Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб стане і развіцці спажыўкааперацыі Беларусі
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе кардынальнага паляпшэння фінансавага стану сістэмы спажыўкааперацыі і нарошчвання пазіцый на ўнутраным спажывецкім і знешнім рынках. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 28 студзеня на нарадзе аб стане і развіцці спажыўкааперацыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, назначаючы ў снежні мінулага года новага старшыню праўлення Белкаапсаюза, дамаўляліся, што ў пачатку 2014 года ён прадставіць тое, як будзе працаваць, функцыянаваць сістэма Белкаапсаюза, што будзе зроблена для ўдасканалення яе дзейнасці і вываду з фінансавай ямы.
"Белкаапсаюз у нас ніколі не вызначаўся. І калі яму былі прадстаўлены нядрэнныя магчымасці ў канкурэнтнай барацьбе на гэтым полі, за гэты час практычна, акрамя барацьбы з карупцыяй, больш нічога не было зроблена", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што кааператыўны гандаль з'яўляецца важнейшай крыніцай забеспячэння сельскіх жыхароў харчовымі і прамысловымі таварамі, усім неабходным для жыцця і вядзення падсобных гаспадарак. Паводле яго слоў, гэта амаль чвэрць насельніцтва краіны. "Ды і ў раённых цэнтрах якасць і разнастайнасць аказваемых насельніцтву паслуг у многім вызначаюцца работай прадпрыемстваў спажыўкааперацыі. Гэта яшчэ плюс больш як мільён чалавек", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Белкаапсаюз" - гэта шматгаліновая структура, якая аб'ядноўвае розныя напрамкі дзейнасці: ад закупак і вытворчасці сыравіны да яе перапрацоўкі і рэалізацыі, аказання розных паслуг насельніцтву, - адзначыў Прэзідэнт. - Менавіта таму дзяржава не можа быць убаку ад рэзультатыўнасці іх дзейнасці".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што работа Белкаапсаюза неаднаразова крытыкавалася. У лютым мінулага года на агульным сходзе яго прадстаўнікоў Прэзідэнт вылучыў асноўныя праблемы і недапрацоўкі, якія неабходна ўстараняць. "Аднак былое кіраўніцтва з гэтым не справілася", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў дэталёвых аргументаваных адказаў, перш за ўсё на пытанне, якія меры прадугледжваюцца для кардынальнага паляпшэння фінансавага стану сістэмы спажыўкааперацыі, а таксама як плануецца павысіць маштабнасць і якасць абслугоўвання, не толькі ўтрымаць, але і нарасціць свае пазіцыі на ўнутраным спажывецкім і знешнім рынках. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сістэме спажыўкааперацыі амаль 80% нізкарэнтабельных арганізацый.
"Лінейка тавараў, што рэалізуюцца арганізацыямі спажыўкааперацыі, прадастаўленне розных паслуг павінны поўнасцю адпавядаць сучасным патрэбнасцям сельскіх жыхароў, а цэны павінны быць даступнымі. Работа па пошуку ўнутраных рэзерваў зніжэння цэн павінна стаць сістэмай, нормай для работы прадпрыемстваў спажыўкааперацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтым плане асабліва важна хутка сфарміраваць эфектыўную сістэму аптовага гандлю ў спажывецкай кааперацыі, якая прадугледжвае цэнтралізаваную закупку тавараў і ўдасканаленне схем пашырэння тавараў. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прааналізаваць, як выкарыстоўваецца аптовы гандаль для дзяржаўных прадпрыемстваў. Прэзідэнт нагадаў, што гэта было яго даручэнне, і ён хацеў бы пачуць аб тым, што ўжо зроблена ў гэтым плане.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што немалая доля выгаднай прадукцыі ідзе міма нарыхтоўчай галіны Белкаапсаюза. "А ў вас жа была канкурэнтная перавага! Вы першымі ў краіне заняліся гэтым напрамкам. Пры максімальнай даступнасці і высокай мабільнасці ў сельскай мясцовасці ўступаць лідарства прыватнікам, ды яшчэ маючы розныя прэферэнцыі дзяржавы, недапушчальна", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён пацікавіўся ў кіраўніцтва Белкаапсаюза, якія меры прыняты ўжо і будуць прымацца ў далейшым. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што задача заключаецца не толькі ў нарыхтоўцы дзікарослай прадукцыі і сыравіны, але і іх эфектыўнай перапрацоўцы, прычым з высокай дабаўленай вартасцю.
Прэзідэнт выказаў незадаволенасць праводзімай мадэрнізацыяй перапрацоўчых вытворчасцей. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў правесці гэту работу ў самыя кароткія тэрміны і ў першую чаргу мадэрнізаваць тыя перапрацоўчыя вытворчасці, якія даюць хуткую аддачу. "Падкрэсліваю, правесці кропкавую мадэрнізацыю. Паколькі ісці ўсім фронтам у вас проста няма ні сіл, ні магчымасцей, ні грошай", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пакуль у сферы вытворчасці Белкаапсаюза - тэхнічная, тэхналагічная адсталасць, а на некаторых прадпрыемствах - неразвітасць, неканкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі. З-за гэтага растуць складскія запасы. Часта вырабляецца тое, што абсалютна нікому не патрэбна. А гэта ўжо злачынства", - сказаў Прэзідэнт.
![]()
Кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адну тэму - арганізацыю высокадаходнай вытворчасці гатовых вырабаў з футра клетачных пушных звяроў для рэалізацыі на ўнутраным рынку і на экспарт, пацікавіўшыся далейшымі планамі наконт развіцця гэтага напрамку.
Звяртаючыся да старшыні праўлення Белкаапсаюза Валерыя Іванова, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актыўнай работы па ўстараненні ўсіх адзначаных праблемных пытанняў. "Нягледзячы на тое што вы мне абсалютна не чужы чалавек, вы ў спісе тых людзей, каго пастаянна даводзіцца кідаць на гарачае жалеза, гарачыя вуглі, але тым не менш гэта не значыць, што я павінен патураць і, заспакойваючы сябе былымі заслугамі, ацэньваць Іванова. Таму ў вас няма іншага выйсця, акрамя як пачынаць працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Тая сітуацыя, якая склалася ў Белкаапсаюзе, і тое, як працуе Белкаапсаюз, недапушчальна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што гэта адносіцца і да губернатараў: "Гэта ваш гандаль. Вы галавой адказваеце за аграпрамысловы комплекс, а там Белкаапсаюз корміць, апранае, абувае вашых людзей".
"За Урадам - кантроль. З боку Русага (Міхаіл Русы, віцэ-прэм'ер Беларусі) я гэтага кантролю не бачу. Поўнае патуранне! Тое ж самае можна сказаць і ў адрас Прэм'ер-міністра", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Старшыня праўлення Белкаапсаюза далажыў аб стане і перспектывах развіцця спажыўкааперацыі. Сярод асноўных прычын неэфектыўнай работы гэтай сістэмы Валерый Іваноў назваў непаваротлівасць кадраў, асабліва ва ўмовах канкурэнтнага асяроддзя, адсутнасць дзелавой хваткі і прадпрымальнасці.
Так, да гэтага часу не выканана даручэнне наконт стварэння адзінага цэнтралізаванага аператара закупак. "Закупка тавараў крытычнага імпарту ў большасці выпадкаў ажыццяўляецца ў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, у выніку цэны на гэтыя тавары ў магазінах спажыўкааперацыі вышэйшыя, чым у нашых канкурэнтаў. Не ў поўнай меры спажыўкааперацыя выкарыстоўвае рэзервы росту закупак сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі ў насельніцтва і яе далейшай перапрацоўкі. Доля Белкаапсаюза ў тавараабароце краіны змяншаецца, што прыводзіць да зніжэння значнасці сістэмы. У далейшым без прыняцця кардынальных мер узнікне пытанне аб мэтазгоднасці яе існавання ў цяперашнім выглядзе", - растлумачыў старшыня праўлення Белкаапсаюза.
Валерый Іваноў запэўніў, што для ўмацавання пазіцый будуць прыняты меры для павышэння канкурэнтаздольнасці сістэмы спажыўкааперацыі. Яны прадугледжваюць аналіз і ацэнку работы кадраў у сучасных умовах і прыняцце адпаведных рашэнняў па аптымізацыі структуры кіравання, пашырэнне сеткі буйных гандлёвых аб'ектаў і магазінаў крокавай даступнасці ў райцэнтрах і буйных населеных пунктах.
Плануецца таксама стварэнне адзінага аптовага аператара, што павысіць канкурэнтаздольнасць і палепшыць структуру тавараабароту, выключыць злоўжыванні. Гэту работу плануецца завяршыць у першым квартале бягучага года.
Паводле слоў Валерыя Іванова, у бліжэйшы час будуць прыняты меры па завяршэнні арганізацыі абслугоўвання аўтамагазінамі кожнага населенага пункта, які не мае гандлёвага пункта, не радзей як тры разы ў тыдзень. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ўстараненню парушэнняў правіл гандлю, выкананню асартыментных пералікаў.
Старшыня праўлення Белкаапсаюза канстатаваў і наяўнасць значных рэзерваў для павелічэння закупак у насельніцтва сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі. Валерый Іваноў папрасіў падтрымкі ў пытанні штогадовага выдзялення крэдытаў на гэтыя мэты на ўмовах крэдытавання дзяржаўнага заказу сельгаспрадпрыемстваў.
Асобныя планы ёсць і наконт развіцця іншых напрамкаў дзейнасці сістэмы спажыўкааперацыі, у тым ліку ў вытворчай сферы, зверагадоўчай галіне, перапрацоўчых прадпрыемстваў, аб'ектаў грамадскага харчавання, прыдарожнага сэрвісу.
У частцы аптымізацыі арганізацыйнай структуры Валерый Іваноў папрасіў падтрымкі Прэзідэнта ў пытанні ўзбуйнення мясцовых спажывецкіх таварыстваў да міжраённага ўзроўню.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзбуйненне, калі гэта сапраўды неабходна, павінна быць грунтоўна прадумана, каб як мінімум не пагоршыць якасць абслугоўвання насельніцтва.
"Трэба мець на ўвазе, што перспектыва магазінаў спажыўкааперацыі ў вёсцы будзе звязана з аграгарадкамі. У кожным з іх павінен быць магутны гандлёвы пункт, не горшы, чым у раённым цэнтры. І некалькі буйных вёсак каля аграгарадка, дзе застануцца магазіны. На гэта трэба арыентавацца. Магчыма, нават прадумаць нейкую сістэму падвозу людзей. Трэба выкарыстоўваць усё, - адзначыў беларускі лідар. - Я падтрымаю толькі эфектыўную сістэму. Але гэта эфектыўнасць павінна быць не на шкоду вяскоўцам".
У якасці прыкладу эфектыўнай работы Аляксандр Лукашэнка прывёў невялікі магазін на яго малой радзіме, дзе цэны практычна на чвэрць ніжэйшыя, чым у Мінску. Пры гэтым арганізацыя працуе з прыбыткам. "Гэта калгасны магазін. Яны гэтыя мясныя прадукты і іншае бяруць непасрэдна з комплексу, які там пабудавалі. Няма пасрэднікаў. І частку закупляюць, у іх 5-7% усяго імпарту. Чаму не ісці гэтым шляхам? Ніякіх жа праблем няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Давайце дамовімся: калі мы ведаем, у якім напрамку ісці аптымізацыі, і ўжо вызначыліся, вам да 2015 года тэрмін, каб гэта аптымізацыя была праведзена. Усё, што трэба, ліквідуйце, перадайце старшыням райвыканкамаў. Але забяспечце згодна з пералікам усё неабходнае, - запатрабаваў Прэзідэнт. - У кожным магазіне павінен быць пералік неабходных тавараў. Вызначыцеся, дзе вы будзеце дабудоўваць нейкія гандлёвыя пункты. Сёння гэтых праблем быць не павінна. У вёсцы жывуць нашы людзі, і мы павінны іх абслужыць так, як трэба, і па нармальных цэнах".
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч акцэнтаваў увагу на тым, што спажыўкааперацыя павінна быць больш актыўнай і не зводзіцца толькі да гандлю, а таксама, напрыклад, аказваць бытавыя паслугі, попыт на якія ёсць. Значныя нерэалізаваныя рэзервы існуюць у частцы экспарту прадукцыі. "У вельмі дрэнным становішчы нарыхтоўка дзікарослай і лішкаў плодаагародніннай, мяса-малочнай прадукцыі. Гэтым пытаннем трэба займацца больш актыўна", - лічыць ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што спажывецкая кааперацыя павінна забяспечваць куплю лішкаў сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі ў насельніцтва для патрэб перапрацоўчых прадпрыемстваў. "Спажыўкааперацыя павінна лішкі ў насельніцтва забраць і даць насельніцтву тое, што яму патрэбна для гэтай вытворчасці і для жыцця наогул. Нас так вучылі ў савецкія часы. Для гэтага яна і была створана. Вось ваша задача. І вы павінны быць эфектыўнымі. Пытанне адно: чаму гэта не было зроблена, і што будзе ў гэтым годзе і наступным? - адзначыў Прэзідэнт. - Іваноў туды "камісарам" накіраваны з усімі паўнамоцтвамі. Ён за гэта перш за ўсё адкажа. Рабіце ўсё, што вы лічыце патрэбным для эфектыўнай работы і забеспячэння ў адпаведнасці з класічным прынцыпам спажывецкай кааперацыі нашага насельніцтва".
Губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік на нарадзе выказаў свае прапановы наконт павышэння ролі спажыўкааперацыі ў развіцці рэгіёна. Паводле яго слоў, адна з задач спажыўкааперацыі заключаецца ў забеспячэнні канкурэнтаздольных цэн на тавары. У сувязі з гэтым ен прапанаваў змяніць сістэму аптовых закупак. "Недапушчальна, калі самая буйная ў рэспубліцы сеткавая структура, якой з'яўляецца спажывецкая кааперацыя, закупляе тавары крытычнага імпарту ў пасрэднікаў. І цэны на сенняшні дзень у сельскім магазіне на імпарт значна вышэйшыя, чым у гарадскім. І такіх фактаў шмат", - адзначыў Уладзімір Дворнік.
Паводле слоў губернатара, больш значных падыходаў патрабуе і арганізацыя гандлю нехарчовымі таварамі ў вёсцы i раённых цэнтрах.
Старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Шуркала ўнес шэраг прапаноў наконт удасканалення работы ў сферы абслугоўвання сельскага насельніцтва. Напрыклад, адна з цяжкасцей заключаецца ў рабоце арганізацый гандлю з прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці, якія патрабуюць разліку за пастаўленую прадукцыю на працягу трыццаці дзён, у той час як у вёсцы або ў невялікіх гарадах можа спатрэбіцца і больш доўгі час для рэалізацыі тавару.
"А што, у вас у лёгкай прамысловасці на складах няма залежаў? - спытаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Прэм'ер-міністра. - Гэта ж не прыватніку аддаеш, а дзяржаве. Навошта трымаць на складзе?"
Яшчэ адна просьба датычылася плануемага змянення ў падатковым заканадаўстве ў частцы ўвядзення даведак сельсаветаў на здачу плодаагародніннай прадукцыі з прыватных падворкаў. "Мы напісалі свае пярэчанні. На вядро яблыкаў патрэбна даведка сельсавета", - адзначыў Сяргей Шуркала.
"Неадкладна адыдзіце ад гэтых даведак. Чалавек прывёз тавар - вы яму заплацілі. Пры чым тут даведкі?" - распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе ў ходзе дыскусіі былі падрабязна абмеркаваны такія тэмы, як скарачэнне выдаткаў пры зборы і перапрацоўцы харчовай прадукцыі, арганізацыя гандлю харчовымі і нехарчовымі таварамі, шляхі павышэння рэнтабельнасці арганізацый спажыўкааперацыі.
З дакладам аб праблемных пытаннях у спажыўкааперацыі на нарадзе выступіў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон. Паводле яго слоў, нягледзячы на неаднаразовыя даручэнні Кіраўніка дзяржавы, зладжаная структура кіравання ў сістэме спажыўкааперацыі так і не створана. Сфера гандлю спажыўкааперацыі не гатова канкурыраваць з сучаснымі гандлёвымі сеткамі, што настойліва выцясняюць са сферы ўплыву Белкаапсаюза абслугоўванне сельскага насельніцтва, у тым ліку за кошт выязнога гандлю.
У выніку доля спажывецкай кааперацыі ў фарміраванні агульнага рознічнага тавараабароту з году ў год зніжаецца. Па выніках года таксама зменшыліся аб'ёмы закупкі ў насельніцтва плодаагародніннай і дзікарослай прадукцыі, лому чорных металаў. Скарацілася вытворчасць розных відаў прадукцыі на прадпрыемствах галіны.
"Адсутнічае значная роля аптовага гандлю спажыўкааперацыі не толькі ў тавараабароце рэспублікі, але і на ўнутрысістэмным узроўні. Заяўленае стварэнне лагістычнага цэнтра на базе дзеючага опту не з'яўляецца нейкім ноу-хау. Галоўнае тут не моднае слова "лагістыка", а канчатковы вынік. Больш таго, ёсць пытанне аб мэтазгоднасці функцыянавання двух аднатыпных аптовых суб'ектаў у адной сістэме: Белкаапгандлю і Белкаапзнешгандлю. Многія арганізацыі спажыўкааперацыі адкрыта заяўляюць аб няздольнасці гэтых аптовых структур пастаўляць імпарт па канкурэнтаздольных цэнах. Закупкі імі тавараў ажыццяўляюцца пераважна ў айчынных пасрэднікаў", - канстатаваў Аляксандр Якабсон.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар закрануў тэму ўзрастаючай канкурэнцыі з буйнымі гандлёвымі сеткамі і выказаў меркаванне аб неабходнасці прыярытэтнага развіцця паслуг магазінаў крокавай даступнасці.
"Я папярэджваў ужо губернатараў і мэра Мінска, што за кожны гіпермаркет адкажуць галавой, калі будуць знішчаны магазіны крокавай даступнасці. У нас ужо такіх сетак дастаткова, і трэба захоўваць нейкія працэнтныя суадносіны. У адваротным выпадку мы трапім да іх у такую кабалу і яны акажуцца некіруемымі настолькі, што мы будзем поўнасцю ад іх залежыць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Там, дзе трэба пабудаваць гіпермаркет, - будуйце. Цяпер трэба паглядзець, падлічыць, асабліва ў Мінску, магчыма, іншых буйных гарадах і сказаць "стоп", калі гэтага дастаткова. Усе астатнія няхай будуць малыя, сярэднія. І гэта будзе ствараць канкурэнцыю і будзе нашай незалежнасцю ў гандлі".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшы час неабходна сур'ёзна заняцца вывучэннем праблемных пытанняў у гандлі ў цэлым. "Гэта не звязана з сённяшняй нарадай. Мы цяпер будзем вельмі сур'ёзна глядзець сельскую гаспадарку, потым камунальную сферу. Ніхто не хоча падыходзіць да пытання аб гандлі, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы лібералізавалі ў свой час перш за ўсё гандаль. І гэта была наша вельмі грубая памылка. Ужо цяпер усе эканамісты гавораць аб тым, што нельга адпускаць цэны, перш чым будзе створана шалёная канкурэнцыя ў сферы вытворчасці".
"Лічу, што нам трэба вельмі сур'ёзна ўзяцца за гандаль і вывучыць працэсы, якія адбываюцца ў ім. І наколькі гэта магчыма, не на шкоду, вядома, самому гандлю і іншым рыначным тэндэнцыям, нам трэба прымаць нейкія рашэнні. Можа, гэта будзе і закон, але сферай гандлю нам трэба сур'ёзна заняцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час даручаў Прэм'ер-міністру заняцца пытаннямі работы Міністэрства гандлю. "Вы гаварылі, яго трэба ліквідаваць, а я кажу: давайце паспрабуем яго задзейнічаць, нагрузім работай. Таму вярніцеся да гэтага пытання, надзяліце паўнамоцтвамі Міністэрства гандлю, Белкаапсаюз па навядзенні парадку ў гандлі. Яны павінны навесці парадак. Усе астатнія да гэтага парадку - прыладзіцца. І Мінгандаль, і Белкаапсаюз павінны займацца кантролем і рэгуляваннем гандлёвых адносін у нашай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Па сетках мы дамовіліся: буйных магазінаў у нас дастаткова, не дай бог, знішчым дробныя магазіны. Тым больш, за гэтымі буйнымі магазінамі знаходзяцца чужыя людзі з іншых дзяржаў, якія будуць вам навязваць умовы, а вы нікуды не дзенецеся, таму што іншых магазінаў у вас не будзе", - прадаўжаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, многія пастаўленыя ў час нарады пытанні могуць атрымаць сваё вырашэнне. Разам з тым ён папярэдзіў кіраўніцтва Белкаапсаюза, што вялікага аб'ёму танных крэдытаў чакаць не трэба. Такія крэдытныя рэсурсы могуць выдзяляцца толькі на пашырэнне сеткі магазінаў для павышэння эфектыўнасці і на закупку прадукцыі ў насельніцтва. "Усё, больш мы не будзем нічым вам дапамагаць. Вы - гандаль, у вас вельмі хуткі абарот грошай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на недапушчальнасць работы праз пасрэднікаў. "Мы хутка возьмемся і за іх. Будзем, вядома, глядзець на эфектыўнасць вашай работы. Але другім пытаннем зададзім наступнае: чаму вы айчыннае купілі праз пасрэднікаў? І тут апраўданні не прымаюцца. Айчынныя тавары вы павінны купляць без пасрэднікаў, і не толькі айчынныя. І ў імпарце, калі гэта нядрэнныя аб'ёмы, трэба выходзіць на ўласныя аптовыя закупкі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Тут шмат гаварылі па аптымізацыі. Курс выбраны правільны, варыянтаў хапае. Адзінае, будзьце асцярожнымі з гэтай аптымізацыяй", - дадаў беларускі лідар.
Звяртаючыся да Валерыя Іванова, Аляксандр
Лукашэнка заклікаў яго да актыўнай работы: "У вас няма іншага выйсця, як
нарэшце вывесці гэту галіну на нармальны ўзровень. Вопыту, ведаў і ўлады ў вас
дастаткова. Таму дзейнічайце. За гэта адказваеце вы і губернатары".