Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб змяненні законаў у сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб змяненні законаў", распрацаваны для рэалізацыі Указа ад 21 сакавіка 2018 года № 112 "Аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі".

    Дакумент прадугледжвае, у прыватнасці, увядзенне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання за малазначныя парушэнні ў сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання з адначасовым узмацненнем мер адказнасці за найбольш грубыя правапарушэнні (аж да пазбаўлення спецыяльнага права) і канкрэтызацыяй адпаведных адміністрацыйных складоў.

    Законам удасканалены з улікам правапрамяняльнай практыкі парадак выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення спецыяльнага права за парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання ў частцы, якая датычыцца анулявання і паўторнага атрымання дазволу на грамадзянскую зброю.

    Фізічныя асобы надзяляюцца правам рэалізацыі існуючай у іх на законных падставах зброі, яе бязвыплатнай перадачы арганізацыям, якія маюць права на абарот зброі (напрыклад, воінскім фарміраванням, арганізацыям фізічнай культуры і спорту), з паведамленнем у органы ўнутраных спраў.

    У мэтах комплекснай карэкціроўкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у гэты Закон уключаны нормы, якія прадугледжваюць удасканаленне мер адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нацызму.