Аляксандр Лукашэнка наведаў аграгарадок Альшаны ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці

    Сельгасугоддзі ў Беларусі павінны апрацоўваць тыя, хто можа забяспечыць найбольш эфектыўную вытворчасць на зямлі. Аднак пытанні размеркавання зямельных надзелаў павінны вырашацца пры абавязковым захаванні інтарэсаў дзяржавы. Аб гэтым 13 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аграгарадок Альшаны ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці.

    Рабочы дзень Кіраўнік дзяржавы пачаў з самага злабадзённага для гэтага раёна пытання - выдзялення зямель для вядзення асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарак. Асабліва гэта характэрна для Давыд-Гарадоцкай часткі раёна з традыцыйнай спецыялізацыяй насельніцтва на вырошчванню на асабістых падсобных участках агародніны. Пры гэтым насельніцтва на гэтай тэрыторыі актыўна расце. Такім чынам, зямельнае пытанне ў раёне не проста актуальнае, а жыццёва важнае.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае, на што неабходна арыентавацца ў пытанні размеркавання зямель - гэта эфектыўнасць іх выкарыстання. Ён даручыў Ураду разам з уладай на месцах да восені вырашыць зямельнае пытанне, адшукаўшы разумны баланс паміж інтарэсамі людзей і дзяржавы. "Прымайце рашэнні, каб яны былі простыя і зразумелыя. Рабіць трэба разумна, ні пад каго не падладжваючыся", - сказаў Прэзідэнт.

    "Праблему трэба вырашаць. Мне ўсё роўна, хто будзе апрацоўваць зямлю. Галоўнае - гэта эфектыўнасць. Зямлёй павінен валодаць той, хто лепш гэта зробіць. І трэба спыніць гэту валтузню", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    "Трэба ў комплексе разгледзець гэту праблему, аж да будаўніцтва фермерскіх дамоў і рассялення людзей, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтых людзей трэба заняць. Яны просяць работу і зямлю. Аб гэтым марыць трэба".

    Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што калі дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства эфектыўна працуе і прыносіць прыбытак, то няма сэнсу выкарыстоўваць яго землі для фермерскіх надзелаў або вядзення асабістых падсобных гаспадарак. "Нам патрэбна эфектыўная работа гаспадаркі і грошы на рахунках. Але калі яна не можа працаваць так, як працуе фермер або прыватнік, значыць, трэба забраць зямлю і перадаць ім, але дапамагчы рэалізаваць прадукцыю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аднак, як асабліва падкрэсліў Прэзідэнт, сельгаспрадпрыемствы, так званы грамадскі сектар, выконваюць важнейшую дзяржаўную задачу, займаючыся не толькі сельгасвытворчасцю, але і забяспечваючы сацыяльную падтрымку людзей, якія жывуць у вёсцы. Гэта была адна з галоўных прычын, чаму ў свой час Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне захаваць буйнатаварную вытворчасць.

    Яшчэ адно даручэнне - да восені вырашыць праблему скупкі і перапрацоўкі агародніннай прадукцыі. "Мне дакладваюць, што насельніцтва вырошчвае вялікую колькасць прадукцыі, але не могуць самі ўсё збыць, аддаюць за бясцэнак пасрэднікам, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Чаму мы не можам скупіць гэту прадукцыю, рэалізаваць або перапрацаваць, паставіць тут перапрацоўчы цэх? Гэта ж для дзяржавы ніякіх затрат, людзі самі вырошчваюць".

    Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна скупляць агароднінную прадукцыю ў насельніцтва па нармальнай цане і пастаўляць на агульны рэспубліканскі рынак, а таксама наладзіць перапрацоўку і экспарт.

    Што датычыцца аграгарадка Альшаны, які наведаў Прэзідэнт, і Столінскага раёна ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне Ураду і мэру Мінска разам з губернатарам арганізаваць пастаўкі агародніннай прадукцыі, якая вырошчваецца тут, у тым ліку на сталічны рынак. "Да восені тут павінен быць лагістычны цэнтр і перапрацоўчае прадпрыемства, каб праблема раз і назаўсёды была знята. Тут вельмі вялікая тэрыторыя. Яны засыплюць краіну прадукцыяй. Гэта трэба заахвочваць і падтрымліваць. У вас да восені ёсць час", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

    У цэлым па краіне, як далажылі Кіраўніку дзяржавы, сельгасарганізацыі вырабляюць 68,4% усёй прадукцыі сельскай гаспадаркі, насельніцтва на асабістых падсобных участках - 30,2% і яшчэ 1,4% - доля сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

    Паводле стану на 1 студзеня 2012 года ў рэспубліцы налічваецца 2338 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 448. Сярэдняя плошча такіх гаспадарак складае 62 гектары. Фермерам аказваецца дзяржаўная падтрымка ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, набыцці (у тым ліку ў адпаведнасці здагаворам лізінгу) сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, рамонце і тэхнічным абслугоўванні, асушэнні і вапнаванні глебы, абароне раслін, насенняводстве, ветэрынарнай і племянной справе. Ім таксама прадастаўлены асаблівы рэжым падаткаабкладання. Трыццаць сем фермерскіх гаспадарак удзельнічаюць у дзяржаўных праграмах.

    У бліжэйшы час плануецца пашырыць падтрымку і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Падрыхтаваны адпаведны праект Указа, які прадугледжвае выдачу льготных крыдытаў пад гэтыя мэты.

    Але разам з тым пазіцыя дзяржавы нязменная – аснову сельгасвытворчасці ў краіне павінна складаць буйнатаварная вытворчасць. І гэты падыход сябе апраўдвае.

    У Столінскім раёне Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварную ферму "Сямігосцічы" СВК "Новая Прыпяць".

    Выконваючы абавязкі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выніках работы жывёлагадоўчай галіны з пачатку года, аб тым, як выконваюцца яго даручэнні па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых ферм у рэгіёне і ў цэлым па краіне.

    На пачатак года ў Беларусі налічваецца 4626 малочнатаварных ферм, 289 - са старымі даільнымі пляцоўкамі. На працягу 2012 года плануецца рэканструяваць і тэхнічна перааснасціць 1198 ферм, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 188, а ў Столінскім раёне - 19. Чакаецца, што рэканструкцыя дасць магчымасць ужо ў 2013 годзе павялічыць пагалоўе кароў на 78,3 тыс., а вытворчасць малака - на 250 тыс. т за год.

    Будаўніцтва і рамонтныя работы цяпер вядуцца на 804 фермах. Леанід Марыніч запэўніў, што ўсе яны будуць завершаны да кастрычніка-лістапада.

    Як расказаў старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, з увядзеннем у гэтым годзе 19 новых і рэканструяваных ферм на 8 тыс. узрасце колькасць буйной рагатай жывёлы, на 2 тыс. - кароў. У месяц ад продажу малака выручаецца амаль Br2 млрд. Плануецца па выніках года атрымаць на 12 тыс. т малака больш, чым у 2011 годзе.

    Прэзідэнт падкрэсліў, што даручэнні па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных ферм павінны быць няўхільна і ў поўным аб'ёме выкананы.

    "Да восені павінны быць завершаны ўсе работы на 1200 фермах", - строга запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

    У краіне фермы рэканструююцца чатырма спосабамі: на адных ставіцца задача адысці ад даення ў вёдры, на другіх - правесці малую мадэрнізацыю абсталявання, на трэціх - рэканструяваць сам будынак фермы, прыбудаваць малочна-даільны блок, а некаторыя, непрыдатныя для выкарыстання, - знесці і на іх месцы пабудаваць новыя.

    МТФ "Сямігосцічы", якую наведаў 13 красавіка Прэзідэнт, рэканструявалі ў адпаведнасці з апошнім тыпам: тут знеслі стары будынак фермы і пабудавалі новы комплекс па ўтрыманні 765 кароў. Сярэдні надой на карову складае 5,245 тыс. кг малака, да канца бягучага года паказчык плануецца давесці да 7 тыс. кг. Сродкі, затрачаныя на рэканструкцыю фермы, хутка акупяцца, паколькі штогод тут плануецца выручаць да Br36 млрд.

    Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам утрымання жывёлы на рэканструяванай і новай фермах.

    Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб сваім даручэнні па вытворчасці мармуровага мяса: "Павінна быць перапрацоўка, рынак, экспартныя пастаўкі. Усё па еўрапейскіх стандартах".

    Кіраўніка дзяржавы азнаёмілі з тым, як вядуцца веснавыя палявыя работы ў Брэсцкай вобласці і гэтым сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве, выконваюцца даручэнні аб забеспячэнні гаспадарак краіны высакаякасным насеннем кукурузы айчыннай вытворчасці.

    У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як у краіне арганізавана вытворчасць бацькоўскіх форм кукурузы. Гэта вытворчасць з'яўляецца вельмі складанай, навукаёмістай і належыць да сферы высокіх тэхналогій у АПК. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, беларускія вучоныя-селекцыянеры і сельгасвытворцы змаглі арганізаваць гэты працэс даволі эфектыўна, атрыманы вельмі добрыя вынікі.

    Другой тэмай, якая была ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта, стала меліярацыя зямель. Прэзідэнту далажылі аб выкананні раней дадзеных даручэнняў па навядзенні парадку на зямлі і Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага развіцця прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся ў Брэсцкай вобласці і Столінскім раёне.

    У Прыпяцкім Палессі знаходзіцца 360,4 тыс. га асушаных зямель, у тым ліку ў раёнах Брэсцкай вобласці - 231,2 тыс. га, з іх у Столінскім раёне - 62,2 тыс. га. Праграмай прадугледжана рэканструкцыя і аднаўленне асушальных сістэм, асушэнне высокаўрадлівых зямель, правядзенне аграмеліярацыйных мерапрыемстваў і рамонтна-эксплуатацыйных работ, а таксама абарона населеных пунктаў і зямель ад паводак.

    У раёнах Брэсцкай вобласці падлягаюць рэканструкцыі старыя меліярацыйныя сістэмы на плошчы 50,4 тыс. га, у тым ліку ў Столінскім раёне - 12,8 тыс. га. У Столінскім раёне ёсць 14,3 тыс. га высокаўрадлівых зямель, абароненых ад паводак, урадлівасць асобных участкаў складае 45 балаў. Праграмай прадугледжана ўключыць іх у інтэнсіўны сельскагаспадарчы абарот: 10 тыс. га як ворныя і 4,3 тыс. га як лугавыя землі.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што меліярацыя з 2013 года стане прыярытэтным напрамкам фінансавання ў вёсцы.

    "Мы дамовіліся: з будучага года будзем прыярытэтна фінансаваць меліярацыю - гэта дзяржаўная работа, а не будаўніцтва ферм – гэтым павінны займацца гаспадаркі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт даручыў дакладна пралічыць, колькі сродкаў спатрэбіцца на правядзенне меліярацыйных работ. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсё павінна быць максімальна эканомна. "Трэба абавязкова стварыць группу спецыялістаў і падлічыць сабекошт работ па меліярацыі, каб усё было сумленна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона. "Задача Ураду -
    поўнасцю прафінансаваць патрэбнасці па меліярацыі зямель. Усё пралічыць у новых умовах і цэнах і стапрацэнтна прафінансаваць", - адзначыў Прэзідэнт.

    На меліярацыйным аб'екце "Сямігосцічы" Кіраўніка дзяржавы азнаёмілі з тэхналагічнымі працэсамі вядзення меліярацыйных і культуртэхнічных работ на землях, якія патрабуюць меліярацыйнага паляпшэння. Яму таксама прадэманстравалі ўзоры самай новай меліярацыйнай тэхнікі айчыннай вытворчасці.

    Агульная плошча зямель, якія патрабуюць асушэння на гэтым аб'екце, складае 1452 га, з іх будзе выкарыстоўвацца пад ворыва 319 га, пад сенажацепашавыя ўгоддзі - 1133 га. У мінулым гадзе землекарыстальнікам было перададзена 262 га, у гэтым годзе плануецца перадаць яшчэ 400 га. Меліярацыйныя работы прадаўжаюцца на 790 га. Такім чынам, СВК "Новая Прыпяць", якому належыць гэта тэрыторыя, атрымае зямлю пад стварэнне кармавой базы для жывёлагадоўлі ў выглядзе палепшаных сенажацей і пашы.

    "Сілы ёсць, тэхніка ёсць, ведаеце, як нарошчваць брыгады меліяратараў, - падагульніў Прэзідэнт. - Мы ўвядзём у абарот вялікія аб'ёмы зямель. А колькі атрымаем ад рэалізацыі прадукцыі!"

    Да зямельнага пытання Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся ў час размовы з жыхарамі аграгарадка Альшаны. Яны яшчэ раз пацвердзілі наяўнасць праблемы са збытам агародніннай прадукцыі, якая вырошчваецца. "Гэта непарадак і бесталковасць, што на сённяшні дзень і мясцовае кіраўніцтва (аблвыканкам, райвыканкам), і У рад не вырашылі пытанне з выкупам прадукцыі, у вытворчасць якой мы ні капейкі не ўклалі, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы павінны ў альтэрнатыву тым, хто сёння, можна сказаць, за бясцэнак скупляе ў вас агуркі, памідоры і іншую агародніну, купіць гэту прадукцыю".

    Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў бліжэйшы час прадстаўнікі Урада і кіраўніцтва вобласці прыедуць і дэталёва вывучаць сітуацыю. "Літаральна на працягу месяца трэба прымаць рашэнне і пачынаць будаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Што датычыцца праблемы зямельных надзелаў, Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз адзначыў: "Формула адна: хто найбольш эфектыўна працуе, у таго павінна быць зямля". Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што калгасы, іх кіраўніцтва выконваюць яшчэ і дзяржаўную функцыю ў выглядзе падтрымкі сацыяльнай сферы: школы, дзіцячыя сады, дапамога пенсіянерам і г.д.

    "Але і фермераў тармазіць нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Фермерам трэба разумець, што ў краіне зямлі дастаткова. Мы гатовы дапамагчы і сядзібу стварыць для тых, хто сябе ўжо зарэкамендаваў. Але трэба быць гатовымі куды-небудзь перамяшчацца".

    Вяскоўцы таксама папрасілі Прэзідэнта дапамагчы з будаўніцтвам у Альшанах сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У аграгарадку ўжо ёсць пляцоўка пад гэта збудаванне з усімі падведзенымі камунікацыямі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў садзейнічанне аб выдзяленні сродкаў на будаўніцтва, але папярэдзіў, што плаціць за ўтрыманне і эксплуатацыю гэтага аб'екта давядзецца самастойна.

    Сярод іншага гучалі просьбы і прапановы па пытаннях сацыяльнай падтрымкі, будаўніцтва дарог, газіфікацыі жылых дамоў. Людзі таксама папрасілі дзяржаву дапамагчы са стварэннем новых рабочых месц, на што Прэзідэнт сказаў, што ўжо даў даручэнне пабудаваць у раёне новыя перапрацоўчыя магутнасці.

    "Усе вашы канкрэтныя пытанні будуць вырашаны да кастрычніка. І ў кастрычніку па кожным пункце мне даложаць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы, паабяцаўшы восенню зноў наведаць гэты аграгарадок.

    Прэзідэнт даручыў губернатару Брэсцкай вобласці, Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ў складзе спецыяльнай камісіі вывучыць усе пытанні, якія хвалююць мясцовых жыхароў, і знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні па кожнай праблеме.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вырашэнню праблем Альшан будзе ўдзелана асаблівая ўвага яшчэ і таму, што там пражывае вялікая колькасць шматдзетных сем'яў. "Вы вырашаеце галоўную задачу для краіны - дэмаграфічную", - адзначыў Прэзідэнт.