Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанню рэалізацыі калійных угнаенняў

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступае за адзінага трэйдара калійных угнаенняў з парытэтам беларуска-расійскіх інтарэсаў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 27 мая на нарадзе з рабочай групай па пытанню рэалізацыі калійных угнаенняў.

    У цэнтры ўвагі знаходзіліся праблемы, напрамкі і перспектывы работы прадпрыемстваў, якія вырабляюць у краіне угнаенні, і перш за ўсё "Беларуськалія".

    "Вы ведаеце, што ў свой час мы стварылі сумесную кампанію па рэалізацыі калійных угнаенняў - Беларускую калійную кампанію, якая была створана па маім патрабаванні, таму што я бачыў, як тады гандлявалі. Гандлявалі праз некалькіх жулікаў, якія сядзелі ў Маскве ў трохпакаёвай кватэры і арудавалі мільёнамі тон калійных угнаенняў і, як потым аказалася, мільярдамі долараў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што стварэнне гэтай адзінай з Расійскай Федэрацыяй калійнай кампаніі дало свае станоўчыя вынікі: яна трымае звыш 40% рынку калійных угнаенняў, з ёй лічацца ўсе ігракі калійнай галіны на сусветнай арэне.

    "Але, як заўсёды, узнікае шэраг пытанняў, асабліва калі ідзе супрацоўніцтва з іншымі кампаніямі, замежнымі, і ўзмацняе гэтыя праблемы тое, што з іншага боку ў нас прыватныя кампаніі. Прыватнік можа лічыць грошы, ён трымаецца за кожны цэнт рэалізаванай прадукцыі, і больш таго, прыватнік можа некаторыя іншыя рэчы, якія ў нас называюцца не зусім добрасумленнай канкурэнцыяй, махінацыямі і гэтай далей. Таму, з аднаго боку, ёсць сэнс у супрацоўніцтве з прыватнай кампаніяй, з іншага - ёсць пэўныя праблемы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт лічыць, што неабходна зрабіць нейкі дадатковы захад да ўзмацнення беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў продажы калійных угнаенняў, да ўзмацнення адзінага канала гандлю калійнымі ўгнаеннямі.

    У сувязі з гэтым створана незалежная камісія, якая прапрацуе ўсе праблемныя пытанні і ўнясе прапановы на разгляд Кіраўніка беларускай дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на праведзенай нядаўна сустрэчы акцыянер ААТ "Уралкалій" Сулейман Керымаў выказаў пажаданні, каб камісія была аб'ектыўнай і куратарства над ёй узяў "хтосьці вельмі ўплывовы". Прэзідэнт прыняў рашэнне, што назіраць за работай камісіі будуць Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Валерый Вакульчык і памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка. Пры гэтым яны не будуць умешвацца непасрэдна ў работу камісіі, а будуць толькі забяспечваць яе аб'ектыўнасць і незалежнасць.

    Камісію ўзначаліць старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргей Румас. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта чалавек, які можа лічыць грошы, аналізаваць, прагназаваць і мае вялікія веды ў эканоміцы.

    Прэзідэнт прапанаваў удзельнікам нарады разгледзець найбольш актуальныя пытанні супрацоўніцтва "Беларуськалія", Беларускай калійнай кампаніі і "Уралкалія" з расійскага боку.

    "Я хачу, каб вы разумелі, што шматканальнасць продажаў - гэта горш, чым адзін канал. І калі вы прапануеце нейкі другі канал, то гэта павінна быць абгрунтавана і выгадна нам. Але я прыхільнік усё ж аднаго магутнага канала, дзе будзе абсалютны парытэт інтарэсаў і дзе інтарэсы нашы, беларускія, ні ў якім выпадку не будуць ушчамляцца. Аб гэтым мы дамовіліся з кіраўніком "Уралкалія", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.