Аляксандр Лукашэнка патрабуе актывізаваць работу па барацьбе з карупцыяй

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе актывізаваць работу па барацьбе з карупцыяй. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 1 жніўня перад праваахоўнымі і кантралюючымі органамі на нарадзе па пытанню эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асаблівую значнасць пытанняў эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. "З майго пункту гледжання, гэта важнейшыя пагрозы для нашай дзяржавы. Нічога больш страшнага для нас сёння няма яшчэ і таму, што з іншымі пагрозамі мы спраўляемся, і, можна сказаць, паспяхова", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што ў выніку выпрацоўкі сістэмы мер па выкараненню проціпраўных з'яў ва ўсіх формах і праявах, аналізу дзейнасці адпаведных дзяржаўных структур па гэтых напрамках у краіне дабіліся пэўных станоўчых зрухаў.

    На працягу трох апошніх гадоў колькасць карупцыйных і эканамічных злачынстваў у краіне скарачаецца. Як да нас ні ставіліся б у Заходняй Еўропе, Амерыцы, іншых краінах, усе адназначна прызнаюць, што ў Беларусі ўлада стараецца паставіць заслон любым карупцыйным злачынствам. Недатыкальных у краіне няма. Гэта ацэнкі з боку расіян, украінцаў, палякаў, іншых, не толькі суседзяў нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

    Палепшыўся і міжнародны імідж Беларусі па гэтых пазіцыях. "Гэта ў цэлым пацвярджае дзейснасць прымаемых на дзяржаўным узроўні мер, асабліва прафілактычных. Тым не менш актуальнасць антыкарупцыйнай тэмы не зніжаецца. Яна патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнай работы як правахоўных органаў, так і ўсяго грамадства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт прызнаў, што яшчэ не ўсё неабходнае зроблена для прадухілення карупцыі і правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Паводле яго слоў, у краіне дзейнічае антыкарупцыйнае заканадаўства, якое адпавядае міжнародным стандартам, і на сёння няма неабходнасці яго рэфармаваць.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дзяржава мае права чакаць большага эфекту ад работы службаў і падраздзяленняў, якія павінны спыняць карупцыйныя праявы і эканамічныя злачынствы, паколькі затрачвае значныя сродкі на ўтрыманне гэтых структур.

    "Работа ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў іншым часам мае бессістэмны характар і абмяжоўваецца выяўленнем малазначных злачынстваў. Пасіўнасць праяўляюць і мясцовыя органы ўлады", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "Відавочна, што асноўнымі прычынамі такой сітуацыі сталі самазаспакоенасць і інертнасць шэрага начальнікаў падраздзяленняў праваахоўных і кантралюючых органаў, - заявіў Прэзідэнт. - Вінаваты не стрэлачнікі, а тыя, хто сядзіць за гэтым сталом. Калі ў вас няма ўнутранай перакананасці, што гэта страшная зараза для дзяржавы і яе трэба неадкладна выкараняць па ўсіх напрамках, мы ніколі карупцыю не пераможам".

    "Хачу, каб вы зразумелі: я не пабаюся любога рашучага кроку і дзеяння, у тым ліку калі гэта будзе датычыцца самых высокіх службовых асоб", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, папярэдзіўшы ўсіх прысутных на нарадзе кіраўнікоў ведамстваў аб персанальнай адказнасці за стан спраў у сферы спынення карупцыі і эканамічных злачынстваў. "Падкрэсліваю: не павінна быць ніякай кампанейшчыны. Патрэбна пастаянная, мэтанакіраваная, штодзённая работа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што наспела неабходнасць неадкладна пачаць працаваць над шэрагам праблем у пытанні барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

    Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад Генеральнай пракуратуры, каб яна на справе стала каардынатарам работы ўсіх праваахоўных ведамстваў у пытаннях барацьбы са злачыннасцю і процідзеяння карупцыі. "Час цокаць абцасамі скончыўся. Патрэбна рашучая барацьба з гэтым злом, - сказаў Прэзідэнт. - Пакуль я ад Генпракуратуры гэтага не бачу".

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што роля абласных і асабліва раённых пракурораў сёння зведзена часта да выяўлення толькі малазначных недахопаў у дзейнасці тых або іншых службаў і ўнясенню фармальных прадстаўленняў. "Больш таго, я заўважаю, што ў нас ўтвараецца маленькая кругавая парука на ўзроўні раёнаў, гарадоў, абласцей. Яны пачынаюць жыць па сваіх законах, а вы, напэўна, думаеце пачынаць таксама жыць па сваіх законах у цэнтры. Можаце кіраваць - кіруйце ўсёй сістэмай, не - значыць, будзем думаць: або новых людзей прыцягваць, або сістэму змяняць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "У выніку міліцыя, падатковыя органы, мясцовая ўлада варацца ў сваім саку, вырашаючы толькі вузкаведамасныя задачы, а ў арганізацыях і ўстановах гадамі захоўваецца абстаноўка, спрыяльная для ўчынення правапарушэнняў", - адзначыў Прэзідэнт.

    "Рэальная барацьба з найбольш цяжкімі формамі карупцыі і эканамічных злачынстваў, якія наносяць значны матэрыяльны ўрон, а таксама шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, не павінна падмяняцца пагоняй за колькаснымі паказчыкамі па выяўленню і спыненню менш небяспечных парушэнняў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што сярод праваахоўных органаў адсутнічае належнае ўзаемадзеянне па многіх пытаннях. "Насцярожвае і тое, што пракурорамі не прынята рэальных мер па ўстараненню існуючых фактаў неканструктыўнай сумеснай работы аператыўных службаў і следчых падраздзяленняў у пытаннях ацэнкі сабраных доказаў па эканамічных злачынствах. Менавіта гэта часам служыць прычынай несвоечасовага ўзбуджэння або неабгрунтаванага спынення крымінальных спраў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    "А з боку пракуратуры эфектыўная каардынацыя сумеснай работы падмяняецца паператворчасцю і абмеркаваннем статыстычных даных. "Вы мне абяцалі палажыць канец гэтай пісаніне і паператворчасці", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не можа быць станоўча ацэнена работа па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў.
    "Маючы самы вялікі патэнцыял і неабходныя магчымасці, ведамства заняло незразумелую пазіцыю чакання", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на неапраўдана зацягнуты працэс рэарганізацыі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. "Нягледзячы на тое, што процідзеянне карупцыі вызначана ў якасці асноўнай задачы для названага падраздзялення і на гэту задачу асаблівы ўпор рабіўся ў ходзе нарады па рэфармаванню органаў унутраных спраў, ніякіх рашэнняў па яе выканню пакуль не прынята, прынамсі, у поўным аб'ёме, - канстатаваў Прэзідэнт. - Больш таго, апошнім часам я атрымліваю ўсё больш інфармацыі ад Міністра па асобных карупцыйных праявах. Але яна проста мізэрная ў параўнанні з той інфармацыяй, якую я маю ад іншых структур. Гэта выяўленыя вамі дробныя факты карупцыі і эканамічных злачынстваў".

    На думку кіраўніка дзяржавы, страціла сваю арганізуючую ролю і галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Нягледзячы на складаную абстаноўку ў гэтай сферы, колькасць выяўленых эканамічных злачынстваў органамі ўнутраных спраў знізілася за тры гады практычна на трэць. "Нізкія вынікі работы на фоне самага вялікага некамплекту ў аператыўных падраздзяленнях, які дасягае амаль 15 працэнтаў, нездаровы маральна-псіхалагічны клімат у калектыве сведчаць, што дзейнасць гэтага падраздзялення выпала з поля зроку як Міністра, так і начальнікаў абласных упраўленняў. І начальнікаў зверху, якія павінны кантраляваць гэтыя працэсы, я маю на ўвазе кіраўнікоў Дзяржсакратарыята і Генпракуратуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    "Уважліва разбярыцеся ў гэтай сітуацыі і неадкладна прыміце дзейсныя меры па яе выпраўленню, калі неабходна, то і кадравыя. Вядучая служба Міністэрства не павінна адседжвацца ў цяні" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Ігара Шуневіча.

    Прэзідэнт не бачыць пакуль належнай аддачы і ад дзейнасці фінансавай міліцыі, дэпартамента фінансавага маніторынгу КДК.

    "Пра якую эфектыўнасць можа ісці гаворка, калі, напрыклад, не прымаюцца неабходныя меры па вяртанню з-за мяжы валютных сродкаў, а гэта не адзін дзясятак мільярдаў рублёў, выведзеных з гаспадарчага абароту краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні Камітэта дзяржкантролю прапрацаваць пытанні ўмацавання аналітычнага ўпраўлення дэпартамента фінансавага маніторынгу. "Гэта падраздзяленне ўжо даказала сваю эфектыўнасць, але на сённяшні дзень яно практычна завалена толькі выкананнем запытаў. А дзе прагнозны складальнік яго работы, які так неабходны для праваахоўных органаў?", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не павінны заставацца ўбаку ад гэтай работы і органы дзяржаўнай бяспекі. На яго думку, з улікам спецыфікі іх дзейнасці трэба сканцэнтраваць намаганні на павышэнні якасці маніторынгу аператыўнай абстаноўкі і своечасовага выяўлення рызык, выклікаў і пагроз у сферы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

    Прэзідэнт лічыць недастатковымі меры процідзеяння лжэпрадпрымальніцтву.
    "Неабходна прызнаць, што меры, прымаемыя ўсімі праваахоўнымі і кантралюючымі органамі краіны, не даюць магчымасці ў поўным аб'ёме спыніць ілжэпрадпрымальніцтва і, галоўнае, ліквідаваць яго як высокадаходны від крымінальнага бізнесу. Гэта трэба зрабіць неадкладна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аналіз выяўленых парушэнняў сведчыць аб тым, што аснову большасці злачынных замахаў у сферы падаткаабкладання складаюць здзелкі, праведзеныя з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Паводле слоў Прэзідэнта, нанесены імі дзяржаве ўрон штогод узрастае, а колькасць расследаваных спраў няўхільна зніжаецца. З-за такой непаваротлівасці кантралюючых органаў эканоміка толькі за мінулы год страціла больш за Br700 млрд.

    "Праваахоўныя і кантрольныя органы фактычна "б'юць па хвастах", выяўляючы такія структуры іншым разам на заключнай стадыі іх злачыннай дзейнасці, калі асноўная маса фіктыўных здзелак ужо завершана і грашовыя сродкі выведзены з безнаяўнага абароту", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў, што органамі фінансавых расследаванняў даецца прававая ацэнка толькі дзеянням заснавальнікаў або дырэктараў гэтых ілжэструктур. "Але ні перад пракуратурай, ні перад органамі ўнутраных спраў не ініцыіруюцца пытанні дачы прававой ацэнкі чыноўнікам, якія зарэгістравалі відавочна падстаўную фірму. Не ўстанаўліваюцца рэальныя асобы, якія стаялі за стварэннем названых структур і тыя, хто імі на самай справе кіруе. Фактычна да адказнасці прыцягваюцца так званыя стрэлачнікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт даручыў КДК, Генпракуратуры, Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў прапрацаваць усе пытанні прававога рэгулявання процідзеяння ўхіленню ад выплаты даўгоў шляхам несапраўднага банкруцтва.

    Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, памер пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці па краіне ў даўжнікоў, якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва, пастаянна расце і ў бягучым годзе склаў больш за Br18 трлн. "Наогул з банкруцтвам трэба разабрацца і вельмі акуратна да гэтага падыходзіць, - сказаў Прэзідэнт. - Недапушчальна, што ніводнаму кантралюючаму органу ў краіне не пастаўлена ў абавязкі правядзенне праверак для ўстанаўлення беспадстаўнасці або наўмыснага банкруцтва, а таксама ўтойвання банкруцтва і стварэння перашкод пры пакрыцці страт крэдытору".

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дзяржаўнымі структурамі, упаўнаважанымi ажыццяўляць дазнанне па фактах крымінальнага банкруцтва, з'яўляюцца органы ўнутраных спраў і ДФР. Разам з тым, на думку Прэзідэнта, выяўляць такія злачынствы мэтазгодна комплексна: як шляхам аператыўна-вышуковых і праверачных мерапрыемстваў, так і даследаваннем фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

    Прэзідэнт патрабуе ад Урада, Міністэрства па падатках і зборах прыняць дадатковыя меры па навядзенню належнага парадку ў рознічым тавараабароце. "Падключыце да гэтага Міністэрства гандлю, вярніце яго да рэальнага жыцця і прывядзіце да прытомнасці", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, нягледзячы на павелічэнне колькасці аб'ектаў, якія выкарыстоўваюць для разлікаў касавае абсталяванне, радыкальнага вывядзення выручкі з ценявога абароту дасягнуць не ўдалося. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што тэхналогія, якая прымяняецца цяпер у касавым абсталяванні, недасканалая. Кожны год павялічваецца колькасць выяўленых правапарушэнняў. У той жа час, паводле ацэнак спецыялістаў, забеспячэнне за кошт укаранення сістэмы кантролю нават пяціпрацэнтнага павышэння рознічнага тавараабароту дасць магчымасць павялічыць штогадовыя добраахвотныя падатковыя паступленні ў бюджэт.

    "Трэба забяспечыць безумоўнае выкананне падатковых абавязацельстваў усімі суб'ектамі гаспадарання, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Акрамя таго, сумесна з зацікаўленымі рэалізаваць комплекс мер, у тым ліку эканамічнага характару, накіраваных на прадухіленне незаконнага перамяшчэння тавараў праз дзяржаўную граніцу".

    "З поля зроку праваахоўных і кантралюючых органаў не павінны выпадаць ніводнае ведамства, ніводная сфера дзейнасці, і перш за ўсё закранаючыя стратэгічныя інтарэсы дзяржавы і маючыя найбольшую зацікаўленасць грамадзян", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу Савета Міністраў, Камітэта дзяржкантролю на неабходнасць прадаўжэння работы па ўдасканаленню кантрольна-рэвізійных службаў. "На сённяшні дзень у краіне няма кантрлюючага органа, у абавязкі якога ўваходзіць правядзенне праверак у арганізацыях, якія не маюць ведамаснага кантролю, па ўсіх магчымых напрамках дзейнасці. Гэта пытанне падлягае дадатковай прапрацоўцы, але нагадваю аб недапушчальнасці раздування толькі што прыведзенага ў аптымальную структурную будову дзяржаўнага апарату. Колькасць чыноўнікаў узрасці не павінна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    "І пытанне тут не ў колькасці, а ў якасці. У нас людзі разумныя, асабліва прадпрымальнікі. Калі б мы эфектыўна пацягнулі ў розных пунктах па адным, па два, па тры такія парушальнікі па канкрэтных напрамках, яны зразумелі б, што ад іх патрабуецца. Але калі няма такой сістэмнай барацьбы, а мы цягнем там, дзе нешта прарвала, яно так і атрымліваецца", - сказаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу яшчэ на адзін момант. "Пастаянна гучаць словы аб праве на памылку. Але памылка ад памылкі адрозніваецца. Галоўнае, каб яны не ператварыліся ў сістэму і каб грошы не перацякалі з дзяржаўнай у асабістую кішэню. Памылкі павінны выпраўляцца, а злачынцы прыцягвацца да адказнасці. І гэту грань паміж памылкай і злачынствам праваахоўныя органы павінны вызначаць дакладна".

    "Ні адзін невінаваты не павінен быць прыцягнуты да адказнасці. Не павінна быць і выбарачнага, як у нас часта бывае, прыцягнення да адказнасці за эканамічныя злачынствы і карупцыю. Маўляў, гэта свае знаёмыя, нават калі і парушылі нешта - нічога, закрыем вочы, папярэдзіўшы ціхенька ў лазні, на пікніку, на паляванні, на рыбалцы. А гэтых вось або не ведаем, або занадта ўпартыя, давайце адкруцім галаву. Хачу сказаць наступнае: пры такой спробе галовы будуць адкручаны тым, хто гэтым займаецца. У аснове павінна быць выключная справядлівасць! Вінаваты - адказвай, хто б ты там ні быў!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Звяртаючыся да Генеральнага пракурора і Старшыні Следчага камітэта, Прэзідэнт адзначыў, што яны нясуць персанальную адказнасць за выкананне законнасці пры расследаванні крымінальных спраў, асабліва па эканамічных злачынствах. "Той, хто ўчыніў злачынства, абавязаны кампенсаваць прычыненую шкоду ў поўным аб'ёме і панесці заслужанае пакаранне. Гэта пытанне павінна быць пад пастаянным вашым кантролем. Трохкратны, пяцікратны плацеж за выяўленыя ўкрадзеныя ў дзяржавы і грамадства грошы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Яшчэ раз падкрэсліваю: без эфектыўна працуючай эканомікі, без кампетэнтнага дзяржаўнага апарату, не заражанага вірусам карупцыі, нам не вырашыць маштабных задач па мадэрнізацыі і дынамічнаму развіццю нашай краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аб эфектыўнасці прымаемых мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі на нарадзе далажыў Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк. Ён канстатаваў, што ў рабоце па барацьбе з гэтымі відамі злачынстваў ёсць шэраг праблем. Разам з тым генпракурор адзначыў, што барацьбой з карупцыяй на пастаяннай аснове павінны таксама займацца кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. "Мы пакуль не можам наладзіць сістэму патрабавання з чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый за гэту барацьбу, якую яны таксама абавязаны весці. Мы пакуль за гэта як мае быць не ўзяліся. Яны яе практычна не вядуць. А іншым разам не толькі не вядуць, але і патураюць", - заявіў Аляксандр Канюк.

    Сярод найбольш неабароненых ад карупцыі сфер Генпракурор назваў сельскую гаспадарку, ЖКГ, адукацыю, сферу закупак.

    Міністр унутраных спраў прызнаў недастатковую эфектыўнасць работы галоўнага ўпраўлення МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Тут вызначаны вузкія месцы, і існуючыя праблемы будуць улічаны пры далейшым планаванні дзейнасці.

    Што датычыцца кадравай сітуацыі ў падраздзяленнях, якія займаюцца барацьбой з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, то тут таксама ёсць шэраг недахопаў. "У частцы недакамплекту МУС і гэтых падраздзяленняў мы, безумоўна, не адмаўляем гэты факт. Мы працуем над прэстыжам органаў унутраных спраў, над прэстыжам крымінальнай міліцыі і, думаю, з гэтай праблемай таксама з часам справімся", - сказаў Ігар Шуневіч.

    Міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян далажыў Кіраўніку дзяржавы, што аб'ём ценявой эканомікі ў Беларусі ацэньваецца ў 8-10 працэнтаў ад ВУП. "Ад гэтых працэнтаў мы павінны максімальна забраць тую частку, якая належыць бюджэту, каб грошы працавалі для ўсяго грамадства", - сказаў Міністр.

    Разам з тым Уладзімір Палуян удакладніў, што ў гэтыя 8-10 працэнтаў уключаны таксама даходы ад прысядзібных гаспадарак грамадзян, рэалізацыі асабістай маёмасці. "Таму, зразумела, тут не трэба гаварыць аб тым, што гэта занадта вялікая сума для нашай краіны. Яна значна меншая, калі адкінуць гэтыя даходы", - адзначыў ён.

    Паводле слоў Міністра, падатковая служба ў першую чаргу звяртае ўвагу на тыя галіны і сферы, дзе існуе найбольшая магчымасць ухілення ад выплаты падаткаў. "Больш за ўсё нас сёння цікавіць і тая сфера, дзе ствараюцца так званыя аднаразовыя фірмы, лжэпрадпрымальніцкія структуры. Яны карыстаюцца палажэннямі Указа нумар 510, які рэгулюе кантрольную дзейнасць у краіне, згодна з якім падатковыя службы не могуць прыходзіць з праверкай на працягу двух гадоў з моманту стварэння. Праз гэтыя структуры пракручваюць пэўныя сумы грошай, у бюджэт не плацяць, і грошы знікаюць", - сказаў Уладзімір Палуян. Ён звярнуўся з просьбай, каб па асобных катэгорыях плацельшчыкаў, якія схільны да асаблівай рызыкі ўхілення ад падаткаў, была магчымасць праводзіць неабходныя праверачныя мерапрыемствы.

    Міністр адзначыў, што ёсць і іншыя схемы ўхілення ад падаткаабкладання, якія сёння хвалююць беларускіх падаткавікоў. "Асобныя інвестары прыходзяць, будуюць у нас добрыя заводы, прадпрыемствы, але, карыстаючыся сваімі замежнымі заснавальнікамі, мінімізуюць настолькі падатак на прыбытак, што ён практычна заўсёды зводзіцца да нуля. Работу ў гэтым напрамку мы пачалі ўжо і будзем ажыццяўляць яе ў бліжэйшы час", - дадаў Уладзімір Палуян.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўнай сістэмы актывізацыі дзейнасці ў барацьбе з негатыўнымі з'явамі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. "Усе ведамствы павінны забяспечыць правядзенне пастаяннага маніторынгу сітуацыі і аператыўную карэкціроўку мерапрыемстваў. Прытым не абмяжоўвацца толькі бягучым годам, а прадоўжыць пошук аптымальных шляхоў вырашэння праблем на больш працяглую перспектыву", - даручыў Прэзідэнт.

    Ён лічыць, што толькі такі падыход забяспечыць максімальна эфектыўнае вырашэнне пастаўленых задач.

    Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Дзяржсакратара Савета бяспекі рэгулярнага даклада аб эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

    "З першага чысла гэтага месяца і штомесяц мне дакладваць аб эфектыўнасці барацьбы адпаведных структур з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - У мяне кожны месяц, а можа быць, квартал павінна ляжаць на стале канкрэтная справаздача ў параўнанні, хто, як і з кім змагаўся, якія вынікі".