Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства СТАА "Армянскі стандарт"

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня ў час наведвання прадпрыемства СТАА "Армянскі стандарт" у Мінску ажыццявіў сімвалічны запуск першай у краіне лініі па разліву армянскага каньяку.

    Прэзідэнт у свой час, сустракаючыся з групай армянскіх прадпрымальнікаў, закрануў пытанне аб неабходнасці рэалізацыі некалькіх сумесных праектаў. Два гады таму ў Ерэване быў адкрыты Беларускі гандлёвы дом, а цяпер у беларускай сталіцы адкрылася вытворчасць па разліву армянскага каньяку. Абодва праекты паспяховыя, і гэта, на думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, сведчыць аб неабходнасці пашырэння інвестыцыйнай прысутнасці краін.

    Заснавальнікамі мінскага прадпрыемства выступаюць Ерэванскі каньячна-вінна-гарэлачны камбінат і рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Беларусьгандаль" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Доля армянскага боку ў статутным фондзе складае 69%, беларускага – 31%. Пад размяшчэнне новай вытворчасці была выканана рэканструкцыя будынка па завулку Веласіпедны, 6, пастаўлена лінія італьянскай фірмы, завезены 16 металічных эмаліраваных рэзервуараў для захоўвання каньяку. Вытворчыя магутнасці разлічаны на выпуск 200 тыс. дал за год. На прадпрыемстве ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, сістэма захоўвання, якая адпавядае ўсім стандартам, вядзецца строгі лабараторны кантроль. Сыравіна для вытворчасці паступае з Арменіі. Плануецца, што з новай лініі будзе ісці ў гандлёвую сетку трох- і пяцізоркавы каньяк.

    Паводле заключэння спецыялістаў, на сёння гэта лепшы каньяк у Беларусі.

    Звяртаючыся да сузаснавальніка прадпрыемства Гагіка Царукяна, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ты чалавек слова: сказаў - зрабіў. Важна, каб нашы чыноўнікі такім людзям заўсёды давалі зялёнае святло".

    Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналагічным працэсам і сістэмай кантролю якасці прадукцыі. "Армянскаму каньяку на Беларусі быць", - падагульніў Прэзідэнт. "Беларусы гэтага не забудуць. Гэта першая вытворчасць у нашай краіне армянскіх каньякоў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да Гагіка Царукяна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна развіваць, павялічваць вытворчасць у краіне і запрасіў бізнесмена больш актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі інвестпраектаў у Беларусі.