Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб удасканаленні правіл вядзення палявання і рыбалоўства

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе выключыць усе магчымасці для правапарушэнняў у нормах новых правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання , рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 30 ліпеня на нарадзе аб удасканаленні правіл.

    "Правілы павінны быць аднастайныя для ўсіх, дакладныя і зразумелыя, не пакідаць пралазу для нячыстых на руку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтых мэтах па яго даручэнню было арганізавана грамадскае абмеркаванне правіл. Ён падкрэсліў, што сёння трэба дэталёва разгледзець вынікі гэтага абмеркавання і прапанаваць людзям такія правілы, якія найбольш адпавядалі б сучасным патрабаванням, што прад'яўляюцца да паляўнічагаспадарчай і рыбалоўнай дзейнасці, садзейнічалі павышэнню яе эфектыўнасці, папярэджанню парушэнняў у гэтай сферы і найбольш поўна ўлічвалі пажаданні радавых паляўнічых і рыбаловаў, зрабілі б гэты від адпачынку і турызму масавым і даступным. "Гэта значыць усё, што мы сёння прымем, у асноўным ідзе ад саміх паляўнічых, рыбаловаў і ў цэлым нашага грамадства", - заўважыў Прэзідэнт.

    "Мы ні ў якім выпадку новымі правіламі не павінны нанесці ўрону дзяржаве і забараніць людзям займацца гэтымі відамі дзейнасці . Але кожны чалавек павінен разумець, што, калі мы пачнём страляць усіх і ўсё, лавіць электравудачкамі, сеткамі і іншымі прыстасаваннямі ўсё, што варушыцца ў вадаёмах, праз два гады ні ў лясах, ні ў вадаёмах нічога не застанецца", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гэты від дзейнасці не з'яўляецца найпершай неабходнасцю для жыццядзейнасці чалавека, а як забава і адпачынак, а таму за гэта трэба плаціць як паляўнічым, так і рыбаловам. "Калі хтосьці ўзяў у арэнду возера або паляўнічую гаспадарку, за гэта трэба плаціць, і немалыя грошы. А каб арандатар не нёс страт, ён разбярэцца, колькі возьме з тых, хто прыехаў да яго паляваць або рыбачыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў весці вельмі строгі кантроль за развядзеннем жывёл: "У нас няма значных запасаў карысных выкапняў. Менавіта таму мы павінны з патроенай энергіяй ахоўваць тое, чым прырода надзяліла нас шчодра". Ён нагадаў, што ў гэтых мэтах былі прыняты дзяржаўныя праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці да 2015 года.

    "Як мне дакладваюць, праграма развіцця паляўнічай гаспадаркі ў цэлым выконваецца і нібыта ў нас дадатная дынаміка павелічэння колькасці асноўных відаў дзікіх жывёл", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ў той жа час, напрыклад, у рыбалоўнай гаспадарцы не ўсё паспяхова: заданні па лоўлі рыбы з прыродных вадаёмаў не выконваюцца, у тым ліку Віцебскім, Брэсцкім, Магілёўскім аблвыканкамамі і арганізацыямі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, шмат скаргаў з месц на безгаспадарчасць, іншыя недахопы на арандаваных вадаёмах. "Наогул павінен сказаць, што ролі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у працэсах навядзення парадку і развіцця рыбалоўства да гэтага часу не відаць", - канстатаваў Прэзідэнт.

    "Але што насцярожвае больш за ўсё, дык гэта браканьерства і іншыя злачынствы ў гэтай сферы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мяне супакойваюць у справаздачах: маўляў, усё стабілізавалася ў паляўнічых гаспадарках, няма прыросту небяспечных парушэнняў. Удумайцеся: пад тысячу адзінак канфіскаванай зброі, дзясяткі тон незаконна здабытага мяса дзікіх жывёл. А што робіцца ў рыбалоўстве?! Колькасць парушэнняў штогод змяншаецца, дакладваюць, і у мінулым годзе зарэгістравана ўсяго нічога - 5 тыс. выпадкаў. Памнажайце спакойна на 3, а можа, на 5, і вы будзеце ведаць, колькі было гэтых парушэнняў, а можа, і на 10. Браканьерскіх сетак канфіскавалі больш за 300 км, незаконна здабытай рыбы зарэгістравана 14 т", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт вельмі абураны пэўнай інертнасцю праваахоўнікаў у гэтай сферы. "Мяркуйце самі. Першая рэдакцыя правіл была прынята ў 2005 годзе.

    За гэты час у іх дзесяць разоў уносіліся змяненні. І, нягледзячы на ўсе гэтыя так званыя ўдасканаленні, у некаторых службовых асоб, адказных за названую сферу, хапае смеласці гаварыць аб недахопах дзеючага заканадаўства, якія даюць магчымасць парушальнікам ухіляцца ад адказнасці. Дык вы ж стваралі гэтыя правілы, дзесяць разоў іх змянялі, і ўсё роўна вам чагосьці не хапае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "Неабходна пакласці канец гэтай цяганіне і неразбярысе! І не дай бог пасля таго, як Прэзідэнт падпіша Указ аб зацвярджэнні новых правіл палявання і рыбалоўства, зноў узнікнуць дзіркі і вы скажаце, што вам не хапае заканадаўства, - крыўдуйце самі на сябе, ад Урада да адпаведных нізавых структур", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

    "Мы павінны выйсці на прыняцце нармальных рашэнняў. Ніякага згодніцтва, толькі дзяржаўны падыход", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных на нарадзе.

    Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы далажыў на нарадзе аб шэрагу навацый, якія прапануецца замацаваць у новай рэдакцыі правіл. Яны дадуць магчымасць спрасціць успрыманне і прымяненне адпаведных норм, а таксама максімальна выключыць прававыя прабелы. Уводзяцца розныя меры рэгулявання, накіраваныя на недапушчэнне выпадкаў злоўжывання ў сферы палявання і рыбалоўства.

    У прыватнасці, па прапанове Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выкладзены ў новай рэдакцыі тэрмін "паляванне". Існуючая трактоўка гэтага тэрміна і адсутнасць строгай рэгламентацыі перамяшчэння паляўнічай зброі нярэдка даюць магчымасць парушальніку пазбегнуць адказнасці. Часта пры правядзенні палявых кантрольных мерапрыемстваў у лясах выяўляецца наяўнасць у грамадзян зброі без пуцёўкі на права палявання. Яны тлумачаць, што проста адпачываюць, хоць на самай справе высочваюць жывёл з мэтай іх здабычы. "Свабоднае перамяшчэнне грамадзянамі паляўнічай зброі будзе дазволена толькі на дарогах агульнага карыстання", - адзначыў Міхаіл Русы.

    Адначасова прапануецца спрасціць працэдуру набыцця паляўнічых пуцёвак. Прадугледжваецца іх рэалізацыя праз спецыялізаваную інфармацыйную сістэму ў сетцы Інтэрнэт, якая распрацавана Міністэрствам лясной гаспадаркі і цяпер праходзіць апрабацыю.

    Прыменены адзіныя падыходы да вядзення паляўнічых гаспадарак і палявання ўсімі карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў, незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці.

    Для выключэння карупцыйных рызык прапануецца ўвесці забарону на прадастаўленне фізічным і юрыдычным асобам дадатковых, не прадугледжаных праектам указа правоў, звязаных з паляваннем і карыстаннем паляўнічымі ўгоддзямі, пры аказанні імі дапамогі гэтым паляўнічым угоддзям. Вакол гэтай прапановы на нарадзе разгарнулася шырокая дыскусія. Яна таксама была неадназначна ўспрынята прадстаўнікамі грамадскасці на этапе публічнага абмеркавання новых правіл. Размова ідзе аб тым, каб паляўнічыя, якія дапамагаюць паляўнічай гаспадарцы, удзельнічаюць у яе дзейнасці, маглі атрымаць пэўную скідку на права здабычы таго ці іншага звера.

    У гэтым плане старшыня Рэспубліканскага савета рэспубліканскага дзяржаўна - грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" Юрый Шумскі прапанаваў вярнуцца да добра зарэкамендаваўшай сябе практыкі замацавання паляўнічых калектываў, у асноўным з мясцовых жыхароў, за паляўнічымі ўгоддзямі. Такая практыка існавала раней і цяпер паспяхова прымяняецца ў Літве, Эстоніі і іншых краінах. Такая структура захавалася і ў некаторых гаспадарках БТПР, напрыклад у Верхнядзвінску і Быхаве, дзе паляўнічыя актыўна ўдзельнічаюць ва ўліку жывёл, будаўніцтве збудаванняў, нарыхтоўцы кармоў, ахове ўгоддзяў.

    У выніку бакі сышліся на тым, што карысць ад работы паляўнічых калектываў безумоўна ёсць, але членства ў іх павінна быць толькі добраахвотным. А каб выключыць злоўжыванні, дамовіліся, што кошт дазволу на здабычу звера для членаў калектыву павінен быць не ніжэйшы за ўстаноўленае дзяржавай мінімальнае значэнне.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў прапанаваную норму аб правядзенні акрэдытацыі паляўнічых гаспадарак: "Такая рэвізія перыядычна павінна адбывацца. Я не бачу нічога дрэннага". Кіраўнік дзяржавы толькі асабліва падкрэсліў, што ў гэтым працэсе недапушчальна карупцыя і да яго павінны быць падключаны добрыя спецыялісты. "Пытанне ў тым, хто будзе праводзіць гэту рэвізію або акрэдытацыю, каб яна не ператварылася ў дыскрэдытацыю", - заўважыў беларускі лідар.

    "Што датычыцца зброі, я абсалютны згодны. Прыйшоў у паляўнічую гаспадарку са зброяй - усё, ты прыйшоў з мэтай палявання. Можна сёння паляваць або нельга, ёсць у цябе дакументы ці не? Гэта ўжо наступнае пытанне", - сказаў Прэзідэнт.

    Адначасова Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе палажэнні новай рэдакцыі правіл былі дакладнымі і адназначнымі, без дваякага тлумачэння.

    Асобна размова зайшла аб недакладнасцях, якія здараюцца пры запаўненні паляўнічых пуцёвак, і ў гэтым пытанні таксама будзе наведзены парадак. "Грамадскасць прапанавала, каб у пуцёўцы быў вычарпальны пералік абавязковых для запаўнення рэквізітаў. Гэта правільна. Такую пуцёўку немагчыма запоўніць чалавеку з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, для гэтага трэба мець вялікі вопыт. І ўзнікаюць адміністрацыйныя правапарушэнні", - адзначыў старшыня праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і паляўнічы са стажам Сяргей Румас.