адказнасці п'яных вадзіцеляў.

    "Я частка таго грамадства, якая лічыць, што да такіх вадзіцеляў трэба прымаць вельмі сур'ёзныя меры. Гэта адназначна", - канстатаваў ён. На думку Кіраўніка дзяржавы, такія дзеянні павінны карацца самым жорсткім чынам. "Я ўпэўнены, калі ты ў п'яным выглядзе збіў чалавека, то ніколі ў жыцці не павінен сесці за руль аўтамабіля і павінен быць пазбаўлены той прылады, якой учынена забойства", - сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэта яго асабістае бачанне сітуацыі, таму не абавязкова ў Беларусі будуць прыняты такія меры.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, сеўшы за руль аўтамабіля ў нецвярозым стане, вадзіцель можа пазбавіць чалавека жыцця практычна наўмысна. "Тады ты павінен сваё атрымаць па поўнай, а мы павінны тут зрабіць больш строгім пакаранне", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Разам з тым ён звярнуў увагу на тое, што існуе таксама іншы бок пытання аб бяспецы на дарозе. "Паглядзіце на гэтых пешаходаў: ну зразумела, калі едзе Прэзідэнт, трасу рыхтуюць, і што вы думаеце? Скорасць картэжа высокая, але нават тады прэ пешаход праз кальцавую дарогу, пералазіць цераз агароджу, раздзяляльную паласу", - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка.

    На яго думку, няякасную падрыхтоўку вадзіцеляў вядуць і аўташколы. "Як бы мы там ні патрабавалі, а я націск аказваю сур'ёзны на пэўныя структуры, як мы ні кантралявалі б школы, якія рыхтуюць вадзіцеляў, усё роўна браку шмат, гэта аб'ектыўна".

    Прычынай з'яўлення на аўтадарогах вялікай колькасці нізкапрафесіянальных вадзіцеляў Прэзідэнт у тым ліку называе рост колькасці аўтамабіляў у краіне. "Калі ты сапраўдны вадзіцель, то штосьці ад прыроды павінна быць. Ёсць людзі, якіх наогул нельга за руль аўтамабіля пускаць, ні ў якім выпадку: у яго няма рэакцыі, ён баіцца", - упэўнены Прэзідэнт. У аўташколах сёння гэта не адсочваецца, у той час як у часы Савецкага Саюза, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта кантралявалася.

    На заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што коранем сваёй палітыкі лічыць сумленнасць і шчырасць.

    "Сустракаючыся з вамі сам-насам, я стараюся шчыра адказваць на пытанні. Корань маёй палітыкі - гэта сумленнасць, шчырасць у забеспячэнні спакойнага жыцця людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    На яго думку, хоць спакойнае жыццё - сумнае, можна пазайздросціць тым, у каго такое жыццё. Павінна быць як мага менш выпадкаў, калі штосьці ўзрываецца, калі бацька, адвозячы ў школу сваё дзіця, пазбаўляе жыцця іншага, міліцыянер замест таго, каб прымяніць зброю супраць злачынца, закрывае сабой таварыша, атрымлівае кулю ў грудзі.

    Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі шмат нядобразычліўцаў, што "ляскаюць зубамі", якія будуць апладзіраваць, калі будзе разлад у краіне. А разлад азначае неадкладную гібель дзяржавы.

    Разам з тым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, падтрыманне міру і спакою - не значыць не бачыць дрэннае. Трэба крытыкаваць, і канструктыўная, карэктная крытыка ёсць у прэсе.

    Падводзячы вынікі прэс-канферэнцыі, ён падкрэсліў важнасць сустрэч з журналістамі, асабліва з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, паколькі рэгіянальная прэса карыстаецца вялікім даверам у мясцовых жыхароў. "Усе павінны бачыць і чуць Прэзідэнта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Не трэба нам адзін на аднаго наязджаць, не трэба нам біцца адзін з адным, у нас хапае процістаяння, у нас ёсць супраць каго стаяць, і мы гэта павінны рабіць разам. Зямля ў нас адна, давайце яе берагчы", - рэзюмаваў Прэзідэнт.