Нарада па пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду ў цесным кантакце з прадпрымальнікамі дапрацаваць прадстаўлены яму праект Указа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Дакумент павінен улічваць інтарэсы бакоў, ствараць роўныя для ўсіх умовы і садзейнічаць развіццю празрыстага цывілізаванага гандлю. Такі вынік праведзенай 18 лютага нарады наконт праекта гэтага Указа.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадзе неабходна разгледзець праблему, што нашумела ў свой час і прадаўжае мець адгалоскі дагэтуль, і закранае работу больш як 60 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца ўвозам і рэалізацыяй тавараў. Ён нагадаў, што ў 2005 годзе на сустрэчы з прадпрымальнікамі на адным з рынкаў у Мінску была дасягнута дамоўленасць аб тым, як будуць працаваць індывідуальныя прадпрымальнікі, быў прыняты спецыяльны Указ, які дзейнічае да гэтай пары. У той жа час, паводле слоў Прэзідэнта, прадпрымальнікам з-за знешніх абставін стала нібыта немагчыма працаваць у гэтым фармаце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы разабрацца ў гэтым пытанні, атрымаць ад удзельнікаў нарады дастаткова інфармацыі для таго, каб прыняць канчатковае рашэнне.

"Некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажыраваць уладу, у тым ліку Прэзідэнта. Вось чаго я не раіў бы, дык рабіць такія заявы ў сродках масавай інфармацыі, паколькі гэта можа проста вылезці бокам. Мяне палохаць дарэмна.Майдана мы не дапусцім у нашай краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё будзе цывілізавана, паколькі прадпрымальнікі - самы прагрэсіўны слой грамадства, арыентаваны на ўсялякія рэформы. "Калі вы хочаце жыць, як, дапусцім, на Захадзе, мы вам прадаставім такія ўмовы. Калі вы хочаце жыць, як на майдане, - прабачце за гэта ўпамінанне, я ні ў якім выпадку не хачу ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны, проста добрае параўнанне, - гэта не ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Не трэба кагосьці там палохаць, я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце заказаць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што мажаце атрымаць адваротную сітуацыю. І ганіце ад сябе ўсялякіх там Шумчанкаў, не то яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім патрэбна іншае", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рашэнне будзе прынята зыходзячы з выгады, па-першае, для спажыўцоў, гэта значыць беларускага народа, па-другое, для беларускай дзяржавы, і па-трэцяе, для прадпрымальнікаў. Кіраўнік дзяржавы прызнаў іх працу цяжкай. "Гэта ж трэба ехаць у Маскву, перад кімсьці стаяць на каленях, у сумках сюды везці тавар, дамаўляцца там аб нейкіх скідках, каб цэны былі прымальнымі, потым і ў мароз, і ў сцюжу, і ў гарачыню прадаваць яго тут. Гэта цяжкая работа, тут я перад вамі не лісліўлю, і, напэўна, яна вас задавальняе. Я не супраць. Але ўсё павінна быць цывілізавана", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што іграць з дзяржавай, прапануючы адтэрмінаваць прыняцце рашэнняў, недапушчальна. "Ніякіх часовых палавінчатых рашэнняў тут быць не павінна. Мы і так іх прынялі шмат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, перш чым падпісаць Указ, хацеў бы ўбачыць глыбіню працэсаў, што адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяроддзі. "Калі гэта людзі, якія перабіваюцца з вады на хлеб, чаго мы да іх чапляемся?! Калі ж гэтыя людзі супербагатымі сталі і могуць чымсьці падтрымаць дзяржаву, мы іх папросім, каб яны, разбагацеўшы, стаўшы на ногі за кошт беларускага народа і дзяржавы, паколькі спажыўцамі з'яўляюцца яны, крыху падзяліліся з дзяржавай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне патрэбна не знешняя матывацыя: вось Мытны саюз, давайце накінем пятлю на шыю частцы беларускага народа. Мне такі Мытны саюз не патрэбны, дзе мы будзем накідваць петлі людзям, якія сёння працуюць", - дадаў Прэзідэнт.

Як далажыў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, у праекце прадстаўленага праекта Указа для індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзiнага падатку з 1 ліпеня 2014 года ўстанаўліваецца абавязак дакументальна пацвярджаць набыццё рэалізуемай прадукцыі.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, калі прапановы, што змешчаны ў дакуменце, будуць прыняты, то гэта дасць магчымасць выканаць міжнародныя абавязацельствы ў частцы выканання тэхрэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы прадукцыі і ў поўнай меры выканаць патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў". Акрамя таго, гэтыя меры дадуць магчымасць стварыць умовы для павелічэння аб'ёмаў продажу тавараў айчыннай вытворчасці і скарачэння долі тавараў замежнага паходжання на спажывецкім рынку, стварыць роўныя ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасці.

Пётр Пракаповіч расказаў, што з улікам негатоўнасці прадпрымальнікаў выконваць патрабаванні тэхнічнага рэгламенту ім неаднаразова падаўжаўся пераходны перыяд, што дзейнічае да 1 ліпеня 2014 года. "Для прадастаўлення магчымасцей індывідуальным прадпрымальнікам легальна набываць тавары на тэрыторыі Беларусі вызначаны пералік аптовых арганізацый, якія забяспечваюць пастаўку тавараў айчыннай і замежнай вытворчасці. На сённяшні дзень ужо каля 9 тыс. ІП заключылі дагаворы на пастаўку тавараў", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Разам з тым пры праверках нярэдка выяўляюцца парушэнні Закона "Аб абароне правоў спажыўцоў", які прадугледжвае абавязак суб'ектаў гаспадарання пры рэалізацыі тавараў прадастаўляць пакупніку інфармацыю на рускай або беларускай мове аб тавары, вытворцы, яго месцазнаходжанні, складзе сыравіны, спосабах абыходжання з вырабамі. Аднак часта ў прадпрымальнікаў няма нават такой інфармацыі. "Гэта значыць, атрымліваецца, што прадаецца тавар невядомага паходжання і невядома, да якіх вынікаў гэта можа прывесці", - канстатаваў Пётр Пракаповіч.

"Масавыя парушэнні заканадаўства абумоўлены тым, што ІП - плацельшчыкам адзінага падатку прадастаўлена права ажыццяўляць імпарт і рэалізацыю тавараў без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё. Гэта яны трактуюць як усёдазволенасць, што, калі дазволена гэта, значыць, можна не выконваць і іншыя патрабаванні закона", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, такая сітуацыя можа прывесці да развіцця шэрых схем увозу тавараў і іх легалізацыі на ўнутраным рынку, а таксама распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі тавараў, што нелегальна вырабляюцца ў іншых краінах Мытнага саюза.

Пётр Пракаповіч лічыць, што асобныя пытанні ў гэтай сферы павінны быць разгледжаны і ўрэгуляваны ў фармаце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Гаворачы аб прадпрымальніках, віцэ-прэм'ер акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння роўных умоў для ўсіх удзельнікаў рынку. "Мы правільна прынялі рашэнне ў 1990-я і ў 2005 годзе аб тым, каб падтрымаць нашых прадпрымальнікаў. Сітуацыя ў краіне тады была такая, што трэба было насыціць рынак, стварыць умовы, каб людзі маглі купіць тавар. Сёння сітуацыя змянілася, - лічыць Пётр Пракаповіч. - Гандаль развіты па ўсіх напрамках. 7,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў сёння маюць уласныя магазіны сярэдняй плошчай 40 кв.м. Гэтыя прадпрымальнікі, якія працуюць ва ўласных магазінах, нічога не парушаюць, працуюць строга ў адпаведнасці з законам. Чаму яны тады павінны глядзець на сваіх калег, якія не выконваюць гэтыя законы, і канкурыраваць з імі?"

"Галоўнае сёння - стварыць ужо ў цяперашніх рэаліях сітуацыю, каб канкурэнцыя была аднолькавая для ўсіх. Мы павінны дабіцца таго, каб нашы, у тым ліку імпартныя тавары, не былі самымі дарагімі. Мы сёння праз пасрэднікаў, праз Маскву прывозім тавары з Азіі - гэта наогул мінулае стагоддзе. Сёння ў нас няма ніякіх падстаў для таго, каб не прывезці напрамую любы тавар", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

На думку Пятра Пракаповіча, прапанаваныя змяненні ў рабоце індывідуальных прадпрымальнікаў не павінны выклікаць нейкіх негатыўных вынікаў. Гэта датычыцца як аб'ёму падатковых паступленняў, што пералiчваюцца ў бюджэт, так і магчымага адыходу з рынку часткі прадпрымальнікаў. А апошні момант наогул толькі часткова звязаны з запланаванымі новаўвядзеннямі. "Сёння асноўная маса прадпрымальнікаў аказвае гандлёвыя паслугі. Але гэта сфера сёння перанасычана. Яшчэ некалькі гадоў, і мы па гандлёвых плошчах выйдзем на ўзровень Еўропы. А прадукцыйнасць працы ў буйных цэнтрах вышэйшая. Таму, зразумела, канкурэнцыя будзе ўзрастаць, і ў гэтым асяроддзі частка прадпрымальнікаў аказваецца неканкурэнтаздольнай", - адзначыў Пётр Пракаповіч.

Адначасова ў якасці станоўчага моманту віцэ-прэм'ер паведаміў, што кожны год рэгіструецца па некалькі тысяч новых індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле яго слоў, у далейшым трэба аказваць падтрымку тым з іх, хто мае намер працаваць не ў гандлі, а ў вытворчасці, сферы турызму, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу, дзе прысутнасць прадпрымальнікаў павінна быць большай. "А задача дзяржавы - стварыць умовы. Менавіта па гэтых напрамках будзем аказваць падтрымку, льгатаваць працэнтныя стаўкі", - сказаў Пётр Пракаповіч.

"Усё, што вы сказалі ў канцы аб пераарыентацыі прадпрымальнікаў, павінна праводзіцца не штучна, не пад жымам і нейкім націскам, а праз стварэнне роўных умоў гаспадарання", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці не ўзнікне ў выніку прыняцця прапанаваных змяненняў дэфіцыту па асобных катэгорыях тавараў. Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч запэўнілі, што ва ўмовах існуючага ў Беларусі шырокага прапанавання тавараў і вялікай колькасці ўдзельнікаў рынку гэтага не адбудзецца.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў пацікавіўся тым, як паўплывае прыняцце новага дакумента, які рэгулюе работу прадпрымальнікаў, на колькасць жадаючых з'ездзіць у сумежныя краіны за больш таннымі імпартнымі таварамі.

Пётр Пракаповіч прызнаў, што імпартныя тавары на ўнутраным рынку даражэйшыя, чым у сумежных краінах. Прычыну гэтага ён бачыць у закупках праз пасрэднікаў. "Таму цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб пастаўляць напрамую. Мы можам пастаўляць напрамую любы тавар. Чатыры-пяць дзён і кантэйнер з Кітая прыходзіць у Мінск. Якія праблемы?" - заўважыў віцэ-прэм'ер.

"Так, якія праблемы? Я некалькі гадоў таму даручаў стварыць у Беларусі "чаркізаўскі рынак", каб нашы прадпрымальнікі не ездзілі ў Маскву або яшчэ куды-небудзь. Дзе паглядзець гэты рынак?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Пакуль такога рынку няма", - канстатаваў Пётр Пракаповіч.

"Чаму вы не ўзялі з Мясніковічам і не стварылі такое прадпрыемства?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Віцэ-прэм'ер далажыў, што такі праект плануецца рэалізаваць у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна, і ў хуткім часе будуць унесены адпаведныя прапановы. Адначасова рэалізуюцца планы па стварэнні ў Беларусі сеткі іншых лагістычных цэнтраў. Разам з тым Пётр Пракаповіч заўважыў, што ў прадпрымальніцкім асяроддзі няма вялікай колькасці жадаючых займацца гэтым, паколькі "ўсіх задавальняе цяперашняя сістэма".

"Задавальняе таму, што ў іх няма альтэрнатывы. Яны як ездзілі ў Маскву, так і ездзяць. Яны прывыклі ўжо да гэтага шляху. Гэта зразумела: чалавек прывыкае, напрацоўвае пэўныя схемы і па іх працуе. Іншай схемы вы не прапанавалі. Па-другое, вы не выканалі маё даручэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Пытанне ў тым, што ў нас павінны быць роўныя ўмовы для вытворчасці і рэалізацыі любога тавару. Мы ж не адмаўляемся ад імпарту, не забараняем сюды ўвозіць. Мы гаворым аб тым, што гэта павінна быць празрыста і цывілізавана", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы цяпер укладваем у нашу лёгкую прамысловасць каля $300 млн. Зразумела, ёй вельмі складана канкурыраваць з гэтым шэрым імпартам", - заўважыў Прэм'ер-міністр, папрасіўшы падтрымаць прапановы Урада.

У падтрымку прыняцця Указа выказаліся і іншыя ўдзельнікі нарады, у тым ліку міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян.

Аднак на нараду былі запрошаны не толькі чыноўнікі, але і прадстаўнікі прадпрымальніцкага асяроддзя, якія выказалі сваё бачанне праблем і прапанавалі шляхі іх вырашэння.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін звярнуў увагу на тое, што пры рабоце ў ранейшых умовах быў прывабны і просты падатковы рэжым. Частка прадпрымальнікаў у выпадку яго змянення не гатова працаваць з дакументамі. Акрамя таго, адсутнасць адзіных патрабаванняў прыводзіць да таго, што пры закупках на рынках за мяжой, напрыклад у Маскве, дакументы на тавар, якія выдаюцца там, не адпавядаюць беларускім патрабаванням і змяшчаюць абсалютны мінімум інфармацыі. "З пункту гледжання падатковых органаў, гэтыя дакументы не адпавядаюць нашым патрабаванням. Каб вырашыць праблему афармлення дакументаў, трэба дабіцца ў рамках АЭП адзіных патрабаванняў да афармлення першаснай дакументацыі, у тым ліку пры наяўных аперацыях", - лічыць Аляксандр Калінін.

Ён таксама прапанаваў вярнуць індывідуальным прадпрымальнікам, у тым ліку ў сувязі са змяненнем падатковага рэжыму, права наймаць работнікаў не з ліку сваякоў. "Сваякоў мала, і ў нас у асноўным працуюць паасобку. Таму калі ставіцца пытанне, што яму яшчэ трэба штосьці сертыфікаваць, у яго на гэта фізічна няма часу", - адзначыў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў.

Аляксандр Калінін лічыць, што запланаваны пераход мэтазгодна зрабіць паэтапным па групах тавараў, расцягнуўшы на тэрмін не менш як два гады.

Рэагуючы на рэмарку Міхаіла Мясніковіча аб тым, што ў прадпрымальнікаў усё роўна будзе захоўвацца спакуса прывезці "левы" тавар, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць навядзення строгага парадку. "Папаўся - усё, ты ніколі не будзеш прадпрымальнікам. Яны ніколі на гэта не пойдуць. Навошта гэта трэба? Але для гэтага павінен быць парадак", - сказаў ён.

"І сёння ўжо нават пры недастатковай рабоце на аптовым звяне можна гэтым людзям прапанаваць легальны тавар, нармальны для таго, каб ім гандлявалі", - пацвердзіў Прэм'ер-міністр.

Што датычыцца тэрмінаў пераходу, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дадатковых падаўжэнняў тут чакаць не трэба. "Гэта выключана і нават не абмяркоўваецца. Я ў гэтыя гульні з прадпрымальнікамі гуляць не маю намеру. Гэта цяганіна будзе бясконца прадаўжацца. Мы не першы год аб гэтым гаворым, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я не Прэзідэнт, калі я ствараю няроўныя ўмовы і гэтыя дзіркі".

"З 1 ліпеня мы павінны, усіх паставіўшы ў роўныя ўмовы, перайсці да цывілізаванага бізнесу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Член савета прадпрымальнікаў аднаго са сталічных гандлёвых цэнтраў Жанна Яткова расказала на нарадзе аб бюракратычных цяжкасцях пры пастаўках тавару. "Раней мы тавар растаможвалі за дзень, у нас былі дакументы на руках. Цяпер калі прывязеш тавар на тэрыторыю Беларусі, ён павінен адстаяць месяц. Пакуль зробіш сертыфікаты - яшчэ месяц. Каму патрэбны такі тавар? Мы страцім сезон. У нас няма вялікіх грошай, каб мы працавалі наперад", - прывяла прыклад прадпрымальнік.

Яна таксама адзначыла вельмі высокі кошт і працягласць правядзення экспертызы.

"Так, трэба абавязкова рабіць сертыфікаты на першую групу тавараў - гэта ніжняя, пасцельная бялізна, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Гэту групу трэба ў першую чаргу, каб да 1 ліпеня 2014 года сертыфікаты абавязкова былі", - згадзілася Жанна Яткова.

Што датычыцца другой групы тавараў, яна лічыць дачасна да стварэння нармальных аптовых баз прымушаць плацельшчыкаў адзінага падатку пераходзіць на тую схему, якую прапануе дзяржава.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду ў цесным кантакце з прадпрымальнікамі дапрацаваць прадстаўлены праект Указа, прапісаўшы ў ім зразумелыя і празрыстыя нормы, якія ўлічваюць інтарэсы бакоў. "Першае - цывілізаванаму празрыстаму гандлю быць. Якой будзе схема і сістэма, вы, Міхаіл Уладзіміравіч, з Пракаповічам асабіста за гэта адказваеце. Вы выпрацуеце яе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Ніякіх адтэрміновак для пераходу на гэту сістэму быць не можа. Мы да гэтага гатовы, і прадпрымальнікі гатовы за выключэннем тых, хто правакуе іх і палітыку нейкую стварае, - заявіў Прэзідэнт. - Ніхто не павінен быць пакрыўджаны, трэба разгледзець прапановы кожнага чалавека. Але замацаваць галоўныя крытэрыі зыходзячы з таго, што я сказаў, і мы выпрацавалі тут, праз якія мы не можам пераступіць: роўныя ўмовы і празрысты цывілізаваны гандаль. Усё астатняе адсюль ідзе".

Кіраўнік дзяржавы даручыў міністру гандлю разам з іншымі членамі Урада і губернатарамі да 1 ліпеня стварыць у кожнай вобласці аптовыя базы. "Тое, што мы тут не вырабляем, у асноўным павінна быць увезена, каб не ствараць гэтага дэфіцыту", - сказаў Прэзідэнт.

"Па цэнах вы будзеце галоўным кантралёрам гэтых аптавікоў. Вы іх павінны заціснуць да мінімуму. Вы ведаеце, якая ў іх павінна быць рэнтабельнасць. Аж да зарплат вы будзеце кантраляваць. Я вам гэта гарантую", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прадстаўнікоў прадпрымальнікаў.

"Выпрацуйце нармальны дакумент, не адцягваючы ніякіх тэрмінаў. Усё павінна быць сумленна і празрыста. Трэба дапамагчы з рэалізацыяй - дапаможам, - сказаў Прэзідэнт. - Давайце разам пераадолеем гэты рубеж".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не хоча ствараць нейкія ачагі напружанасці сярод прадпрымальнікаў. "Я магу падпісаць любы Указ і перажыць бунт дзевяці або дзесяці тысяч прадпрымальнікаў. Не вы сёння вызначаеце палітыку ў дзяржаве. Але я не хачу гэтага ачага. Я не хачу, каб нават два чалавекі, прадпрымальнікі, гаварылі пра мяне дрэнна. Таму што я - ваш Прэзідэнт. Нават калі вы на дух не пераносілі мяне і не галасавалі за мяне, пасля выбараў я ўжо ваш Прэзідэнт. Таму я не хачу вас пакрыўдзіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што чакае ўзважанай пазіцыі па пытаннях, што абмяркоўваюцца, і з боку прадпрымальнікаў. "Давайце дамовімся без усялякіх там наскокаў. Калі вы пасля сённяшняй размовы паспрабуеце дзесьці арганізаваць забастоўку, не будзеце працаваць на сваім рабочым месцы, вы больш туды не прыйдзеце. Я прыму рашэнне: той, хто дэманстратыўна закрыў свае квадратныя метры, акно або ларок, больш там не з'явіцца. Проста вам нідзе ў Мінску і ў краіне не дадуць арандаваць плошчу", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы ніякія тэрміны адкладваць не будзем і будзем выводзіць гэты бізнес з ценю, дзе ён загнаны ў цень, будзем рабіць яго празрыстым, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў нас будуць свае аптовыя базы, вядома ж, нашы аптавікі будуць глядзець, каб не было даражэй, чым у Маскве. У вас будзе больш танны тавар, празрысты бізнес", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца падаткаабкладання, то Прэзідэнт лічыць, што сёння гэта не галоўнае пытанне, і яно будзе разгледжана пазней.