Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Рауля Кастра
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Старшыню Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Рауля Кастра і кубінскі народ з 20-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кубай.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за гэты перыяд сумеснымі намаганнямі краіны дасягнулі высокага ўзроўню палітычнага ўзаемаразумення і даверу.
"Беларуска-кубінскае супрацоўніцтва грунтуецца на трывалым фундаменце традыцыйнай дружбы і павагі, а таксама на адзінстве поглядаў і адносін да сваёй нацыянальнай годнасці, незалежнасці, сацыяльнай справядлівасці і роўнасці", - гаворыцца ў віншаванні.
"Перакананы, што стратэгічнае партнёрства паміж Беларуссю і Кубай будзе і ў далейшым дынамічна развівацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.