Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі
- 1
Захаванне стабільнасці ў фінансавай сферы, збалансаванае развіццё рэальнага сектара эканомікі, павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці павінны быць прыярытэтамі пры вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 кастрычніка на нарадзе аб бягучых пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
"Гэты год блізіцца да завяршэння, пачынаецца чацвёрты квартал. Гэта адзіны шанц, шчыра кажучы, выправіць і ўстараніць тыя праблемы, якія існуюць. З высокай доляй верагоднасці можна ацаніць вынікі года. З улікам гэтага, магчыма, трэба будзе крыху адкарэкціраваць тактыку нашых дзеянняў на бліжэйшы час", - заявіў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна паглядзець, наколькі аптымізаваны бягучыя бюджэтныя расходы, у тым ліку і дзяржаўныя праграмы, дакладна вызначыць прыярытэты, на якіх трэба сканцэнтраваць выдзяленне дзяржаўных сродкаў.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на цэны і тарыфы, у тым ліку на жыллёва-камунальныя паслугі, пацікавіўшыся, ці дастаткова ўзважаныя рашэнні, якія прымаюцца Урадам у гэтай сферы.
"Хачу вас папярэдзіць. Калі пад марку праблем і складанасцей, якія сёння складваюцца ў краіне, вы хочаце вырашыць даўнія праблемы, а ва Урадзе, як гаварыў класік, заўсёды свярбелі рукі ў два-тры разы павялічыць нагрузку на насельніцтва, то гэта стратэгія памылковая. Нікому не дазволена душыць насельніцтва, і гэта не папулізм", - падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да Урада і асабіста Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
"Калі гэта і рост тарыфаў, цэн, то ён павінен быць абгрунтаваны і, зразумела ж, пакрывацца заработнымі платамі і даходамі нашых людзей. Аб гэтым мы ўжо не раз гаварылі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што павышэнне цэн і тарыфаў, калі гэта неабходна, павінна адбывацца паступова, а не за адзін раз і ў вялікім памеры. "А ў нас так бывае: Урад спіць-спіць, прачнуўся праз паўгода і гаворыць: трэба на 40% нешта павысіць. А па 2-3% вы не маглі, спакойна павышаючы заработную плату, павышаць цэны на паслугі і іншае?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў далажыць аб тым, як расстаўлены акцэнты ў грашова-крэдытнай сферы зыходзячы з рэалій сённяшняга дня.
"Акрамя таго, не за гарамі прыняцце важнейшых дакументаў, якія вызначаюць дзяржаўную сацыяльна-эканамічную палітыку ў наступным годзе. Я не толькі хачу пачуць, што адбываецца сёння, я гэта бачу і сам, але як гэта будзе перакладзена ў наступны год, што мы будзем мець, зыходзячы з сённяшняга дня. Ва Урада і Нацыянальнага банка прапановы па праектах прагнозу, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі ўжо сфарміраваны. Таму хацелася б пачуць, што новага будзе прапанавана. Як прагназуецца развіццё рэальнага і фінансавага сектараў беларускай эканомікі з улікам вынікаў бягучага года і планаў на наступны?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што адпаведныя пытанні папярэдне разглядаліся экспертамі ў Адміністрацыі Прэзідэнта. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якія ацэнкі напружанасці намечаных рубяжоў і рэальнасці іх дасягнення.
"Майце на ўвазе, што мной дадзена прамое даручэнне нашаму дэпутацкаму корпусу скрупулёзна ацаніць будучую эфектыўнасць плануемых дзяржаўных расходаў. Такім чынам, чакайце ад дэпутатаў вельмі сур'ёзнай размовы пры прыняцці адпаведных дакументаў", - папярэдзіў беларускі лідар.
Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя ў свеце вельмі няпростая і з гэтым даводзіцца лічыцца. "Але наракаць увесь час на свет і сусветны крызіс не трэба. Ад гэтага нам лягчэй не стане. Асаблівую ўвагу нам трэба ўдзяліць рацыянальнаму выкарыстанню фінансавых і іншых рэсурсаў, паўсюднаму ўкараненню рэжыму эканоміі і беражлівасці", - лічыць Прэзідэнт.
"У аснову трэба ставіць галоўнае - захаванне стабільнасці ў фінансавай сферы, збалансаванае развіццё рэальнага сектара эканомікі, павышэнне ўзроўню сацыяльнай абароненасці нашых людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад удзельнікаў нарады выказаць канкрэтныя прапановы па ўсім спектры абазначаных пытанняў. "Можа, у вас атрымаецца нешта ў плане арыгінальных прапаноў, а не толькі класічных: узяць, спыніць, забраць, падзяліць на дзесяць пускавых комплексаў, закінуць гэта зноў у незавершанае, а потым гераічна распрадаваць за капейкі. Сёння патрэбны неардынарныя рашэнні, а калі ардынарныя, то, перш за ўсё, трэба прадаць тое, што назапасілі на складах", - дадаў беларускі лідар.
"Я папрасіў бы вас, Міхаіл Уладзіміравіч, а яшчэ больш - міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, мець на ўвазе. Усё гэта хлусня па разгрузцы складоў, як гэта выглядае сёння ў нас - вывезлі ў Літву, Расію, яшчэ некуды, грошай не атрымалі, а склалі там у дылераў на складах трактары, аўтамабілі... Скажу адкрыта, гэта абернецца некаму камерай, - заявіў Прэзідэнт. - Вы што, забылі, як на МАЗе давялося Бароўскаму (былы гендырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі) разграбаць. Там некалькі дзясяткаў мільёнаў страчаных такім чынам грошай".
"Каго вы ўводзіце ў зман, я не разумею?! У мяне дастаткова людзей, якія прааналізуюць і заўтра даложаць. Аднаго Рудага (памочнік Прэзідэнта Кірыл Руды) дастаткова, які праедзе па прадпрыемствах, запатрабуе як памочнік Прэзідэнта справаздачу, праверыць і даложыць мне, што адбываецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я вам адпаведныя дакументы сёння накірую, і вы пачытаеце і паглядзіце, што робяць члены Урада і кіраўнікі прадпрыемстваў. Узяліся прадаваць - прадавайце. Графік вы самі абазначылі. Стэнаграма выпісана, з яе мы атрымаем вашы, Сямашка (Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка), і міністраў абавязацельствы, вам дадзім паслухаць, а потым спытаем", - адзначыў беларускі лідар.
"Галоўнае - гэта грошы ў краіну, а не тавар за мяжу выкінулі і паставілі недзе там пад плотам. Куды хочаце вязіце, але грошы ў краіну павінны паступіць. І раю вам звярнуць увагу на якасць работы нашых прадпрыемстваў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі Урада і Нацыянальнага банка далажылі Прэзідэнту аб асноўных падыходах у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця на канец гэтага і 2014 год. У іх аснове ляжыць збалансаванае развіццё, мэтазгоднае крэдытаванне эканомікі і якасны рост. Прэзідэнт падтрымаў такія падыходы і адзначыў, што адказнасць за вынікі ажыццяўлення гэтай праграмы ляжыць на Урадзе і Нацыянальным банку.
Кіраўніку дзяржавы таксама былі даложаны чаканыя вынікі выканання бюджэту 2013 года і падыходы па фарміраванню бюджэту наступнага года. Як было адзначана, за кошт пагаршэння знешняй кан'юнктуры рынку адбываецца істотнае недапаступленне даходаў у рэспубліканскі бюджэт. Таму Урад скарэкціраваў бюджэтную палітыку да канца бягучага года і прапанаваў увесці шэраг абмежаванняў па фінансаванню расходаў. Аднак гэтыя абмежаванні не закрануць першачарговых плацяжоў, звязаных з падтрыманнем жыццёвага ўзроўню насельніцтва, з функцыянаваннем самой бюджэтнай сферы.
Строгія падыходы, якія былі прапанаваны ў рамках бюджэтнай карэкціроўкі, падтрыманы Кіраўніком дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць паўсюднай эканоміі, большай эфектыўнасці і аддачы ад бюджэтных сродкаў. Праект бюджэту наступнага года будзе ў бліжэйшы час унесены на разгляд Прэзідэнта.