Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Магілёўдрэў"
Асноўныя сілы і сродкі ў эканоміцы павінны быць сёння сканцэнтраваны на мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 снежня ў час наведвання ААТ "Магілёўдрэў".
"Адназначна ў нас змяншаецца аб'ём праграм па культуры, спорту - у нас усё гэта ўжо ёсць і ў дастатковай колькасці, створана і ў Мінску, і ў абласцях. Таму мы перакідваем галоўныя намаганні на мадэрнізацыю прамысловасці. У сельскай гаспадарцы ў нас ужо ўсё вызначана, засталося дапрацаваць па нейкіх напрамках, а цяпер трэба пераносіць сродкі на прамысловасць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У ААТ "Магілёўдрэў" Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рэалізацыі інвестпраекта па рэканструкцыі і тэхнічнаму перааснашчэнню вытворчасці. Ён павінен быў быць завершаны яшчэ вясной 2009 года, аднак тэрміны неаднаразова пераносіліся, і цяпер завяршэнне ўсіх прадугледжаных праектам мерапрыемстваў плануецца ў 2013 годзе. Частка работ ужо завершана. У тым ліку ўстаноўлена аўтаматызаваная тэхналагічная лінія па распілоўцы драўніны, мадэрнізавана кацельня, сушыльны комплекс, устаноўлена здрабняльная машына, лінія сартавання лесаматэрыялаў. За кошт новага абсталявання рэзка знізіўся паказчык зносу асноўных фондаў прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчую тэрыторыю, наведаў цэхі, звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні якасці работ, даўшы адпаведныя даручэнні. Прэзідэнт значна пашырыў раней запланаваны маршрут і пабываў практычна ва ўсіх цэхах прадпрыемства, сустрэўся з рабочымі, цікавіўся дэталямі вытворчага працэсу.
Кіраўнік дзяржавы падтрымаў планы па развіццю ў ААТ "Магілёўдрэў" мэблевай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму ствараецца замкнуты вытворчы цыкл, значна павялічваецца дабаўленая вартасць.
У тым жа ключы размова ішла і аб сыравіннай базе, дзе таксама неабходна павышаць глыбіню перапрацоўкі. "Мы жорстка разбяромся з тымі, хто прадае сёння кругляком лес", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Рэалізацыя інвестпраекта ў ААТ "Магілёўдрэў" дасць магчымасць значна нарасціць экспарт прадукцыі - прыкладна з $2 млн. цяпер амаль да $24 млн. у 2016 годзе. Пры гэтым удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці ўзрасце больш як да 62% з цяперашніх 49%. Выручка на аднаго работніка павялічыцца з цяперашніх $10,7 тыс. да $66 тыс.
У 2013 годзе плануецца выхад прадпрыемства на рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі 12,5%. Цяпер гэты паказчык адмоўны. Безумоўна, гэта паўплывае і на зарплаты работнікаў - чакаецца іх істотны рост. У 2016 годзе сярэдняя зарплата павінна дасягнуць прыкладна 900$ у эквіваленце.
Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў старую вытворчасць ААТ "Магілёўдрэў", дзе яму далажылі аб прапанаваных мерапрыемствах па мадэрнізацыі і тэхпераўзбраенню, ён азнаёміўся з узорамі выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі. Праблем са збытам прадукцыі, у тым ліку мэблі, няма. Гэтыя тавары шырока запатрабаваны як на расійскім рынку, так і ў краінах Еўрасаюза.
Кіраўнік дзяржавы даручыў у сціслыя тэрміны завяршыць рэканструкцыю. "Канцэнтруйцеся, трэба рабіць не па чарзе, а паралельна. Па-гаспадарску трэба падысці, не прапускаючы ніякіх дробязей і не дапускаючы нават самага малога браку з боку будаўнікоў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў безумоўнай рэалізацыі на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах Дэкрэта № 9 "Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці".
"Бярыце ўсё ў свае рукі, у жалезныя рукавіцы і дзейнічайце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба, каб дырэктар на прадпрыемстве быў начальнікам, як на Захадзе, і каб усе рабочыя і спецыялісты працавалі з поўнай аддачай".
Адначасова Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб абавязацельствах дырэктараў павысіць работнікам зарплату. У першым квартале 2013 года неабходна выйсці на сярэднюю зарплату ў памеры $450-500. "Калі мы тут утрымліваем людзей і прымушаем працаваць, то павінны і "цукерку" даць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што рашэнні, прапісаныя ў Дэкрэце, звязаны з тым, што на прадпрыемствах была правалена праграма па мадэрнізацыі, у выніку чаго фактычна нанесены ўрон эканоміцы краіны. "У гэтым і наступным годзе напружвайцеся, рабіце, што не зрабілі тут за пяць гадоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, Прэзідэнт адзначыў, што нягледзячы на правал гэтай праграмы па тэрмінах рэалізацыі "цяпер усё ж узяліся за справу". "Тое, што адбываецца ў дрэваапрацоўцы (навядзенне строгага парадку і па рабочай сіле, і па спецыялістах, і па тэрыторыі, і па мадэрнізацыі), гэта датычыцца ўсіх прадпрыемстваў. Усе павінны працаваць: зіма, вясна, а да лета - ідэальнае прадпрыемства", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы еўрапейская краіна. Да нас ездзяць людзі. Яны павінны бачыць суперсучасныя, еўрапейскага тыпу прадпрыемствы. Гэта датычыцца ўсіх", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў бліжэйшы час мае намер дэталёва азнаёміцца з работай Аршанскага льнокамбіната, камвольнага камбіната ў Мінску і Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання. "Гэта той комплекс, які я пагляджу. На камвольным камбінаце я буду ў бліжэйшы час, а астатнія прадпрыемствы я таксама праеду і пагляджу максімум зімой-вясной. Там павінны быць радыкальныя зрухі", - адзначыў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях развіцця льноперапрацоўчых прадпрыемстваў. "Лён мы неяк ужо навучыліся вырошчваць, хоць пакуль яшчэ і не тая якасць. Але самае галоўнае - гэта перапрацоўка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў Шклове цяпер створана сучаснае прадпрыемства ў гэтай сферы, якое ён мае намер наведаць.
Што датычыцца вырошчвання сельгаскультур, Прэзідэнт адзначыў, што з пункту гледжання тэхнілогій па большасці з іх пытанні вырашаны: "Разабраліся са збожжам (гэта вялікая была праблема), з мукамольнай прамысловасцю, з кукурузай, займаемся новымі рэчамі. Па часнаку, цыбулі, гароху, спаржы таксама разабраліся". "У нас засталася праблема лёну. Яе трэба абавязкова вырашыць. У гэтай пяцігодцы мы павінны гэта зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, абмяркоўвалася работа двух буйных прадпрыемстваў, значных не толькі для вобласці, але і для краіны ў цэлым, - ААТ "Магілёўхімвалакно" і ААТ "Белшына".
"Прынята рашэнне аб мадэрнізацыі "Магілёўхімвалакна", будзем будаваць практычна новы камбінат да 2015 года ўключна", - сказаў губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да Кіраўніка дзяржавы за падтрымкай у пытаннях льгатавання тарыфаў на электраэнергію і цяпло на перыяд будаўніцтва новага камбіната.
Па гэтаму пытанню Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка далажыў, што ва Урадзе ўжо разглядалася пытанне зніжэння тарыфаў для двух прадпрыемстваў галіны - "Магілёўхімвалакна" і "Светлагорскхімвалакна". "Прынялі рашэнне не адыходзіць ад агульнага правіла - не паніжаць тарыфы", - сказаў ён.
Разам з тым знойдзены альтэрнатыўны варыянт падтрымкі шляхам зніжэння цэн на асноўную сыравіну параксілол. Як адзначыў Першы віцэ-прэм'ер, на параксілол за апошнія паўтара года цэны ў рублёвым эквіваленце выраслі ў 9 разоў. І ў той час як "Нафтан" атрымлівае звышпрыбытак, "Магілёўхімвалакно" мае значныя цяжкасці ў рабоце. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтым падыходам і даручыў адрэгуляваць цэны. Гэта мера будзе мець часовы характар.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб недапушчальнасці зацягвання з мадэрнізацыяй ААТ "Магілёўхімвалакно" аналагічна таму, як гэта адбылося на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі. "Улічваючы, як вы праводзіце рэканструкцыю тут (у дрэваапрацоўцы), і мы яшчэ паглядзім ільнозаводы і іншыя, я баюся, што вы там да 2015 года нічога не зробіце", - адзначыў Прэзідэнт. Ён запатрабаваў строгага выканання тэрмінаў і папярэдзіў чыноўнікаў аб персанальнай адказнасці.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб неабходнасці да канца пяцігодкі завяршыць будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК". Гэта запатрабаваная і высокаліквідная прадукцыя.
Што датычыцца ААТ "Белшына", то, паводле слоў губернатара, для далейшага развіцця прадпрыемства неабходна больш актыўнае прыцягненне навуковага патэнцыялу ў пытаннях распрацоўкі новай прадукцыі.
Уладзімір Сямашка далажыў Прэзідэнту, што адпаведныя рашэнні прыняты ўжо. Гэта, у прыватнасці, датычыцца вытворчасці на прадпрыемстве звышбуйнагабарытных шын, якія пакуль па шэрагу паказчыкаў уступаюць заходнім аналагам. "Год таму прынята рашэнне. У іх ёсць праграма да 2017 года, яны павінны асвоіць гэту шыну", - сказаў ён.
Уладзімір Сямашка расказаў, што з гэтай мэтай ствараецца навукова-тэхнічны цэнтр. Да рэалізацыі праекта ў тым ліку прыцягваюцца замежныя спецыялісты.
"Нам трэба ўкладваць $110-115 млн. у тэхпераўзбраенне па буйнагабарытных шынах. Рашэнне прынята, графік ёсць, праграма ёсць", - дадаў Першы віцэ-прэм'ер.
У час рабочай паездкі Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы выказаў шэраг крытычных заўваг наконт недапрацовак у выкананні некаторых прагнозных паказчыкаў. Пры гэтым такі важны паказчык, як сальда знешняга гандлю, выконваецца з апераджальным ростам. Будуць выкананы і сацыяльна значныя паказчыкі па ўводу жылля і росту зарплат. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі павелічэнне зарплат адпавядае тэмпам росту прадукцыйнасці працы. Спецыялісты, якія суправаджалі Кіраўніка дзяржавы, запэўнілі, што ў гэтым выпадку ніякага перакосу няма.
Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка 14 снежня прадоўжыць работу ў Віцебскай вобласці, дзе ў цэнтры ўвагі таксама будуць пытанні мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі.