Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па праблемных пытаннях будаўнічай галіны

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка канстатуе крытычную сітуацыю ў будаўнічай галіне і патрабуе ўстаранення ўсіх глыбінных праблем і недахопаў. Такую задачу ён паставіў 14 чэрвеня на нарадзе з рабочай групай па праблемных пытаннях будаўнічай галіны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што практычна кожны пастаянна або хаця б раз у жыцці сутыкаўся з праблемамі, звязанымі з будаўнікамі і ў цэлым будаўнічай галіной. "Сітуацыя ў будаўніцтве не проста насцярожвае, а складваецца крытычнай. І не толькі таму, што ў будаўнікоў недастатковыя аб'ёмы, пытанне ў тым, што які напрамак ні вазьмі - у будаўніцтве поўны абвал, пачынаючы ад незадаволенасці грамадзян тэрмінамі, якасцю і коштам будаўніцтва і завяршаючы той карупцыяй, у якой загразла ўся галіна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што для выяўлення і ўстаранення недахопаў у гэтай сферы была створана спецыяльная група, вынікі работы якой будуць прадстаўлены на маштабнай нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы ў верасні. У склад рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, камітэтаў дзяржкантролю і дзяржбяспекі, МУС, Мінбудархітэктуры, Дзяржкаммаёмасці, будаўнічых і праектных арганізацый.

"Вам неабходна запатрабаваць ад выканаўцаў устаранення ўсіх выяўленых недахопаў у ходзе работы групы. Каб не атрымалася так, што на нарадзе ў Прэзідэнта ў верасні мы вывалім шмат недахопаў і прабелаў у будаўнічай галіне, з якімі мірыцца нельга, і потым будзем гераічна разбіраць гэтыя праблемы. Прынцып адзін: выявілі - выправілі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб усе прапановы, рэкамендацыі і распараджэнні спецыялістаў рабочай групы неадкладна выконваліся не толькі на ўзроўні радавых работнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў будаўнічай галіны, але і шляхам устаранення прабелаў у заканадаўстве.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наўмысна ўключыў у склад рабочай групы вышэйшых службовых асоб, каб яны забяспечылі належны кантроль і арганізацыю работы. Ён таксама дадаў, што асноўныя недахопы, якіх сёння хапае ў будаўнічай сферы, ляжаць на паверхні, аб іх шмат гавораць у грамадстве, аднак задача ўдзельнікаў рабочай групы як спецыялістаў - вывучыць глыбінныя праблемы гэтай галіны. "Я проста настойліва рэкамендую вам і патрабую ад вас: максімум выяўленых недахопаў павінны быць выпраўлены ў час работы групы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на наяўнасць вялікай колькасці праблем у будаўнічай галіне ў Мінску. "Мінскі гарвыканкам або поўнасцю з карупцыянераў сёння сфарміраваны, якія наверсе сядзяць, і няхай на мяне не крыўдзяцца, факты таго ёсць - першы намеснік у месцах не такіх далёкіх. І гэта пры такім хабары - $250 тыс.! Грошы немалыя. Гэта таксама шмат аб чым сведчыць", - адзначыў Прэзідэнт. "Я спецыяльна падкрэсліваю праблемы будаўнічай галіны ў Мінску. Адсюль усё пачынаецца. І Мінск трэба ўскалыхнуць так, каб больш нікому непанадна было працаваць дрэнна!"

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў на нарадзе расказаў аб асноўных недахопах, уласцівых будаўнічай галіне.

У прыватнасці, паводле яго слоў, адсутнічае належны кантроль з боку мясцовых органаў улады пры выдзяленні зямельных участкаў. "Вялікая колькасць пляцовак для будаўніцтва аддаецца забудоўшчыкам бязвыплатна, напрыклад, пад будаўніцтва жылля або пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, што не заўсёды абумоўлена інтарэсамі дзяржавы. Часта бясплатнае прадастаўленне зямлі прыводзіць не да зніжэння цаны за квадратны метр жылля, а да павелічэння прыбытку забудоўшчыка. І большасць інвестыцыйных праектаў, па якіх прадастаўляецца бясплатна зямля, таксама складана назваць значнымі для дзяржавы", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, у практыцы работы выканкамаў не выкаранены факты зацягвання тэрмінаў падрыхтоўкі актаў выбару зямельнага ўчастка, прыняцця рашэнняў заднім чыслом, лабіравання інтарэсаў на карысць камерцыйных структур у пытаннях выдзялення ўчасткаў пад забудову без абцяжарванняў. Акрамя таго, часта не прымаюцца своечасовыя меры па прымушэнню землекарыстальнікаў да выканання ўмоў адвядзення зямлі, а ў выпадку невыканання адпаведнага прадпісання - па скасаванню дагавора арэнды.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры выяўленні любога недахопу павінна быць неадкладнае рашэнне.

"Вось вы выявілі гэты недахоп. Нехта, недзе, неяк, хто сваім, хто чужым бясплатна выдзеліў зямлю, напрыклад, пад так званыя інвестыцыйныя праекты, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Выявілі - паставілі тэрміны па ўстараненню недахопаў у гэтым плане, гэта значыць каб інвестар заплаціў тое, што трэба, або аддаў дзяржаве ці гораду тое, што абяцаў. Устанавілі тэрмін, і гэта павінна быць выканана неадкладна! Аляксандр Серафімавіч (Якабсон - старшыня КДК) арганізуе адпаведныя праверкі. І не дай бог нейкая службовая асоба не рэалізуе ваша ўказанне! Адразу ж уносьце прапанову аб вызваленні яе ад займаемай пасады. Неадкладна! Толькі так мы зможам навесці парадак".

"Ёсць недахоп, ёсць праблема, ёсць факты - неадкладнае выкананне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Яшчэ адным праблемным пытаннем будаўнічай сферы, на якое звярнуў увагу Андрэй Кабякоў, з'яўляецца завышэнне кошту праектных работ, нізкая якасць іх выканання, наяўнасць падкантрольных фірм. Паводле яго слоў, праектныя інстытуты пры падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі закладваюць максімальныя каэфіцыенты і нормы незалежна ад уласцівасцей мясцовасці. Гэта датычыцца аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ, колькасці задзейнічаных у будаўніцтве машын і механізмаў, розных выплат і прэміяльных узнагарод.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што выяўлены факты аплаты заказчыкамі фактычна нявыкананых праектных работ, а праектныя арганізацыі па-ранейшаму не заўсёды ажыццяўляюць функцыі аўтарскага нагляду належным чынам. У прыватнасці, устаноўлены факты, калі прадстаўнікі аўтарскага нагляду завышалі ў актах выкананых работ колькасць дзён знаходжання на аб'ектах будаўніцтва або ўвогуле іх не наведвалі, хоць аплата за аказанне паслуг па аўтарскаму нагляду ажыццяўлялася заказчыкамі ў поўным аб'ёме.

Андрэй Кабякоў прывёў даныя РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза", згодна з якімі, больш як 80% праектнай дакументацыі выконваюцца з недапрацоўкамі і памылкамі. Практычна пры кожнай праектнай арганізацыі ёсць так званыя архітэктурныя майстэрні і праектныя бюро з невялікай колькасцю занятых, якім перадаецца на выкананне частка праектных работ. Гэта прыводзіць да павелічэння кошту праекта. Пры гэтым устанаўліваюцца факты, калі супрацоўнікі праектнага інстытута выконваюць такія работы самастойна пры наяўнасці заключанага з архітэктурнай майстэрняй дагавора.

"Экспертыза не паспявае ўсе аб'екты дэталёва праверыць, што таксама з'яўляецца негатыўным фактам. Толькі асобныя праекты карэкціруюцца заказчыкамі сумесна з праекціроўшчыкамі, і іх кошт змяншаецца, хоць гэта павінна быць паўсюдным", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Наступны недахоп, выяўлены ў будаўнічай сферы, - парушэнне заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне дзяржаўных закупак тавараў і паслуг і падрадных таргоў на будаўніцтва аб'ектаў. Так, паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, для правядзення таргоў нярэдка прымаецца дакументацыя, падрыхтаваная без удзелу праектных арганізацый, з грубымі парушэннямі заканадаўства, з пазначэннем канкрэтных вытворцаў тавараў і абсталявання пэўных марак, часта толькі замежнай вытворчасці, а ў тэхнічных заданнях называюцца патэнцыяльныя пастаўшчыкі. Для падрыхтоўкі конкурснай дакументацыі і заключэнняў па прапанове прэтэндэнтаў прыцягваюцца прыватныя пасрэдніцкія арганізацыі, што стварае перадумовы для павелічэння агульнага кошту закупак і завышэння аб'ёмаў работ. "Сярод пастаўшчыкоў падрадчыкаў і субпадрадчыкаў аказваюцца нядобрасумленныя пасрэднікі, фірмы і фірмачкі, якія не могуць справіцца з выкананнем заказаў уласнымі сіламі", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Асобнага разгляду заслугоўвае праблема цэнаўтварэння ў будаўніцтве. Распрацоўка новых нарматываў вызначэння кошту будаўніцтва, гэта значыць нарматыву расходу рэсурсаў у натуральным выражэнні, адстае ад практычнага ўкаранення новых тэхналогій і матэрыялаў. У галіне да гэтага часу карыстаюцца ўстарэлымі нарматывамі, прымяняючы да іх розныя павышаючыя каэфіцыенты. У выніку цэнаўтварэнне становіцца непразрыстым і неабгрунтаваным. "Дзеючыя нарматывы па вызначэнню кошту абсталявання ўстарэлі і даўно не пераглядаліся, хоць само абсталяванне пастаянна ўдасканальваецца і спрашчаюцца спосабы яго мантажу. Гэта прыводзіць да скрытага падаражэння кошту будаўніцтва аб'ектаў", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Сярод праблемных пытанняў галіны і завышэнне аб'ёмаў і кошту выканання будаўніча-мантажных работ. Падрадчыкі ў многіх выпадках неэфектыўна і з парушэннем заканадаўства выкарыстоўваюць бюджэтныя сродкі. Так, у 2012 годзе ў Брэсцкай вобласці ўстаноўлена завышэнне кошту 22 жылых дамоў, якія будуюцца з прыцягненнем ільготных крэдытаў, на суму Br1,6 млрд., у Магілёўскай вобласці - 23 дамоў на Br4,15 млрд., у Гродзенскай вобласці - 22 жылыя дамы больш як на Br1,5 млрд.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, у долевым будаўніцтве дапускаюцца парушэнні дзеючага заканадаўства прыватнымі забудоўшчыкамі. Падраздзяленнямі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі неаднаразова праводзіліся праверкі па фактах невыканання дагаворных абавязацельстваў з боку забудоўшчыкаў па шматлікіх зваротах дольшчыкаў. У 2012 годзе ўзбуджаны крымінальныя справы адносна кіраўніцтва забудоўшчыкаў у Брэсце, Магілёве, Мінску, Мінскай вобласці, гэта сведчыць аб тым, што долевае будаўніцтва памяшканняў па-ранейшаму застаецца праблемным пытаннем, якое мае немалы крымінагенны складальнік, адзначыў Андрэй Кабякоў.

Яшчэ адной праблемай з'яўляецца невыкананне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб'ектаў. На 1 красавіка 2013 года ў незавершаным будаўніцтве знаходзіліся 2126 жылых дамоў, з якіх 715, або больш як 33%, - з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. Гэта ў сваю чаргу з'яўляецца адным з асноўных фактараў павелічэння кошту жылля. Андрэй Кабякоў прывёў некалькі яскравых прыкладаў. У Віцебску ўсе 15 уведзеных у эксплуатацыю ў 2012 годзе шматкватэрных жылых дамоў, больш як 80% агульнай плошчы якіх прызначаны для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, узведзены з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва ад 3 да 17 месяцаў. На пачатак бягучага года ў Мінску з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаваліся 52 аб'екты жыллёвага будаўніцтва. У Гомелі 16 з 17 шматкватэрных жылых дамоў, прынятых у эксплуатацыю ў 2012 годзе, пабудаваны з перавышэннем нарматыўнага тэрміну ад 1 да 32 месяцаў. У Магілёўскай вобласці па стану на пачатак бягучага года з перавышэннем норм працягласці будаўніцтва ўзводзіўся 41 жылы дом, або 36 працэнтаў ад агульнай колькасці незавершанага будаўніцтва аб'ектаў жылля.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта засяродзіў увагу і на праблеме нізкай якасці будаўніцтва аб'ектаў. За 2012 год органамі дзяржаўнага будаўнічага нагляду на аб'ектах жыллёвага будаўніцтва выяўлены 32,4 тыс. дэфектаў і парушэнняў будаўнічых норм і правіл. Больш як 1 тыс. службовых асоб прыцягнуты да адказнасці. "Аднак праблема як была, так, па вялікім рахунку, пакуль у лепшы бок і не змяняецца", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Застаецца значнай колькасць пісьмовых зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях якасці будаўніцтва, якія паступаюць у выканкамы, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю Прэзідэнта. Толькі за 2012 год у Адміністрацыю Кіраўніка дзяржавы паступілі 74 такія звароты.

Яшчэ адным недахопам будаўнічай галіны з'яўляецца фармальнае выкананне тэхнаглядам і Дзяржбуднаглядам сваіх функцый. "Гэтыя арганізацыі цікавіць толькі выкананне тэхнічных умоў, а не фактычны аб'ём выкарыстаных будматэрыялаў і выкананых работ", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Ёсць інфармацыя, што за кожнае наведванне аб'екта забудоўшчык дзяржінспектару, які ажыццяўляе тэхнагляд, выплачвае $100-200, а пры здачы аб'екта ў эксплуатацыю інспектару дзяржбуднагляду - ад $3 тыс. да $5 тыс.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на нездавальняючую дзейнасць УКБ мясцовых выканкамаў. Рост кошту 1 кв.м жылых памяшканняў з-за зрыву нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва жылых дамоў мясцовыя органы ўлады тлумачаць няхваткай будаўнікоў, выкліканай нібыта іх нізкай заработнай платай у параўнанні з заработкамі ў Расіі. Разам з тым праверкі Камітэта дзяржкантролю паказалі, што значны ўклад у стварэнне гэтай праблемы ўнеслі УКБ, перш за ўсё адміністрацыйных раёнаў Мінска, для якіх характэрны высокая цякучасць кадраў і іх нізкі прафесійны ўзровень, прытым што сярэднямесячная зарплата іх работнікаў дасягае Br10 млн.

Наступнае парушэнне, выяўленае рабочай групай, - прыцягненне ў якасці заказчыкаў на высокадаходныя аб'екты неплацежаздольных прыватных арганізацый. Андрэй Кабякоў у якасці прыкладу прывёў Мінскі гарвыканкам, дзе з ведама службовых асоб дзейнічае сістэма размеркавання будаўнічых падрадаў, пры якой ДБК будуюць пераважна нізкарэнтабельныя дамы для маючых патрэбу, а прыватныя арганізацыі выступаюць забудоўшчыкамі камерцыйнага жылля. "З улікам высокай даходнасці камерцыйнага будаўніцтва ў сталіцы цана квадратнага метра ў панэльных дамах дасягае $1300 пры сабекошце каля $550-650, і прыватныя кампаніі часта неабгрунтавана атрымліваюць прыярытэт пры будаўніцтве высокадаходнага жылля, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Мінгарвыканкам выдзяляе ўчасткі пад жылую забудову, нягледзячы на тое што шэраг прыватных забудоўшчыкаў не маюць уласнага вытворчага персаналу, неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і фінансавых рэсурсаў і з'яўляюцца па сутнасці пасрэдніцкімі структурамі. У той жа час дзяржаўныя прадпрыемствы, як правіла, выступаюць у прыватных структурах у якасці субпадрадчыкаў, працуючы на ўзроўні мінімальнай рэнтабельнасці". У прыватнасці, у Мінску доля дзяржпрадпрыемстваў, якія выступалі ў 2009-2013 гадах у якасці забудоўшчыкаў па дагаворах на права праектавання і будаўніцтва жылля, склала не больш як 25%. Так, у 2012 годзе мінскім ААТ "МАПІД" на падрадзе ў прыватных кампаній пабудаваны больш як 20 дамоў. Пры гэтым сам "МАПІД" самастойна ў якасці забудоўшчыка ў гэты час увёў у эксплуатацыю толькі 9 дамоў. Прыкладны сабекошт панэльнага жылля ў ААТ "МАПІД" складае $550-650 за 1 кв.м, у сваю чаргу прыватныя забудоўшчыкі рэалізуюць жыллё па цане $1100-1300 за 1 кв.м, фарміруючы звышпрыбытак, адзначыў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу і на такі недахоп, як адсутнасць дзейснага кантролю з боку Мінбудархітэктуры, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. "Мінбудархітэктуры не забяспечвае эфектыўнае дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці. Нягледзячы на ўжо існуючую заканадаўчую магчымасць прымянення еўрапейскіх падыходаў, якія часова дзейнічаюць паралельна са старымі нацыянальнымі, практычны вынік работы па прывядзенню ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі і стандартамі нацыянальных ТНПА вельмі нязначны", - сказаў Андрэй Кабякоў. Так, паводле даных Галоўдзяржбудэкспертызы, у 2012 годзе па еўранормах запраектаваны толькі 8 аб'ектаў, або 0,05% ад агульнай колькасці.

Недастатковая работа праводзіцца Мінгарвыканкамам з прыватнымі інвестарамі, якія атрымалі ад дзяржавы прэферэнцыі, але не выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы. У прыватнасці, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі выяўлены факт невыканання футбольным клубам СКВІЧ умоў, прадугледжаных адпаведным Указам Прэзідэнта. Футбольны клуб з 2008 па 2012 год абавязаўся рэалізаваць інвестыцыйны праект па будаўніцтву шматфункцыянальнага спартыўна-аздараўленчага цэнтра ў Мінску. У якасці кампенсацыі яму былі прадастаўлены льготы ў выглядзе выдзялення без аўкцыёну зямельных участкаў для будаўніцтва камерцыйнага жылля ў Мінску агульнай плошчай 60 тыс.кв.м. Футбольны клуб сацыяльны аб'ект не пабудаваў, аднак ільготы выкарыстаў.

На ўсіх этапах будаўнічага працэсу назіраецца бюракратыя. З моманту зацвярджэння акта выбару зямельнага ўчастка да выдачы дазволу Дзяржбуднаглядам можа прайсці да двух гадоў, што негатыўна ўплывае на сабекошт будаўніцтва, а таксама фарміруе дадатковыя карупцыйныя рызыкі. На думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, трэба выключыць выпадкі дубліравання функцый, залішняе ўзгадненне, перапіскі паміж структурнымі падраздзяленнямі ў адным ведамстве, і перш за ўсё гэта датычыцца Мінгарвыканкама.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што будаўнічая галіна застаецца адной з найбольш схільных да карупцыйных рызык. "У сферы будаўніцтва існуе ценявая сістэма "адкатаў" практычна на кожным яго этапе, а таксама кругавая парука", - сказаў ён.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, у ходзе праектна-пошукавых работ пад будучыя аб'екты маюць месца факты атрымання наяўных грашовых сродкаў. Так, у канцы мая 2013 года ўзбуджаны шэраг крымінальных спраў адносна групы асоб, якія праходзяць па так званай справе праекціроўшчыкаў. "Па матэрыялах праходзяць больш як 50 праекціроўшчыкаў, якія звярнуліся да паслуг так званых фінансістаў - гэта трымальнікі падстаўных фірм, афіцыйна названых праектнымі арганізацыямі. Усяго дзякуючы "фінансістам" у ценявы абарот за 2009-2012 гады выведзена Br18,3 млрд. у выглядзе праведзеных незаконных фінансавых аперацый па рахунках падстаўных фірм. Рынак праектных, каштарысных, пошукавых работ усё больш апускаецца ў ценявую сферу, а структураванне задач яго ўдзельнікаў набывае выразныя рысы злачынных арганізацый", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Андрэй Кабякоў лічыць, што "будаўнічую галіну неабходна ратаваць". "Дзяржава ўклала каласальныя сродкі ў мадэрнізацыю, аднак загрузка магутнасцей гэтых арганізацый складае максімум 30-50%. Узровень прадукцыйнасці ў будаўнічым комплексе практычна ў дзесяць разоў ніжэйшы, чым у будаўнічых арганізацыях на Захадзе, у Кітаі. Зразумела, гэта не можа не ўплываць на тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Больш як 30% будаўнічых арганізацый на сёння з'яўляюцца стратнымі", - канстатаваў ён.

Андрэй Кабякоў лічыць, што для выпраўлення сітуацыі неабходна прымаць радыкальныя меры як па арганізацыйнаму, структурнаму аздараўленню, так і ў заканадаўчым плане. Паводле яго слоў, у Мінску на 10 тыс. будаўнікоў прыпадае больш як 7 тыс. забяспечваючых работнікаў, у той час як у савецкія часы гэтыя суадносіны былі 1:5, а ў перадавых заходніх будаўнічых фірмах - 1:7, 1:8.

Андрэй Кабякоў упэўнены, што актыўная работа камісіі ў бліжэйшыя два месяцы дасць значныя вынікі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не ставіў за мэту гэтай нарады даць разгорнутую карціну сітуацыі ў будаўнічай галіне або прыняць нейкія меры.

"Шчыра кажучы, я хацеў, каб усе, хто будзе мець дачыненне да работы гэтай камісіі, і тыя, каго вы будзеце кантраляваць, правяраць, вывучаць, і грамадства мяне пачулі, каб пасля не гаварылі, што не ведалі, не гатовы і гэтак далей. Усе пачулі, аб чым ідзе размова, усе разумеюць, што гэта вельмі сур'ёзна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Рашэнні павінны быць строгімі, адназначнымі, без затрымак і лішняй бюракратыі. Выявілі, загадалі і павінна быць неадкладна выканана на любым узроўні. Калі мы пачнём узгадняць, потым дакладваць, потым рэкамендаваць, мы зацягнем работу камісіі, не прымем рашэння і не даб'ёмся эфектыўнасці. Камісія мае характар прамога дзеяння", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Хтосьці памыліўся - неадкладна няхай выпраўляе памылку, хтосьці наўмысна штосьці зрабіў, але не нанёс значнага ўрону - што ж, адкажа па закону. Таму, хто карумпіраваў будаўнічую галіну, хто прынёс найбольшыя недахопы ў гэту галіну, хто займаецца махінацыямі і парушае закон, месца зразумела дзе. Туды іх і адпраўляйце. У вас ёсць службовыя асобы, якія забяспечаць вашы рашэнні. Іншага не дадзена, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да членаў рабочай групы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасля будаўнічай галіны пільная ўвага будзе ўдзелена сельскай гаспадарцы, у якую дзяржава ўклала нямала сродкаў, потым прамысловасці і іншым сектарам народна-гаспадарчага комплексу.

"Трэба своечасова вырашаць праблемы, якія сёння проста крычаць. І я вельмі спадзяюся, што вы з гэтай задачай справіцеся", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальнай адкрытасці работы камісіі і рэгулярнага асвятлення яе дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі. Паводле яго слоў, гэта павінны быць як інфармацыйныя паведамленні, сюжэты, так і інтэрв'ю, прэс-канферэнцыі, ток-шоу, аналітычныя матэрыялы. "Сродкі масавай інфармацыі павінны пастаянна інфармаваць грамадства аб вашай рабоце, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нічога не трэба ўтойваць! У адваротным выпадку эфекту поўнага не будзе".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для работы групы павінны быць задзейнічаны ўсе рэсурсы. "У рабоце групы не павінна быць дробязей. Вы не павінны праходзіць міма любога фактару, недахопу", - папярэдзіў Прэзідэнт.