Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па стварэнню адзінай службы судовых экспертыз

  • 1
У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць стварэння адзінай службы судовых экспертыз. Абмеркаванню гэтага пытання была прысвечана нарада ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Па даручэнню Кіраўніка дзяржавы Урадам была створана міжведамасная рабочая група на чале з Першым намеснікам старшыні Следчага камітэта Андрэем Шведам па вывучэнню пытання аб магчымасці стварэння адзінай службы судовых экспертыз. Вынікі яе работы адлюстраваны ў адпаведным праекце Указа, які быў унесены на разгляд Прэзідэнта. У дакуменце прадугледжваецца стварэнне Дзяржаўнай службы судовых экспертыз на базе экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл, Міністэрства юстыцыі, а таксама Службы медыцынскіх судовых экспертыз.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінулыя гады неаднаразова вывучалася магчымасць удасканалення дзейнасці дзяржаўных судова-экспертных устаноў шляхам аб'яднання іх у адзіную структуру. "Тады прыняцце такога рашэння было прызнана немэтазгодным, чаму, напэўна, былі аб'ектыўныя на той момант прычыны. Аднак час не стаіць на месцы, умовы работы судова-экспертных падраздзяленняў на сучасным этапе значна змяніліся. У першую чаргу гэта звязана з рэфармаваннем праваахоўнай сферы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Так, ужо больш як год функцыянуе Следчы камітэт, які, паводле слоў Прэзідэнта, стаў галоўным спажыўцом вынікаў судова-экспертнай дзейнасці на стадыі расследавання крымінальных спраў. Стварэнне гэтага ведамства прывяло да перагляду і ўдакладнення функцый іншых праваахоўных органаў, у прыватнасці, МУС і пракуратуры.

"Пры гэтым неабходна падкрэсліць, што галоўная мэта пераўтварэнняў - у кардынальным павышэнні эфектыўнасці работы праваахоўнага блока. Гэта значыць, у забеспячэнні яго здольнасці адэкватна і своечасова адказваць на новыя рызыкі, выклікі і пагрозы ў мэтах гарантаванай абароны нашых грамадзян ад злачынных замахаў. Змяненні, якія адбыліся ў праваахоўнай сістэме, закранаюць і дзяржаўныя судова-экспертныя падраздзяленні. Відавочна, што ў новых умовах яны не могуць заставацца нязменнымі", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне аб рэарганізацыі існуючай сістэмы судова-экспертных устаноў з'яўляецца сур'ёзным і памылкі тут абсалютна недапушчальныя. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб асаблівым значэнні судовай экспертызы для ўстанаўлення ісціны па крымінальных і грамадзянскіх справах, для забеспячэння належнай судовай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. "Экспертыза была і застаецца адной з самых надзейных крыніц атрымання аб'ектыўных доказаў і часта адыгрывае вызначальную ролю пры вынясенні судовых рашэнняў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў яшчэ раз вельмі ўважліва абмеркаваць прапанову аб стварэнні адзінай службы судовых экспертыз. "Што нам дасць яе рэалізацыя? Ці будзе такі крок садзейнічаць значнаму паляпшэнню дзяржаўнай судова-экспертнай дзейнасці? Ці ўсё ў гэтым плане намі падлічана і спрагназавана?", - паставіў пытанні Кіраўнік дзяржавы перад удзельнікамі нарады.

"І галоўнае, не забывайце аб тым, што размахвацца тут і жыць раскошна мы не можам не толькі таму, што мы жывём у Год беражлівасці, а яшчэ таму, што лішніх грошай у дзяржаве няма. Таму пра грошы ні ў якім выпадку забываць не трэба", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Першы намеснік старшыні Следчага камітэта Андрэй Швед, штогод у краіне экспертамі даецца не менш як 350 тыс. заключэнняў па крымінальных, грамадзянскіх, адміністрацыйных справах, гаспадарчых спрэчках, матэрыялах папярэдніх праверак да следства і па запытах суб'ектаў аператыўна-вышуковай дзейнасці. З удзелам экспертаў праводзяцца каля 150 тыс. аглядаў месц здарэнняў. Паводле яго слоў, без экспертаў немагчыма ўявіць крыміналістычнае суправаджэнне расследавання злачынстваў і ўстанаўленне ісціны ў судзе. Так, дзякуючы толькі аднаму крыміналістычнаму ўліку па слядах пальцаў рук за год раскрываюцца больш як 12 тыс. злачынстваў.

Цяпер экспертныя падраздзяленні функцыянуюць у васьмі дзяржаўных органах. Для большасці ведамстваў судова-экспертная дзейнасць з'яўляецца дапаможнай. У сувязі з гэтым адсутнічае адзіная кадравая палітыка, фінансаванне ажыццяўляецца па астаткаваму прынцыпу, матэрыяльна-тэхнічная база многіх экспертных падраздзяленняў устарэла. Адсюль, паводле слоў Андрэя Шведа, у сферы судова-экспертнай дзейнасці ўзнікае цэлы комплекс нявырашаных праблем. Паводле даных статыстыкі, па кожнай пятай крымінальнай справе тэрміны следства падаўжаюцца толькі з-за працягласці правядзення назначаных экспертыз. На правядзенне многіх відаў экспертыз існуе чарговасць ад чатырох месяцаў да аднаго года, у шэрагу выпадкаў з-за нізкай якасці экспертыз і памылак экспертаў злачынцы пазбягаюць адказнасці, а невінаватыя, наадварот, уключаюцца ў крымінальны працэс.

Рабочая група прыйшла да высновы, што праблемы экспертных падраздзяленняў могуць быць вырашаны толькі шляхам іх аб'яднання ў адно ведамства, якое прызначана ўстараніць накопленыя за доўгія гады сістэмныя недахопы, забяспечыць эфектыўнае развіццё судова-экспертнай дзейнасці, павысіць яе незалежнасць ад ведамасных інтарэсаў і ўзмацніць дзяржаўны кантроль за якасцю экспертных даследаванняў.
Пры фарміраванні праекта Указа ўлічваўся вопыт фарміравання Следчага камітэта.

Рабочая група прапануе надаць новай структуры статус ваенізаванай арганізацыі, падпарадкаванай непасрэдна кіраўніку дзяржавы. На іх думку, гэта дасць магчымасць выключыць ведамасны ўплыў на гэту службу з боку праваахоўных і дзяржаўных органаў. Пры гэтым пасады ў арганізацыі могуць замяшчацца цывільным персаналам, у тым ліку дзяржаўнымі служачымі.

Стварэнне Дзяржаўнай службы судовых экспертыз вырашыць праблему адзінай сістэмы падрыхтоўкі кадраў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі экспертаў.

Як падкрэсліў Андрэй Швед, стварэнне структуры не прывядзе да павелічэння дзяржаўных расходаў. Агульная штатная колькасць будзе ўстанаўлівацца Прэзідэнтам. Прапануецца скараціць колькасць работнікаў, пры гэтым атрыманую ў выніку аптымізацыі эканомію па фонду аплаты працы накіраваць на развіццё і ўтрыманне створанага дзяржоргана.

Рабочая група лічыць, што новая арганізацыя можа пачаць функцыянаваць з 1 ліпеня 2013 года.

Праект прадстаўленага Кіраўніку дзяржавы Указа без заўваг узгоднены Адміністрацыяй Прэзідэнта, Дзяржсакратарыятам Савета Бяспекі, Вярхоўным судом, Генеральнай пракуратурай, Следчым камітэтам, МУС, Мінюстам, Мінабароны, МНС, Міністэрствам аховы здароўя, Мінфінам, іншымі зацікаўленымі. На думку рабочай групы, яго падпісанне павысіць эфектыўнасць і якасць работы праваахоўнай сістэмы і судоў у мэтах узмацнення абароны правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч лічыць, што ва Указе прапануецца ўзважаны аптымальны варыянт стварэння новай структуры. На яго думку, гэта павінна быць арганізацыя, дзе сканцэнтраваны спецыялісты з навуковымі ведамі ў розных сферах, а не сілавая структура. Таму з часам тут паступова будзе скарачацца колькасць асоб, якія носяць пагоны. Паводле слоў Пятра Міклашэвіча, у шэрагу краін такія арганізацыі падпарадкаваны Акадэміі навук. На яго думку, нейкі пераходны перыяд у функцыянаванні арганізацыі дасць магчымасць вырашыць праблему прыцягнення інтэлектуальных сіл з тым, каб на самым высокім узроўні праводзіць даследаванні на навуковай аснове.

Пётр Міклашэвіч таксама лічыць, што арганізацыю на першым этапе мэтазгодна падпарадкаваць непасрэдна Прэзідэнту, а ў далейшым перападпарадкаваць ураду або Мінюсту, калі гэта служба адбудзецца як самастойная структура. Ён заўважыў, што такое падпарадкаванне практыкуецца на постсавецкай прасторы.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч акцэнтаваў увагу на пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў для новай арганізацыі. Паводле яго слоў, адзінай спецыялізаванай навучальнай установай, дзе рыхтуюцца эксперты, з'яўляецца Акадэмія МУС, у прыватнасці следча-экспертны факультэт. Штогод адсюль выпускаюцца каля 200 чалавек, крыху менш як палавіна атрымліваюць спецыяльнасць эксперта. Ігар Шуневіч лічыць, што можа скараціцца колькасць жадаючых вучыцца на факультэце, калі новая структура не будзе мець статусу ваенізаванай арганізацыі.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў адзначыў, што пры стварэнні новай арганізацыі без урону для справы можна скараціць існуючую колькасць экспертаў на 25%.

Ён таксама дадаў, што ў праекце Указа ўлічаны ўсе нюансы па рэарганізацыі судова-экспертных структур.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адзначыў, што ў 75% усіх спраў, і грамадзянскіх, і крымінальных, абавязкова правядзенне судовых экспертыз. Прычым апошнім часам узнікае ўсё больш неабходнасці ў правядзенні экспертыз у сферы грамадзянскага правасуддзя. Паколькі грамадзянскія спрэчкі ўсё больш закранаюць маёмасныя інтарэсы, узрастае актуальнасць правядзення экспертных ацэначных, таваразнаўчых, аўтатэхнічных экспертыз, што з'яўляецца рэнтабельнай сферай дзейнасці. Вярхоўны суд прапануе эфектыўна выкарыстоўваць гэта поле дзейнасці, сканцэнтраваўшы правядзенне гэтых экспертыз у ствараемай структуры.
Свой пункт гледжання па гэтаму пытанню выказалі таксама Генеральны пракурор Аляксандр Канюк, Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Дзяржаўная служба судовых экспертыз павінна заняць сваё месца ў структуры дзяржорганаў, у залежнасці ад гэтага будзе вызначаны яе статус, грашовае забеспячэнне супрацоўнікаў і іншыя пытанні.

"Ніхто не мае права выкарыстоўваць гэты момант для таго, каб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Вось гэтага не будзе!" - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас выбудавана пэўная сістэма, і яна ранжыравана, субардынавана. Калі мы цяпер паспрабуем уманціраваць новую структуру ў гэту сістэму, і яна не зойме свайго месца ў плане аплаты, грашовага забеспячэння, статусу, то гэта прывядзе да разбалансавання ўсёй сістэмы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўжо сёння неабходна вызначыцца з тым, ці будзе новая арганізацыя ваенізаванай. "Ніякага палавінчатага рашэння быць не павінна. Мы павінны выпрацаваць аптымальны Указ, дзе будуць вызначаны гэтыя пытанні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пры стварэнні штатнай структуры неабходна арыентавацца на рашэнні, прынятыя пры мадэрнізацыі Следчага камітэта і пракуратуры.

"Я настойліва патрабую пры падрыхтоўцы праекта Указа ўлічыць, дзе будуць у нас створаны вузлы гэтай службы, каб яна была кіруемай. Не трэба ісці традыцыйным шляхам. Трэба зрабіць аптымальны варыянт, але не на шкоду, вядома, службе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных і на неабходнасць выпрацоўкі аптымальнай назвы новай структуры: будзе гэта служба, камітэт або міністэрства.

Што датычыцца падпарадкавання структуры непасрэдна Кіраўніку дзяржавы, то Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ прапрацаваць гэта пытанне. "Шчыра кажучы, я не хацеў бы, каб гэта служба была падпарадкавана непасрэдна Прэзідэнту. Трэба падумаць над гэтым. Але і падпарадкоўваць ураду, напэўна, будзе не зусім правільна, таму што ўрад у нас фактычна замыкаецца на эканоміку. Я схільны да таго, каб павярнуць гэту службу больш да судовай галіны ўлады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён згадзіўся на стадыі фарміравання падпарадкаваць яе Прэзідэнту, але папярэдзіў, што пазней будзе яшчэ больш складана перападпарадкаваць арганізацыю, паколькі давядзецца паніжаць яе статус.

Гаворачы аб фінансавых пытаннях, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: "Неабходна падысці па-гаспадарску, нібыта вы траціце свае грошы".

"Людзей ні ў якім выпадку пакрыўдзіць нельга. Нельга выкарыстоўваць момант для павышэння свайго статусу і грашовага забеспячэння, але ні ў якім выпадку і панізіць нельга", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці перавышэння сваіх паўнамоцтваў. "Калі толькі мне будзе даложана аб тым, што чыноўнік звязаўся з камерцыйнай структурай для рэалізацыі сваіх патрэбнасцей, - без усякіх разбораў знішчаецца камерцыйная структура, чыноўнік ідзе ў турму. Ваша задача падумаць, як мы вернемся да пытання антыкарупцыйнага заканадаўства і раз і назаўсёды вырашым гэту праблему", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся за прысутных.

Кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць праект указа аб стварэнні Дзяржаўнай службы судовых экспертыз і прадставіць яму да канца месяца.

"У дакуменце павінна быць прадугледжана ўсё: і размяшчэнне, і забеспячэнне спецыялістамі, і грашовае забеспячэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт.