Аляксандр Лукашэнка наведаў БДУІР
Развіццю сферы высокіх тэхналогій у Беларусі будзе і ў далейшым удзяляцца павышаная ўвага дзяржавы як адной з найбольш запатрабаваных галін на сусветным рынку. Аб гэтым 21 снежня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі, адказаў на хвалюючыя іх пытанні.
Факультэт камп'ютарных сістэм і сетак – адзін з важнейшых у краіне па падрыхтоўцы IT-спецыялістаў. На факультэце функцыянуюць 11 навучальна-навукова-даследчых лабараторый, створаных сумесна з кампаніямі IBA, EPAM, Itransition і іншымі. У складзе факультэта працуюць 6 кафедраў, 4 міжнародныя адукацыйныя цэнтры.
Згодна з вынікамі праведзенага ў 2010 годзе апытання кампаній – рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, факультэт камп'ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі займае першае месца ў топ-10 факультэтаў беларускіх ВНУ, выпускнікі якога запатрабаваны ў ПВТ.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з навучальным працэсам на факультэце і работай сумеснага навучальна-даследчага цэнтра "БДУІР – INTES – Інтэлектуальныя тэхналогіі і сістэмы".
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб стане і перспектывах развіцця ў цэлым БДУІР, які з'яўляецца адной з вядучых ВНУ ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі.
За апошнія гады значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ВНУ, якая рыхтуе студэнтаў па 36 спецыяльнасцях. Як расказаў рэктар ВНУ Міхаіл Батура, укаранёны сучасныя тэхналогіі, якія далі магчымасць палепшыць якасць навучання.
Па выніках 2011 года за ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і забеспячэнне на гэтай аснове аказання канкурэнтаздольных паслуг універсітэту прысуджана прэмія Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці.
У 2012/2013 навучальным годзе ў БДУІР вучацца больш як 15,8 тыс. студэнтаў, 609 магістрантаў, 303 аспіранты і 5 дактарантаў. Перападрыхтоўку праходзяць 769 чалавек. Слухачамі падрыхтоўчага аддзялення ў бягучым годзе з'яўляюцца 436 грамадзян з 28 дзяржаў. З 2009 года БДУІР першы з тэхнічных універсітэтаў пачаў навучанне на англійскай мове.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Прэзідэнта наладжаны добрыя сувязі паміж ВНУ і вытворчасцю. Многія вузаўскія навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца ў вытворчасць, ідзе работа над аптымізацыяй тэрмінаў навучання. У сувязі з гэтым рэктар ВНУ з упэўненасцю сказаў, што спецыялістаў можна рыхтаваць за чатыры гады замест пяці. Але тыя, хто потым паступіць на вучобу ў магістратуру (менш як 30%, як было сказана Прэзідэнту), будзе вучыцца не адзін год, як цяпер, а два.
Прэзідэнт закрануў і тэму кошту навучання ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка выказаў заклапочанасць цэнамі на вучобу, якія ў Беларусі з'яўляюцца даволі высокімі.
Абмяркоўваючы гэту тэму, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што на 1–2-м курсах вучобы плата абавязкова павінна быць ашчаджальнай, а на старшых курсах – "трэба паглядзець".
Прэзідэнт папрасіў рэктара расказаць і аб праблемах, якія ёсць у ВНУ. Міхаіл Батура адзначыў, што яшчэ нядаўна найбольш востра стаяла пытанне забеспячэння інтэрнатам іншагародніх студэнтаў. Аднак з будаўніцтвам студэнцкай вёскі забяспечанасць студэнтаў месцамі ў інтэрнаце складае 56%. БДУІР атрымаў тут 969 месц, 200 з якіх часова аддалі пад засяленне студэнтаў Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава. Яшчэ адзін інтэрнат ВНУ на 1,2 тыс. месц знаходзіцца на капрамонце.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на якасць будаўнічых работ, якія, паводле яго інфармацыі, вядуцца тут не лепшым чынам: "цяп-ляп робяць, шмат праблем ад будаўнікоў".
Прэзідэнт закрануў і пытанне падрыхтоўкі праекціроўшчыкаў для будаўніцтва. "Гэта самае праблемнае месца ў будаўніцтве", – лічыць Прэзідэнт. "З праектнымі інстытутамі, групамі трэба штосьці рабіць", – сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што на працягу бліжэйшых месяцаў будзе знойдзена вырашэнне гэтай праблемы.
"Нам патрэбны кадры новага пакалення ў гэтай сферы", – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў Кіраўніку дзяржавы рэктар ВНУ Міхаіл Батура, ва ўніверсітэце востра стаіць праблема забеспячэння кадрамі. Штогод у ВНУ па размеркаванню застаюцца працаваць каля 60 выпускнікоў, аднак пазней частка з іх ідзе ў прыватны бізнес. У якасці матэрыяльнай зацікаўленасці маладых спецыялістаў ВНУ хацела б накіроўваць на іх фінансавую падтрымку частку сродкаў ад спонсарскай дапамогі, што цяпер немагчыма зрабіць.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся прадаставіць ВНУ права распараджацца спонсарскімі сродкамі паводле свайго меркавання. "Давайце для ВНУ гэта зробім на першым этапе. Дабавім ва ўказ пунк заахвочвання спецыялістаў ВНУ. Баяцца няма чаго – тут разумныя людзі працуюць, няхай яны на рэктараце вырашаюць, куды накіроўваць гэтыя сродкі", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Прэзідэнт лічыць, што для іншых арганізацый парадак у размеркаванні спонсарскай дапамогі павінен застацца ранейшы: "Іншыя арганізацыі пакуль не трэба закранаць. Няхай яны спонсарскія грошы накіроўваюць на развіццё матэрыяльныя базы".
"У свой час у нас былі разброд і хістанні ў гэтым плане. Нават крыміналізавалі гэтыя схемы: нехта пералічвае спонсарскія грошы, пасля ціха іх разам дзеляць і гэтак далей. Таму я вымушаны быў устанавіць строгія нормы, у тым ліку спонсарскую дапамогу не могуць аказаць, дапусцім, калі гэта дзяржпрадпрыемства, без дазволу міністра або вышэйстаячага начальніка, – нагадаў Кіраўнік дзяржавы. – І нам удалося сістэматызаваць, прывесці ў парадак усю структуру спонсарскай дапамогі".
"Ну, адступім у гэтай частцы для ВНУ", – адзначыў Прэзідэнт.
"Паглядзіце, можа, яшчэ недзе востра стаіць гэта пытанне. Розныя просьбы па гэтых напрамках трэба звесці ў адзін нарматыўна-прававы акт. І не зацягваючы, давайце ў студзені прымем гэта рашэнне", – даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Міхаіл Батура звярнуў увагу таксама на праблему з жыллём для маладых спецыялістаў, якія працуюць у ВНУ. На яго думку, пытанне можна вырашыць, пабудаваўшы ў Мінску інтэрнат сямейнага тыпу для маладых выкладчыкаў. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з неабходнасцю будаўніцтва такога інтэрната.
"Прапануйце прыгожы праект, але функцыянальны. І ён не павінен быць дарагі. Прынясіце мне праект, і мы пабудуем у добрым месцы, недзе ў цэнтры горада, паколькі гэта будзе для ўсіх ВНУ", – даручыў Кіраўнік дзяржавы. – Гэта павінен быць узор, першы дом для маладых выкладчыкаў. Мы размяркуем сярод ВНУ як службовае жыллё. Гэта і добрая прывязка маладых спецыялістаў да ВНУ".
"Прапануйце, а грошы знойдзем для гэтага інтэрната", – сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, каб з вырашэннем гэтага пытання не зацягвалі.
Потым Прэзідэнт адказаў на пытанні студэнтаў. Пры дапамозе відэатрансляцыі за сустрэчай Кіраўніка дзяржавы са студэнтамі ў ВНУ маглі назіраць больш як 1 тыс. чалавек.
Адным з першых было зададзена пытанне адносна стабільнасці нацыянальнай валюты і магчымасці яе дэвальвацыі пасля Новага года.
"У нас няма ніякай аб'ектыўнай неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту", – сказаў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, " ідзе нагнятанне сітуацыі, і вы ведаеце, хто гэта робіць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі штучна курс не стрымліваецца. "Як я абяцаў, на працягу гэтага года ў нас рыначны курс. Ёсць вялікі попыт – даражэйшая валюта, няма попыту – Нацбанк скупляе валюту".
Прэзідэнт расказаў, што ўчора Старшыня Праўлення Нацбанка Надзея Ермакова дакладвала яму аб сітуацыі на валютным рынку краіны. У прыватнасці, вельмі добрая сітуацыя складваецца на біржы, суб'екты гаспадарання прадаюць больш валюты, чым купляюць. З насельніцтвам пакуль сітуацыя крыху іншая. "Насельніцтва і прадае, і купляе. Але крыху больш яшчэ купляе", – сказаў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, сітуацыя пасля Новага года крыху зменіцца, і насельніцтва зноў панясе здаваць валюту.
"У нас чутак шмат, і яны самі сабе супярэчаць: то канец свету, то долары скупляюць – навошта на тым свеце долары?" – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"З 1 студзеня ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты мы не прадугледжваем", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – І нават калі б давялося патраціць $1 млрд. на падтрыманне курсу, мы б патрацілі, – сказаў Прэзідэнт. – Мы накапілі дастаткова валюты для таго, каб падтрымаць курс". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што золатавалютныя рэзервы Беларусі сёння складаюць больш як $8 млрд.: "Ніколі ў гісторыі такога не было. Мы золата наогул не прадавалі".
"Таму не трэба скупляць сёння валюту, таму што давядзецца пасля Новага года прадаваць. Але хочуць людзі купіць – купляйце. Валюты сёння дастаткова", – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму выдзялення Беларусі міжнародных крэдытаў.
Паводле яго слоў, Расія можа выдзеліць Беларусі крэдыт $2 млрд. пад мадэрнізацыю прадпрыемстваў. Аб гэтым ішла размова ў час яго нядаўняга візіту ў Расію. "18 і 19 снежня адбыліся перагаворы ва Урадзе Расіі і з Прэзідэнтам Расіі па многіх-многіх пытаннях, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Калі я ім сказаў – аднаму і другому: вы падумайце, калі мы родныя браты, мы павінны дапамагаць у перыяд крызісу. Нам трэба некалькі мільярдаў долараў крэдытаў, каб правесці мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў".
"Я кажу: можаце адказ сёння не даваць, вы падумайце. У адказ: не, чаму, давайце канкрэтны спіс, але пажадана сумесных прадпрыемстваў. Гэта значыць мы даём грошы, вашы прадпрыемствы – пад мадэрнізацыю і ствараем сумесныя прадпрыемствы. Я кажу: добра, але гэта адзін напрамак. Але і для не сумесных прадпрыемстваў нам таксама патрэбны $1 млрд.", – расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, адмоўнага адказу на гэта ён не атрымаў. "Наадварот, кажуць: так, мы разгледзім, мы ў гэтай частцы дапаможам", – адзначыў Кіраўнік дзржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі неабходна мадэрнізаваць прадпрыемствы, інакш яна будзе на задворках. "Расія ўступіла ў СГА, і мы фактычна там, паколькі на расійскі рынак у нас амаль палавіна экспарту ідзе. Мы фактычна працуем ужо ва ўмовах СГА. Мы будзем знаходзіцца ў жорсткай канкурэнцыі, і мы нікуды не дзенемся ад гэтай мадэрнізацыі", – лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што мадэрнізацыя павінна быць завязана на ўласныя рэсурсы для мінімізацыі знешняй залежнасці. "Таму я строга насядаю на міністраў і спецыялістаў, канкрэтных кіраўнікоў прадпрыемстваў", – дадаў ён.
Акрамя таго, незвязаны крэдыт $1 млрд. Беларусі прадаставіў Кітай.
"Мне ўчора далажылі, нам зноў кітайцы прадаставілі больш як $1 млрд. нязвязанага крэдыту, і пры тым недарагія грошы, менавіта на праекты ўнутры краіны", – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у Беларусі сёння дастаткова такіх праектаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выдзеленыя Беларусі крэдыты – "мізэрныя ў параўнанні з тымі, што краіна інвесціруе ў сваю эканоміку". "Сродкі з бюджэту, ад прыватных прадпрыемстваў, дзяржаўных – гэта на парадак больш, чым мы атрымліваем крэдытаў. Каб вы не думалі, што мы жывём толькі за кошт крэдытаў", – дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазыкі – гэта нармальная практыка.
Адзін са студэнтаў пацікавіўся ў Прэзідэнта, чаму ЕС, маючы шмат унутраных праблем, спрабуе вучыць жыць Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Еўрапейскі саюз вучыць Беларусь жыць, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад існуючых у Еўропе праблем і паказаць, што ў іншых дзяржавах дрэнна, і ЕС гэтым займаецца. "Я часта задаю пытанне: у вас якія праблемы ад Беларусі? Няма ніякіх. Мы ловім тысячы мігрантаў, затрымліваем тонамі наркотыкі. І калі яны нас пачалі празмерна прыдушваць, я пагранічнікам сказаў: а чаго мы будзем іх лавіць? Яны прыехалі не да нас, няхай едуць, куды хочуць. І мы так праз пальцы на некаторыя рэчы пачалі глядзець. І сёння ў Літве, Польшчы і іншых дзяржавах перапоўнены мігрантамі адпаведныя лагеры. І сёння кожны дзень просьба: давайце пагаворым, вырашым і г.д. Я кажу: не, хлопцы, пакуль не супакоіцеся і не перастанеце размахваць санкцыямі, я больш вас ахоўваць не буду", – сказаў Прэзідэнт.
"Але ёсць яшчэ адзін варыянт – плаціце грошы за гэта. Гэта нямала каштуе. Нам трэба ўтрымліваць граніцу, ваенных, пагранічнікаў. Гэта сёння мільёны долараў – плаціце, будзем лавіць, не – будзьце здаровы", – сказаў беларускі лідар. "Гэта значыць не толькі яны нас вучаць, але і мы іх пачынаем пакрыху прывучаць да таго, каб яны паважалі і цанілі нас, і разумелі, што мы для Еўропы праблем ніякіх не ствараем, толькі дабро. Мы нікому не пагражалі і не пагражаем, такой і думкі няма нават, ні ў кога нічога не адбіраем", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вось у Грэцыі, Партугаліі, Італіі часткова, іншых месцах навядзіце парадак, а пасля нам прад'яўляйце прэтэнзіі", – падкрэсліў Прэзідэнт.
Студэнты выказалі заклапочанасць сітуацыяй з павялічанымі апошнім часам выпадкамі ДТЗ, якія здараюцца па віне нецвярозых вадзіцеляў.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з’яўляецца прыхільнікам самага строгага пакарання за ўчыненне ДТЗ у п'яным выглядзе. "Калі ты ў п'яным выглядзе сеў у аўтамабіль і забіў чалавека, а ты ж ведаў, што нельга ў п'яным выглядзе ехаць, ведаў, што піць нельга, калі ты за рулём, больш таго – ты ж забіў чалавека, – у гэтым выпадку я самы заўзяты прыхільнік таго, каб за гэта адказвалі па поўнай".
"Я прыхільнік таго, каб у такіх выпадках аўтамабілі канфіскавалі, а вадзіцеля адправілі гадоў на 15–25 у месцы не вельмі аддаленыя", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "І я перакананы, што ў выніку гэтых мер поўнасцю зменіцца сітуацыя", – дадаў Прэзідэнт. У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў азіяцкія краіны, дзе існуе строгае пакаранне за такія злачынствы. Праўда, дадаў ён, для Беларусі такія правілы непрымальныя.
"Калі мы ўвядзём строгія правілы і строгую адказнасць, і пакаранне будзе непазбежным, тады будзе парадак", – упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
"Давайце разам вызначымся, у бліжэйшы час мне ўнясуць прапановы, але я прыхільнік самага строгага пакарання за забойства пры ваджэнні аўтамабіля п'яным. Якое? У бліжэйшы час прымем рашэнне", – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна ўводзіць адказнасць аўтамабілістаў і за іншыя парушэнні. "Сказана ачысціць снег вакол машыны – ачысціць, інакш хутка прыедзе Ладуцька, загрузіць тваю машыну, завязе на штрафстаянку, але каб выкупіць – заплаціш вялікія грошы", – прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. "І ў гэтым плане мы ўсё сістэматызуем і адказнасць будзе вялікая", – падкрэсліў Прэзідэнт. У той жа час ён дадаў, што пакаранне павінна быць адэкватным.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў нядаўняе здарэнне, калі ў адной з мінскіх школ быў насмерць збіты вучань. "Вінаваты ж сам вадзіцель. Што значыць, шлагбаум паставіць ці настаўнікі там з вучнямі стаяць са знакамі "Стоп"? Навошта? Там жа ж знак, ты не маеш права туды заехаць. Я калі пачынаў вадзіць аўтамабіль, мне ніколі ў галаву не прыходзіла заехаць пад знак "Рух забаронены" або "Прыпынак забаронены", "Уезд забаронены" і г.д. Гэта самае строгае пакаранне. Не, ён прыехаў, прывёз сваё дзіця, і задушыў іншага чалавека, выбачайце за гэта. Гэта ж адзін з бацькоў гэтай школы. Гэта непарадак, форменны непарадак. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас дысцыпліны няма, парадку і адказнасці не хапае", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адна са студэнтак пацікавілася ў Кіраўніка дзяржавы, на якіх каштоўнасцях грунтуецца сучаснае беларускае грамадства: ліберальных, дэмакратычных або кансерватыўных. "У чыстым выглядзе ў жыцці нічога не бывае. Нельга быць толькі дэмакратам, лібералам або кансерватарам", – лічыць Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, часам лібералізм разумеецца няправільна і фактычна трактуецца як уседазволенасць без уліку інтарэсаў іншых людзей. "Гэта перавернута з ног на галаву. Нам такі лібералізм не патрэбны. Нам патрэбны сапраўдны лібералізм", – падкрэсліў Прэзідэнт.
"Дэмакратыя – гэта народаўладдзе. Ёсць выбары (парламенцкія, прэзідэнцкія) – гэта разгул дэмакратыі. Ідзі і галасуй", – адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасным свеце паняцце лібералізму і дэмакратыі часта выкарыстоўваецца на карысць тым ці іншым сілам, аб чым у тым ліку сведчаць падзеі ў Іраку, Лівіі і іншых краінах. "І гэта рабілі ліберальныя дэмакратычныя дзяржавы – аплот дэмакратыі", – заўважыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што "ў Беларусі дыктатура наогул немагчыма, няма рэсурсу, каб штосьці некаму дыктаваць". У сваю чаргу, напрыклад, у ЗША ёсць магутная эканоміка, валютныя інструменты, ядзерная і іншая зброя. "Вось яны і дыктуюць па ўсім свеце", – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь імкнецца праводзіць незалежную палітыку: "Мы жывём у сваёй краіне, на сваім кавалку зямлі".
Што датычыцца шляху развіцця, Прэзідэнт адзначыў, што "беларуская дзяржава будзе будавацца на прынцыпах і лібералізму, і дэмакратыі, і нармальным кансерватызме".
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб непахіснасці прынцыпу незалежнасці Беларусі: "Усе павінны зразумець, што Беларусь – гэта назаўсёды. Гэта наша, яна ніколі больш не будзе ні польская, ні расійская, ні амерыканская або нямецкая. Да гэтага трэба прывучыць усіх нашых партнёраў", – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама аб супрацоўніцтве Беларусі ў розных сферах з Венесуэлай і іншымі лацінаамерыканскімі краінамі, перспектывах асваення новых рынкаў у Азіі, Афрыцы, Аўстраліі і Акіяніі.
lt;...gt;