Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця жыллёвага будаўніцтва
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе навядзення строгага парадку ў сферы жыллёвага будаўніцтва. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 4 чэрвеня на нарадзе, дзе разглядаліся пытанні развіцця жыллёвага будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пачынаючы з 1996 года і да гэтага часу жыллё з'яўляецца важнейшым прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Штогод у краіне ўводзіцца амаль 5 млн.кв.м, і па гэтаму паказчыку на душу насельніцтва Беларусь апярэджвае ўсе постсавецкія рэспублікі. Прычым ільвіная доля кватэр адводзіцца маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і будуецца за кошт сродкаў дзяржавы. З 1996 па 2012 год амаль 600 тыс. маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў сем'яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. "І хоць за гэты час агульная колькасць насельніцтва Беларусі скарачалася, колькасць чаргавікоў на жыллё ўзрасла з 600 тысяч у 1996 годзе да 800 тысяч у гэтым годзе", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Зразумела, што да бясконцасці так прадаўжацца не можа. Патрэбнасць у даступным жыллі ўзрастае, а дзяржаўныя рэсурсы не бязмежныя, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Рэаліі сённяшняга дня дыктуюць нам неабходнасць якаснага змянення падыходаў да выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў для льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на існуючыя ў часткі насельніцтва ўтрыманскія настроі. "Дайшлі да таго, што жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, сталі перапрадаваць, здаваць у арэнду. Наогул, выкарыстоўваць не па мэтаваму прызначэнню", - сказаў Прэзідэнт. Менавіта таму была прынята новая Канцэпцыя дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, у аснову якой закладзены прынцып пашырэння магчымасцей грамадзян самастойна вырашаць сваё жыллёвае пытанне.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не азначае, што поўнасцю адмяняюцца дзяржаўнае льгатаванне і падтрымка, яны захоўваюцца, але змяняюцца аб'ёмы і форма прадастаўлення. Падтрымка становіцца больш адраснай, улічваюцца рэальныя фінансавыя магчымасці людзей, а таксама ўводзіцца больш строгі кантроль за яе мэтавым выкарыстаннем.
У прыватнасці, закладваюцца такія новыя падыходы, як будаўніцтва жылля па дзяржзаказу, пашырэнне магчымасцей самастойнага жыллёвага будаўніцтва і аблягчэнне ўдзелу ў долевым будаўніцтве, а таксама ўзвядзенне арэнднага жылля.
Што датычыцца будаўніцтва жылля па дзяржзаказу, то гэтай формай будуць карыстацца грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку і маюць права на атрыманне льготных крэдытаў на жыллё. Адпаведны Указ па гэтаму пытанню падпісаны ўжо. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сутнасць дзяржзаказу ў тым, што грамадзяне не будуць прымаць удзел у працэсе ўзвядзення жылля. Спачатку дзяржзаказчыкі (УКБ або іншыя арганізацыі з доляй дзяржавы больш як 50%) будуюць дом, потым ужо гатовае жыллё прапануецца чаргавікам па цэнах, якія склаліся на дату ўводу дома ў экслпуатацыю, з прадастаўленнем ільготнага крэдыту.
"Пры такім парадку набалелыя для насельніцтва пытанні тэрмінаў, якасці, цаны будаўніцтва ўзнікаць не павінны. Будзе ліквідавана дрэнная практыка дадатковых фінансавых пабораў з людзей з-за затрымак пускавых аб'ектаў або па іншых прычынах. Ствараюцца ўмовы для рытмічнай работы будаўнічых арганізацый", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і да будаўнікоў будзе вельмі строгае патрабаванне: "Цяпер уласную непаваротлівасць і расхлябанасць будаўнікі не прыкрыюць перабоямі з фінансаваннем або іншымі непарадкамі".
"Прашу не забываць, што дзяржзаказ - гэта не толькі гарантаваныя занятасць і стабільнасць у галіне, але і суровы экзамен для будаўнікоў за цэны, тэрміны і якасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але не маюць права на атрыманне льготнага крэдыту, пашыраюцца магчымасці самастойнага жыллёвага будаўніцтва і аблягчаецца ўдзел у долевым будаўніцтве. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што асобнымі дзяржаўнымі банкамі ў лютым прынята рашэнне аб зніжэнні працэнтнай стаўкі ў беларускіх рублях для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, што будзе садзейнічаць развіццю крэдытавання жыллёвага будаўніцтва. Акрамя таго, асобным рашэннем Прэзідэнта будзе дадзена права дзяржаўным арганізацыям і гаспадарчым таварыствам прадастаўляць сваім работнікам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ільготныя пазыкі на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылых памяшканняў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадках, калі ў арганізацыі няма маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, такія пазыкі могуць давацца і іншым работнікам, толькі на менш ільготных умовах.
"Пры гэтым абавязкова павысім адказнасць забудоўшчыкаў пры долевым будаўніцтве", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на заканадаўчым узроўні будзе замацавана патрабаванне аб тым, што тэрміны і кошт будаўніцтва, устаноўленыя ў дагаворы, павінны строга кантралявацца і выконвацца.
"Ад простых угавораў пераходзім да ўстанаўлення прамых норм, невыкананне якіх прывядзе да неадкладнага і непазбежнага пакарання, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Пры парушэнні дагавора па віне забудоўшчыка ўсе дадатковыя расходы лягуць на яго. Плюс забудоўшчык заплаціць дольшчыкам штраф".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо гатовы праекты адпаведных указаў. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэтыя меры дадуць магчымасць значна рушыць наперад у вырашэнні жыллёвай праблемы.
Яшчэ адным напрамкам развіцця жыллёвага будаўніцтва становіцца арэнднае жыллё. Яно прадугледжваецца для грамадзян, якія не маюць магчымасці пабудаваць і набыць жыллё ва ўласнасць, у тым ліку якія не маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі. Рэалізацыю гэтага новага праекта пачалі ўжо ў Мінску, адкрыўшы будаўніцтва першага жылога комплексу "Магістр" для прадастаўлення кватэр у арэнду творчай і навуковай інтэлігенцыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што плата за арэнднае жыллё будзе ніжэйшая за рыначную і будзе пад сілу сям'і з сярэднім узроўнем даходаў.
"Цяпер задача ў тым, каб пашырыць маштабы такога будаўніцтва, уключыць у яго больш шырокае кола ўдзельнікаў, надаць гэтаму перспектыўнаму напрамку агульнанацыянальны характар", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму дадзены даручэнні ўзяць на кантроль пытанні будаўніцтва арэнднага жылля і дабіцца таго, каб такое будаўніцтва за кошт бюджэту праводзілася з мінімальнай рэнтабельнасцю, а будаўнічымі арганізацыямі пры пазабюджэтных крыніцах фінансавання - па цэнах, якія не перавышаюць рыначныя. Акрамя таго, да зацікаўленых даведзены планавыя заданні па будаўніцтву арэнднага жылля на 2013-2015 гады на ўсёй тэрыторыі краіны. Паводле слоў Прэзідэнта, рэалізацыю гэтых заданняў павінны ажыццяўляць як дзяржаўныя, так і прыватныя арганізацыі з выкарыстаннем розных крыніц фінансавання. "У 2013-2014 гадах трэба ўзвесці па 2-3 дамы дзяржаўнага арэнднага жылля ў кожнай вобласці, а можа, і больш", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цэлым па краіне да канца пяцігодкі павінна быць узведзена не менш як мільён квадратных метраў такога жылля.
Па арэнднаму будаўніцтву таксама падрыхтаваны праект Указа.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі практычна завяршаецца фарміраванне нарматыўна-прававой базы для рэалізацыі Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. "Аднак трэба прызнаць, што сама па сабе нарматыўная прававая база не можа забяспечыць поўны поспех у справах і выкананні намечанага. Усё залежыць ад канкрэтных людзей. У першую чаргу ад работнікаў жыллёва-будаўнічага комплексу краіны, ад спецыялістаў да кіраўнікоў галіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў аб тым, што свае патрабаванні, якія датычацца развіцця будаўнічага комплексу, выказаў 1 сакавіка на пашыраным пасяджэнні Урада, адрасуючы іх канкрэтна Міністру архітэктуры і будаўніцтва Анатолю Нічкасаву і намесніку Прэм'ер-міністра Анатолю Калініну. "Мінулі тры месяцы. Сёння ад кіраўніцтва галіны я чакаю дакладных адказаў, як вырашаюцца існуючыя праблемы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"У людзей шмат скаргаў на павелічэнне кошту жылля, зацягванне тэрмінаў уводу яго ў эксплуатацыю, нізкую якасць будаўнічых работ, - адзначыў Прэзідэнт. - Маё патрабаванне застаецца ранейшым і нязменным: цана квадратнага метра для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў павінна быць на ўзроўні, не вышэйшым, чым сярэдняя зарплата па краіне. Калі сярэдняя зарплата $300, то і цана квадратнага метра павінна быць такой, калі сярэдняя зарплата $500 - квадратны метр для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў павінен каштаваць не вышэй як $500, але ніяк не $1,5-2 тыс.", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў будаўнікоў і праекціроўшчыкаў за недастатковую якасць работ і прадукцыйнасць.
Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні нарады быў праведзены маніторынг сітуацыі ў будаўнічай галіне. "Нявырашаных пытанняў, парушэнняў заканадаўства больш чым дастаткова, галіна вельмі карумпіравана. Як, дзе, у якіх маштабах - тут даложаць адказныя людзі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў аб сваім патрабаванні перайсці ў будаўніцтве на еўрапейскія стандарты. "Як выканана гэта? Як працуюць сёння праекціроўшчыкі? Скаргаў больш чым дастаткова, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б пачуць, за што мы плацім праекціроўшчыкам? Як раней, цана аб'екта вышэйшая, значыць і зарплата вышэйшая, або наадварот?"
"Нікуды не варта, што прадукцыйнасць працы беларускіх будаўнікоў значна ніжэйшая, чым сярэднееўрапейскі ўзровень, - лічыць Прэзідэнт. - Што датычыцца спасылак на няхватку працоўных рэсурсаў, то адказ просты: калі будзеце нармальна працаваць - якасна і прадукцыйна, то і заработкі атрымаюцца дастойныя, і пытанняў з няхваткай рабочых рук на будоўлях не ўзнікне. І наогул, трэба паглядзець, колькі ў нас гэтых рабочых рук, калі ўзяць па ўдзельнай вазе, і параўнаць з Еўропай, дапусцім, з Германіяй. Я думаю, тады мы і зробім вывады, хапае ў нас рабочых рук або палавіна з тых, хто працуе, гультаі і, як мне дакладваюць, на траіх работнікаў - два начальнікі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць праваламі ў ходзе мадэрнізацыі домабудаўнічых камбінатаў. Паводле яго слоў, пад пагрозай зрыву знаходзіцца выкананне заданняў па жыллёваму будаўніцтву ў Віцебскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў галіне ёсць і іншыя недахопы і нявырашаныя праблемы, а таму размова на нарадзе будзе сур'ёзнай.
"Калі мы не навядзём строгі парадак, усе намаганні па ўдасканаленню нарматыўнай базы не будуць варты і ломанага гроша! Нельга забываць, што ў будаўнічай сферы вырашаюцца важнейшыя пытанні, якія закранаюць інтарэсы практычна ўсіх грамадзян", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае даклада аб тым, як будзе выпраўлена сітуацыя. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да губернатараў, арыентаваў іх на актыўны ўдзел у абмеркаванні, паколькі асноўная нагрузка ляжа на іх будаўнічыя арганізацыі. Асобна Прэзідэнт засяродзіў увагу на праблемах, якія існуюць у сталіцы: "Тут у нас больш за ўсё будаўнікоў, больш за ўсё круціцца грошай у будаўнічай галіне, больш за ўсё будуецца жылля, і такога бардаку, які сёння на кожным кроку ў Мінску, нідзе больш у краіне не знойдзеш". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Мінску найбольш востра праяўляюцца жыллёвыя праблемы як з фінансаваннем і своечасовасцю будаўніцтва аб'ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры да раёнаў забудовы, так і з выдзяленнем участкаў для жыллёвага будаўніцтва.
Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін далажыў аб праектах указаў, якія датычацца прававога рэгулявання жыллёвых адносін, пераводу службовага жылля ў катэгорыю арэнднага, устанаўлення адзіных падыходаў па прадастаўленню пазык на будаўніцтва жылля, адмены магчымасці паралельнага праектавання і будаўніцтва аб'ектаў.
Для рэгулявання колькасці насельніцтва Мінска і абласных цэнтраў адначасова з забеспячэннем жыллём усіх маючых патрэбу плануецца развіваць гарады-спадарожнікі. Падрыхтаваны праект Указа, у якім будзе вызначаны статус такіх гарадоў. Для Мінска гарадамі-спадарожнікамі стануць Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Фаніпаль. Горадам-спадарожнікам Брэста будзе Жабінка, а Гродна - Скідзель.
Віцэ-прэм'ер расказаў аб некаторых момантах, якія, на думку Урада, аказваюць стрымальны ўплыў на развіццё жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі. Паводле яго слоў, у шэрагу месц без выкарыстання зямель сельгаспрызначэння цяжка павялічыць аб'ёмы гэтага будаўніцтва, і ў прыватнасці, індывідуальную забудову.
"Што тут за праблема і што за бюракратыя? На вачах тысячы ўчасткаў у Мінску, якія размешчаны не на землях сельгаспрызначэння. Ідзі і будуй, аддавай людзям. Я не кажу ўжо аб раённых цэнтрах. Там у маштабах межаў горада шмат участкаў, дзе можна будаваць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Анатоля Калініна, з запланаваных да ўводу ў 2013 годзе 6,5 млн.кв.м жылля з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі будзе пабудавана 2,5 млн.кв.м. Аб'ём уведзенага жылля за студзень - красавік бягучага года склаў 1,5 млн.кв.м, што складае 99,4% да аналагічнага перыяду 2012 года.
"Урадам зыходзячы з магчымасцей дзяржавы і наяўнасці сродкаў у грамадзян прапануецца ў 2014 і 2015 гадах пабудаваць 6,5 і 7 млн.кв.м жылля, з іх з дзяржпадтрымкай - адпаведна 2,8 і 3 млн.кв.м.
Што датычыцца арэнднага жылля, то ў бягучым годзе плануецца пабудаваць 220 тыс.кв.м, а ў далейшым паступова нарошчваць аб'ёмы з разлікам, каб да канца пяцігодкі ўзвесці не менш як 1 млн.кв.м такога жылля.
У якасці праблемнага пытання Віцэ-прэм'ер назваў даволі высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, якія прадастаўляюцца грамадзянам на агульных падставах. "У сувязі з гэтым неабходна прадоўжыць зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах на будаўніцтва жылля, а таксама вярнуцца да выдачы крэдытаў грамадзянам на жыллёвае будаўніцтва ў замежнай валюце. Пакуль Нацыянальны банк гэту прапанову аб выдачы крэдытаў у замежнай валюце не падтрымлівае", - сказаў ён.
На нарадзе размова таксама ішла аб рабоце па павышэнню якасці праектавання і будаўніцтва, мадэрнізацыі домабудаўнічых камбінатаў.
Анатоль Калінін канстатаваў скарачэнне колькасці работнікаў у
будаўнічай галіне за апошнія гады, але адзначыў, што іх колькасці дастаткова для
рэалізацыі ўсіх інвестпраектаў і праграм. Акрамя таго, апошнім часам у асноўным
спыніўся адток кадраў, а многія з тых, хто выехаў за мяжу, вяртаюцца на работу ў
Беларусь.
"Вядома, мы яшчэ не дасягнулі належнай рытмічнасці і адказнасці па
тэрмінах, якасці будаўніцтва, але ў бліжэйшы час увядзём даволі прынцыповыя
патрабаванні да забудоўшчыкаў і праекціроўшчыкаў", - сказаў Віцэ-прэм'ер.
"Мы цяпер прааналізавалі і бачым, што неабходна стварыць 2-3 буйныя холдынгі, якія аб'яднаюць 20-25 тыс. работнікаў і дадуць магчымасць вырашаць пытанні па буйных праектах у Беларусі, і сур'ёзна выходзіць на знешнія рынкі. Думаю, у першым паўгоддзі мы прымем такую пастанову па стварэнню буйных холдынгаў", - дадаў Анатоль Калінін.
Пасля даклада Віцэ-прэм'ера Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў будаўнічай сферы Беларусі да гэтага часу не ўдалося выкараніць шэраг негатыўных момантаў, як у частцы праектавання, так і дзейнасці пасрэднікаў. "Нібыта ў нас няма нейкіх "левых" фірм па 3-4 чалавекі, якія прыходзяць, атрымліваюць зямельныя ўчасткі, бяруць у банках крэдыты, а потым ідуць у дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі, якія становяцца ў іх падрадчыкамі. Прычым трэсты будуюць за капейкі пры рэнтабельнасці, блізкай да нуля. А прадаўшы жыллё па $1,5-2 тыс. за квадратны метр, гэтыя пасрэднікі кладуць добрую розніцу сабе ў кішэнь", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"У бліжэйшы час такіх пытанняў не будзе. Думаю, што мы іх мінімізуем", - запэўніў Анатоль Калінін.
Ёсць прэтэнзіі ў Прэзідэнта і да работы праекціроўшчыкаў. У гэтай сферы ўжо даўно было даручана перайсці на сучасныя еўрапейскія стандарты, аднак значныя недахопы застаюцца і цяпер.
"Каму і за якія грошы мы будзем у краіне будаваць жыллё? Столькі напісалі і нагаварылі, што звычайны чалавек ніколі ў жыцці не разбярэцца ў вашай сістэме жыллёвага будаўніцтва", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка з пытаннем да Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
Кіраўнік урада далажыў, што пасля праведзенай зверкі чэргаў на жыллё 86 тыс. сем'яў былі зняты з чаргі і ў ёй засталіся 788 тыс. сем'яў. Паводле яго слоў, у далейшым зверка павінна праводзіцца не радзей як адзін раз у год пры выдзяленні адпаведнага жылля і фарміраванні жыллёва-будаўнічага кааператыву. "Мы бачым, што ёсць розныя хітрасці, якія даюць магчымасць людзям незаслужана атрымліваць дзяржпадтрымку", - канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.
Акрамя таго, у некаторых ЖБК будаўніцтва не пачынаецца, паколькі адны чакаюць пашырэння катэгорыі льготнікаў, іншыя разлічваюць на зніжэнне ў бліжэйшы час стаўкі рэфінансавання і адпаведна больш даступныя камерцыйныя крэдыты.
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, у шэрагу выпадкаў грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прапануюць будаваць кватэры ў дамах, дзе кошт квадратнага метра даходзіць да Br8-9 млн., як гэта, напрыклад, адбылося ў Бялынічах пры будаўніцтве дома для шматдзетных сем'яў.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб недапушчальнасці такога падыходу. "Чаму пры сярэднім кошце ў Магілёўскай вобласці Br4 млн. вы будуеце для маючых патрэбу з дзяржпадтрымкай за Br10 млн.? Гэта вы так выканалі маё даручэнне аб прадастаўленні жылля шматдзетным сем'ям для вырашэння важнейшай задачы нашай краіны? - абурыўся Кіраўнік дзяржавы. - У нас не хапае насельніцтва. Для таго каб людзі нараджалі, трэба ім даць нармальнае жыллё. І я вам гаварыў, што калі пяцёра дзяцей, то трэба наогул, напэўна, даць бясплатнае жыллё або з нейкай мінімальнай аплатай. Трое - напалавіну. А вы вось так вырашылі гэту праблему і лічыце, што людзі будуць нараджаць, выхоўваць, а вы з іх шкуру будзеце драць?!"
"Поўны бардак і чахарда. Прыйшлі на нараду, і самі не ўяўляеце, што і як рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон далажыў аб недахопах у сферы жыллёвага будаўніцтва. Паводле яго слоў, апошнія гады будаўніцтва жылля страчвае свае пазіцыі аднаго з галоўных стымулаў эканамічнага развіцця краіны. Аб гэтым сведчыць дынаміка выканання прагнозных паказчыкаў, якія ўстанаўліваюцца штогод. Так, у 2010 і 2011 гадах заданне па жыллёваму будаўніцтву не было выканана, а ў 2012 годзе яго ўдалося выканаць толькі дзякуючы зніжэнню ў параўнанні з 2011 годам амаль у 2 разы.
У гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што выкананне заданняў па ўводу жылля будзе на строгім кантролі: "Пара ўжо стабілізавацца і выходзіць на нармальныя аб'ёмы. І гэта датычыцца, па-першае, губернатараў і мэра Мінска, па-другое, Мясніковіча і Урада".
Прэм'ер-міністр спаслаўся на некаторыя цяжкасці ў рэалізацыі намечанага і, у прыватнасці, на дарагія камерцыйныя крэдыты: "Мы з аблвыканкамамі працуем, імкнёмся да таго, каб гэтыя 6,5 млн.кв.м увесці ў эксплуатацыю, але гэта вельмі складаная задача".
"Я кажу аб тым, што вы запланавалі. У вас ёсць запланаваныя аб'ёмы - 6,5 млн.кв.м. Зрабіце іх. Стаўка ў Ермаковай (Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова) і ў вас у руках. Гэта ж усё ў руках Урада. Усё фарміруе эканоміка", - парыраваў Прэзідэнт.
"Калі планавалі аб'ёмы будаўніцтва на гэты год, прадугледзелі, што банкі павінны выдаць на камерцыйных умовах крэдытаў на Br650 млрд. За пяць месяцаў выдадзена Br880 млрд. Гэта значыць грамадзяне ўзялі гэтыя крэдыты", - далажыла ў сувязі з гэтым Надзея Ермакова.
Сярод іншых праблемных пытанняў, якія аказваюць негатыўны ўплыў на эфектыўнасць будаўніцтва жылля, Аляксандр Якабсон назваў невыкананне тэрмінаў будаўніцтва, што з'яўляецца адной з галоўных прычын яго падаражэння. Акрамя таго, па-ранейшаму ў гэтай сферы адзначаюцца нізкі ўзровень тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, прыпіскі, неабгрунтаванае пасрэдніцтва, завышэнне кошту работ. Ёсць недахопы і ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічай галіны, зацягваюцца тэрміны мадэрнізацыі прадпрыемстваў.
Паводле слоў Старшыні КДК, злоўжыванні з боку прыватных забудоўшчыкаў і падрадчыкаў у асобных выпадках прыводзяць да нанясення непасрэднага ўрону грамадзянам. Як прыклад, сітуацыя з будаўніцтвам жылых дамоў у Брэсце і Мінску.
"Усе павінны разумець, што калі ты ўзяў у чалавека грошы на будаўніцтва і падмануў - у турму. Няхай трасуць свае матрацы, нясуць грошы і выконваюць абавязацельствы перад людзьмі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Да канца бягучага года ўсе гэтыя пытанні ў вас павінны быць прыведзены ў адпаведнасць. Гэтыя ўсе дамы павінны быць здадзены".
Асобная дыскусія на нарадзе разгарнулася наконт магчымасці захавання ў шэрагу выпадкаў службовага жылля замест яго пераводу ў катэгорыю арэнднага. Аднак Аляксандр Лукашэнка дакладна даў зразумець, што супраць якіх-небудзь выключэнняў у гэтым пытанні: "Давайце дамовімся аб тым, што службовага жылля не будзе. Прынцыпова адно - дзяржава не павінна несці гэтыя расходы па службоваму жыллю. Сёння ёсць шмат магчымасцей, каб знайсці выйсце з гэтай сітуацыі".
Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч далажыў, што ў Беларусі цяпер яшчэ ёсць вялікая колькасць непрыватызаваных кватэр. У праекце Указа прапанавана, каб на працягу года пасля выхаду гэтага нарматыўнага акта грамадзяне маглі прыватызаваць жыллё, а калі не, то яно пяройдзе ў статус арэнднага. Для прыватызацыі можна будзе, у тым ліку, выкарыстоўваць чэкі "Жыллё". "Чым дом найноўшы, тым ён даражэйшы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне Мінска прыватызацыя двухпакаёвай кватэры тыпавых спажывецкіх якасцей будзе каштаваць ад Br35 млн. у доме 1964 года пабудовы да Br142 млн. у доме 1994 года", - адзначыў Прэм'ер-міністр.
Пры гэтым як мінімум 10% ад сумы трэба ўнесці адразу, а астатняе можна будзе выплаціць у растэрміноўку на працягу 40 гадоў.
"Значыць, трэба так і рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падводзячы вынік, Прэзідэнт адзначыў, што на гэтым размова аб удасканаленні сферы жыллёвага будаўніцтва не завершана. "Ужо ў больш вузкім складзе, Міхаіл Уладзіміравіч, вы павінны будзеце мне далажыць аб усёй гэтай сістэме, якую вы стварылі ў жыллёвым будаўніцтве, каб яна была дакладна выкрышталізавана і зразумела людзям", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы сістэматызуем усе недахопы і скаргі людзей у сферы будаўніцтва. Усе гэтыя недахопы мы прапішам, і вы на гэта павінны адказаць. І гэта будзе ў бягучым годзе. У вас ёсць лета - працуйце над ліквідацыяй гэтых недахопаў ад праектантаў да выдзялення жылля, у тым ліку і па ходу будаўніцтва праблемных жылых дамоў. Усе гэтыя дамы павінны быць у бягучым годзе здадзены. У будаўніцтве шмат недахопаў, і вы іх ведаеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы гэты пласт здымем, тады я буду лічыць, што мы ў будаўніцтве разабраліся. Пры гэтым будаўнічая галіна - гэта не аддзел сацыяльнага забеспячэння. Гэта прадпрыемствы, арганізацыі. Грошы ёсць - будуюць. Не - не будуюць. І людзі гэта павінны разумець. Але я ўпэўнены, што калі мы створым празрыстую сістэму і будзем справядлівыя, то людзі нам прэтэнзій не прад'явяць".
Кіраўнік дзяржавы асобна папярэдзіў Віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна і Міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава аб адказнасці за арганізацыю эфектыўнай работы ў названай сферы. "Калі вы занялі гэту пасаду, дык дзейнічайце", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Давайце дамовімся аб тым, што ў верасні-кастрычніку мы сустрэнемся і здымем усе пытанні з парадку дня, ад еўрастандартаў у праектаванні і будаўніцтве да сумленнасці, празрыстасці і адказнасці перад насельніцтвам, каб людзі нас не папракалі. Вы ведаеце, што такое кватэра для сям'і. У гэтым сэнс усёй маёй палітыкі ў жыллёвым будаўніцтве", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.