Аляксандр Лукашэнка павіншаваў біятланістку Дар'ю Домрачаву з перамогай у гонцы праследавання на Алімпійскіх гульнях

  • 12

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 лютага разам з іншымі беларускімі балельшчыкамі ў Сочы павіншаваў біятланістку Дар'ю Домрачаву з бліскучай перамогай у гонцы праследавання на Алімпійскіх гульнях.

Аляксандр Лукашэнка быў адным з першых, хто павіншаваў Дар'ю Домрачаву з перамогай. У доме Кіраўніка дзяржавы сабраліся балельшчыкі, члены беларускай каманды, куды ў хуткім часе прыбыла і галоўная віноўніца ўрачыстасці. Малодшы сын Прэзідэнта Мікалай падарыў спартсменцы букет кветак. А пасля Дар'ю падхапілі на рукі і доўга качалі, падкідваючы ў паветра.

Святкаванне і віншаванні прадоўжыліся позна ноччу за сумесным чаяпіццем. Вядома, гучалі і тосты, і пажаданні будучых перамог, Алімпіяда ж яшчэ ў самым разгары, і Дар'ю чакае яшчэ не адзін адказны старт.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад выступлення Дар'і Домрачавай і яе саперніц, расказаў, што ўважліва сочыць за спартыўнымі баталіямі ў Сочы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такія спартыўныя перамогі часам лепш за ўсялякую дыпламатыю садзейнічаюць фарміраванню іміджу краіны і росту яе пазнавальнасці ў свеце.

У сваю чаргу Дар'я Домрачава адзначыла намаганні ўсёй каманды ў дасягненні такога высокага рэзультату. Паводле яе слоў, для перамогі ў гэты дзень "сышліся ўсе зоркі". Алімпійская чэмпіёнка таксама расказала, што перад пачаткам Алімпіяды спецыяльна вырашыла паберагчы сябе, а таму адмовілася несці на цырымоніі адкрыцця Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. "Каб захаваць форму, не захварэць. У мяне думка была: я не панясу гэты сцяг на адкрыцці, лепш я фінішую з беларускім сцягам", - адзначыла спартсменка.

"Значыць, панясеш на закрыцці!" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Гэта твая Алімпіяда", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Дар'і. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што і іншыя беларускія спартсмены, у тым ліку члены нацыянальнай каманды па біятлоне, здольны заваяваць алімпійскія медалі.