Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку

  • 5

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе актывізаваць работу па стварэнні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку і прыцягненні на яго тэрыторыю інвестараў з ліку кампаній з сусветным імем. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 14 лютага на нарадзе па пытаннях Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне гэтаму маштабнаму праекту надаецца асаблівае значэнне. Ён з'яўляецца не толькі знакавым прыкладам стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, але і важным стымулюючым фактарам развіцця нашай эканомікі.

Паводле слоў Прэзідэнта, рэалізацыя гэтага праекта адкрывае перспектывы ўкаранення высокіх тэхналогій, а таксама перадавога сусветнага вопыту вядзення бізнесу, менеджменту, будаўніцтва і кіравання прамысловымі прадпрыемствамі. Па сутнасці,побач са сталіцай узводзіцца новы горад, ствараецца самастойная тэрытарыяльна-эканамічная адзінка. Тут запланавана не толькі размяшчэнне інавацыйных, экспартаарыентаваных вытворчасцей, але і стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей.

 

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тэмпамі стварэння парку. Яго насцярожвае, што нягледзячы на вялікае дзяржаўнае значэнне, якое надаецца парку, працэс яго стварэння ідзе вельмі марудна, калі не сказаць, што не ідзе ніяк. Паводле слоў Прэзідэнта, "гэта яшчэ адна хіба з боку Урада і адказных асоб".

"Калі вы так планавалі ствараць гэты парк, навошта за гэты праект было брацца наогул?", - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, толькі на распрацоўку і ўзгадненне генеральнага плана пайшло восем месяцаў, што недапушчальна доўга. "Студэнт за суткі, а, магчыма, і за ноч перад абаронай дыплома начарціў бы яго", - абурыўся Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка незадаволены і тым, што да гэтага часу не расстаўлены ўсе кропкі ў пытаннях фінансавання гэтага праекта.

"Мы дамаўляліся, што парк - гэта не проста скопішча нейкіх прадпрыемстваў, якія тым больш ужо існуюць у Беларусі і вырабляюць тавары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Навошта, напрыклад, новы трактарны завод у парку, завод па вытворчасці грузавых аўтамабіляў? Тыя прадпрыемствы, якія ўжо ёсць у Беларусі, у парку не патрэбны. Мы дамовіліся, што ў Беларусі, у цэнтры Еўропы, калі і ствараць прамысловую вытворчасць, то яна павінна быць самай перадавой, і, зразумела, на гэтай тэрыторыі павінны быць прадстаўлены перспектыўныя прадпрыемствы, сусветныя брэнды".

Прэзідэнт раней даручаў Прэм'ер-міністру ўзяць гэтыя пытанні на асабісты кантроль і сёння запатрабаваў далажыць аб рэальнай сітуацыі.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму інфармацыйнай работы па прыцягненні ў парк рэзідэнтаў. "МЗС разаслала па пасольствах 1,5 тыс. брашур, аб гэтым зрабілі справаздачу і кропка, ляглі на дно, чакаюць. Чаго вы чакаеце?" - задаў рэзоннае пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што спецыяльным Указам быў устаноўлены льготны падатковы рэжым, які дае магчымасць вытрымаць канкурэнцыю на рынку як Мытнага саюза, так і ЕС. Створаны асаблівы дзяржаўна-прыватны механізм кіравання паркам, сфарміраваны адпаведныя арганізацыйныя структуры.

"Мне прадставілі праект новага Указа па парку. "Я не супраць абмеркаваць гэты Указ. Але баюся, што яго можа напаткаць лёс папярэдняга падпісанага Указа", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён заўважыў: "У нас, калі правальваецца нейкая справа, то Урад падсоўвае новы дакумент. Хачу пачуць, навошта ён патрэбны".

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Калі гарачыя галовы, якія прапаноўвалі гэты парк, сёння астылі і лічаць, што ён краіне не патрэбны, дык набярыцеся мужнасці і скажыце аб гэтым. Нам чарговая свабодная эканамічная зона не патрэбна - патрэбны суперсучасныя вытворчасці, фабрыкі, заводы, дзе будуць вырабляць запатрабаваную ў свеце прадукцыю, самыя перадавыя прадпрыемствы. Нам не патрэбны нават рабочыя месцы, як мы прывыклі гаварыць: у нас усе людзі працаўладкаваны, наадварот, рабочых рук не хапае. Нам патрэбны высокапрадукцыйныя рабочыя месцы, дзе 1 чалавек будзе працаваць за 100 чалавек".

Як лічыць Прэзідэнт, для таго каб стварыць такую вытворчасць у Беларусі, ёсць усё, і самае галоўнае - людскія рэсурсы і стабільнасць у краіне, чаго сёння не хапае многім дзяржавам. "І інвестары шукаюць, як яны кажуць, ціхую гавань, каб размясціць свае капіталы, прадпрыемствы, спакойна працаваць, выпускаць патрэбную прадукцыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік прызнаў, што рэалізацыя праекта па стварэнні парку аказалася значна складаней, чым гэта бачылася першапачаткова. Разам з тым, за паўтара года пасля падпісання адпаведнага Указа многае ўдалося зрабіць: створаны і працуюць адміністрацыя і сумесная кампанія па развіцці парку, сфарміраваны статутны фонд, распрацаваны і зацверджаны генеральны план тэрыторыі, распрацаваны дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення, вядзецца работа па прыцягненні ў парк інвестараў з ліку вядомых кампаній.

"Канцэпцыя парку прадугледжвае стварэнне фактычна новага горада, які будзе спалучаць вытворчую, жылую, сацыяльную, адміністрацыйную інфраструктуру. Удакладненая плошча парку складзе 91 кв.км. Плануемая агульная колькасць насельніцтва - 155 тыс.", - далажыў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, ужо ў бягучым годзе плануецца пачаць будаўніцтва першага аб'екта - адміністрацыйна-выставачнага комплексу.

Анатоль Тозік таксама адзначыў, што з кітайскім бокам неабходна ўзгадніць дэталёвы план тэрыторыі першачарговага асваення. Адна з галоўных задач заключаецца ў мінімізацыі затрат на будаўніцтва інфраструктуры гэтай тэрыторыі. Віцэ-прэм'ер лічыць, што частку інфраструктуры можна было б стварыць за кошт рэспубліканскага бюджэту. У праекце новага Указа таксама змешчаны прапановы па зніжэнні фінансавай нагрузкі на інвестараў. Акрамя таго, неабходна ўдакладніць механізм прымянення асобных норм заканадаўства.

"У частцы стварэння дадатковых ільгот і паслаблення нейкіх рэжымаў вы можаце ўносіць навізну, але ў вашых прапановах я не бачу ніякай навізны, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта звычайны шаблон па якім Урад уносіць мне прапановы".

"Калі вы хочаце чарговы праект, палавіну, як мінімум, павесіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры стварэнні парку неабходна зыходзіць выключна з пытанняў эканомікі. "Мне тут ніякая палітыка не патрэбна. У мяне няма грошай на такую палітыку. Гэта павінен быць выключна камерцыйны праект. Калі кітайцы камусьці давалі крэдыт пад 2,5-3%, то пад 5-6% мы крэдыты браць у іх не будзем. Вось у чым павінна быць палітыка, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта павінен быць камерцыйны праект. І першы, хто ў гэтым павінен быць зацікаўлены, - гэта КНР. Ім вельмі важны і патрэбны гэты праект. Ім трэба выходзіць у гэту частку планеты, дзе ў іх няма пазіцый. Мы прадастаўляем такую магчымасць".

Прэзідэнт Беларусі ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Сочы ў яго адбылася паўтарагадзінная сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, які цікавіўся тым, якія ўзнікаюць цяжкасці ў рэалізацыі сумесных праектаў, і якая ў сувязі з гэтым неабходна дапамога.

"Мы рэалізуем гэты праект", - запэўніў Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Адначасова ён указаў на неабходнасць стварэння прывабных умоў для прыходу інвестараў.

"Мы далі тэрыторыю, мы гатовы падрыхтаваць адукаваных людзей, падцягнуць газ і падвесці дарогу. Але гэта ж не значыць, што мы ўнутры гэтага парку будзем за ўсіх працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

 Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра ў сваім дакладзе акцэнтаваў увагу на неабходнасці патаннення кошту аднаго квадратнага метра зямлі, якая будзе прадастаўляцца інвестарам. Аналагічныя паркі ў Еўропе прапануюць участкі з коштам аднаго квадратнага метра прыблізна $50. "Мы павінны набліжацца да $40-45. Тады ў інвестараў будзе цікавасць прыходзіць на гэту тэрыторыю з інвестыцыямі. Па гэтых пытаннях ужо дасягнута згода. Думаю, цяпер больш хуткімі тэмпамі пачнём тут рухацца. Нашы праектныя інстытуты пачалі ўжо работу", - адзначыў губернатар.

На думку памочніка Прэзідэнта Кірыла Рудага, умовы работы ў індустрыяльным парку павінны прынцыпова адрознівацца ад тых, якія існуюць у свабодных эканамічных зонах. "У парку павінны быць суперсучасныя лабараторыі і працаваць будучыя нобелеўскія лаўрэаты. Так у свеце працуюць такія паркі, яны канкурыруюць адзін з адным і хутчэй за іншых імкнуцца прыцягнуць самае лепшае ў свеце", - лічыць памочнік Прэзідэнта.

Паводле яго слоў, адна з галоўных праблем - гэта тэрміны, і ў рабоце з інвестарамі неабходна больш аператыўна вырашаць тэхнічныя пытанні, паколькі бізнес не будзе чакаць чатыры або пяць гадоў. У якасці станоўчага прыкладу Кірыл Руды прывёў сумесны праект з кітайскай кампаніяй "Джылі", дзе бакі даволі хутка выйшлі на выпуск прадукцыі.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей далажыў, што ўсім пасольствам дадзены канкрэтныя ўказанні па рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі. "Усе інвестары пытаюцца, калі будзе інфраструктура, калі можна будзе паглядзець канкрэтна, дзе адводзіцца месца і на якіх умовах", - адзначыў ён.

"Энергазабеспячэнне ёсць, газазабеспячэнне ёсць, па сувязі таксама вырашана. Мы пачнём практычную рэалізацыю летам бягучага года", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на першым этапе няма неабходнасці брацца за асваенне ўсёй адведзенай пад парк тэрыторыі і ўкладаць у гэта лішнія сродкі. "Не трэба лезці ў гэты масіў. Трэба пачынаць з краю, па-гаспадарску", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы мяне пераканалі, што нам трэба пабудаваць гэты парк. Я вам паставіў задачу. Адна ўмова: там не павінна быць левых кампаній. Там павінны быць кампаніі будучага, высокаэфектыўныя, высокатэхналагічныя працоўныя месцы. І ў цэнтры Еўропы мець гэты высокатэхналагічны парк, гэту прамысловую пляцоўку - гэта добра. Ніхто з гэтым не спрачаецца, і я ад гэтага не адмаўляюся. Мы дамовіліся з ранейшым Старшынёй КНР і цяперашні (Сі Цзіньпін) яшчэ большы прыхільнік нашага супрацоўніцтва", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Але паўстае пытанне: мы што, гэта будзем будаваць за свае грошы? І будзем несці адказнасць за суб'екты гаспадарання, якія пабудуюць там свае нават высокатэхналагічныя вытворчасці? Так, будзем, як дзяржава. Мы за іх павінны адказваць. Мы іх будзем абараняць. Але грошы мы ім даць не можам. У нас няма свабодных грошай, няма танных крэдытаў. І не трэба. Гэтыя грошы ёсць у КНР, ім трэба грошы пускаць у абарот", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы проста правалілі гэту работу, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў. - Будзеце правальваць - я вам гарантую, што вы туды пойдзеце працаваць. У нас таксама гэты вопыт ёсць, і нядрэнны.

Што датычыцца знаходжання на адведзенай пад парк тэрыторыі вёсак і садовых участкаў, Кіраўнік дзяржавы не лічыць гэта нейкай праблемай. "Гэтыя вёскі могуць быць адметнасцю ў гэтым парку. Наадварот, трэба забяспечыць людзям у іх нармальнае пражыванне, - адзначыў Прэзідэнт. - Сялян пакрыўдзіць нельга, яны стагоддзямі там жылі, і ніхто іх крыўдзіць не павінен. Пасёлкі садовыя ёсць - ну, і няхай яны будуць".

"І генплан трэба складаць зыходзячы з гэтага. Трэба прыстасавацца да мясцовасці, а не нарэзаць гэтыя квадраты або прамавугольнікі. Нам гэта не трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Ніводны беларус не павінен быць пакрыўджаны ў сувязі з будаўніцтвам гэтага парку", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.