Наведванне мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора

  • 10
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заклікае захоўваць мір і спакой на беларускай зямлі. Аб гэтым ён заявіў 20 красавіка, наведваючы ў свята Вялікадня мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у свята Вялікадня ён па існуючай традыцыі, як правіла, наведвае невялікія цэрквы ў рэгіёнах Беларусі, перш за ўсё пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. "Але сёння, адышоўшы ад традыцыі, інакш я не мог зрабіць, я прыехаў у гэты наш абжыты дом, у гэты храм, які наведваю ўжо не адно дзесяцігоддзе, каб у гэта першае для нас светлае свята Вялікадня з новым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі прысутнічаць у гэтыя мінуты ўрачыстасці з нашымі людзьмі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават у часы ганення на царкву, калі людзі баяліся хадзіць у храм і адзначаць гэтыя святы, Беларусь стаяла асобна: "У Беларусі ў гэтыя часы дзікасцей не дапускалі, у нас людзі заўсёды ведалі сваю дарогу да свайго храма. Напэўна, таму наша зямля і называецца Белай Руссю - чыстай, добрай".

"Відаць, дзякуючы Богу дагэтуль самыя страшныя ліхалецці абмінаюць нас, калі не лічыць той катастрофы сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі нам усім, добрым людзям, давялося змагацца за сваю незалежнасць, за тое, каб жыць на гэтай зямлі. І мы тады не проста адстаялі сваю зямлю, імя якой Беларусь, страціўшы трэцюю частку свайго насельніцтва, але мы выратавалі чалавецтва ад карычневай чумы", - падкрэсліў беларускі лідар, адзначыўшы асаблівую актуальнасць гэтага факта ў год юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"Мы тады разам з нашымі братамі - рускім, украінскім і іншымі народамі Савецкага Саюза - зверглі гэту страшную машыну агрэсіі і перамаглі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што чалавецтва так і не зрабіла вывадаў са страшных падзей таго часу. "Нас захліснула хваля спажывецтва. На жаль, мы з кожным годам нават без націску страчваем асновы нашай духоўнасці, забываем аб тым, чаго нельга забываць, - адзначыў Прэзідэнт. - Сведчаннем таго з'яўляюцца цяжкія падзеі ў нашых братоў ва Украіне".

"Ва Украіне сёння адбываюцца дрэнныя падзеі. І мы, вядома, будзем рабіць усё для таго, каб Украіна жыла спакойна", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ год таму шмат гаварылася аб так званай арабскай вясне, аб Сірыі, дзе ідзе вайна. "Я тады вам гаварыў у Пасланні беларускаму народу: не думайце, што гэта так далёка ад нас, свет сёння настолькі цесны, што гаварыць аб тым, што гэта далёка, непрымальна. Глядзіце, як атрымалася: гэта ўжо (падзеі ва Украіне) нават не каля нашага парога, гэта ўжо ў нас", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я гэта кажу не для таго, каб нагнятаць абстаноўку. Беларусы не тыя людзі, якіх можна нахіляць і гэтак далей. Я гэта кажу для таго, каб вы яшчэ раз засвоілі вялікую ісціну: няма на свеце нічога даражэй, чым мір і спакой. Толькі тады мы можам спакойна жыць, будаваць сваё жыццё і маліцца, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі не хацелася б, каб мы кожны дзень з раніцы да вечара на палаючых агнём вуліцах маліліся за гэты спакой. Давайце яго берагчы цяпер, калі ён у нас ёсць. Давайце будзем дзякаваць і Госпаду Богу за тое, што ён даў нам гэты мір і спакой".

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў помніць, што сёння на фундаменце Святой Русі існуе ядро з трох дзяржаў, якія з'яўляюцца асновай, у тым ліку і праваслаўнай веры. Гаворачы пра Беларусь, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта зямля заўсёды будзе належаць грамадзянам краіны, не толькі беларусам, але і рускім, яўрэям, палякам, украінцам - усім, хто на ёй жыве. "Мы ніколі не дапусцім, каб з гэтай святой зямлі ішла пагроза перш за ўсё нашым суседзям і іншым народам свету. Мы павінны дараваны Госпадам Богам імідж нашага народа як самых добрых, светлых і святых людзей пранесці праз сваё жыццё. Мы гэта павінны помніць заўсёды. Таму мір і спакой - галоўнае, што мы павінны сёння захаваць, гэта галоўнае, за што мы павінны змагацца. Наша дзяржаўнасць непарушная, і ўсялякія размовы аб тым, што мы заўтра ўвойдзем у нейкія дзяржавы, для Беларусі непрымальныя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў увесь беларускі народ і служыцеляў царквы са святам Вялікадня, падкрэсліўшы, што ў Беларусі няма міжканфесійнай або міжнацыянальнай варожасці. Асобна цёплыя словы Аляксандр Лукашэнка адрасаваў пачэснаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Філарэту, які з-за стану здароўя не змог прысутнічаць у храме. Ён пажадаў Мітрапаліту Філарэту добрага здароўя, каб той яшчэ доўгія гады служыў на карысць Айчыны.

Прыхаджанам Прэзідэнт таксама пажадаў шчасця, здароўя і пабольш дзяцей.

Звяртаючыся да служыцеляў царквы і духавенства, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Ведайце, што ў вас ёсць дзяржава і Прэзідэнт, які вас заўсёды падтрымае і, калі трэба, абароніць".

У саборы Аляксандр Лукашэнка папрысутнічаў на велікодным богаслужэнні і запаліў свечку каля Мінскай іконы Божай Маці, абмяняўся з Мітрапалітам Паўлам падарункамі з нагоды гэтага светлага свята. Перададзенае ў дар Прэзідэнтам Беларусі велікоднае яйка створана ва ўнікальнай тэхніцы Сожскай скані. Унутры сферы размешчана мініяцюрная выява букета кветак, па баках - два разныя медальёны з выявамі святых Пятра і Паўла. Вянчае яйка разны крыж.