Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па ўдасканаленню механізма гаспадарання ў АПК

    У Беларусі неабходна ўмацоўваць тэндэнцыю па выхаду на самаакупнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 кастрычніка на нарадзе па пытаннях удасканалення механізма гаспадарання ў аграпрамысловым комплексе краіны.

    Кіраўнік дзяржавы адразу падкрэсліў, што неабходнасць правядзення нарады выклікана не толькі змяненнямі ў кіраўніцтве галіны, але і ўскладненнем задач, што стаяць перад аграрыямі, з’яўленнем новых тэндэнцый на ўнутраным і знешнім харчовых рынках.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць павышэння эфектыўнасці аграрнага сектара ўжо ў бліжэйшы час. Пры гэтым, на думку Кіраўніка дзяржавы, патрэбны паслядоўны падыход, які не дапускае шарахання з боку ў бок. "Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – гэта штаб эканамічнага і інавацыйнага развіцця вытворчасці прадуктаў харчавання і сыравіны для перапрацоўчай прамысловасці. Ад паспяховай работы гэтай сферы залежыць харчовая бяспека дзяржавы", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым беларускія аграрыі дэманструюць нядрэнныя вынікі па многіх напрамках, у тым ліку ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Так, за студзень – жнівень бягучага года тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў больш як 107%. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на асаблівую важнасць таго, што за апошнія тры гады нарошчванне аб'ёмаў прадукцыі дасягаецца нават пры некаторым зніжэнні дзяржаўнай падтрымкі вёскі. З 2009 па 2011 год дзяржпадтрымка АПК з разліку на 1 га сельгасугоддзяў знізілася на 11%, пры гэтым вытворчасць прадукцыі за гэты час павялічылася на 30%.

    Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэты факт сведчыць аб тым, што ўкладзеныя дзяржавай у вёску сродкі даюць аддачу і з'яўляюцца рэальным крокам на шляху да вырашэння галоўнай задачы па выхаду на самаакупнасць аграрнага сектара. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэту тэндэнцыю трэба ўсямерна ўмацоўваць.

    "Я аб гэтым папярэджваў і раней, гады тры-чатыры таму, што падтрымка будзе зніжацца, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Сельская гаспадарка павінна навучыцца зарабляць у асноўным сама для таго, каб эфектыўна функцыянаваць. Таму не трэба разлічваць на тое, што кожны год дзяржпадтрымка будзе нарошчвацца".

    Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мы не кінем вёску з праблемамі сам-насам, аднак дзяржава павінна займацца перш за ўсё такімі праблемамі, як інфраструктура, меліярацыя і ўключэнне новых зямель у абарот".

    "У новых умовах гаспадарання ў рамках Мытнага саюза і АЭП трэба будзе значна скарачаць прамыя датацыі АПК на адзінку атрыманай прадукцыі і працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. З уступленнем нашага галоўнага партнёра ў СГА гэта канкурэнцыя будзе толькі нарастаць", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што пры агульнай дадатнай дынаміцы развіцця не ўсё складваецца так, як планавалася. Ён нагадаў, што ў 2011 годзе не былі выкананы заданні Дзяржпраграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады па вытворчасці малака, мяса, недаатрымана таксама збожжа, рапсу і льновалакна. Прэзідэнт дадаў, што нягледзячы на тое, што ў бягучым годзе сітуацыя ў многім лепшая, выкананне праграмы застаецца пад сумненнем.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць рэалізацыя важнейшых інвестыцыйных праектаў, у тым ліку па мадэрнізацыі 1200 малочнатаварных ферм за кошт сродкаў гаспадарак. "У гэтай сітуацыі вельмі важна максімальна скарачаць выдаткі вытворчасці, трэба павышаць прадукцыйнасць працы, нарошчваць выгадны экспарт прадукцыі за кошт павышэння яе якасці і канкурэнтаздольнасці. Арыентацыя толькі на рост цэн на прадукты харчавання ў сучасных умовах не павінна быць дамінуючай", – лічыць Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў новага кіраўніцтва галіны адказа на пытанне, што неабходна зрабіць для павелічэння даходнасці аграрнага сектара, а таксама павышэння фінансавай устойлівасці гаспадарак, паскарэння выхаду іх на самафінансаванне.

    У бягучым пяцігоддзі важнейшая задача заключаецца ў тым, каб нарошчваць вытворчасць прадукцыі сельскай гшаспадаркі за кошт інтэнсіўных фактараў і з улікам патрабаванняў унутранага і знешняга рынкаў, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адводзіць навуцы вядучую ролю ў справе інавацыйнага развіцця вёскі. На думку Кіраўніка дзяржавы, вырашэнне гэтай задачы патрабуе комплекснага падыходу, зладжанай работы Мінсельгасхарча, навукова-даследчых цэнтраў і інстытутаў, прамысловых прадпрыемстваў і гандлёвых арганізацый, мясцовых органаў улады і спецыялістаў гаспадарак.

    Больш як пяць гадоў таму ў краіне рэфармавалі аграрную навуку, стварыўшы навукова-практычныя цэнтры, з мэтай набліжэння яе да вытворчасці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўжо ёсць пэўны станоўчы вынік, аднак яго трэба больш інтэнсіўна развіваць. "Сёння я хачу пачуць не толькі даклад Міністра, але і дзелавыя прапановы вучоных, кіраўнікоў аграрнай сферы рэгіёнаў і іншых удзельнікаў нарады па актуальных пытаннях", – сказаў Прэзідэнт.

    У першую чаргу Аляксандра Лукашэнку цікавіла бачанне спецыялістаў таго, якім чынам павысіць эфектыўнасць жывёлагадоўлі як вядучай галіны беларускага АПК, якая фарміруе асноўны яго экспартны патэнцыял, як пераарыентаваць работу раслінаводчай галіны, надаўшы прыярытэтнае значэнне кормавытворчасці, забеспячэнню жывёлагадоўлі паўнацэннымі кармамі.

    Яшчэ адным пытаннем, прапанаваным для абмеркавання, Кіраўнік дзяржавы акрэсліў неабходнасць паскарэння мадэрнізацыі аграрнай вытворчасці, тэхнічнага абсталявання і выкарыстання перадавых тэхналогій. "Мы нямала пастаўляем вёсцы новай тэхнікі. Але колькасць павінна пераходзіць у якасць. Крытэрыем павінен быць не аб'ём закупленай тэхнікі, а эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне фондааддачы і прадукцыйнасці працы", – сказаў Прэзідэнт.

    Прэзідэнт запатрабаваў выцесніць неапраўданы імпарт сельгаспрадукцыі, арыентуючы на нарошчванне вытворчасці гэтай прадукцыі ўнутры краіны. "Мы павінны ў сябе вырабляць усё тое, што можам, каб адысці ад імпарту. Мы гэта пачалі рабіць, пачынаючы ад круп і завяршаючы мармуровым мясам, і па іншых напрамках, каб зарабіць грошы і захаваць свае сродкі, не вывозіць іх за межы краіны, закупляючы па імпарту прадукты харчавання", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт лічыць, што ў некаторай ступені ў гэтым можа дапамагчы вырашэнне праблемы забеспячэння сховішчамі, што дасць магчымасць рэалізоўваць прадукцыю ў больш выгадных умовах, асабліва вясной. Дадатковы даход ад вясенняга продажу значна павялічыць выручку гаспадарак.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне неабходна мадэрнізаваць і развіваць тыя вытворчасці, якія завязаны на ўласнай сыравіне. "Сельская гаспадарка ў гэтым аб'ёме стаіць на першым месцы. Гэта тое, што можа зрабіць нас значна больш незалежнымі ў плане спажывання сыравінных рэсурсаў, якія мы сёння ў асноўным імпартуем", – сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, як выконваецца прыняты Урадам план па фарміраванню інтэграцыйных структур у АПК. Прэзідэнт падкрэсліў, што "гэта не даніна модзе, а неабходнасць", паколькі такія інтэграцыйныя структуры аб'ядноўваюць вытворцаў сыравіны, перапрацоўшчыкаў і гандаль, што дае магчымасць больш справядліва размяркоўваць як даходы, так i расходы па ўсім ланцужку – ад поля да прылаўка – руху прадукцыі і паляпшаць знешнегандлёвую дзейнасць АПК. "Практыка паказвае, што на сусветным харчовым рынку дамінуюць буйныя кампаніі, канкурыраваць з якімі могуць толькі такія ж магутныя структуры. Таму нам тут важна не адстаць", – лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на праблему недастатковай забяспечанасці кадрамі сельгасарганізацый. Прэзідэнт лічыць, што тут неабходна значна перабудоўваць работу, набіраючы ў ВНУ тых, хто абавязкова застанецца працаваць у вёсцы.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тыя вялікія рэсурсы, якія былі ўкладзены ў вёску ў свой час, пачынаюць даваць аддачу. "Нам у нейкай ступені пашанцавала. Мы ўхапіліся за сельскую гаспадарку гадоў 7-8 таму, шмат зрабілі і сёння ўжо бачым вынік ад гэтага ў сувязі з ростам цэн на прадукты харчавання на сусветных рынках", – заўважыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з мадэрнізацыяй 1200 малочнатаварных ферм у малочнатаварныя комплексы можна падвесці рысу пад адным этапам развіцця сельскай гаспадаркі і пачынаць прыняцце рашэнняў па чарговаму. "Якім будзе гэты этап развіцця сельскай гаспадаркі? Вось галоўнае пытанне, на якое мы павінны сёння паспрабаваць адказаць. Не думаю, што мы з ходу знойдзем адказ, але ўжо шмат для гэтага зроблена, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Таму я чакаю ад вас, спецыялістаў, дзелавых прапаноў па ўдасканаленню ўсёй работы аграпрамысловага комплексу".

    Паводле слоў Леаніда Зайца, неабходна ўпарадкаваць арганізацыйную структуру АПК, стварыць у кожным раёне буйныя агракамбінаты, холдынгі, якія аб’яднаюць сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, з завершаным цыклам вытворчасці і гандлю прадукцыяй. "Толькі за такімі буйнатаварнымі аб’яднаннямі будучае аграпрамысловага комплексу", – упэўнены кіраўнік Мінсельгасхарча. – Для заваявання новых пазіцый на сусветным рынку беларускім арганізацыям неабходна кіравацца тэндэнцыямі па стварэнню магутнай экспартаарыентаванай вытворчай структуры ў сектары перапрацоўкі. У гэтым плане трэба будзе арыентавацца на стварэнне абласных і на рэспубліканскім узроўні эканамічна магутных кампаній з агрэсіўнай палітыкай збыту прадукцыі, арыентаванай на знешнія рынкі, наладжанай лагістыкай, дакладнай, эканамічна выверанай спецыялізацыяй вытворчасці".

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва галіны экспартаваць сельгаспрадукцыю на максімальна выгадных умовах. "Што датычыцца экспарту, я ўжо сказаў: у краіне ёсць чалавек (віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы), з якога я запатрабую за ўсё. Выпрацоўвайце сістэму, але за продаж прадукцыі адказным з'яўляецеся вы. Трэба вам Міністра да гэтага падключыць (без яго, вядома, не абысціся), падключайце. Але адказваць за гэта будзеце вы", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Якая ў вас будзе сістэма, мяне не цікавіць. Трэба павярнуцца тварам да гандлю. Мы там яшчэ 25% знойдзем грошай – гэта мінімум. Трэба таргавацца, як капіталісты, за кожны цэнт, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Трэба ехаць па ўсім свеце і прапаноўваць сваю прадукцыю, дамаўляцца. Прадукты харчавання купяць".

    Адзін з удзельнікаў нарады намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў канстатаваў, што аграпрамысловаму комплексу апошнім часам даводзіцца функцыянаваць у вельмі змененых умовах, што абумоўлена ў тым ліку інтэграцыйнымі працэсамі. Адпаведна, у Беларусі распрацавана канцэпцыя развіцця АПК да 2020 года, яна знаходзіцца на разглядзе ва Урадзе. Закладзеныя ў ёй задачы павінны забяспечыць пераўтварэнне краіны ў буйнога экспарцёра харчовай прадукцыі і карэнным чынам павысіць эканамічную эфектыўнасць вытворчасці.

    Уладзімір Гусакоў таксама згадзіўся з неабходнасцю стварэння буйных кааператыўна-інтэграцыйных структур: "Трэба ісці далей. У Беларусі трэба паскорана фарміраваць буйныя адзіныя нацыянальныя прадуктовыя кампаніі. Іх павінна быць няшмат. Можа, па адной на асноўны прадукт: адзіная малочная кампанія, адзіная мясная кампанія. Таму што дробныя кампаніі не змогуць вытрымаць канкурэнцыю на сусветным рынку".

    "Мы падыходзілі ўжо да стварэння малочных, мясных кампаній, дзвюх-трох або адной на вобласць. Можа, і адна, але трэба лепшы вопыт вывучыць, дзе гэта ёсць у свеце, каб нам не памыліцца. Гэта не праблема. І нават калі мы будзем мець такую кампанію, як агракамбінат "Дзяржынскі" і іншыя, не праблема іх уманціраваць у гэту скразную кампанію. На гэтым этапе і яны добры дэманструюць вынік. На пэўным этапе гэта – карысць. Але давайце вывучым гэты вопыт і паглядзім", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    У сувязі з гэтым віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы адзначыў, што акрамя стварэння сваіх вялікіх кампаній "неабходна прыцягваць буйныя міжнародныя карпарацыі ў рамках Мытнага саюза актыўна ўкараняцца, аж да выкупу малочных заводаў".

    На нарадзе было ўзнята і пытанне кошту крэдытных рэсурсаў, зніжэння працэнтных ставак для сельгасарганізацый. "Львіная доля падтрымкі сёння ідзе менавіта на пагашэнне працэнтнай стаўкі", – канстатаваў намеснік Міністра Леанід Марыніч, адзначыўшы, што зніжэнне працэнтных ставак стымулявала б вытворчасць.

    "Калі ласка, я не супраць, але той практыкі, як гэта было раней ("купіце нам трактар, пабудуйце ферму, збожжаток, перапрацуйце, прадайце, а потым яшчэ дайце крэдыты беспрацэнтныя"), не будзе. Eсць аб’ём грашовых сродкаў, якія Міхаіл Русы атрымаў пад АПК. Калі ласка, распараджайцеся. Хочаце, адпраўце ўсё на пагашэнне стаўкі. Хочаце, на закупку тэхнікі для гаспадарак. Хочаце, адпраўце на фермы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Грошы маюць цану. Банк купіў гэтыя грошы, напрыклад, пад стаўку 25%. Ніжэй ён прадаць не можа. Калі банк вам дае пад 10%, то 15% трэба некаму кампенсаваць".

    Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз папярэдзіў, што ніякага спісання крэдытаў не будзе, паколькі гэта ў тым ліку стварае дрэнны прыклад у вачах кіраўнікоў тых прадпрыемстваў, якія стараюцца працаваць самастойна і з прыбыткам.

    "Майце на ўвазе, што той практыкі, якая была раней, не будзе. І я ўжо шмат разоў гаварыў: перш чым табе нешта даць, ты выканай усё, што ад цябе патрабуецца, скараці затраты, а потым мы табе крыху дадзім", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Eсць перспектыўныя праекты, імпартазамяшчэнне і гэтак далей, вядома, іх будзем падтрымліваць з усіх крыніц, наколькі гэта толькі магчыма", – дадаў Прэзідэнт.

    "У гаспадарках, якія сёння са стратай працуюць, павінна быць жалезная дысцыпліна. Там цар, Бог і воінскі начальнік – кіраўнік. Таму вычляняйце і даводзьце гэту задачу. І знешні бок: гаспадарка павінна быць акуратнай. Таму што страшна глядзець на некаторыя гаспадаркі зверху", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Як адзначыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, ёсць яшчэ значная доля гаспадарак у краіне (больш як 900, паводле падлікаў Мінсельгасхарча), якія могуць палепшыць паказчыкі сваёй работы толькі за кошт павышэння выканальніцкай і тэхнічнай дысцыпліны: "Трэба проста ўзяць і захацець. І асаблівых укладанняў не патрэбна. Элементарна выконваць тэхналогіі і забяспечваць выканальніцкую дысцыпліну".

    Паводле даных намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гусакова, група найбольш моцных гаспадарак, якая складае 21,8%, вырабляе амаль палавіну ўсёй валавой прадукцыі і фарміруе 71% прыбытку. У другой – сярэдняй групе – 38,2% гаспадарак, якія фарміруюць прыкладна 30% валавой прадукцыі. Таксама ёсць група гаспадарак, якія працуюць практычна без прыбытку. "Таму трэба зрабіць акцэнт на хуткае развіццё дзвюх апошніх груп. І менавіта за кошт гэтага можна ўзняць агульныя аб’ёмы вытворчасці", – лічыць вучоны.

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў краіне практычна адна трэць гаспадарак можа самастойна развівацца без нейкай істотнай падтрымкі з боку дзяржавы. "Я кажу, што адна трэць, таму што пры найменшай падтрымцы некаторых гаспадарак яны могуць лёгка ўзняцца або наблізіцца да гэтых 22%. Таму 1/3 – гэта ўжо тыя, якія самі могуць "плыць". Вядома, недзе трэба глядзець за імі, крыху дапамагчы, але ўжо іх трэба адчапляць. Нас жыццё прымушае. Мы не Еўрасаюз – у нас няма вялікіх грошай".

    "Астатнія 40% у гэтым і будучым годзе неабходна наблізіць, некага ўвесці ў склад першай групы, каб праз 1-2 гады мы іх таксама маглі адчапіць. І такім чынам у нас атрымаецца амаль 70% гаспадарак, якія больш-менш добра будуць працаваць. І застанецца 25-30% тых, на якіх сёння неабходна засяродзіць увагу”, – дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Па пытанню выканання тэхрэгламентаў у сельскай гаспадарцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта павінна быць законам для суб’ектаў гаспадарання. Трэба яшчэ раз да гэтага вярнуцца, на найвышэйшы ўзровень узняць гэту праблему і давесці да кожнага – няхай выконваюць".

    Прэзідэнт Беларусі даў згоду на назначэнне Леаніда Марыніча першым намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, а Людмілы Ніжэвіч – намеснікам Міністра.

    Уходзе нарады з просьбай аб узгадненні адпаведных кандыдатур да Кіраўніка дзяржавы звярнуўся кіраўнік Мінсельгасхарча Леанід Заяц.

    У цэлым на нарадзе былі абмеркаваны практычна ўсе праблемы, якія ёсць у сельскай гаспадарцы. "Тое, што мной сказана, павінна быць выканана, нават да з’яўлення нейкіх распараджэнняў і ўказаў", – запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.