Аляксандр Лукашэнка павіншаваў членаў аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд" з 25-годдзем з дня заснавання

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў членаў рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі дзіцячы фонд" з 25-годдзем з дня яго заснавання.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады існавання Беларускі дзіцячы фонд стаў аўтарытэтнай арганізацыяй, якая аб'ядноўвае ў сваіх радах тысячы аднадумцаў – сумленных, неабыякавых і чулых людзей. "Уся дзейнасць фонду накіравана на ўвасабленне ў жыццё ідэалаў мацярынства і дзяцінства, выхаванне падрастаючага пакалення ў духу вечных духоўных і маральных традыцый, – гаворыцца ў віншаванні. – Мы высока цэнім высакародную місію фонду па абароне сірот і інвалідаў, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, аказанню дапамогі шматдзетным і маламаёмным сем'ям".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што і ў далейшым Беларускі дзіцячы фонд будзе адным з асноўных партнёраў дзяржавы ў вырашэнні актуальных сацыяльных праблем, рэалізацыі самага галоўнага права кожнага дзіцяці – права на шчаслівае дзяцінства.