Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб далейшых напрамках будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Беларусі
Ніхто не павінен падумваць размаўляць з Беларуссю з пазіцыі ваеннай сілы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня на нарадзе аб далейшых напрамках будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл краіны.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што любая дзяржава выбудоўвае свае Узброеныя Сілы ў залежнасці ад таго, якая міжнародная сітуацыя, і асабліва ў тым рэгіёне, дзе даводзіцца жыць і працаваць.
На думку Кіраўніка дзяржавы, ваенна-палітычная сітуацыя ў свеце ў апошнія дзесяцігоддзі сведчыць аб значных змяненнях у сферы міжнародных адносін: "Іх сутнасць зводзіцца да таго, што "ўладары свету" прадаўжаюць аказваць націск на знешнюю і ўнутраную палітыку так званых непажаданых дзяржаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца розныя механізмы, уключаючы прымяненне сродкаў узброенай барацьбы".
Калі аб гэтым гаварыць адносна Беларусі, то, на шчасце, да гэтага не дайшло і наўрад ці дойдзе, лічыць Прэзідэнт. Але, на яго думку, выкарыстоўваюцца іншыя меры ўздзеяння на Беларусь, перш за ўсё, з боку заходніх дзяржаў і блока НАТА, у тым ліку ЗША.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апошнім часам сітуацыя ў свеце развіваецца вельмі бурна і пажаданыя дзяржавы ўжо сталі непажаданымі. "Нават да смешнага даходзіць: звергнулі ўсё, што можна было звергнуць, па арабскай дузе - на поўначы Афрыкі і на ўсходзе. Цяпер па-новаму пачынаюць звяргаць, выступаючы міратворцамі, асабліва Еўрапейскі саюз", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"З'яўляючыся інструментам недапушчэння вайны, нашы Узброеныя Сілы павінны быць гатовы ў новых умовах да абароны суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што беларуская армія павінна быць адэкватнай выклікам і пагрозам ХХІ стагоддзя. "Аднак сродкі павінны быць укладзены ў развіццё Узброеных Сіл, якія адпавядаюць рэаліям сённяшняга дня", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Таму далейшыя крокі па развіццю арміі павінны быць усебакова ўзважанымі і падлічанымі.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што за апошнія гады нямала зроблена па развіццю розных баявых сістэм і тэрытарыяльнай абароны, прывядзенню ў належны выгляд ваенных гарадкоў і іншых аб'ектаў інфраструктуры. "У бліжэйшы час і я, і іншыя адказныя за гэта зоймуцца кантролем у гэтай сферы. У гэта ўпісваюцца і нашы вучэнні сумесна з Расійскай Федэрацыяй "Захад-2013", - паведаміў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што мэта сённяшняй нарады - прааналізаваць стан Узброеных Сіл, існуючыя праблемы і вызначыць шляхі іх вырашэння ў сучасных умовах.
"Я хацеў бы, каб было сказана і аб тых лішках узбраення, прадукцыі ваеннага прызначэння, якія сёння знаходзяцца ва Узброеных Сілах, і якія нам у прынцыпе не патрэбны ў сувязі з тым, што ідзе мадэрнізацыя Узброеных Сіл, і што мы з імі будзем рабіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Жадаючых набыць такое ўзбраенне сёння дастаткова. Калі мы дзесьці зможам рэалізаваць яго, то гэта трэба зрабіць, мы гэтага не ўтойваем".
Прэзідэнт лічыць, што неабходна па-гаспадарску аднесціся да лішкаў прадукцыі ваеннага прызначэння ва Узброеных Сілах. "Ад іх, вядома ж, трэба пазбаўляцца (пакуль гэта прадукцыя не ўстарэла і патрэбна каму-небудзь), не парушаючы міжнародных абавязацельстваў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на неабходнасці спакойна прадоўжыць работу па аптымізацыі структуры і скарачэнню колькасці Узброеных Сіл. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Узброеныя Сілы ў свой час даходзілі да 200 тыс. чалавек, сёння іх каля 100 тыс. "Нам сёння такая колькасць не патрэбна, сёння не колькасць важна для Узброеных Сіл, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але аптымізацыя павінна ісці ў тым рэчышчы, у якім яна ішла да гэтага часу".
Прэзідэнт даручыў Ураду дэталёва прапрацаваць пытанні, якія датычацца фінансавага забеспячэння патрэбнасцей Узброеных Сіл, улічваючы рэаліі сённяшняга дня. "Ваенныя павінны разумець, што мы можам, а што не", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Пры гэтым дакладна трэба помніць: чужога салдата мы і наш народ карміць не павінны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным асаблівую ўвагу ўдзяліць дадатковаму мэтаваму фінансаванню першачарговых мерапрыемстваў па авіяцыі і сродках проціпаветранай абароны. "Аналізуючы канфлікты апошняга часу і войны, мы вызначыліся, што галоўнае для нас сёння - гэта ППА і авіяцыя. Таму, калі гэта галоўнае звяно нашых Узброеных Сіл, то першарадную ўвагу яму", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што ў мэтах павышэння прэстыжу ваеннай службы неабходна вызначыцца з мерамі павелічэння сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых, асабліва малодшых афіцэраў.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што тэрміны Дзяржаўнай праграмы добраўпарадкавання ваенных гарадкоў, калі гэта неабходна, трэба прадаўжаць, праграму не згортваць. "Нам гэтага "шчасця" - ваенных гарадкоў і ўсяго, што там ёсць, - ад савецкіх Узброеных Сіл дасталося дастаткова", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён лічыць, што гэтыя аб'екты трэба прывесці ў належны выгляд або перадаць тым (калі яны ваенным не патрэбны), хто будзе заўтра эфектыўна за іх адказваць.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу Міністэрству абароны пачаць практычную рэалізацыю дасягнутых з Расійскай Федэрацыяй дамоўленасцей па авіяцыі і сістэмах проціпаветранай абароны. Прэзідэнт адзначыў, што рабіць гэта трэба з улікам вынікаў нядаўніх сустрэч з Міністрам абароны Расіі і дамоўленасцей з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін далажыў аб выніках работы па ўдасканаленню, развіццю і будаўніцтву Узброеных Сіл краіны.
Вялікая ўвага на нарадзе была ўдзелена сацыяльнай абароне афіцэрскага складу, удасканаленню грашовага забеспячэння, пытанням будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых.
Міністр далажыў таксама аб завяршэнні падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі і Расійскай Федэрацыі да вучэнняў "Захад-2013", гатоўнасці да правядзення ў якасці аднаго з этапаў вучэнняў КСАР АДКБ, якія будуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі ў перыяд адпрацоўкі задач па вучэннях "Захад-2013".