Аляксандр Лукашэнка наведаў Гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву па тэнісе

  • 4

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў выбудаваць эфектыўную сістэму адбору і падрыхтоўкі таленавітых спартсменаў у розных відах спорту. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 12 верасня, наведваючы ў Мінску Гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву па тэнісе.

Тое, як трэба арганізаваць адбор перспектыўных спартсменаў, Прэзідэнт расказаў на прыкладзе тэніса. "Самае галоўнае - гэта сістэма. Нам трэба выбраць паўсотні перспектыўных талковых маладых людзей з тых, хто ёсць, і каб потым хаця б двое-трое змагаліся за самыя высокія месцы ў сусветным рэйтынгу. Мы можам гэта зрабіць, і для такіх маладых людзей і іх трэнераў трэба стварыць ідэальныя ўмовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэты працэс павінны быць уключаны ўсе тэнісныя цэнтры, якія працуюць у Беларусі, не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя. Апошнім Прэзідэнт паабяцаў падтрымку, калі яны будуць займацца падрыхтоўкай перспектыўных спартсменаў, у тым ліку на бясплатнай аснове, несучы пэўную сацыяльную нагрузку. "Вядома, падтрымаем, калі чалавек хоча працаваць, укладвае свае грошы. За гэтым справа не стане, мы ім таксама падставім плячо, - сказаў ён. - У нас у гэтым плане няма прыватных, дзяржаўных, усе павінны працаваць на рэзультат".

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва падкрэсліў, што працэс адбору павінен быць выключна сумленным і грунтавацца менавіта на спартыўным патэнцыяле юных спартсменаў. А тым перспектыўным юнакам і дзяўчатам, чые бацькі не могуць аплачваць прафесійныя заняткі спортам, павінна быць аказана неабходная падтрымка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і сам гатовы пры неабходнасці ў гэтым удзельнічаць. Ён, у прыватнасці, прапанаваў выкарыстоўваць для трэніровачнага працэсу корты, размешчаныя ў Драздах. "Я гатовы падключыцца, калі патрэбна. Вазьміце самых лепшых, няхай там трэніруюцца, асабліва зімой. У нас у краіне дастаткова інфраструктуры, каб рыхтавацца", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прафесійны ўзровень тэніса ў свеце значна ўзрос, асабліва сярод лідараў у мужчынскім тэнісе. "З імі гуляць вельмі складана, але калі мы выхаваем пару такіх маладых людзей, якія будуць з імі гуляць, - гэта ўжо дасягненне. А ў жаночым тэнісе мы спакойна можам мець дзвюх-трох спартсменак, якія будуць змагацца на ўзроўні Марыі Шарапавай і Вікторыі Азаранка. Проста трэба выбудаваць сістэму", - лічыць Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, адпаведны прынцып неабходна распаўсюдзіць і на іншыя віды спорту: "Усюды трэба з усёй масы выбіраць лепшых". "Усё ёсць для таго, каб працаваць. Адразу скажу, што шалёных грошай мы вам не дадзім, але за рэзультат заплацім", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што калі дзяржава ўкладвае ў падрыхтоўку сродкі, то пэўныя абавязацельствы павінны звязваць і спартсмена. "Каму неабходна, таму трэба дапамагчы. Галоўнае, каб мы мелі з імі кантракты, як на Захадзе, каб яны помнілі, дзе рабілі першыя крокі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб стане і перспектывах развіцця тэніса ў Беларусі. Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларуская тэнісная федэрацыя" Аляксандр Шакуцін і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па тэнісе Уладзімір Валчкоў выказалі ўпэўненасць, што сярод маладых тэнісістаў у Беларусі ёсць тыя, хто ў будучым зможа змагацца за высокія месцы. Яны расказалі, што ўжо зроблена ў плане развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых цэнтраў і папрасілі садзейнічання ў далейшым іх развіцці. У прыватнасці, для арганізацыі паўнацэннага трэніровачнага працэсу трэба пабудаваць яшчэ некалькі крытых кортаў, а асноўныя тэнісныя цэнтры павінны паступова ператварыцца ў акадэміі, на базе якіх будзе наладжаны бесперапынны трэніровачны працэс.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька расказаў аб планах будаўніцтва тэніснага цэнтра на тэрыторыі ФАК "Серабранка" па праспекце Ракасоўскага. Для гэтага неабходна $12-15 млн., акупнасць цэнтра складзе 8-10 гадоў. Плануецца, што ён будзе ўключаць 13 крытых тэнісных кортаў, трэнажорную залу і іншую інфраструктуру. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў, каб і да гэтага праекта быў падключаны прыватны бізнес, якому дзяржава ў патрэбны момант можа падставіць плячо.

Мікалай Ладуцька таксама далажыў аб стварэнні ўмоў для заняткаў фізічнай культурай на паркавых і дваровых тэрыторыях Мінска ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і ўмовамі работы Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па тэнісе, арганізацыяй трэніровачнага працэсу.