Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях далейшага ўдасканалення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прыняць у дзяржаве меры, накіраваныя на разняволенне дзелавой ініцыятывы ва ўмовах аб'ектыўна існуючай прадпрымальніцкай рызыкі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 13 жніўня на нарадзе, дзе разглядаліся пытанні далейшага ўдасканалення крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

У гэтых мэтах быў падрыхтаваны праект Закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях".

Гэта самы значны за апошнія гады законапраект, накіраваны на лібералізацыю і гуманізацыю крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Дакумент рыхтаваўся па даручэнню Прэзідэнта.

Праект Закона мае сур'ёзныя навацыі, у прыватнасці, прадугледжвае выключэнне проціпраўнасці дзеяння пры дзелавой рызыцы, прымяненне дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве, укараненне крымінальна-прававой кампенсацыі, дэкрыміналізацыю асобных дзеянняў, якія не маюць вялікай грамадскай небяспекі, а таксама іншыя істотныя пераўтварэнні ў гэтай сферы. У бок змякчэння прапануецца скарэкціраваць шэраг артыкулаў КК, аптымізаваць тэрміны пакаранняў, увесці альтэрнатыўныя віды адказнасці.

"Несумненна, рашэнне аб замацаванні такіх норм павінна быць максімальна ўзважаным", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што неабходна ўлічваць усе магчымыя вынікі прапануемых мер і дакладна ўяўляць механізм іх практычнай рэалізацыі.

"У нас павінна быць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што прадугледжаная праектам аптымізацыя крымінальна-прававых інструментаў не прывядзе да беспакаранасці асоб, якія ўчынілі дзеянні, безумоўна небяспечныя для дзяржавы, грамадства або нашых грамадзян", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што органам крымінальнага праследавання неабходна мець набор сродкаў для барацьбы з карупцыяй і іншымі злачынствамі, які забяспечвае няўхільнасць пакарання.

"З іншага боку, выпрацаваныя меры павінны сапраўды разняволіць дзелавую ініцыятыву ва ўмовах аб'ектыўна існуючай прадпрымальніцкай рызыкі. Крымінальны закон не павінен быць пудзілам для суб'ектаў гаспадарання, якія дзейнічаюць строга ў рамках прававога поля і ніяк не звязаны з крыміналам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Следства і суд, кіруючыся адпаведнымі нормамі, павінны даваць адэкватную прававую ацэнку ўчыненым дзеянням", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам вельмі важна прыняць сёння дакладна выверанае рашэнне, якое адпавядала б інтарэсам нашай краіны і нашага грамадства, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Любыя змяненні ў законы, нарматыўна-прававыя акты, заканадаўства ўвогуле павінны мець пэўную прычыну, і самая галоўная з іх - гэта тое, што ў грамадстве ўжо наспела сітуацыя такая, што без іх немагчыма абысціся. Мы павінны ісці выключна ад жыцця. Тут нам зусім не патрэбна ніякая спешка. Трэба мець на ўвазе сітуацыю, у якой мы жывём, у якой развіваецца дзяржава, грамадства, у якой жывуць нашы людзі".

"Інтарэсы дзяржавы і нашага чалавека павінны ляжаць у аснове любых пераўтварэнняў, рэформ, навацый і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як высветлілася ў час нарады, у юрыдычных колах няма адзінага меркавання па некаторых прапанаваных навацыях, у прыватнасці, па дасудоваму пагадненню аб супрацоўніцтве.

Распрацоўшчыкі дакумента таксама прапануюць увесці паняцці эканамічнай і дзелавой рызыкі, аднак тут важна знайсці тую мяжу, каб такія рызыкі не прывялі да розных службовых злачынстваў і карупцыі.

Шэраг артыкулаў законапраекта прадугледжвае ўвядзенне штрафу замест пазбаўлення волі, удакладняюцца магчымасці прымянення залогу.

Навацыі дадуць магчымасць суду больш гібка падыходзіць да вызначэння крымінальна-прававых санкцый у залежнасці ад характару канкрэтнага правапарушэння і яго наступстваў.

Па выніках нарады прынята рашэнне, што прапанаваны законапраект будзе прадстаўлены на абмеркаванне дэпутатам сумесна з юрыдычнымі коламі.