Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства

  • 1

Змяненні ў выбарчым заканадаўстве павінны быць узважанымі і ў інтарэсах беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 жніўня на нарадзе па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства.

"Як і дамаўляліся ў студзені, мы яшчэ раз сустракаемся і абмяркоўваем пытанні ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Я лічу, сённяшняя размова будзе канчатковай перад унясеннем праекта закона ў Парламент", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым праекце адлюстраваны адобраныя на нарадзе прапановы па аптымізацыі выбарчага працэсу.

"Паколькі праектам закона закранаюцца вельмі важныя для выбарчай сістэмы пытанні, рашэнне аб неабходнасці яго ўнясення ў Палату прадстаўнікоў у прапанаванай рэдакцыі павінна быць максімальна прадуманым", - лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна ўлічыць усе магчымыя вынікі прапанаваных мер і дакладна ўяўляць сабе механізм іх рэалізацыі. "Калі мы ідзём на нейкае паслабленне, то павінны быць упэўнены, што гэта не паўплывае негатыўна на стабільнасць у краіне і кіруемасць сітуацыяй у час выбараў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што "ніякага самавольства і бескантрольнасці быць не павінна".

"Ведаю, што шэраг палажэнняў праекта падтрыманы не ўсімі. Пярэчанні выклікаюць нормы аб змяненні парадку фінансавання выбарчых кампаній кандыдатаў. У прыватнасці, аб павелічэнні памераў выбарчых фондаў і магчымасці іх стварэння на этапе вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў калегіяльна абмеркаваць законапраект у цэлым і яго асобныя палажэнні, якія выклікаюць рознагалоссі сярод удзельнікаў нарады, каб прыняць узважаныя рашэнні, якія ў поўнай ступені адпавядаюць інтарэсам беларускай дзяржавы. "Давайце не будзем рабіць нейкія скачкі, каб бегчы з кімсьці навыперадкі, давайце не будзем падганяць час і пастараемся ісці ў нагу з падзеямі і асабліва сталасцю нашага грамадства. І давайце будзем вырашаць тыя пытанні, якія сёння наспелі, не выдумваючы нейкіх новых, спасылаючыся на новыя або старыя дэмакратычныя дзяржавы і працэдуры", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што крытэрый адзін: "Выбары, іншыя кампаніі праходзяць у Беларусі для беларускага народа і ў імя гэтага народа. І вырашаць гэтыя праблемы, якія мы сёння будзем абмяркоўваць, павінен беларускі народ. Мы павінны ўсё рабіць так, як сёння хоча народ у нашай краіне. Гэта - галоўнае".

Аб асноўных новаўвядзеннях законапраекта на нарадзе расказала старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

"Гэты законапраект зусім не з'яўляецца рэверансам у чый-небудзь бок. Гэта перш за ўсё ініцыятыва цэнтральнай камісіі. На наш погляд, ён паляпшае прававыя, палітычныя і арганізацыйныя ўмовы правядзення выбараў", - адзначыла кіраўнік ЦВК.

Паводле яе слоў, большая частка змяненняў датычыцца правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Перш за ўсё, змяняецца парадак вызначэння вынікаў выбараў: прапануецца праводзіць іх у адзін тур пры захаванні дзеючага цяпер бар'ера яўкі выбаршчыкаў.

"У выпадку правядзення альтэрнатыўных выбараў пераможца вызначаецца перавагай галасоў адносна канкурэнтаў, гэта значыць больш хаця б на адзін голас. Калі выбары праводзіліся на безальтэрнатыўнай аснове, дэпутат будзе выбраны, калі за яго прагаласавала больш як 50% выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні", - расказала Лідзія Ярмошына.

Уносіцца змяненне ў сістэму выбарчых камісій, што ўтвараюцца пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Плануецца дадаткова ўтвараць сем тэрытарыяльных выбарчых камісій, шэсць абласных і мінскую гарадскую, якім будзе перададзены шэраг паўнамоцтваў ад цэнтральнай камісіі. Гэта робіцца ў мэтах спрашчэння парадку размеркавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне выбарчай кампаніі і ажыццяўлення належнага кантролю за выкарыстаннем гэтых сродкаў, аператыўнага разгляду выбарчых спрэчак.

Улічваючы, што большасць рашэнняў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прымаецца на ўзроўні акруговых камісій, прапануецца інстытут члена камісіі з правам дарадчага голасу пры правядзенні парламенцкіх выбараў перанесці з узроўню ЦВК на ўзровень акруговых выбарчых камісій.

Шэраг змяненняў закране пытанні вядзення перадвыбарнай агітацыі і паляпшэння інфармаванасці выбаршчыкаў пры правядзенні выбараў усіх відаў.

Прапануецца ўвесці забарону на правядзенне агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў і змяніць парадак фінансавання перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты.

Як адзначыла Лідзія Ярмошына, нават пры правядзенні выбараў у Парламент ад насельніцтва пастаянна паступаюць скаргі, што яны не маюць інфармацыі аб кандыдатах. У сувязі з гэтым прапанавана адмовіцца ад бюджэтнага фінансавання агітацыйных расходаў кандыдатаў і перадаць гэтыя сродкі мясцовым тэрытарыяльным і акруговым выбаркамам, каб яны выраблялі інфармацыйныя буклеты і разам з запрашэннем наведаць выбарчы ўчастак рассылалі іх выбаршчыкам. "Такім чынам дзяржава паклапоціцца, каб кожны выбаршчык маеў інфармацыю прынамсі аб тым, якія людзі выбіраюцца па канкрэтнай выбарчай акрузе", - сказала кіраўнік ЦВК.

Пры гэтым за кандыдатамі ў дэпутаты і прэзідэнты будзе захавана права на бясплатнае выкарыстанне дзяржаўных СМІ для перадвыбарных выступленняў, дэбатаў і апублікавання праграм. Кандыдатам у прэзідэнты і дэпутаты ўсіх узроўняў прадастаўляецца права стварэння асабістых фінансавых фондаў за кошт уласных сродкаў, а таксама сродкаў грамадзян і юрыдычных асоб. Такое права цяпер устаноўлена законам для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кандыдатаў у прэзідэнты.

У сувязі са спыненнем бюджэтнага фінансавання агітацыйных расходаў Лідзія Ярмошына прапанавала ў 5 разоў павялічыць гранічныя памеры фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзідэнты - з 3 тыс. да 15 тыс. базавых велічынь, а кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў - у тры разы да 3 тыс. базавых велічынь. Пры гэтым прапануецца, што грамадзянін, які зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу на прэзідэнцкіх выбарах, зможа адкрыць рахунак у банку для стварэння выбарчага фонду з моманту рэгістрацыі гэтай групы.

Асноўнымі дыскусійнымі пытаннямі на нарадзе сталі нормы аб змяненні парадку фінансавання выбарчых кампаній кандыдатаў.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў выказаў сумненні наконт мэтазгоднасці павелічэння памеру выбарчых фондаў. Ён прывёў прыклад мінулых парламенцкіх выбараў, калі толькі невялікая частка кандыдатаў скарысталася правам стварэння такіх фондаў, а памер самага вялікага быў у пяць разоў ніжэйшы за ўстаноўленую максімальную мяжу.

Розныя меркаванні былі і па прапанове аб магчымасці стварэння выбарчых фондаў на этапе вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ да рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч лічыць, што гэта апраўдана. "Сёння, калі збіраюць подпісы, гэта пытанне ў прынцыпе ніяк не ўрэгулявана. Калі будзе зарэгістраваны фонд, туды паступяць сродкі, і, адпаведна, будзе сістэма кантролю. Гэта пэўная ступень празрыстасці", - адзначыў ён.

Старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, наадварот, лічыць, што фонд трэба ствараць толькі пасля рэгістрацыі кандыдата: "Ён павінен даказаць, што заслугоўвае стаць кандыдатам. Мне здаецца, было б лагічна ствараць фонд пасля рэгістрацыі".

"Што датычыцца кандыдатаў у прэзідэнты, то ім трэба сабраць 100 тыс. подпісаў. Калі яны пачынаюць іх збіраць, і ніякіх грошай у ініцыятыўнай групы няма, то, зразумела, яна вымушана аднекуль браць "левыя" грошы. Мы хочам зрабіць, каб гэта было на законных падставах, - заўважыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. - Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можна будзе ствараць фонд толькі пасля таго, як яны будуць зарэгістраваны, паколькі трэба сабраць усяго 1 тыс. подпісаў, і гэта невялікая работа".

У выніку Кіраўнік дзяржавы і астатнія ўдзельнікі нарады сышліся на тым, каб павысіць толькі максімальны памер выбарчых фондаў на прэзідэнцкіх выбарах у 3 разы. Акрамя таго, не адхілена прынцыпова прапанова аб тым, каб прадаставіць права стварэння такіх фондаў з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. "Што датычыцца эфірнага часу, трэба стварыць роўныя ўмовы для ўсіх. ЦВК прыме рашэнне, на колькі мінут кожнаму прадаставіць", - адзначыў Прэзідэнт.

У плане фінансавання выбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самае галоўнае - гэта работа з людзьмі: "Я помню сваю першую прэзідэнцкую кампанію. Я пехатой прайшоў па ўсёй краіне. У мяне не было грошай, іх баяліся даваць".

У сувязі з адыходам ад бюджэтнага фінансавання перадвыбарнай агітацыі чакаецца, што кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў таксама атрымаюць права ствараць выбарчыя фонды памерам да 30 базавых велічынь.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, у дапрацаваным варыянце законапраект да 30 жніўня будзе ўнесены Кіраўніку дзяржавы, а потым паступіць на разгляд у Парламент.