Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанню амністыі

    Амністыя - гэта рэальнае праяўленне гуманізму з боку дзяржавы да асоб, якія зрабілі памылку ў жыцці, заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня на нарадзе па пытанню амністыі некаторых катэгорый асоб, што ўчынілі злачынствы.

    Удзел у нарадзе прынялі кіраўнікі сілавых ведамстваў краіны, вышэйшыя службовыя асобы, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца разгледжаныя пытанні.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што "амністыя заўсёды з'яўляецца важным мерапрыемствам у грамадстве і многія людзі, у першую чаргу сем'і тых, хто знаходзіцца ў адпаведных месцах, з надзеяй чакаюць гэтага заканадаўчага акта".

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што амністыя ў бягучым годзе будзе прымеркавана да Дня Незалежнасці Беларусі.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, выступаючы ў маі з Пасланнем беларускаму народу і Парламенту, прасіў, каб праект закона аб амністыі быў падрыхтаваны аператыўна.

    Гэта дванаццаты закон аб амністыі, які будзе прыняты ў Беларусі з 1991 года. Апошняя амністыя прайшла ў 2010 годзе і была прымеркавана да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тады на волю з папраўчых устаноў закрытага тыпу выйшлі амаль 2,5 тыс. чалавек, для 8,5 тыс. асуджаных быў скарочаны тэрмін адбывання пакарання.

    "Некаторыя лічаць, што такія акты прымаюцца вельмі часта. Іншыя выступаюць у прынцыпе супраць амністыі зняволеных, асцерагаючыся рэцыдыўнай злачыннасці, а некаторыя, каго гэта датычыцца, падтрымліваюць такія меры з боку дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што амністыя дасць магчымасць грамадзянам, якія зрабілі памылку ў жыцці, стаць на шлях выпраўлення і адаптавацца да сацыяльнага асяроддзя.

    Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўная задача на нарадзе - яшчэ раз усё ўзважыць і канчаткова вызначыць катэгорыі асоб, якія падпадуць пад амністыю ў бягучым годзе.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры падрыхтоўцы законапраекта аб амністыі ён патрабаваў "вельмі аб'ектыўнага, справядлівага падыходу, пазбаўленага ўсялякіх прыватных амбіцый і пратэкцыянізму".

    "Усё павінна быць сумленна. Для гэтага трэба выпрацаваць крытэрыі. Згодна з гэтымі крытэрыямі мы і павінны вызначыць, хто падпадзе пад амністыю, выйдзе на волю, або для каго тэрмін адбывання пакарання будзе скарочаны. І "нацягваць" туды насуперак гэтым крытэрыям, у тым ліку і па нейкіх палітычных матывах, людзей, якія не павінны выходзіць, ні ў якім выпадку нельга", - лічыць Прэзідэнт.

    Гаворачы аб крытэрыях вызначэння асоб, якія падпадаюць пад амністыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размова ідзе перш за ўсё аб людзях, якія не ўяўляюць небяспекі для грамадства і дзяржавы. "Такое часта бывае, калі чалавек зрабіў памылку ў жыцці, але, трапіўшы ў калонію, усвядоміў тое, што ён зрабіў, і цвёрда стаў на шлях выпраўлення. Гэта асабліва датычыцца грамадзян, якія дапусцілі першы раз правапарушэнні і займаліся гаспадарчай дзейнасцю. Яны, відаць, не закаранелыя злачынцы і пры ўмове адбыцця часткі пакарання і пагашэння нанесенага ўрону могуць быць амнісціраваны", - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.

    "У той жа час нам не трэба, каб чарговая амністыя прывяла толькі да фармальнай разгрузкі месц зняволення і тым больш да выхаду на волю асоб, схільных да рэцыдываў. Такія людзі павінны адбываць пакаранні там", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Такой жа катэгарычнай павінна быць пазіцыя адносна тых, хто не пагасіў нанесены ўрон і парушае парадак адбывання пакарання або наогул знаходзіцца ў вышуку. Як яшчэ раз падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, "ніякай палітыкі пры правядзенні амністыі быць не павінна". Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Мы праводзім амністыю ў нашай дзяржаве і для нашага грамадства. Гэта і сігнал грамадству, і заахвочванне зняволеных. Ніякай палітыкі тут быць не павінна".

    На нарадзе Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч далажыў аб асаблівасцях законапраекта аб амністыі і назваў катэгорыі грамадзян, якія будуць падпадаць пад дзеянне гэтага нарматыўнага акта.

    На думку Міністра, амністыя ні ў якім выпадку не паўплывае негатыўна на крымінагенную сітуацыю ў краіне.

    Як заўважыў Кіраўнік дзяржавы, у цэлым колькасць вызваленых па амністыі складзе каля 10% ад агульнай колькасці зняволеных у краіне, і нагадаў, што ў пачатку яго прэзідэнцтва ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся амаль удвая больш грамадзян, чым сёння.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на такі важны аспект, як амністыя адносна асуджаных за эканамічныя злачынствы: абавязковай умовай тут павінна з'яўляцца пагашэнне нанесенага ўрону.

    Прэзідэнт таксама зрабіў акцэнт на неабходнасць максімальна гуманнага падыходу пры разглядзе пытанняў аб вызваленні цяжарных, жанчын, якія маюць дзяцей, а таксама непаўналетніх.

    Удзельнікі нарады выказалі свае меркаванні наконт падрыхтаванага законапраекта. У цэлым яны падтрымалі неабходнасць такога кроку і адобрылі выпрацаваныя крытэрыі вызначэння асоб, якія падпадаюць пад амністыю.