Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях рэалізацыі калійных угнаенняў

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацняць беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў калійнай сферы. Аб гэтым ён заявіў 22 ліпеня на нарадзе па пытаннях рэалізацыі калійных угнаенняў.

"Мы імкнёмся ўмацаваць сваю прысутнасць як на традыцыйных для нас, так і на новых, перспектыўных рынках мінеральных угнаенняў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Разам з расіянамі нам будзе прасцей і лягчэй адстойваць свае інтарэсы".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў маі была створана сумесная беларуска-расійская рабочая група. "Паколькі былі некаторыя праблемы на цяперашнім этапе, няўзгодненыя дзеянні і меркаванні па рабоце ў названай сферы, і гэта ўскладнялася тым, што мы ж не адны працавалі пры рэалізацыі калійных угнаенняў, мы цесна супрацоўнічалі з расіянамі ў гэтай сферы, таму было рашэнне - прыцягнуць, як прынята цяпер гаварыць, незалежных спецыялістаў і прааналізаваць сітуацыю", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, да гэтага часу існуюць розныя меркаванні і падыходы да асобных пытанняў. Таму мэта сённяшняй нарады - прыняцце канчатковага рашэння і вызначэнне адзінай пазіцыі ўсіх зацікаўленых у сферы калейных угнаенняў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хацеў бы пачуць ад удзельнікаў нарады, якая бягучая сітуацыя з вытворчасцю і рэалізацыяй калійных угнаенняў, а таксама фінансавы складальнік. Акрамя таго, Прэзідэнта цікавіць работа на перспектыву: "З'яўляюцца новыя вытворцы калійных угнаенняў, і не толькі ўнутры нашай краіны, але і за яе межамі, якія хацелі б у перспектыве, як яны сёння заяўляюць, працаваць сумесна з намі па рэалізацыі калійных угнаенняў праз БКК".

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларуская калійная кампанія была створана для павышэння эфектыўнасці работы як "Беларуськалія", так і "Уралкалія". Паводле яго слоў, жыццё паказала, што гэта рашэнне было ўзважаным і своечасовым. З моманту свайго з'яўлення кампанія заваявала вялікі аўтарытэт, а дзякуючы якасці прадукцыі з ёй лічацца ўсе партнёры ў свеце. "Але ў апошнія гады ў сферы вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў адбываюцца істотныя змяненні, і нам трэба прыняць рашэнне, як дзейнічаць на перспектыву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад удзельнікаў нарады прадаставіць аб'ектыўную карціну, паколькі ад гэтага залежыць эфектыўнасць далейшых крокаў па ўмацаванню міжнароднага аўтарытэту вытворцаў мінеральных угнаенняў.

Прадстаўнікі беларускай часткі групы сумесна з іншымі зацікаўленымі асобамі, якія прысутнічалі на нарадзе, далажылі Кіраўніку дзяржавы аб выніках работы групы. У прыватнасці, беларускім і расійскім бакамі быў падпісаны сумесны пратакол, асноўныя палажэнні якога былі прадстаўлены сёння Прэзідэнту.

Аляксандр Лукашэнка даручыў неадкладна пачаць выкананне дамоўленасцей, дасягнутых з расійскім бокам па павелічэнню эфектыўнасці продажаў калійных угнаенняў у рамках БКК.

Бакі прыйшлі да пагаднення, што фінансаванне дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі будзе ажыццяўляцца ў парытэце 50/50. Акрамя таго, расійскі бок згадзіўся ўзмацніць ролю беларускіх спецыялістаў у кіраванні БКК.

Кіраўніку дзяржавы таксама даложана аб тым, што бакі знайшлі разуменне па праблемных пытаннях, якія стаялі на парадку дня работы БКК, і не пазней як 1 красавіка 2014 года будуць прыняты ўсе рашэнні, якія неабходны для павышэння эфектыўнасці дзейнасці БКК.