Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржорганаў
У Беларусі неабходна сфарміраваць кампактную і эфектыўную кіраўніцкую структуру ў сістэме дзяржаўных органаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня на нарадзе па пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў.
"Перш за ўсё нам трэба скараціць колькасць апарату і ўпарадкаваць яго функцыі. Гэта значыць адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Тут мы павінны кіравацца сувораўскім прынцыпам: не колькасцю, а ўменнем дабівацца вынікаў".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пастаяннае ўдасканаленне кіраўніцкай сістэмы і яе механізмаў – адна з галоўных тэндэнцый у развіцці сучаснай дзяржавы. На яго думку, рэформа дзяржаўнага апарату - гэта неабходная ўмова павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай улады.
Прэзідэнт адзначыў, што вопыт рэфармавання ў Беларусі ўжо ёсць: "Пачынаючы са стварэння стройнай вертыкалі ўлады пасля першых прэзідэнцкіх выбараў. У многім дзякуючы менавіта гэтаму мы змаглі пераадолець тагачасны сістэмны крызіс, які ахапіў усю постсавецкую прастору, і не дапусцілі хаосу і абвалу краіны. І ў далейшым органы ўлады і кіравання паспяхова вырашалі складаныя задачы ўздыму эканомікі, станаўлення дзяржаўнасці і кансалідацыі грамадства".
У той жа час Прэзідэнт прызнаў, што апошнія гады кіраўніцкія структуры крыху разрасліся. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ім неабходна паляпшаць дынаміку і якасць сваёй дзейнасці, у поўнай ступені ўлічваць змяненні ў жыцці краіны і сучасныя патрабаванні гаспадарання.
"Крытэрый вызначаны: павінна быць эфектыўнасць, павінна быць аптымальная колькасць", – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цэлым падтрымлівае прапановы спецыяльнай камісіі, якая была створана для выпрацоўкі рашэнняў па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў. Аднак, паводле яго слоў, ёсць шэраг пытанняў, якія трэба больш дасканала, грунтоўна і ўсебакова абмеркаваць.
У прыватнасці, камісія прапануе скасаваць або аб'яднаць асобныя органы, міністэрствы і ведамствы. "Я не адхіляў прапановы камісіі, як гэта інтэрпрэтуецца ў асобных сродках масавай інфармацыі, я проста іх паставіў пад сумненне, сказаўшы адкрыта, што я не ведаю, як тут лепш зрабіць. Давайце разам падумаем", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што крытэрыем павінна быць эфектыўнасць работы дзяржслужачых. "Павінна быць аптымальная колькасць, нічога лішняга. Вось зыходзячы з гэтага давайце вызначымся: трэба нам аб'ядноўваць падатковае ведамства, падпарадкоўваючы яго Мінфіну, або не трэба, трэба нам у Міністэрства эканомікі скідваць Мінгандаль і іншыя ведамствы або не трэба", – адзначыў Прэзідэнт. "Мяне насцярожвае: Мінфін сёння і так не маленькі, і Мінэканомікі яшчэ большае. А мы гаворым: давайце ім яшчэ функцыі аддадзім. Можа, і правільна. Але мяне гэта насцярожвае. Ці не атрымаецца нейкі некіруемы монстр, ці не атрымаецца так, што мы дзеля нейкай моды ўсё гэта туды скінем? Таму я нічога не адхіляю, проста хачу з вамі параіцца", – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры правядзенні пераўтварэнняў не павінна быць фармалізму і кампанейшчыны. "Нам гэта не трэба ні для піяру, як некаторыя тут, наша пятая калона гавораць, ні для чаго. Нам трэба спакойнае рэфармаванне. І скажу адкрыта: лепш гэта рабіць самім, па ўласнай ініцыятыве, а не так, як гэта робіцца вось у Грэцыі, Партугаліі або яшчэ недзе. Вось гэтага дапусціць нельга. Трэба працаваць заўсёды на апярэджанне", – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Таму яшчэ раз падкрэсліваю: без фармалізму і кампанейшчыны. У нас няма ў гэтым плане ніякага крытычнага стану. Нас ніхто ў спіну не штурхае", – сказаў Прэзідэнт. "У нас і так дзяржаўны апарат, калі параўноўваць па колькасці і пэўных крытэрыях з нашымі суседзямі і нават з Еўрасаюзам, на парадак ніжэйшы. Але мы ў сувязі з эфектыўнасцю дзейнасці нашай сістэмы дзяржаўнага кіравання можам яшчэ скараціць гэты дзяржапарат", – лічыць Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што аб гэтым сведчыць і работа камісіі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чакае ад удзельнікаў нарады адказаў на пытанні, якія неабходна прыняць рашэнні, каб пазбавіцца ад надуманых і непатрэбных грамадству функцый дзяржаўных органаў і павысіць якасць дзяржаўнага кіравання, які эканамічны эфект будзе ад чаканых скарачэнняў.
Закрануў Кіраўнік дзяржавы і пытанне павышэння статусу дзяржаўнай службы. "Трэба паставіць дзяржслужачага ў сур'ёзнае становішча, каб гэта сапраўды быў паважаны чалавек", – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Словам, давайце акуратна, узважана падыдзем да ўсіх гэтых пытанняў і выпрацуем аптымальныя рашэнні, якія ўжо ў самы бліжэйшы час неабходна актыўна і без затрымак рэалізаваць на практыцы", – сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні неабходна кіравацца інтарэсамі дзяржавы і грамадства, а не адстойваць вузкаведамасныя або местачковыя пазіцыі. "Тое, што мы павінны скараціцца прыкладна на чвэрць – гэта непазбежна. Давайце з гэтага зыходзіць", – падкрэсліў Прэзідэнт.
"Многія кажуць, гэта мне старшыня камісіі дакладваў, і я яго пазіцыю тут падтрымліваю: вось, давайце мы паглядзім на функцыі, як тут скараціць, калі ў нас немагчыма? Не, дарагія мае, вы скараціцеся на чвэрць, а потым ва Урадзе, у міністэрствах глядзіце, якія функцыі вы сёння не павінны выконваць. Не – мы вам яшчэ падкажам", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Але вы павінны ўпарадкаваць сваю сістэму, а не Кабякоў з Пяткевіч вам там павінны маляваць гэтыя схемы. Вы лепш ведаеце, дзе, ад чаго трэба пазбавіцца. Але каб сістэма працавала!" – папярэдзіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што скарачэнні закрануць і Адміністрацыю Прэзідэнта, і Урад. "Я гляджу і дзіўлюся: ва Урадзе і памочнікі, і саветнікі – каго толькі там няма! У Прэзідэнта – адзін памочнік, які спраўляецца з усёй работай, і ў прыёмнай два чалавекі. А я гляджу ў маіх падначаленых па дзесяць памочнікаў, па дзесяць саветнікаў! Дарагія мае, чым яны ў вас займаюцца?" – звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы выказаўся супраць прадастаўлення дзяржслужачым, якія скарачаюцца, якіх-небудзь ільгот, прывілеяў і выплат. "Якія яшчэ могуць быць дадатковыя выплаты, дзе вы возьмеце гэтыя грошы для выплат? Размахнуліся! – падкрэсліў Прэзідэнт. – Мне тут камісія ўносіць шэраг ільгот, прывілеяў і выплат. Дык вось я хачу сказаць, што ніякіх ільгот, прывілеяў і выплат тым, хто скарачаецца, не будзе".
"Скажыце, якія могуць быць гарантыі, ільготы, выплаты людзям, якія сёння скарачаюцца і не могуць працаваць па свайму стану ў дзяржаўным апараце?" – дадаў Прэзідэнт.
"Па-другое, ёсць людзі, якія сябе не бачаць у дзяржаўным апараце. Ён лепш будзе працаваць у школе, у іншай арганізацыі, на вытворчасці. Дык яго туды і трэба накіраваць працаваць", – лічыць Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што работнікі, якія скарачаюцца, не будуць звольнены маментальна на вуліцу, а на працягу прыкладна паўгода змогуць знайсці сабе новую работу. "Мы нікога не хочам пакрыўдзіць. Гэта не значыць, што калі заўтра будзе прынята рашэнне, то за суткі мы павінны павыкідваць людзей на вуліцу. Ды не! Давайце, дапусцім, на працягу паўгода спакойна ўладкуем гэтых людзей на работу", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу і на заработную плату дзяржаўных служачых. "У нас недапушчальна нізкая заработная плата ў дзяржслужачых. Ну проста ніякая зарплата!" – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – У нас некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія сядзяць на датацыях, або кіраўнікі, якія наогул лыка не вяжуць, як у народзе кажуць, атрымліваюць амаль 20 мільёнаў зарплату, яшчэ і прэмію сабе налічваюць! А дзяржаўны служачы і палавіны таго не мае. Таму недапушчальна нізкая зарплата", – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што павысіць зарплату дзяржслужачых можна, толькі аптымізаваўшы іх колькасць. "У адваротным выпадку ў мяне рука не паднімецца падпісваць дакументы аб павышэнні зарплаты дзяржслужачых, якіх у нас дзясяткі тысяч", – сказаў Прэзідэнт.
"Вы ж разумееце псіхалогію нашага народа, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Давайце аптымізуем колькасць, каб народ нас разумеў: так, у дзяржслужачых нармальная, дастойная зарплата, але іх колькасць у нас аптымальная".
"Давайце абмяркоўваць канкрэтна, як будзем дзейнічаць, каб і людзей не пакрыўдзіць, і справу зрабіць, і нармальную зарплату даць тым, хто там застанецца, – сказаў Прэзідэнт. – У нас вакансій у дзяржапараце вялікая колькасць, а гэта ўжо, можна сказаць, палавіна таго, што мы хочам скараціць".
Аб прапановах па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў далажыў Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, беларуская сістэма дзяржкіравання не грувасткая і не дарагая, асабліва ў параўнанні з іншымі краінамі. "У супастаўных з нашай краінай па насельніцтву і тэрыторыі дзяржавах, такіх як Аўстрыя, Славакія, Балгарыя, колькасць цэнтральных апаратаў міністэрстваў без уліку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і агульная колькасць чыноўнікаў у 1,5-2 разы вышэйшая, чым у Беларусі", – адзначыў Прэм'ер-міністр.
У Беларусі таксама значна ніжэйшыя расходы на дзяржаўнае кіраванне. Так, удзельная вага ў ВУП на ўтрыманне дзяржапарату ў Беларусі складае ўсяго 1,2 працэнта, што ў разы ніжэй, чым у цэлым шэрагу еўрапейскіх краін. Аналагічна і з колькасцю работнікаў дзяржорганаў. У Беларусі без уліку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў іх 56 тыс., у той час як у Славакіі – 66 тыс., а ў Аўстрыі – 85 тыс.
Удзельная вага колькасці занятых у органах дзяржкіравання да колькасці занятых у эканоміцы ў Бельгіі складае 8,9 працэнта, Грэцыі – 8,8 працэнта, Венгрыі – 7,8 працэнта, Балгарыі – 7,6 працэнта, амаль 6,5 працэнта ў Чэхіі і Партугаліі. У той жа час у Беларусі гэты паказчык складае толькі 3,6 працэнта.
Кампактнасць існуючага дзяржапарату пацвярджаецца і ў параўнанні з БССР. Колькасць работнікаў цэнтральных дзяржаўных органаў у той час параўнальна з колькасцю кіраўнікоў у сучаснай Беларусі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што тады многія пытанні вырашаліся ў Маскве, як сталіцы СССР, а таксама існаваў партыйны апарат, адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
У цэлым Урад лічыць, што скарачэнне колькасці і структуры дзяржорганаў трэба праводзіць разам з функцыянальнай аптымізацыяй. Пры гэтым функцыі міністэрстваў, якія плануецца ліквідаваць, не павінны правіснуць, а будуць перададзены ў іншыя ведамствы.
У прыватнасці, функцыі Міністэрства гандлю прадугледжваецца размеркаваць паміж Мінэканомікі, МЗС, БелГПП, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як чакаецца, увойдзе ў структуру Мінбудархітэктуры, а Міністэрства па падатках і зборах у структуру Мінфіна.
Была таксама агучана прапанова аб ліквідацыі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і размеркаванні яго функцый паміж Мінадукацыі, НАН Беларусі, Мінэканомікі і галіновымі міністэрствамі. Аднак Міхаіл Мясніковіч лічыць, што ў гэтым выпадку адказнасць за інавацыйнае развіццё будзе размыта, а таму ўсё ж такі трэба захаваць гэта ведамства.
Акрамя таго, ёсць прапановы па ліквідацыі і рэарганізацыі дэпартаментаў у некаторых міністэрствах.
Што датычыцца канцэрнаў, то, на думку Урада, ліквідаваць іх не трэба, тым больш, што работнікі адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу гэтых арганізацый не з'яўляюцца дзяржслужачымі і ўтрымліваюцца не за кошт бюджэту. Тым не менш, Прэм'ер-міністр лічыць магчымым таксама аптымізаваць колькасць канцэрнаў, але на меншы працэнт, чым той, які прапануецца дзяржкамісіяй.
Міхаіл Мясніковіч таксама канцэптуальна падтрымаў прапановы камісіі па аптымізацыі колькасці чыноўнікаў у мясцовых органах улады, прапанаваўшы яшчэ раз прапрацаваць пытанне скарачэння на ўзроўні раённага звяна, якое непасрэдна працуе з людзьмі на месцах.
Паводле даных Прэм'ер-міністра, плануецца, што аптымізацыя закране 13 тыс. дзяржслужачых (амаль 40 тыс. чалавек з улікам членаў іх сем'яў). Паводле разлікаў Міністэрства фінансаў, гадавая эканомія па фонду аплаты працы, выкліканая скарачэннем дзяржапарату, складзе Br1 трлн. у бягучых цэнах.
Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, праведзены ў 2012 годзе ў Апараце Урада пілотны праект па скарачэнню колькасці паказаў, што практычна лёгка гэтыя пытанні вырашаюцца на працягу паўгода.
Прэм'ер-міністр пералічыў некаторыя сацыяльныя гарантыі, якія плануецца захаваць за дзяржслужачымі, якія скарачаюцца. Ён у тым ліку прапанаваў знізіць для іх неабходны стаж працы на дзяржаўнай службе, за які належыць павышаная пенсія, з цяперашніх 20 да 17-18 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым згадзіўся з тым, што за скарочанымі дзяржслужачымі павінны захавацца некаторыя сацыяльныя гарантыі, аднак у частцы пенсій прапанову не падтрымаў: "Навошта залазіць у гэтыя пытанні? Тым больш, гэта трэба разумець нават не як скарачэнне дзяржапарату, а як аптымізацыю з працаўладкаваннем людзей".
"Так, я магу згадзіцца і па медыцынскім абслугоўванні, і па адукацыі, калі крэдыт выдалі, добра, дадзім на год магчымасць пралангіраваць – гэта будзе па-чалавечы, але скарачаць стаж для пенсіі, рабіць яшчэ нейкія выплаты я катэгарычна супраць", – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта не горшыя, вопытныя людзі. Ім трэба даць шанц працаваць на новым месцы, і мы іх павінны працаўладкаваць", – адзначыў Прэзідэнт.
"Мы яшчэ не ведаем, будзем мы людзей перадпенсійнага ўзросту звальняць, у якіх стажу не хапае, ці моладзь. Правядзём аптымізацыю, і кожны губернатар даложыць, колькі такіх людзей, і потым прымем рашэнне. Мы нікога не павінны пакрыўдзіць. Гэта галоўнае. І мы нікога не пакрыўдзім. Гэта я вам гарантую", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Другі фактар – павышэнне грашовага забеспячэння дзяржаўных служачых. А пасля гэтага мы яшчэ вернемся да статусу дзяржслужачага. Я за тое, каб дзяржаўны служачы быў служачым нумар адзін у краіне. Гэта нават, можа, важней, чым чалавек у пагонах. Таму што мы абававязаны на розных узроўнях кіраваць гэтымі людзьмі ў пагонах. Таму і статус дзяржслужачага значна павінен быць павышаны", – лічыць Прэзідэнт.
Наконт перспектыў скарачэння дзяржслужачых у мясцовай вертыкалі ўлады на нарадзе выказаліся губернатары Мінскай і Брэсцкай абласцей Барыс Батура і Канстанцін Сумар. Яны сышліся на думцы, што праводзімая ў краіне аптымізацыя павінна ў большай ступені закрануць рэспубліканскія органы кіравання. Што датычыцца аблвыканкамаў, то вялікіх складанасцей у скарачэнні іх штатаў няма, і гэта можна зрабіць нават больш, чым на 25 працэнтаў. У меншай ступені, на думку губернатараў, скарачэнне павінна закрануць райвыканкамы – не больш як 15 працэнтаў, а колькасць сельскіх і пасялковых саветаў наогул не трэба чапаць, бо менавіта на іх завязаны асноўны аб'ём работы з людзьмі. Тым не менш, можна вызваліць дадатковыя рэзервы за кошт узбуйнення гэтых саветаў.
"Я абсалютна з Вамі згодны. Па сельскіх саветах нам даўно трэба разабрацца", – адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да Барыса Батуры.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў у сувязі з гэтым унёс прапанову, каб для рэгіёнаў колькасць дзяржслужачых мясцовай вертыкалі ўлады вызначалася ў цэлым, а аблвыканкамы ўжо самастойна размяркоўвалі б яе паміж райвыканкамамі ў залежнасці ад неабходнасці.
Асобна было ўзнята пытанне аб дэбюракратызацыі, змяншэнні дакументаабароту. "Мы павінны працаваць з людзьмі і, асабліва райвыканкамы, арганізоўваць работу на месцах. У нас жа з-за вялікага папяровага патоку мы вымушаны адрываць людзей ад непасрэднай работы, якой яны займаюцца", – выказаўся губернатар Міншчыны.
"Што датычыцца папер, Андрэй Уладзіміравіч (Кабякоў), Вы ў нас займаецеся дэбюракратызацыяй у краіне, узначальваеце гэты працэс, так Вы вызначыцеся, нарэшце, адзін раз, каб больш ніхто не гаварыў, што хтосьці шмат чагосьці піша", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Міхаіл Мясніковіч з некаторай доляй іроніі растлумачыў сітуацыю наступным чынам: "Не шмат тых, хто піша, шмат тых, хто патрабуе".
У пацвярджэнне Канстанцін Сумар прывёў прыклад, што часам даводзіцца даваць звесткі аж да таго, колькі да Новага года было сфарміравана падарункавых пакетаў для дзяцей, колькі і якія цукеркі паклалі.
"Вы нам далі даручэнне ў мінулым годзе па рэканструкцыі малочнатаварных ферм, і на Ваша даручэнне мы атрымалі 9 даручэнняў ад Савета Міністраў, 4 даручэнні ад Мінсельгасхарча і адно даручэнне ад Мінбудархітэктуры. У агульнай колькасці нам трэба даваць 14 адказаў", – расказаў Канстанцін Сумар.
"У нас ёсць дакладная заканадаўчая база пад статыстыку. Усё, што зацвердзілі па спісу, то пішыце, што не зацвердзілі – адзін раз аддайце загад сваім падначаленым па вертыкалі гар- і райвыканкамаў не пісаць і не адказваць", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама прапанаваў асобна прапісаць у будучым указе некаторыя меры па змяншэнню дакументаабароту.
Разам з тым, адзначыў Міхаіл Мясніковіч, у немалой ступені загружаюць пустой папяровай работай падпарадкаваныя структуры і самі аблвыканкамы, і прывёў прыклад з практыкі Брэсцкай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы таксама даў слова кіраўнікам, ведамствы якіх плануецца ліквідаваць: сваё меркаванне наконт маючай адбыцца аптымізацыі на нарадзе выказалі Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў і Міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Асобныя іх доказы аб неабходнасці, як мінімум, дадатковай прапрацоўкі пры ліквідацыі ведамстваў гучалі пераканаўча.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даручыў яшчэ раз дадаткова вывучыць усе прапановы па аптымізацыі і магчымыя вынікі. "Пытанне не ў нейкім схематычным падыходзе да гэтага скарачэння. Трэба аптымізаваць, каб не было празмернасцей. Але трэба акуратна паглядзець. Трэба заўсёды рабіць вельмі асцярожныя крокі", – сказаў Прэзідэнт.
Адначасова Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз папярэдзіў аб недапушчальнасці ведамаснага падыходу. "Любы можа падняцца і абгрунтаваць сваю неабходнасць. Гэту крайнасць нам таксама трэба бачыць і не дапускаць. Пры падрыхтоўцы гэтага дакумента яшчэ раз выслухайце ўсе аргументы, але не ў тым плане, што вось, мы незаменныя, хочам быць міністрамі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Ды вы будзеце міністрамі, не хвалюйцеся, у нас дэфіцыт на міністэрскія кадры. Любы з міністраў міністэрства, якое скарачаецца, заўсёды знойдзе сабе работу, я знайду вам работу – гэта мая задача. Таму вы за свой лёс не турбуйцеся, вы глядзіце на тое, каб было лепш для дзяржавы".
"Наогул, сутнасць зразумелая. Такім чынам, мы за кошт скарачэння і плана павелічэння зарплаты можам, я думаю, да канца першага паўгоддзя значна павысіць грашовае забеспячэнне, – адзначыў Прэзідэнт. – Гэта павінна быць дастойная заработная плата, каб калі чалавеку прапанавалі пасаду старшыні гар-, райвыканкама, ён з задавальненнем на яе ішоў, ведаючы, што ў матэрыяльных адносінах нічога не страціць".
"Я адчуваю, што 25 працэнтаў мы проста можам скараціць, вызвалім амаль $130 млн. па году. Гэта добрыя грошы. І плюс з бюджэту дабавім, і гэта той фонд, якім мы можам мець для павышэння заработнай платы пакінутым, – прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. – Таму давайце такім чынам пойдзем і за першае паўгоддзе пощнасцю ўтрасём гэту структуру, арыентуючыся на 25 працэнтаў скарачэння колькасці. Дваццаць пяць працэнтаў у цэлым – гэта святое. Далей можна забыць аб гэтым пытанні, таму што ў параўнанні з іншымі краінамі ў нас і колькасць мізэрная, а што датычыцца грашовага забеспячэння, так яно наогул ніякае".
Адносна тэрмінаў правядзення аптымізацыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паўгода – гэта максімальны тэрмін. "Гэта не значыць, што вы будзеце расцягваць на шэсць месяцаў. Але і гнаць коней тут не трэба. Таму што гэта лёс людзей", – сказаў ён.
Адпаведны праект указа павінен быць прадстаўлены Прэзідэнту ў першым квартале бягучага года, а на працягу паўгода неабходна правесці аптымізацыю. "1 ліпеня вы мне далажыце, што ўсё прыведзена ў парадак. І не дай бог (гэта будзе асобным пунктам ва ўказе), замест гэтых людзей вы ў падпарадкаваных арганізацыях будзеце мець вялікую колькасць, бо наступным этапам пойдуць падначаленыя вам арганізацыі", – папярэдзіў Прэзідэнт.
"Калі да мяне паступіць указ, тыя, хто мае сваю пазіцыю, прыкладзеце да яго, збярыце заўвагі. Любы член Урада, губернатар, калі ў яго ёсць нейкія заўвагі, няхай прыкладуць. Калі трэба, я запрашу, і яшчэ раз абмяркуем. Я не буду толькі механічна падпісваць гэты дакумент", – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.