Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення чэмпіянату свету па хакеі

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе максімальнай канцэнтрацыі намаганняў у завяршальны перыяд падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў 2014 годзе. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 15 кастрычніка на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення гэтага турніру.

Чэмпіянат пройдзе з 9 па 25 мая, да яго адкрыцця засталося каля 200 дзён.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, чэмпіянат свету - гэта не проста спартыўная падзея: "Гэта той момант, калі мы краіну выставім напаказ усяму свету. І якой будзе гэта краіна, такое і меркаванне сфарміруецца аб ёй ва ўсім свеце. Больш таго, гэта сур'ёзнае эканамічнае мерапрыемства". Як лічыць Прэзідэнт, чэмпіянат свету павінен прынесці значную эканамічную, фінансавую аддачу.

"Таму чэмпіянат свету 2014 года - гэта сур'ёзная праверка і экзамен для ўсіх структур, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Тое, што мы павінны твар дзяржавы паказаць, узмацняецца і тым, што апошнім часам праблема паўстала перад усім светам палітызаванай. І людзі будуць ехаць не толькі паглядзець, як гуляе любімая каманда, але ў іх падспудна, а можа, і самым галоўным будзе пытанне: што гэта за краіна, з якой хтосьці спрабаваў зняць чэмпіянат свету. І мы павінны паказаць усяму свету, што яна сапраўды цэнтральнаеўрапейская цывілізаваная краіна. Каб людзі ад нас, як гэта часта бывала, ехалі і гаварылі: гэта нармальная краіна, горад, а не тое, што мы чыталі ў сродках масавай інфармацыі".

Прэзідэнт запатрабаваў, каб у падрыхтоўцы да гэтай важнай падзеі не было ніякіх правалаў і нават дробных шурпатасцей. На яго думку, у сувязі з гэтым вельмі многае трэба зрабіць.

"Патрабую ад усіх задзейнічаных галін максімальнай канцэнтрацыі намаганняў у завяршальны перыяд падрыхтоўкі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы абавязаны прадэманстраваць усёй сусветнай супольнасці высокую ступень арганізацыі чэмпіянату свету. Наша мэта - зрабіць так, каб знаходжанне гасцей у Беларусі было камфортным, а прапанаваны сэрвіс мог задаволіць самую патрабавальную публіку".

Прэзідэнт лічыць неабходным асаблівую ўвагу ўдзяліць пытанням бяспекі людзей і адпрацоўкі ўзаемадзеяння экстранных службаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўнае ўжо зроблена, а цяпер асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць пытанням, па якіх ёсць недапрацоўкі. "Мяне цікавіць усё - ад стварэння неабходнай спартыўнай, транспартнай і гасцінічнай інфраструктуры, арганізацыі работы валанцёраў да падрыхтоўкі нацыянальнай каманды да паспяховага выступлення на чэмпіянаце свету. У нас яшчэ час ёсць, многае можна дапрацаваць, выправіць, калі штосьці не так, як нам хацелася б".

"Падзея павінна стаць для ўсіх запамінальнай і знакавай для Мінска", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, Міжнародная федэрацыя хакея правяла 3 інспекцыйныя праверкі, якія паказалі, што Беларусь у поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны выконвае ўсе неабходныя патрабаванні рэгламенту маючага адбыцца чэмпіянату.

Паводле яго слоў, адным з ключавых арганізацыйных момантаў правядзення чэмпіянату з'яўляецца арганізацыя бязвізавага ўезду афіцыйных удзельнікаў і замежных турыстаў. Механізм рэалізацыі нормы зроблены максімальна простым для гасцей чэмпіянату і не запатрабуе ніякіх дадатковых фінансавых затрат. Для турыстаў падставай для бязвізавага ўезду будзе наяўнасць арыгінальнага або электроннага білета, які можна набыць у любым пункце планеты праз Інтэрнэт.

Рэалізацыя білетаў пачалася 30 верасня. Як адзначыў Анатоль Тозік, амаль з 700 тыс. білетаў цяпер рэалізавана 1386 абанементаў і 22,5 тыс. білетаў. Іх кошт прыкладна на 30% ніжэйшы, чым на чэмпіянатах, праводзімых у іншых краінах.

Сусветнае першынство пройдзе на дзвюх лядовых пляцоўках - "Мінск-Арэне" і "Чыжоўка-Арэне".

Аргкамітэтам па падрыхтоўцы і правядзенню чэмпіянату прапрацаваны пытанні забеспячэння бяспекі на арэнах і ў іншых месцах масавага збору людзей, пытанні пагранічнага і мытнага кантролю. Арганізавана таксама работа па інфармацыйна-рэкламнаму суправаджэнню падрыхтоўкі чэмпіянату.

Афіцыйным турыстычным аператарам - кампаніяй "Цэнтркурорт" сфарміраваны розныя віды турыстычных пакетаў, якія ўключаюць білеты на матчы, пражыванне, а таксама розныя дадатковыя паслугі, у прыватнасці экскурсіі, трансфер, харчаванне, прадастаўленне сувенірнай прадукцыі.

Беларускія прадпрыемствы наладзілі вытворчасць сувенірнай прадукцыі з сімволікай чэмпіянату, якая рэалізуецца ў гандлёвай сетцы практычна ва ўсіх гарадах краіны.

Праводзіцца арганізацыя работы валанцёраў. Так, жаданне быць добраахвотнымі памочнікамі выказалі 3 тыс. чалавек, у большасці сваёй - гэта студэнты беларускіх ВНУ, якія вывучаюць замежныя мовы. Акрамя таго, будуць задзейнічаны 190 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў брыгадах хуткай дапамогі, медпунктах, у месцах пражывання ўдзельнікаў і на арэнах.

Што датычыцца пытанняў размяшчэння гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату, то да іх паслуг будуць прадастаўлены 29 дзеючых гасцініц, 14 гасцініц, дзе цяпер завяршаюцца будаўнічыя работы, а таксама 10 хостэлаў і 5 інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы. Акрамя таго, чакаецца, што паслугі па размяшчэнню турыстаў актыўна будзе прапаноўваць прыватны сектар.

Праведзена вялікая работа і па пашырэнню сеткі грамадскага харчавання, гандлёвага абслугоўвання балельшчыкаў і турыстаў у час чэмпіянату. Плануецца, што да канца года ў Мінску будзе створана дадаткова 5 тыс. месц у стацыянарных пунктах грамадскага харчавання (цяпер - 71 тыс.). У перыяд чэмпіянату ў цэнтры горада і на прылеглых да арэн тэрыторыях будзе дадаткова разгорнута сетка сезонных кафэ на больш як 20 тыс. месц, арганізаваны "Горад майстроў", дзе людзі з усёй краіны змогуць прапанаваць свой тавар.

У цэлым, як адзначыў Анатоль Тозік, значных недахопаў, якія маглі б паўплываць на якасць правядзення чэмпіянату, няма.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як вырашаецца пытанне з арганізацыяй парковачных месц. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што пад паркоўкі часова неабходна прыстасоўваць любыя свабодныя плошчы ў месцах правядзення гульняў. "А будаваць дадаткова нейкія месцы, якія потым нам не патрэбны будуць, - мы не настолькі багатыя, - сказаў ён. - Трэба быць больш мабільнымі ў гэтай сітуацыі".

Старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька запэўніў, што пытанне з паркоўкамі вырашаецца.

Што датычыцца ўводу ў строй "Чыжоўка-Арэны", то Мікалай Ладуцька адзначыў, што да 7 лістапада будзе ўведзены першы пускавы комплекс, а поўнасцю аб'ект будзе здадзены ў эксплуатацыю да 15 снежня. Паводле яго слоў, усе асноўныя работы выкананы, завяршаецца аддзелка фасадаў. З 9 лістапада насельніцтва зможа карыстацца паслугамі пракату канькоў і лёду на малой арэне, а таксама шматфункцыянальнай залы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што тэрміны здачы "Чыжоўка-Арэны" зацягваюцца: "Вы мне тройчы абяцалі здаць аб'ект да 7 лістапада і не выканалі ўласныя абяцанні! Мы ж пераносілі ўжо тэрміны! І выдумалі нейкія пускавыя комплексы! Гэта ваша права: вы можаце пускаць па трох, па пяці комплексах, але да 7 лістапада будаўнікі павінны адтуль пайсці".

Як далажыў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін, у час інспекцыйнага візіту ў жніўні прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі хакея былі ўзгоднены ўсе тэхнічныя патрабаванні па правядзенню матчаў чэмпіянату. На думку замежных экспертаў, "Мінск-Арэна" адпавядае самым высокім міжнародным стандартам.

Работа ўсіх службаў і тэхналагічнага абсталявання "Чыжоўка-Арэны" будзе пратэсціравана ў час Каляднага хакейнага турніру на прыз Прэзідэнта і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прыз Кіраўніка дзяржавы. Турніры пройдуць ва ўмовах, набліжаных да чэмпіянату свету.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на арганізацыю рэкламнай кампаніі. На яго думку, да гэтага працэсу неабходна прыцягваць тых спецыялістаў і тыя кампаніі, якія прынясуць найбольшы эфект.

"Не бачу ніякіх праблем з падрыхтоўкай да чэмпіянату свету. І нават з размяшчэннем гасцей - лічу, прыватнікі ахвотна падключацца і захочуць на гэтым зарабіць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

"Галоўнае - бяспека. Трэба, каб быў парадак. І гэта не значыць, што мы павінны хапаць усіх і некуды несці, везці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы гасцінныя людзі. Трэба з душой і па-чалавечы падысці да тых людзей, якія прыедуць".

"Давайце дамовімся, што з сённяшняга дня мы ўсе падключаемся да гэтых работ, - сказаў Прэзідэнт. - Але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што чэмпіянат свету - гэта перш за ўсё для беларусаў. Беларусы заслужылі гэты чэмпіянат свету, і ўсё будзе залежаць ад таго, як будзе выступаць беларуская каманда".

Як адзначыў Яўген Ворсін, з чэрвеня нацыянальнай камандай кіруе канадскі спецыяліст Глен Хэнлан, яго памочнікамі з'яўляюцца беларускія трэнеры - Эдуард Занкавец і Алег Мікульчык. Трэнерскім штабам распрацаваны план падрыхтоўкі спартсменаў, сфарміраваны пашыраны склад з 45 хакеістаў: 4 з іх гуляюць у паўночнаамерыканскай хакейнай лізе, 28 - у Кантынентальнай хакейнай лізе, у тым ліку 16 - у мінскім "Дынама", 4 - у Вышэйшай лізе Расіі, 9 - з'яўляюцца дэбютантамі. Яўген Ворсін падкрэсліў, што ўсе спартсмены поўныя рашучасці выступіць за нацыянальную каманду. Паводле яго слоў, за 6 месяцаў будуць праведзены 4 этапы вучэбна-трэніровачных збораў. "Галоўная задача гэтага этапу - мабілізаваць калектыў, выкарыстаць усе тэхніка-тактычныя напрацоўкі, якія мы маем, аб'яднаць калектыў", - сказаў ён. На думку і трэнерскага штаба, і Федэрацыі хакея, задача выхаду каманды ў чвэрцьфінал чэмпіянату - складаная, але рэальна выканальная. Яўген Ворсін таксама дадаў, што вырашаны ўсе арганізацыйныя, фінансавыя пытанні, каб нацыянальная каманда паспяхова выступіла на чэмпіянаце.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў стварыць каманду, у якую будуць адабраны лепшыя ігракі.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка даў ацэнку і цяперашняму выступленню беларускага клуба ў Кантынентальнай хакейнай лізе.

"Нам патрэбна гульня, а не боўтанне па хвалях: там выйгралі, там прайгралі, там крылы апусцілі. Непрыемна глядзець іншым разам на некаторыя гульні! Таму працуйце з камандай: не толькі з трэнерамі, але і ігракамі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў спартыўных чыноўнікаў адносна арганізацыі работы беларускіх хакейных клубаў у цэлым: "Трэба наводзіць парадак! Грошы павінны ісці тым, хто непасрэдна прыносіць карысць, хто змагаецца, хто скача, хто бегае".