Аляксандр Лукашэнка наведаў транспартна-лагістычны цэнтр "Мінск-Белмытнясэрвіс-2" 

  • 5

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у поўным аб'ёме выканаць праграму па развіццю лагістычнай сістэмы Беларусі на перыяд да 2015 года. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 15 лістапада ў час наведвання ў Мінскім раёне транспартна-лагістычнага цэнтра "Мінск-Белмытнясэрвіс-2".

"Мы прынялі праграму, абазначылі ў ёй колькасць аб'ектаў, якія павінны пабудаваць. Але гэта праграма не рэалізавана, ёсць адставанні, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Павінен сказаць, будзе тое, што і з дрэваапрацоўкай. Я вам проста адкручу галовы, пад паху пакладу, і вы, калі зможаце, пойдзеце. Я вам не дарую. Гэта шалёныя грошы. Не хочам узяць добрыя грошы - за гэта даравання не будзе нікому".

"Калі мы прымалі гэту праграму, не ўсё ведалі, не было вопыту. Але цяпер уключыліся, убачылі, што нам трэба. Цяпер трэба неадкладна да канца года адкарэкціраваць праграму і дапоўніць яе, калі трэба, - сказаў беларускі лідар. - Калі не трэба, вызначце, хто будзе адказваць за гэта, што нам трэба, у якія тэрміны, - і неадкладна прыцягнуць інвестараў. Не - значыць, самі будзем рабіць. Гэта невялікія грошы, а акупнасць цудоўная. Нам трэба ўзяць гэтыя грошы, якія сёння ідуць праз Беларусь у іншыя краіны".

Аб рэалізацыі праграмы і іншых планаў па развіццю лагістычнай сістэмы Беларусі Прэзідэнту далажыў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. У адпаведнасці з праграмай, у рэспубліцы вызначаны 36 участкаў, на базе якіх будуць арганізаваны лагістычныя цэнтры. Штосьці ўжо зроблена, штосьці знаходзіцца на стадыі рэалізацыі, а па асобных праектах пакуль не ўдаецца знайсці інвестара. Разам з тым віцэ-прэм'ер запэўніў, што рэалізацыя ўсёй праграмы будзе забяспечана.

Гендырэктар РУП "Белмытнясэрвіс" Юрый Кароль адзначыў, што інвестары павінны за сабой прыводзіць і таварапаток, і спецыялістаў, паколькі ў лагістыцы менавіта чалавечы патэнцыял з'яўляецца асноўным капіталам.

Размова таксама зайшла аб магчымасцях удзелу прыватнага бізнесу ў будаўніцтве лагістычных цэнтраў, і прыклады такога супрацоўніцтва ўжо ёсць. Аднак ніводны з гэтых аб'ектаў не адпавядае самаму высокаму патрэбнаму ўзроўню, а таму вельмі важна захаваць долю і ўплыў дзяржаўных арганізацый у гэтым сектары. "Ніякія прыватнікі ініцыятыўным чынам не заменяць гэта, калі мы не зробім", - адзначыў Прэзідэнт.

Транспартна-лагістычны цэнтр, які наведаў Кіраўнік дзяржавы, належыць да самага высокага класа "А". Як адзначыў Юрый Кароль, па колькасці такіх цэнтраў Беларусь пакуль адстае ад іншых краін, і неабходна прадаўжаць іх будаўніцтва. "Мы ўжо адчуваем на сабе жорсткую канкурэнцыю, - сказаў ён. - Трэба дэмпінгаваць з цэнамі, павышаць якасць паслуг, укараняць ІТ-тэхналогіі, выходзіць больш агрэсіўна на знешнія рынкі, рэгістраваць прадстаўніцтвы сваіх прадпрыемстваў за мяжой, выходзіць непасрэдна на спажыўца і перацягваць не толькі тавар, але і фінансавыя патокі".

Паводле слоў гендырэктара, у лагістыцы неабходна наблізіць заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў. Гэта датычыцца як падатковага заканадаўства, так і бухгалтарскага ўліку, банкаўскай сферы і іншых бюракратычных працэдур. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адрасаваў папрок КДК і ўраду, што адпаведныя меры да гэтага часу не прыняты.

Старшыня КДК Аляксандр Якабсон звярнуў увагу, што работу па развіццю лагістычнай сістэмы Беларусі неабходна, вобразна кажучы, прывесці да адной роўніцы, паколькі існуе некалькі розных праграм і праектаў, якія не спалучаюцца паміж сабой. "Ужо даходзіць да таго, што агароднінную базу называюць лагістычным цэнтрам", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да канца года ўнесці неабходныя карэкціроўкі, удасканаліўшы, дзе гэта неабходна, заканадаўства і падзаконныя акты, каб у поўнай меры забяспечыць рэалізацыю намечаных планаў.

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з работнікамі прадпрыемства, азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй работы цэнтра, аўтаматызаванай сістэмай кіравання складской лагістыкай, працэсам апрацоўкі кантэйнерных грузаў.

У цэлым у Беларусі прымаюцца меры па фарміраванню спрыяльных умоў для аказання лагістычных паслуг. У немалой ступені гэтаму садзейнічаў Указ Прэзідэнта ад 11 жніўня 2011 года № 358 "Аб стымуляванні рэалізацыі тавараў". Урадам таксама рэалізуюцца дадатковыя меры па спрашчэнню для лагістычных цэнтраў дакументаабароту і адміністрацыйных працэдур, у тым ліку ў рамках павышэння пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага банка па індэксу эфектыўнасці лагістыкі. Дзяржаўным мытным камітэтам прыняты адзіныя патрабаванні для адкрыцця ў лагістычных цэнтрах пунктаў мытнага афармлення, праведзена аптымізацыя часавай рэгламентацыі тэрмінаў правядзення мытных аперацый.

У Беларусі мытнае дэклараванне тавараў ажыццяўляецца ў асноўным з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій шляхам выкарыстання электронных копій мытных дэкларацый. Гэта дало магчымасць скараціць час афармлення экспартнай дэкларацыі з 1 гадзіны да 6 мінут, а імпартнай - з 8 гадзін да 1 гадзіны.

Кошт паслуг РУП "Белмытнясэрвіс" па апрацоўцы і афармленню грузаў складае не больш як 95 еўра. У той жа час кошт аналагічных паслуг у Расіі складае 770 еўра, а ў Казахстане - 435 еўра.

У час наведвання транспартна-лагістычнага цэнтра коратка была закранута і тэма функцыянавання магазінаў бяспошліннага гандлю. "Не трэба стрымліваць гэтыя магазіны. Але галоўнае - аддаць прыярытэт беларускім таварам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобныя даручэнні Прэзідэнта датычыліся навядзення парадку і фарміравання аблічча беларускай сталіцы і яе наваколля. "Трэба разумна падысці да таго, каб канчаткова сфарміраваць аблічча горада і тое, што вакол яго", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, адзначыў, што апошнім часам узрастае колькасць жадаючых атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва. "Трэба ўшчыльняцца, перш за ўсё ў горадзе. Але не за кошт таго, каб пасярэдзіне двара паставіць дзевяціпавярховы дом і раззлаваць людзей. У нас шмат кавалкаў зямлі ўнутры кальцавой дарогі, якія пустуюць", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў выкарыстоўваць землі, размешчаныя пад лініямі электраперадач. "Калі ёсць інвестар і яго задавольваюць гэтыя землі пад ЛЭП, няхай бярэ, пракладае кабель бліжэй да кальцавой дарогі, дзе ніколі не будзем будаваць, і ўключае гэту зямлю ў абарот", - прапанаваў Прэзідэнт.

Тое ж самае датычыцца выкарыстання іншых зямельных участкаў, дзе пасля навядзення парадку можна арганізаваць тое ці іншае будаўніцтва. "Хапае людзей, якія гатовы за кавалачак зямлі навесці там парадак", - упэўнены беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім нязменным патрабаванні, што землі сельгаспрызначэння не могуць быць задзейнічаны пад адпаведныя мэты: "Сельскагаспадарчыя землі - гэта практычна забарона. Лепш падрэзаць лес, чым займаць землі сельгаспрызначэння".

Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па навядзенню парадку ў цэлым як у горадзе, так і за яго межамі. Ён у тым ліку звярнуў увагу на неабходнасць будаўніцтва шматузроўневых стаянак паблізу кальцавой дарогі, стварэння аднастайнага аблічча на рынках і іншых гандлёвых пляцоўках, улічваць эстэтычныя моманты пры размяшчэнні рэкламы.