Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях прыватызацыі
Любое прадпрыемства ў Беларусі можа быць прыватызавана, але за разумную цану і на прымальных умовах. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 сакавіка на нарадзе па пытаннях прыватызацыі.
"Мы заўсёды гаварылі аб тым, што мы не супраць прыватызацыі. Але абвальнай прыватызацыі ў краіне як раней не было, так цяпер і не будзе. Гэта пытанне не абмяркоўваецца, пакуль я Прэзідэнт. Не буду я Прэзідэнтам, вы ўжо тут глядзіце, як будзеце прадаваць прадпрыемствы, уласнасць, зямлю, можа, і краіну ў цэлым. "Хоць, калі буду жывы, я заўсёды буду выступаць супраць гэтага", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Пытанне прыватызацыі не проста ўрэгулявана, яно выпакутавана беларускім народам. Гэта пытанне знаходзіцца ў цэнтры ўсіх палітычных падзей, таму што прыватызацыя - пытанне няпростае. Калі гаварыць зразумелай для насельніцтва мовай, размова ідзе аб куплі-продажы дзяржаўнай уласнасці, якая створана многімі пакаленнямі нашых людзей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць нармальным працэс, калі ўласнасць у дзяржаве прадаецца і купляецца. На думку Аляксандра Лукашэнкі, існуючы ў краіне парадак прыватызацыі нядрэнны. "Чым ён вас не задавальняе? Нармальны парадак, у нас ёсць два ўзроўні ўласнасці: камунальная (адказнасць мясцовых органаў улады) і рэспубліканская", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных. "Навошта тут дзяліць прадпрыемствы на вельмі патрэбныя і непатрэбныя. Вы ведаеце, гэта нават некарэктна ў адносінах да насельніцтва, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Усе прадпрыемствы важны для краіны, дзе працуюць нашы людзі. Навошта іх дзяліць на стратэгічныя і нестратэгічныя?"
"Любое прадпрыемства можа быць прыватызавана. Любое, без выключэння, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Але трэба раз і назаўсёды вызначыць: няма абвальнай прыватызацыі, яна мае кропкавы характар, калі гэта трэба дзяржаве, і ўсе прадпрыемствы ў Беларусі могуць быць прыватызаваны, пытанне толькі ў цане".
"Але і навошта цямніць? У нас да разраду стратэгічных адносілася такое прадпрыемства, як "Белтрансгаз". Яно было забаронена да прыватызацыі. Прыватызавалі? Прыватызавалі. Дык навошта нам зноў цень на пляцень наводзіць, каб потым выводзіць законам са спісу забароненых да прыватызацыі і гэтак далей", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што існуючы працэс прыватызацыі цяжкі і вельмі забюракратызаваны. "Але мы ж не сваё прадаём, гэта не мы з вамі стварылі. Таму трэба і таргавацца. А не тое, што прыйшоў, убачыў, перамог і забраў прадпрыемства", - сказаў ён.
"Сёння гаворым аб тым, што мы не супраць прыватызацыі нават такога стратэгічнага прадпрыемствы, як "Беларуськалій", які прыносіць нам у лепшыя гады да $3 млрд. даходу ў краіну. Мы не супраць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што цана вызначана, і цяпер яна складае больш як $30 млрд. "Нас народ за гэта папракнуў? Не. Мы паставілі нармальную цану, з якой згадзіліся многія міжнародныя фінансавыя інстытуты", - адзначыў Прэзідэнт. "Але тым, хто хацеў прыватызаваць наша прадпрыемства "Беларуськалій" і быў гатовы плаціць толькі $15 млрд., я ім сказаў: "Да пабачэння, ідзіце", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Лічу, і далей трэба так працаваць. Той, хто хоча прыйсці ў краіну і купіць нейкую маёмасць, ён ведае, што ў нас ёсць. Калі не ведае, няхай прыязджае, мы любой дэлегацыі можам прапанаваць нашы прадпрыемствы, але яны каштуюць нятанна", - адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка выказаў насцярожанасць інфармацыяй, якая паступіла да яго ад губернатараў аб выніках прыватызацыі некаторых аб'ектаў. "Сёння трэба Прэзідэнту браць, вобразна кажучы, сякеру і высякаць гэтыя працэсы. Калі нашы прадпрыемствы нібыта і нядрэнна працавалі пасля прыватызацыі, а сёння сталі аб'ектамі махінацый. Хто за гэта потым будзе адказваць?" - выказаў незадаволенасць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адно важнае пытанне: якія вынікі ад працэсу выстаўлення акцый беларускіх прадпрыемстваў на біржы і іх свабоднага гандлю. "Хто купіў, якія грошы заплацілі, і той, хто купіў, наколькі лепш там стаў працаваць, што ён для нашага народа і дзяржавы прынёс?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі не будзе прыватызацыі, каб дагадзіць якім-небудзь дзяржавам і аб'яднанням. "Калі вы хочаце спадабацца Міжнароднаму валютнаму фонду, Еўрапейскаму саюзу, Амерыцы, Расіі або яшчэ каму-небудзь, аб'явіўшы, што мы прадаём штосьці, тады не са мной і не пры мне. Падабацца тым ці іншым дзяржавам і аб'яднанням - гэта добра, гэта трэба, але не такой цаной. Не тая праблема і не тое пытанне, каб прыватызаваць краіну для таго, каб некаму спадабацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Можа, хто-небудзь за гэтым сталом хоча паўдзельнічаць у прыватызацыі якіх-небудзь прадпрыемстваў, купіць іх долю? Калі ласка, выходзьце са складу Урада, даставайце з кішэні грошы, калі ў вас ёсць, і купляйце прадпрыемства на агульных падставах. Але, паводле маёй інфармацыі, напэўна, на тысячу цаглін або 10 кубоў сілікатных блокаў, можа, у вас грошы і ёсць, а на астатняе - я не ведаю".
Падагульняючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вялікі Дэн Сяапін гаварыў: не важна, якая кошка, толькі лавіла б мышэй. Таму не важна, якое будзе прадпрыемства: дзяржаўнае, прыватнае, акцыянернае, дзяржаўна-прыватнае. Галоўнае, каб там выпускалі дастойную прадукцыю, плацілі нармальныя грошы людзям, якія там працуюць, і не забывалі аб выплаце падаткаў".
Аб прапановах Урада па ўдакладненнях у трохгадовы план прыватызацыі і па пераліку юрыдычных асоб, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных сектараў эканомікі, далажыў Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. "Пералік - гэта не догма. Пры неабходнасці ён можа быць пашыраны або скарочаны", - адзначыў ён.
Акрамя таго, Урад прадаўжае работу па ўдасканаленню нарматыўна-прававой базы ў сферы прыватызацыі.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у цэлым інтарэс з боку інвестараў да Беларусі ёсць, адзначаецца рост аб'ёмаў прыцягнення замежных інвестыцый.
"У нас сёння ёсць усё для таго, каб ажыццявіць прыватызацыю прадпрыемстваў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна ліквідаваць некаторыя выяўленыя негатыўныя моманты ў працэсах прыватызацыі, у прыватнасці пытанні, звязаныя з працэдурай банкруцтва прадпрыемстваў. "Можам дайсці да таго, што, як у нашых суседзяў, будзе: спадабалася прадпрыемства - падвялі пад банкруцтва, выразалі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба падключыць мясцовыя органы ўлады. Няхай у выканкамах па камунальнай уласнасці прымуць рашэнне: банкруціць або не банкруціць. Банкруціць - адказвайце і сачыце за гэтым працэсам, каб людзі не былі выкінуты, каб быў вынік, якога мы чакаем. Заўсёды дзяржаўныя органы гэтым займаліся".
"Усё, што Вы гаварылі аб тым, што з'явіліся дзіркі ў самім працэсе прыватызацыі, што іх трэба падрэгуляваць - трэба тэрмінова прыняць рашэнне і арыентаваць мясцовыя органы ўлады", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца якіх-небудзь прыватызацыйных пералікаў прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў іх мэтазгоднасці. Калі любое прадпрыемства ў краіне можа стаць аб'ектам прыватызацыі, то навошта неабходна складаць нейкія пералікі? Прэзідэнт таксама лічыць, што яны будуць толькі дарэмна бударажыць людзей у працоўных калектывах.
"Няхай усе, хто хоча купіць у нас прадпрыемствы, вядуць перагаворы. Няхай на месцах вырашаюць па ўсіх прадпрыемствах, пачынаючы ад райвыканкама і да Прэзідэнта, калі гэта рэспубліканская ўласнасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю звярнуў увагу на тое, што ў падрыхтаваныя пералікі трапілі толькі прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі. У той жа час у спіс стратэгічна значных не трапілі, напрыклад, страхавыя арганізацыі.
Памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў адзначыў, што ў пералік можна было б уключыць яшчэ шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку ў сферы гандлю, банкаўскім сектары, іншых важных галінах народнай гаспадаркі.
"Гэта тое, аб чым я гаварыў. Атрымліваецца, па ўсёй краіне адзін спіс. Гэта ўсе нашы прадпрыемствы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб немэтазгоднасці складання прыватызацыйных пералікаў выказаўся і Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура: "Не трэба ніякіх пералікаў. Ідзе прыватызацыя, і кожны на сваім узроўні разглядае. Для мяне ўсё зразумела".
Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў звярнуў увагу на неабходнасць выпрацоўкі дакладнага механізма рэпрыватызацыі - магчымага вяртання прыватызаванай маёмасці, калі інвестар не выконвае ўзятых на сябе абавязацельстваў і губіць прадпрыемства. Паводле яго слоў, неабходна дакладна прапісваць мэту прыватызацыі, каб гэты працэс не маглі выкарыстаць у якасці спосабу ўстаранення канкурэнтаў.
Як адзначыў Старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Жылін, пры прыватызацыі неабходна ў абавязковым парадку ўлічваць прапанаваны інвестыцыйны пакет.
"Мы павінны абавязкова прапісваць: мадэрнізацыя прадпрыемства, які тавар будуць выпускаць, як людзі будуць працаўладкаваны, зарплата, падаткі і іншае. Толькі тады ісці на прыватызацыю", - згадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра звярнуў увагу на працэдуру вызначэння кошту прадаваемых прадпрыемстваў. Ён лічыць, што ў гэтым пытанні неабходна выключыць магчымасць спекуляцыі і далейшага перапродажу ўласнасці па больш высокай цане.
У ходзе нарады Аляксандр Лукашэнка закрануў і такое пытанне, як стварэнне прывабных умоў для захоўвання капіталаў, у тым ліку заробленых інвестарамі, у Беларусі. "Трэба адысці ўжо ад гэтых патрабаванняў, калі мы кантралявалі ўсё і ўсіх. Сёння ў банк няма чаго хадзіць. Няма чаго капацца ў рахунках людзей, якія там трымаюць грошы, - адзначыў Прэзідэнт. - Сістэму трэба ствараць. Трэба народу прама сказаць: багаты чалавек - гэта не вораг. Ёсць багатыя людзі - добра, няхай яны будуць. Але гэтых багатых людзей сарыентаваць на тое, каб грошы яны захоўвалі тут, асабліва заробленыя тут".
"Нельга адбіраць грошы ў бізнесменаў і прадпрымальнікаў. Прычына толькі адна - калі ты не плаціш падаткі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Беларусі не будуць выдаваць інфармацыю аб рахунках сваіх кліентаў, як гэта зрабілі некаторыя краіны.
Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду сумесна з зацікаўленымі выпрацаваць адзіны цэласны дакумент, які рэгуляваў бы ўсю сферу прыватызацыі ў Беларусі. "Збярыцеся і вызначце, як вы гэта будзеце рабіць. Хацелася б, каб на працягу другога квартала мы знялі ўсе гэтыя пытанні. Ну а там, дзе трэба прыняць тэрміновыя меры па тых або іншых аб'ектах уласнасці, прадпрыемствах і іншае, значыць, уносьце прапановы або прымайце рашэнні самі без цяганіны. Закрыйце дзіркі, якія выявіліся ў ходзе прыватызацыі і ў пасляпрыватызацыйныя перыяды на прадпрыемствах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Уносьце цэласны, комплексны дакумент. Я супраць гэтых спісаў прадпрыемстваў. Я з пункту гледжання людзей падыходжу. Гэта створыць непатрэбную вакханалію і валакіту".
"Працэс не спыняем. Прадаць або не прадаць прадпрыемства - гэта справа цаны і нашай зацікаўленасці. Таму ўсе прадпрыемствы могуць быць прыватызаваны. Пытанне, за колькі і пад якія ўмовы. Яны выпрацаваны, выпакутаваны гэтыя ўмовы. Таму рыхтуйце ў гэтым ключы нарматыўна-прававы акт, будзем прымаць без затрымкі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.