Аляксандр Лукашэнка падпісаў пакет дакументаў па ўдасканаленню дзейнасці судоў і органаў юстыцыі
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 лістапада падпісаў пакет дакументаў па ўдасканаленню дзейнасці судоў і органаў юстыцыі. Гэта Дэкрэт № 6 "Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь", Указ № 529 "Аб некаторых пытаннях дзейнасці судоў Рэспублікі Беларусь" і Указ № 530 "Аб некаторых пытаннях удасканалення арганізацыі выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў".
У адпаведнасці з падпісанымі актамі Кіраўніка дзяржавы з 1 студзеня 2014 года агульныя і гаспадарчыя суды рэспублікі аб'ядноўваюцца ў адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. Узначаліць гэту сістэму адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах - Вярхоўны Суд. Пры гэтым гаспадарчыя суды абласцей і Мінска будуць перайменаваны ў эканамічныя і прадоўжаць сваё функцыянаванне як суды адпаведнай спецыялізацыі.
У сувязі з аб'яднаннем Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў прадугледжваецца стварэнне агульных органаў судзейскай супольнасці, а таксама надзяленне Вярхоўнага Суда, яго Пленума і Прэзідыума паўнамоцтвамі, аднесенымі цяпер да кампетэнцыі Вышэйшага Гаспадарчага Суда і яго адпаведных органаў.
Пры гэтым да Вярхоўнага Суда пераходзяць усе функцыі па арганізацыйнаму, матэрыяльна-тэхнічнаму і кадраваму забеспячэнню дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі.
Аб'яднанне Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда дасць магчымасць устараніць цяжкасці ў вызначэнні падведамнасці судовых спраў, забяспечыць адзінства судовай практыкі прымянення заканадаўства і тлумачэння норм матэрыяльнага права, стварыць эфектыўную і зразумелую сістэму спецыялізаваных судоў, узначаленую адзіным вышэйшым судовым органам, а ў далейшым і ўніфікаваць працэсуальнае заканадаўства.
Наступным этапам рэфармавання судовай сістэмы з'яўляецца скасаванне з 1 ліпеня 2014 года Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда і ваенных судоў, іх кваліфікацыйнай калегіі і канферэнцый.
Усе паўнамоцтвы Беларускага ваеннага суда і мiжгарнiзонных ваенных судоў пяройдуць да абласных (Мінскага гарадскога) і раённых (гарадскіх) судоў агульнай юрысдыкцыі.
Названыя пераўтварэнні даюць магчымасць устанавіць адзіныя падыходы да падсуднасці спраў адносна грамадзянскіх асоб і ваеннаслужачых, выключыць выпадкі магчымага ведамаснага ўплыву, забяспечыць незалежнасць і непрадузятасць суддзяў пры прыняцці рашэнняў.
Правядзенне судовай рэформы абумоўлівае неабходнасць аб'яднання судовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў у адзіную службу.
З улікам спецыфікі дзейнасці судовых выканаўцаў, звязанай з выкананнем як судовых пастаноў, так і іншых выканаўчых дакументаў іншых дзяржаўных органаў, прадугледжваецца ўтварэнне сістэмы органаў прымусовага выканання, падпарадкаванай органам выканаўчай улады.
У сувязі з гэтым з 1 студзеня 2014 года функцыі па забеспячэнню прымусовага выканання будуць ускладзены на Міністэрства юстыцыі і галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў (Мінскага гарвыканкама), у структурах якіх будуць створаны адпаведныя падраздзяленні.
Агульную каардынацыю работы гэтай сістэмы будзе ажыццяўляць Міністэрства юстыцыі. Забеспячэннем дзейнасці тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання - абласных упраўленняў прымусовага выканання і раённых аддзелаў прымусовага выканання будуць займацца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Такая мадэль пабудовы органаў прымусовага выканання дасць магчымасць забяспечыць працэсуальны парадак абскарджання пастаноў, дзеянняў (бяздзейнасці) судовых выканаўцаў ніжэйстаячых органаў вышэйшаму органу прымусовага выканання (службовай асобе), а потым у судовым парадку.
Названыя пераўтварэнні не патрабуюць дадатковых расходаў бюджэтных сродкаў і павелічэння штатнай колькасці суддзяў і работнікаў апаратаў судоў, Міністэрства юстыцыі і галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў (Мінскага гарвыканкама).