Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях знешняй палітыкі
Беларусь імкнецца развіваць узаемавыгадныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі і рэгіёнамі, але будзе адэкватна рэагаваць на знешні націск і санкцыйную палітыку. Аб гэтым 5 красавіка на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Адкрываючы нараду, Прэзідэнт нагадаў, што бягучы год - гэта год парламенцкіх выбараў. "Зразумела, што ў гэты перыяд мы ні ў якім выпадку не павінны расслабляцца. Мы трымаем экзамен перад нашым народам, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я кажу аб парламенцкіх выбарах за паўгода да іх не таму, што мы баімся гэтага экзамену або не ўмеем праводзіць парламенцкія выбары. Будзем шчырыя, гэта стане асноўным патрабаваннем нашых заходніх партнёраў да нас па правядзенні гэтых выбараў так, як яны гэтага хацелі б. Як яны кажуць, па стандартах АБСЕ".
Наконт гэтых стандартаў Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Я пастаянна прымаў удзел у самітах АБСЕ, і мы якраз крытыкавалі АБСЕ за тое, што такіх стандартаў няма. А ад нас патрабуюць правесці выбары па нейкіх стандартах. Зразумела, хто выпрацоўвае гэтыя стандарты і што маецца на ўвазе пад імі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што маючая адбыцца парламенцкая выбарчая кампанія з'яўляецца экзаменам, які неабходна дастойна вытрымаць. "Гэта сапраўды будзе паказчык, рэйтынг цяперашняй улады", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца знешняй палітыкі Беларусі, то Прэзідэнт чарговы раз адзначыў, што ў гэтай сферы асновай павінна быць развіццё гандлю з рознымі краінамі і рэгіёнамі: "Гэта наша эканоміка, гэта наша жыццё. Наша эканоміка адкрытая. Як будзем гандляваць, так будзем і жыць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, паводле інфармацыі Нацбанка, у бягучым годзе валютная выручка ўзрасла прыкладна на 30% у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. "Гэта вельмі добры паказчык, які характарызуе нашу знешнюю палітыку, я маю на ўвазе знешні гандаль і паступленне ад яго грошай у краіну. Хоць ёсць пэўныя нюансы", - заўважыў Прэзідэнт.
"Шчыра кажучы, мы можам быць задаволены вынікамі сваёй знешняй палітыкі ва ўсходнім напрамку - Расія, Казахстан, КНР... Тут у нас даволі пазітыўныя тэндэнцыі па супрацоўніцтве, па крэдытаванні нашай краіны з Усходу, па рэалізацыі нашай прадукцыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт назваў вельмі паказальным той факт, што за больш кароткія тэрміны, чым планавалася, Беларусь, Казахстан і Расія ўтварылі АЭП. "Таму можна сказаць, што на Усходзе ў нас больш-менш нармальныя вынікі нашай знешнепалітычнай дзейнасці. Вядома, расслабляцца ні ў якім разе нельга, а трэба нарошчваць нашы магчымасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Не скажу, што ў нас ужо вялікія праблемы з нашай паўднёвай суседкай Украінай. Мне ўдалося грунтоўна абмеркаваць некаторыя пытанні на апошняй сустрэчы ў Маскве з Прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. У нас былі пэўныя праблемы, і яны, напэўна, яшчэ не да канца зняты па пастаўках нашай малочнай прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адносіны Беларусі з Украінай вызначаюцца тым, што бакі ўмеюць дамаўляцца. "Калі ёсць праблемы, мы садзімся за стол і абмяркоўваем. Мы спрабуем іх вырашыць, дамаўляемся ў рэшце рэшт, ідзе нармальны дыялог, чаго не скажаш пра Захад", - сказаў Прэзідэнт.
"Трэба адкрыта прызнаць, што крызісныя з'явы ў адносінах з заходнімі дзяржавамі, нават менш з ЗША, а менавіта з Еўрасаюзам, гэтыя крызісныя тэндэнцыі прадаўжаюць на гэты момант заставацца. І прычына тут не ў Беларусі. Прычына ў тым націску і шантажы, які мы назіраем з боку заходнееўрапейскіх дзяржаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Вядома, мы не можам не рэагаваць на тую палітыку, якую заходнія дзяржавы ў сябе фармулююць і накіроўваюць супраць нас", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму паступае шмат прапаноў, у тым ліку ад бізнесменаў і прадпрыемстваў, па рэагаванні на гэту палітыку Еўрасаюза. "Я ўсё гэта чытаю, аналізую, але хачу сказаць галоўнае: у нас рэакцыя на палітыку ЕС павінна быць дастойная, - лічыць Прэзідэнт. - Так, мы не павінны падстаўляць адну і другую шчокі, не павінны, як страусы, хаваць галаву ў пясок і тым больш спакойна глядзець на тыя санкцыі, якія яны накладаюць не толькі на нашых людзей, але і на прадпрыемствы".
"Але ястрабіных замашак з нашага боку быць не павінна. Наша рэакцыя павінна быць адэкватная. Яна не павінна быць празмернай, наносіць урон не толькі нашай эканоміцы, але і нашым адносінам з нармальнымі еўрапейцамі. Бо там розныя ёсць людзі, і службовыя асобы, і чыноўнікі, і цэлыя краіны, - сказаў Прэзідэнт. - Некаторыя дзяржавы, дапусцім, Літва і Латвія... Яны што, хочуць, каб мы згарнулі з імі адносіны і пайшлі з іх рынкаў, каб мы не пастаўлялі ў іх парты прадукцыю? Мы разумеем, што на іх вельмі націскаюць. Мы гэта вельмі добра разумеем, і, тым не менш, нам трэба працаваць актыўна, без нейкіх ваяўнічых замашак. Еўрапейцам трэба пастаянна нагадваць: мы не супраць нармалізацыі з iмi адносiн, але без усялякага націску і шантажу. Прымушаць нас пад націскам, нахіляць нас і патрабаваць выканання тых патрабаванняў, якія яны прад'яўляюць да нас, - контрпрадукцыйна. Гэта ні да чаго не прывядзе".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на некаторыя пытанні ў адносінах з Еўрасаюзам. "Шмат кажуць аб вяртанні паслоў, і ўсе тут пачынаюць, кожны на свой манер, у большасці хлусіць: вось, Лукашэнка хоча - не хоча, пусціць - не пусціць. Шчыра кажучы, я ніколі пад такім вуглом гэту праблему не разглядаў. Мы паслоў еўрапейскіх дзяржаў адсюль не выганялі. Гэта была іх воля... Яны зрабілі пэўны дэмарш, які на той час наносіў урон як мінімум нашаму знешнепалітычнаму ведамству і як максімум нашай дзяржаве, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Паехалі і паехалі - мы спакойна на гэта адрэагавалі, і я прасіў у службовых асоб, каб не было тут шуміхі. Захацелі - паехалі".
"А вось вярнуцца... Гэта мы ўжо паглядзім, якім чынам яны будуць вяртацца ў Беларусь. Але і гаварыць аб тым, што мы іх не пусцім, таксама нам не трэба", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, тое, што еўрапейскія дзяржавы прыслалі ў Беларусь сваіх паслоў - гэта ў тым ліку з'яўляецца прызнаннем дзяржавы. "Але калі яны сябе так паводзяць, значыць, мы будзем думаць. Мы з Міністрам замежных спраў дамовіліся, што кожную краіну і кожнага пасла будзем персанальна разглядаць у плане вяртання ў Беларусь, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але гэта не мае нічога агульнага з тым, што мы хочам перашкодзіць вяртанню паслоў. Мы будзем па-дзелавому выбудоўваць палітыку ў плане вяртання еўрапейскіх паслоў у Беларусь".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам таксама шмат размоў ідзе аб так званых палітзняволеных. "У нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт заўважыў, што сёння ўжо "нават у апазіцыйных СМІ адкрыта заяўляюць, што на Лукашэнку націскаць бесперспектыўна". "Гэта правільна. Але далей - няправільна, што калі на яго націснуць, то ён зробіць наадварот. Поўнае глупства. Я ніколі не зыходзіў з нейкіх асабістых амбіцый. Я зраблю так, як патрабуюць Канстытуцыя і законы. Ніякіх "наадварот" быць не можа, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - А тое, што трэба паводзіць сябе больш прыстойна, калі нешта просіш або нават патрабуеш, гэта правільна. Тым больш калі ты патрабуеш або просіш чагосьці ад Прэзідэнта. Не трэба тут з палкамі хадзіць і стукаць у акно".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваякі так званых палітзняволеных пачынаюць папракаць яго ў тым, што абяцаў іх памілаваць, але пакуль гэтага не зрабіў. "Прычына адна. Як толькі я сказаў аб гэтым (а гэта было сказана некалькі месяцаў таму), усе залямантавалі. Але я папярэдзіў, што пытанне памілавання так званых палітзняволеных - гэта, перш за ўсё, іх зварот з просьбай аб памілаванні. Я адразу публічна аб гэтым сказаў. Не хочаш звяртацца - ніхто і разглядаць не будзе. Сядзі", - сказаў Прэзідэнт.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, пасля гэтай заявы пачаліся размовы аб тым, што просьбы аб памілаванні былі напісаны пад нейкім націскам. "І я неадкладна даручыў адпаведным службовым асобам праверыць: па сваёй волі напісалі просьбу аб памілаванні або іх сапраўды прымусілі. Гэтымі днямі мне далі інфармацыю, у тым ліку і відэа, дзе яны адкрыта і сумленна кажуць: "Ды не, гэта наша была воля". Хтосьці там, адзін-два, не захацелі пісаць. Добра, гэта іх выбар. Няхай сядзяць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Адносна тых, хто папрасіў аб памілаванні, у бліжэйшы час я разгледжу гэтыя пытанні. Мяне ніхто не папракне, што я свае абавязацельствы або абяцанні не выконваў. Мы прымем рашэнне па некаторых асобах, якія ў рэшце рэшт зразумелі згубнасць сваёй пазіцыі і палітыкі адносна ўласнай дзяржавы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Некаторыя кажуць, што Лукашэнка паводзіць сябе такім чынам таму, што яго абараняе Расія. Вельмі прымітыўна сказана. Вы ведаеце маю палітыку - любы працэс павінен быць дыверсіфікаваны. Мы павінны мець вельмі добрыя адносіны на Усходзе, што мы і маем, асабліва з нашай брацкай Расіяй. Мы маем з ёю вельмі добрыя адносіны, і яны будуць паглыбляцца", - упэўнены Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што перад нарадай размаўляў з выбраным Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. У ходзе размовы бакі абмеркавалі многія эканамічныя пытанні, у тым ліку ўступленне Расіі ў СГА. "Мы адназначна заявілі аб тым, што нашы адносіны і адносіны з Казахстанам, з Украінай у плане зоны свабоднага гандлю ў рамках СНД будуць пашырацца, і мы будзем умацоўваць наш саюз", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але гэта не значыць, што мы не хочам нармальна супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам. І як толькі пачалі нашых бізнесменаў прыціскаць, адразу ж пайшла рэакцыя і некаторых заходніх дзяржаў аб тым, што гэта няправільна. Гэта значыць, ужо ў ЕС усведамляюць згубнасць гэтай лініі на санкцыі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ну, а навошта нам з імі ваяваць? Суседзі ад Бога. Нам з імі трэба выбудоўваць адносіны. Мы будзем шчаслівыя, калі ў нас будуць такія ж адносіны з Захадам, як з Усходам. Гэтым усё сказана".
"А гаварыць аб тым, што мы цяпер будзем ваяваць супраць Захаду, таму што мы пад "крылом" у Расіі, гэта абсалютнае глупства, прымітывізм. Нам гэта вайна не патрэбна яшчэ і таму, што не хацелася б, каб мы перагружалі Расію ўласнымі праблемамі. У Расіі сёння сваіх праблем дастаткова. Таму нам не трэба перагружаць нашых блізкіх партнёраў праблемамі ў адносінах з Заходняй Еўропай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца іншых вектараў у знешняй палітыцы, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў Беларусі ёсць моцная апора ў Лацінскай Амерыцы: "Гэта ўжо як мінімум дзясятак краін, з якімі мы маем не проста кантакты, а дамоўленасці аб актывізацыі нашага супрацоўніцтва на прыкладзе Венесуэлы". У прыватнасці, ёсць добрыя перспектывы для развіцця ўзаемадзеяння з такімі буйнымі краінамі, як Бразілія, Аргенціна, Чылі, Нікарагуа.
"Мы ўжо з дзясяткам дзяржаў у Афрыцы маем кантакты, прадаём туды прадукцыю. Трэба больш цесна з імі супрацоўнічаць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нельга забываць і азіяцкі напрамак, дзе Беларусь працуе ўжо са шматлікімі традыцыйнымі партнёрамі. Тым не менш, значны патэнцыял можа мець супрацоўніцтва з такімі краінамі, як, напрыклад, Інданезія і Малайзія.
"Чакаюць нас і ў Аўстраліі. Па пэўных групах тавараў мы з імі можам супрацоўнічаць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Актыўна развіваюцца кантакты з арабскім светам. Нядрэнныя адносіны склаліся з Турцыяй".
"Ёсць цэлы спектр напрамкаў, па якіх мы сёння не проста гатовы дзейнічаць, але ўжо завязваем з гэтымі краінамі адносіны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У ходзе нарады былі прадметна абмеркаваны пытанні актывізацыі гандлёва-эканамічных адносін з шэрагам замежных дзяржаў і перспектыўныя напрамкі дзейнасці Беларусі ў знешнепалітычнай сферы.