Аляксандр Лукашэнка наведаў Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці
Усяго за два дзесяцігодддзі - вельмі малы па мерках гісторыі час - адчуваючы часам неймаверны націск звонку, удалося стварыць, па сутнасці, новую еўрапейскую краіну - Беларусь. Гэты факт канстатаваў 22 чэрвеня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Гэты музей створаны як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і размешчаны ў будынку, што непасрэдна прылягае да Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Ён прызначаны стаць адным з цэнтраў па збору, вывучэнню, захаванню і прэзентацыі матэрыялаў па сучаснай гісторыі Беларусі. Лейтматыў музейнай экспазіцыі - дасягненні краіны за гады дзяржаўнай незалежнасці, міжнароднае прызнанне нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа і суверэнітэту беларускай дзяржавы.
Аналагаў такіх музеяў ва ўсходнееўрапейскіх краінах не існуе. Асаблівасць і ўнікальнасць экспазіцыі - шырокае выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій: сэнсарных кіёскаў, сістэмы "разумнага святла", электроннай кнігі водгукаў, планшэтаў для кіравання мультымедыя.
Экспазіцыя музея размешчана ў некалькіх залах і прысвечана перыяду сучаснай гісторыі Беларусі з 1994 года да нашых дзён. Вядучае месца ў паказе адведзена працэсам фарміравання прэзідэнцкай рэспублікі, канстытуцыйным рэформам, устанаўленню дзяржаўнай сімволікі, функцыянаванню органаў дзяржаўнага кіравання.
У музеі экспануюцца першыя ўказы Прэзідэнта, узоры дзяржаўных узнагарод, прызы буйнейшых тэатральных і музычных фестываляў, прадстаўлены экспанаты, што адлюстроўваюць дасягненні краіны ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, культуры, спорту. Значнае месца адведзена пытанням узаемадзеяння дзяржавы і царквы, этнаканфесіянальнай сферы.
Як расказалі Прэзідэнту, плануецца, што наведванне экспазіцый музея будзе адбывацца арганізаванымі групамі колькасцю 10-15 чалавек па папярэдняму запісу. Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што музей павінен быць максімальна адкрыты і даступны ўсім грамадзянам краіны. "Даступнасць - пытанне нумар адзін! Гэта музей не для мяне - я магу пра нашу сучасную гісторыю расказаць шмат. Музей павінен быць для тых, хто гэтага ўсяго не ведае. Таму павінна быць максімальная адкрытасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй музея і нечакана фактычна сам правёў экскурсію, расказаўшы аб асноўных этапах станаўлення краіны, яе сельскай гаспадаркі, прамысловасці, згадаўшы яркія моманты тых часоў, падзяліўся асабістымі перажываннямі.
У адным будынку з музеем знаходзіцца і Прэзідэнцкая бібліятэка, якую Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў. Ён азнаёміўся з тым, як арганізавана тут работа, наведаў фондасховішча, фонд рэдкіх выданняў, агледзеў іншыя памяшканні бібліятэкі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Прэзідэнцкая бібліятэка павінна быць даступна большаму колу асоб. Цяпер яна абслугоўвае кіруючых работнікаў і супрацоўнікаў вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, іншых дзяржорганаў і арганізацый, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, а таксама грамадзян. Фонд бібліятэкі налічвае 1,4 млн. адзінак захоўвання. За год тут абслугоўваюцца 37 тыс. чытачоў.
Фонды бібліятэкі размяшчаюцца ў некалькіх будынках у розных частках горада. Аляксандр Лукашэнка даручыў усе фонды бібліятэкі сабраць у адным, новым памяшканні па вуліцы К.Маркса, 38. Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу ўважліва вывучыць пытанне колькасці штату бібліятэкі, аптымізаваць яе фонды.
"Прэзідэнцкая бібліятэка мае свае асаблівасці. Гэта не павінен быць філіял нацыянальнай бібліятэкі або яе міні-копія. Таму трэба прадумаць, што тут павінна быць. Сюды павінны прыходзіць людзі за такімі матэрыяламі, якія ў іншым месцы яны не знойдуць", - лічыць Прэзідэнт.
У новым будынку ў распараджэнне бібліятэкі прадастаўлена 24 памяшканні. У 13 з іх з трэцяга па шосты паверх размясцілася асноўнае дакументасховішча, якое займае плошчу амаль 2,5 тыс.кв.м.
У чытальнай зале наведвальнікам забяспечаны доступ да электроннага каталога бібліятэкі 10 тэматычных баз даных у анлайн-рэжыме. Чытачам прадастаўлены адкрыты доступ да фонду, што дае магчымасць весці самастойны пошук і адбор кніг і іншых выданняў. Акрамя таго, у фонд бібліятэкі аддадзена калекцыя кніг, падораных Кіраўніку дзяржавы, з аўтографамі і памятнымі надпісамі вядомых людзей. Сёння яна налічвае амаль 2,3 тыс. адзінак.
Прэзідэнцкая бібліятэка ўдзяляе асаблівую ўвагу захаванню друкаваных дакументаў, выконвае работы па пераплёце і рэстаўрацыі. Для гэтага ў новым будынку прадугледжана асобнае памяшканне, аснашчанае спецыяльным абсталяваннем.
Пасля наведвання бібліятэкі і музея Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў канферэнц-зале музея з групай маладых беларускіх грамадазнаўцаў.
Прэзідэнт лічыць, што адкрыццё Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці мае вялікі палітычны сэнс. Усе экспанаты музея наглядна паказваюць, як фарміравалася навейшая гісторыя беларускай незалежнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы прайшлі да незалежнасці вельмі доўгі і цяжкі шлях. "На працягу стагоддзяў нашы землі пераходзілі з адных дзяржаў у іншыя, а беларусы цярпелі і палітычны, і эканамічны, і культурны прыгнёт. Усё гэта было ў нашай гісторыі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што незвычайная жыццеўстойлівасць і воля беларусаў, якія змаглі пранесці праз стагоддзі імкненне да дзяржаўнасці і дабіцца пастаўленай мэты, дастойныя павагі. "Старэйшае пакаленне не забыла Беларусь узору ліхіх 90-х, калі абвалілася эканоміка, калі відавочны быў параліч улады, беспрацоўе і галеча, і мы балансавалі на краі прорвы. Напэўна, Бог нас выратаваў. Мы пачалі шукаць выйсце, у тым ліку палітычнае", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я помню тыя часы, калі мы фарміравалі Канстытуцыю і ўводзілі пасаду Прэзідэнта краіны - Прэзідэнта "ўрэзанага" ў паўнамоцтвах, як хацелася многім групам, асабліва эліце. Усе хацелі слабага Прэзідэнта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прэзідэнта выбралі, і мне давялося мадэрнізаваць Канстытуцыю, дзе Прэзідэнт павінен быць Прэзідэнтам, каб выцягнуць краіну з бездані, у якой яна тады знаходзілася". "Мне давялося быць Прэзідэнтам таго перыяду, калі мы выцягвалі краіну проста за вушы з той багны, у якую мы трапілі", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў краіне была створана палітычная сістэма, у ёй не адмовіліся ад планавання і прагназавання, створана выканаўчая вертыкаль улады, сфарміраваны парламент.
"Не хачу гаварыць аб асаблівасцях, некаторыя называюць гэта феноменам развіцця нашай краіны. Давайце не будзем вельмі сябе ўзвялічваць. Будзем гаварыць аб тым, што мы развіваліся сваім асаблівым шляхам. Правільна мы рабілі або не, а мы лічым, што правільна, і я таксама так лічу, але гэта меркаванне сучаснікаў. А нас ацэняць пакаленні, якія прыйдуць пасля нас. Яны нам дадуць ацэнку: правільна мы дзейнічалі або не", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Але калі ёсць паляпшэнні, значыць, гэта адзін з тых шляхоў, па якім мы павінны былі прайсці", - дадаў Прэзідэнт.
"Атрымаўшы ў пачатку 1990-х гадоў шанц, мы выкарысталі яго поўнасцю. Усяго за два дзесяцігоддзі - вельмі малы па мерках гісторыі час - адчуваючы часам неймаверны націск звонку, мы стварылі, па сутнасці, новую еўрапейскую краіну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Наша маладая дзяржава паказала, што нават невялікая краіна можа прымусіць сябе паважаць і праводзіць незалежны знешнепалітычны курс", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Вы бачыце, якое стаўленне цяпер да нас з боку Захаду, ды і на Усходзе не заўсёды нас разумеюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, прычына не ў тым, што не той рэжым, не той Прэзідэнт або яшчэ штосьці не тое. "Я не хочу праводзіць паралелі, але з некаторымі рэжымамі яны паспяхова супрацоўнічаюць, таму што там нафта, грошы. Падумаеш, нейкая невялікая краіна ў цэнтры Еўропы вырашыла стаць незалежнай. Ад каго? Ад Расіі, Польшчы і Літвы, у складзе якіх мы заўсёды былі?" - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежная Беларусь адбылася. "І з гэтым трэба згаджацца. Рана ці позна з гэтым давядзецца згадзіцца", - лічыць ён.
"Наша мэта - стварыць дзяржаву, якой будуць ганарыцца не толькі нашы дзеці, але і мы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У ходзе сустрэчы з маладымі грамадазнаўцамі былі абмеркаваны розныя аспекты жыцця краіны. Маладыя людзі цікавіліся поглядамі Прэзідэнта на дзяржаўны лад, задавалі пытанні аб развіцці эканомікі, рэалізацыі знакавых праектаў, перспектывах далейшай інтэграцыі на еўразійскай прасторы.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, за гады незалежнасці Беларусі шмат зроблена, але шмат яшчэ толькі давядзецца зрабіць. Што датычыцца структуры ўлады ў краіне, Прэзідэнт падкрэсліў: "У Беларусі няма рэсурсу, каб быць дзяржавай дыктатуры. Для гэтага трэба мець рэсурс, які некалі быў у Сталіна, Брэжнева, Хрушчова. Бо была краіна, моц, рэсурсы. У нас гэта немагчыма. Нас проста сатруць з зямлі, калі мы будзем мець элементы нейкай дыктатуры".
"Настане час. Думаю, не пры мне, дык нехта з вас вернецца да гэтай Канстытуцыі і прапануе тую, якая патрэбна будзе для таго перыяду развіцця, калі ўзнікне гэта пытанне", - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Калі людзі прыйдуць да таго, што патрэбна нейкая іншая сістэма ўлады, тады можна вярнуцца і да Канстытуцыі. А пакуль мы не ўмацаваліся, пакуль наша дрэва незалежнасці не прарасло належным чынам, не пусціла карані, не трэба спяшацца што-небудзь ламаць, калі гэта прыносіць пэўны плён".
Кіраўнік дзяржавы на канкрэтных прыкладах расказаў аб тым, як крок за крокам Беларусь ішла да таго даволі высокага ўзроўню развіцця, які ёсць на сённяшні момант. "Так паволі мы мадэрнізаваліся і ішлі да свайго, хоць і невялікага, але шчасця, - адзначыў Прэзідэнт. - Напэўна, калі пабудзеш нават у гэтым пакуль яшчэ недасканалым музеі, ужо не пойдзеш на вуліцу крычаць, каб супраць Беларусі ўводзілі санкцыі. Мы далёка не ўсё яшчэ зрабілі, у нас яшчэ шмат недахопаў, але нашы людзі, на жаль, не навучыліся раскладваць гэтыя недахопы: вось гэта - Лукашэнка вінаваты, гэта - іншая ўлада, а вось гэта - я сам вінаваты. Людзі ў нас гэтаму не навучыліся, напэўна, не хочуць раскладваць. А мы іх да гэтага павінны падштурхнуць".
"Не можа быць так у жыцці, што вінаваты толькі адзін бок, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Чалавек павінен навучыцца працаваць сам на сябе, зарабляць для сваёй сям'і. Трэба працаваць больш, тады і больш атрымаеш".
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, як выпрацоўвалася стратэгія развіцця Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у пачатку яго прэзідэнцтва самай галоўнай задачай было адвесці народ ад прорвы. "Паволі, ідучы ад жыцця, ад людзей мы стваралі наш Мінск, нашу краіну, вёскі і гэтак далей. Далей кожны з нас павінен зрабіць Беларусь зручнай для жыцця. Трэба рэалізаваць тыя шляхі, якія намечаны ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, грамадскім жыцці", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён адзначыў, што на гэтым шляху ўзнікнуць новыя праблемы, якія трэба будзе вырашаць. "Ад іх не трэба адыходзіць. У гэтым і ёсць сутнасць развіцця, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я прыхільнік таго, каб не забягаць наперад. Жыццё падкажа, што рабіць. Але на паўкроку, крок, калі ты кіраўнік, ты павінен быць наперадзе свайго калектыву. У гэтым выпадку - беларускага народа. Гэта вельмі важна заўсёды бачыць стратэгію. Бо часам тактыка мяняе стратэгію. Нават па ходу жыцця стратэгію даводзіцца крыху карэкціраваць".
У ходзе размовы былі таксама абмеркаваны тэндэнцыі ў сферы адукацыі і навукі. "Быць сапраўдным вучоным - гэта страшэнная праца. І мае патрабаванні да вучонай эліты вельмі строгія", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы, яшчэ раз нагадаўшы аб недапушчэнні дэвальвацыі вучонай ступені.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што па некаторых гуманітарных спецыяльнасцях цяпер празмерная колькасць спецыялістаў. "У нас эканамістаў, юрыстаў цяпер няма куды дзець. Мы пачынаем нашу адукацыю крыху арыентаваць у бок падрыхтоўкі інжынерных работнікаў, спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, дзе маем дэфіцыт".
У планах таксама скарачэнне, дзе гэта магчыма, тэрмінаў навучання за кошт аптымізацыі адукацыйнага працэсу. Пры гэтым прыярытэтная ўвага будзе ўдзяляцца практыкаарыентаванай падрыхтоўцы. "Мы ламаць адукацыю не будзем. А вось удасканальваць у гэтым плане, прыстасоўваць яе да сучаснага жыцця трэба, і ў бліжэйшы час мы гэта зробім", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Асобны блок пытанняў датычыўся перспектыў эканамічнага развіцця Беларусі.
"Трэба завязвацца ў вытворчасці на свае рэсурсы, шукаць сыравіну ў сябе", - назваў Аляксандр Лукашэнка адну з галоўных, на яго думку, умоў вядзення эфектыўнага гаспадарання.
Прэзідэнт нагадаў, што ў бягучым годзе пастаўлена задача па дасягненню 5,5% росту ВУП: "Каля 3% з нечым мы маем. Яшчэ сельская гаспадарка дасць. Думаю, недзе да гэтага мы падыдзем. І калі мы 5,5% перасягнём у гэтым годзе, прытым вы бачыце, у якой фінансавай сітуацыі, то гэта будзе перамога. Гэта ўжо чыста заробленыя грошы".
"Што датычыцца інфляцыі ў 2013 годзе, калі мы ў гэтым годзе 18-19% будзем мець (менш нельга, бо нам цэны даводзіцца падцягваць), думаю, што, можа, на 9-10% мы выйдзем у будучым годзе, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У нас цяпер больш-менш спакойны час, калі мы можам займацца не макраэканомікай, а больш кінуць сіл на мікраўзровень, рэалізацыю канкрэтных праектаў. У нас шмат перспектыўных праектаў, завязаных на нашы рэсурсы, нашу сыравіну".
У гэтым ключы зайшла размова і пра будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Як было адзначана, наконт гэтага не сціхаюць спрэчкі, а асобныя сілы імкнуцца перашкодзіць рэалізацыі гэтага праекта. "У асноўным гэта сілы, галасы якіх праплачаны. Самым звычайным чынам праплачаны, і да гэтага падключана наша "пятая калона", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Больш за ўсё палякі і літоўцы крычаць. Расіяне не крычаць, бо гэта іх праект. Ім трэба даказваць усяму свету, што яны будуюць прыгожыя бяспечныя станцыі. Канкурэнцыя тут вялікая, - адзначыў Прэзідэнт. - Але давайце паглядзім з другога боку: літоўцы сваю станцыю плануюць літаральна за пару кіламетраў ад нашай. Дык, калі вы крычыце, што небяспечна, дрэнна і гэтак далей, чаму вы тут жа будуеце?.. Палякі дзве атамныя станцыі хочуць пабудаваць. Але ўся праблема ў тым, што мы іх тут апярэдзілі. Той, хто наперадзе, той выйграе. Мы атрымаем электраэнергію і зможам прадаваць на рынкі не толькі Беларусі, але і побач. А гэта ж канкурэнцыя. І ў гэтай канкурэнтнай барацьбе ёсць людзі, якія пашыраюць нечыя інтарэсы. Не бясплатна. Гэта іх бізнес".
Прэзідэнт Беларусі лічыць беспадстаўнымі асцярогі наконт бяспекі будучай станцыі. У тым ліку гэта ён абгрунтаваў і тым, што па перыметры Беларусь ужо акружана дзеючымі АЭС. "Мы ў акружэнні гэтых станцый. Чаго ж баяцца? Мы ж будуем самую бяспечную станцыю, і адказнасць тут нясе і сваёй рэпутацыяй, і ўсім, чым толькі можна, Расія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я наогул думаю аб тым, што гэты чарнобыльскі сіндром праходзіць і не пры мне, дык пры нейкім іншым Прэзідэнце вы будзеце будаваць у Беларусі яшчэ адну атамную станцыю", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што будаўніцтва ў Беларусі АЭС стане сапраўдным прарывам, паколькі гэта звязана з развіццём самых сучасных перадавых тэхналогій.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, добрыя перспектывы для развіцця ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з іншымі дзяржавамі заключаюцца ў далейшым развіцці еўразійскай інтэграцыі.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у рамках адзінай эканамічнай прасторы зняты ўнутраныя межы для руху тавараў, капіталаў і паслуг, але на гэтым этапе Беларусь і Казахстан, напрыклад, не маюць роўнага доступу да натуральных манаполій Расіі. "Таму наступны этап - да 2015 года, калі мы створым Еўразійскі эканамічны саюз, - мы павінны гэтыя праблемы зняць. Усё павінна быць у эканоміцы, як у адной дзяржаве. Ці прывядуць гэтыя эканамічныя працэсы да змяненняў у палітыцы, дзяржаўным ладзе, стварэння нейкіх яшчэ наднацыянальных структур - гэта пытанне", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што па меры развіцця інтэграцыі трэба будзе мадэрнізаваць і палітычныя сістэмы. У перспектыве размова можа ісці аб увядзенні адзінай валюты. "Нам трэба стварыць у эканамічных адносінах амаль адну дзяржаву. Гэта стратэгія. І да гэтага пастарацца прыстасаваць нашы палітычныя сістэмы. Паколькі, магчыма, трэба будзе яшчэ што-небудзь ствараць акрамя Еўразійскай эканамічнай камісіі. Магчыма, у нас і адзіная абарона будзе", - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, у працэсе еўразійскай інтэграцыі таксама вельмі запатрабаваны вопыт будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі з Прэзідэнтам праблему патрыятычнага выхавання, і тое, якія рысы характару і менталітэту беларускага народа далі магчымасць адстаяць незалежнасць і стварыць сваю дзяржаўнасць.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго разуменні патрыёт - гэта "чалавек, які хоча тварыць у сваёй краіне для сваіх людзей і максімум робіць для таго, каб ганарыцца сваёй краінай".
Гаворачы аб тым, якія якасці беларусаў далі магчымасць адстаяць незалежнасць, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Дысцыпліна і адукацыя". "Мы мелі магчымасць Беларусь ператварыць у "майдан". У нас усё гэта было, і былі адпаведныя рухаючыя сілы, гатовыя ўзрываць, крышыць і гэтак далей. Але былі і сілы, і жаданне, і людзі, якія хацелі стварыць краіну. Нашы беларусы выбралі гэты шлях" , - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Таму народ - гэта галоўнае. У імя яго ўсё трэба рабіць. І калі ты недзе нешта бярэш на сябе і робіш не так, як сёння патрабуе народ, ты павінен быць цвёрда ўпэўнены, што заўтра народ прызнае сваю памылку", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў, што стаў Прэзідэнтам менавіта дзякуючы народнай падтрымцы: "Для мяне гэта святое. Гэта тое, праз што я не магу пераступіць. Я ніколі не ўкраду ў свайго народа, я ніколі не буду падманваць, хітрыць перад людзьмі, ніколі не буду нізкапаклоннічаць для таго, каб захаваць уладу. Гэта для мне непрымальна. Бо я прыйшоў дзякуючы народу і я павінен для гэтага народа хоць што-небудзь зрабіць. І праз больш як паўтара дзясятка годоў у мяне гэта ўнутры".