Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб праблемах БФСТ "Дынама" і шляхах іх вырашэння
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай рэзультатыўнасці ад спартсменаў, папярэджваючы, што вялікія грошы будуць выдзяляцца толькі за высокія дасягненні. Аб гэтым ён заявіў 15 жніўня на нарадзе аб праблемах БФСТ "Дынама" і шляхах іх вырашэння.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі нямала робіцца для развіцця спорту, асабліва ў плане інфраструктуры. Для жыхароў усіх рэгіёнаў сталі даступны заняткі практычна любым відам спорту. Прычым на ўсё гэта дзяржава траціць вялікія сродкі, таму яна мае права чакаць ад спартыўнай сферы важкай аддачы і высокіх дасягненняў, перамог.
На думку Кіраўніка дзяржавы, няўдачныя выступленні вядучых беларускіх клубаў і атлетаў на міжнародных спаборніцтвах паказваюць, што праблем, недапрацовак у гэтай галіне дастаткова. Паводле яго слоў, першыя захады для іх вырашэння ўжо зроблены, у тым ліку па "Дынама".
"Мы фактычна замянілі кіраўнікоў па асноўных напрамках. Сфарміравана тройка кіраўнікоў - Міністр спорту і турызму, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму і першы віцэ-прэзідэнт НАК, - якія ўтрох адказваюць, перш за ўсё перад Прэзідэнтам, за стан спраў у спорце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ужо настаў час штосьці выразнае сказаць і гэтай тройцы".
Прэзідэнт падкрэсліў, што пакуль застаецца шмат прэтэнзій да БФСТ "Дынама": "Месца і роля аб'яднання ў рэспубліканскай сістэме фізічнай культуры і спорту да гэтага часу дакладна не вызначаны. Не адпрацаваны механізм узаемадзеяння таварыства з іншымі спартыўнымі структурамі. Цяперашняя арганізацыйная структура таварыства не можа эфектыўна вырашаць існуючыя задачы. Адсутнічаюць пастаянныя крыніцы пазабюджэтнага фінансавання".
На думку Кіраўніка дзяржавы, БФСТ "Дынама" адведзена асаблівая роля ў спартыўнай структуры краіны: таварыства павінна вырашаць задачы, звязаныя як са спортам вышэйшых дасягненняў і падрыхтоўкай рэзерву, так і з дзейнасцю органаў бяспекі і правапарадку. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, якія канкрэтна робяцца захады для выканання гэтага, што перашкаджае эфектыўнай рабоце.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што праз пэўны час пасля прыняцця асноўных рашэнняў па рэгуляванню даходаў і зарплаты спартсменаў павялічылася колькасць незадаволеных. "Незадаволеных чым? Дзяржава не дае грошай. Маўляў, мы хацелі б, каб нам за месяц плацілі $10 тыс., а нам плацяць усяго $2 тыс.", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Грошы плаціць будзем толькі для таго, каб чалавек мог займацца, рыхтавацца да чэмпіянатаў і пяршынстваў, а асноўныя даходы ён атрымае за рэзультат. Не за 21-е і 41-е месца на чэмпіянатах, а за 1-е, 2-е, 3-е месцы - за перспектыву гэтага чалавека", - адзначыў Прэзідэнт.
"Многія скажуць: пакуль той чэмпіянат свету, я павінен жыць, працаваць. Але для таго, каб жыў і старанна працаваў - табе адпаведная стаўка зарплаты. А потым - па выніках выступленняў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму не трэба хадзіць і плакаць".
"Больш шалёных грошай у спорце не будзе: паказаў рэзультат - атрымай шалёныя грошы. Няма рэзультату - няма грошай", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў і дзейнасць спартыўных клубаў, дзе таксама існуе нямала праблем. "У нас што атрымалася? Перайшлі мы на клубную сістэму. Некаторыя панастваралі клубы. Хтосьці раней бегаў з клюшкай за мячом, а цяпер сталі ў клубах чыноўнікамі. Кіраўнік клуба, 10 намеснікаў, 100 чыноўнікаў у гэтым клубе - і маленькая каманда 20-30 спартсменаў, 3 трэнеры. Хто асноўныя грошы атрымлівае? Чыноўнікі клубаў! І дай бог міністрам атрымліваць такую заработную плату. Дурніцы гэтай больш не будзе", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, клуб - гэта прадпрыемства, якое павінна зарабляць: "Зарабляйце грошы, трацьце іх. Колькі зарабілі, столькі і трацьце".
Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што датацыі з бюджэту мы павінны накіраваць толькі спартсменам, трэнерам, урачам і некалькім спецыялістам-сэрвісменам.
"Грошы будуць плаціцца, і вельмі вялікія, за рэзультат. Няма рэзультату - няма грошай", - строга паставіў пытанне Прэзідэнт.
Старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства "Дынама" Энвер Барыеў падрабязна спыніўся на праблемных пытаннях, актуальных для развіцця таварыства "Дынама" сёння і ў перспектыве. Паводле яго слоў, у карэкціроўцы мае патрэбу структура "Дынама", неабходна аздараўленне эканамічнага стану, наладжванне фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства. Для лепшай каардынацыі работы таварыства Энвер Барыеў прапанаваў стварыць абласную вертыкаль БФСТ "Дынама". Аднак Прэзідэнт не падтрымаў гэту ідэю.
"Я не раіў бы на гэтым этапе ствараць вертыкаль, паколькі вы іх не зможаце фінансаваць. Грошай на ўсе гэтыя мерапрыемствы вы не атрымаеце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Навошта вам ствараць чыноўнікаў? Два, тры, пяць - гэта сёння так гавораць. Як толькі мы пачынаем ствараць новую структуру ў вобласці, з'яўляюцца чыноўнікі, аўтамабілі, бухгалтары, сакратары, камп'ютары і пайшло-паехала. Чаму нельга, стварыўшы магутную структуру тут, у цэнтры, кіраваць адсюль, не ствараючы там дадаткова штатнікаў? У вас жа няшмат гэтых аб'ектаў у рэгіёнах".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грошы будуць выдзяляцца толькі пад тыя праекты, якія ствараюць імідж дзяржаве, і на тыя напрамкі, дзе неабходна дапамога дзяржавы.
"Спартыўныя клубы, і "Дынама" перш за ўсё, павінны грошы зарабляць. І кожны год зарабляць больш. Мы не будзем увесь час вас фінансаваць у такім аб'ёме. Клуб сам павінен, маючы каманду, забяспечваць яе і зарабляць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць развіцця ў краіне дзіцячага спорту, без якога няма вялікага спорту. "У кожнага клуба павінна быць школа, і яны павінны дзеткам дапамагаць. Што, у іх магчымасцей мала? Ёсць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Інвестыцыйныя праграмы на наступны год будуць урэзаны значна! У нас сёння хапае спартыўных аб'ектаў, хапае музеяў, тэатраў, музычных цэнтраў, дай бог, было б каму спяваць і гуляць - усяго ў краіне хапае", - адзначыў Прэзідэнт.
У час нарады размова таксама зайшла аб рэканструкцыі стадыёна "Дынама" ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэты стадыён неабходна капітальна рэканструяваць, адмовіўшыся ад папярэдніх планаў па яго зносу і будаўніцтву на яго месцы новага.
"І там будзе лёгкаатлетычны стадыён і для футбола. І мы з лёгкасцю можам этап Брыльянтавай лігі прыняць, а там і чэмпіянат Еўропы або свету па лёгкай атлетыцы. У нас ёсць запасны, разміначны стадыён, яго ў парадак прывядзём", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Нам патрэбны нармальнага, еўрапейскага ўзроўню стадыён на 35
тыс. гледачоў. "Лакаматыў" у Маскве - узор. Каб быў зручны, нацыянальны стадыён.
Давайце пабудуем або на "Трактары", або на голым месцы. Не трэба перагружаць
цэнтр горада, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта мы хутчэй пабудуем, і не трэба нічога
зносіць".
"І за гэтыя грошы, за якія мы планавалі знесці стадыён "Дынама", а
потым пабудаваць новы, цяпер мы, аказваецца, можам гэты аднавіць і новы
пабудаваць", - адзначыў Прэзідэнт.
Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко далажыў аб рэзультатах выступлення беларускіх спартсменаў на чэмпіянатах свету ў 2013 годзе. Так, за мінулыя 15 чэмпіянатаў свету (7 зімовых і 8 летніх відаў спорту) беларускія спартсмены заваявалі толькі адзін залаты медаль.
"Вы прывезлі 1 медаль з 15 чэмпіянатаў свету! Якія грошы?!" - заўважыў Прэзідэнт.
Паводле слоў Міністра, да канца года запланаваны ўдзел у чэмпіянатах свету 12 нацыянальных каманд, прычым у тых відах спорту, дзе беларусы традыцыйна паказваюць высокія рэзультаты. Чакаецца, што яны заваююць 15-17 медалёў.
Сярод станоўчых момантаў Аляксандр Шамко адзначыў выступленне беларускіх гандбалістаў, якія ўпершыню за многія гады трапілі ў фінал чэмпіянату свету, а таксама фехтавальшчыкаў.
Нездавальняючае выступленне прадэманстравалі каманды па фрыстайле, хакеі з шайбай, гарналыжным спорце, снаўбордзе, фігурным катанні, сінхронным плаванні, бадмінтоне, у лыжных гонках, а таксама па велатрэку, шорт-трэку.
Міністр адзначыў, што ёсць перспектыўныя маладыя спартсмены, аднак неабходны час, каб яны пачалі паказваць высокія рэзультаты на сусветных першынствах.
Паводле яго слоў, дзяржава зрабіла максімальна магчымае ў будаўніцтве спартыўных збудаванняў, прычым сусветнага ўзроўню, таму ад спартсменаў патрабуецца толькі ўпартая праца і высокія рэзультаты.
Прадаўжаецца комплекс мерапрыемстваў па аптымізацыі спартыўнай галіны, у тым ліку па кіраванню нацыянальнымі камандамі. "Новая сістэма кіравання, якую мы сёння рэалізуем, прывядзе да больш эфектыўнага кіравання і расходавання грашовага рэсурсу", - лічыць Аляксандр Шамко.
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка даў нездавальняючую ацэнку ў цэлым сітуацыі ў спорце.
"Пакуль вельмі дрэнна. Тройку хачу папярэдзіць аб адным: з зімовай Алімпіяды вы ўжо будзеце па поўнай адказваць, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Вы ў поўным аб'ёме адказваеце за Алімпіяду і ўсё, што будзе пасля яе, хоць з вас ніхто адказнасці не зніме і за маючыя адбыцца да канца года чэмпіянаты. Вам дадзены вялікія правы, я вас падтрымліваю па ўсіх пытаннях. Таму пачынайце працаваць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кіраўнікі федэрацый павінны ведаць самых перспектыўных, лепшых трэнераў, і не толькі ў краіне, але і за мяжой, падтрымліваць спартсменаў, якія падаюць надзеі.
Што датычыцца фінансавання, то зарплата будзе залежаць ад паказанага ўзроўню выступлення спартсмена.
"Пакуль хваліцца няма чым, мы будзем плаціць нармальныя грошы тым, хто сёння выступае на ўзроўні рэспублікі, больш будзем падтрымліваць людзей, якія трапляюць у нацыянальныя каманды. І будзем мець топ-каманды, каб людзі імкнуліся туды трапіць і атрымліваць вялікія грошы. А той дурніцы, як гэта было раней, не будзе!" - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падрабязна будзе вывучана работа кожнай федэрацыі: "Кожную федэрацыю разгледзім. Пачнём з лёгкай атлетыкі, прадоўжым федэрацыяй плавання, фехтаваннем и гэтак далей. У нас спартыўная галіна адарвалася ад жыцця, а спорту няма!"
Прэзідэнт адзначыў, што запрасіў на нараду кіраўнікоў усіх сілавых структур, каб яны больш актыўна ўключыліся ў работу БФСТ "Дынама", у тым ліку ў плане падтрымкі дзіцяча-юнацкіх школ.