Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Камволь"
У Беларусі неабходна захаваць і развіваць камвольную вытворчасць. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 17 снежня ў час наведвання ААТ "Камволь" у Мінску.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі яшчэ засталася добрая школа, таму гэту галіну лёгкай прамысловасці неабходна захоўваць.
Прыбыўшы на прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка адразу ж пацікавіўся рэальнай фінансава-эканамічнай сітуацыяй на ААТ "Камволь".
Работа прадпрыемства на працягу некалькіх гадоў характарызуецца скарачэннем аб'ёму вытворчасці прадукцыі, нізкай загрузкай магутнасцей, адмоўнымі фінансавымі вынікамі. З 2007 года ААТ "Камволь" штогод аказваецца дзяржаўная падтрымка, аднак нават гэта не дало магчымасці выправіць сітуацыю. Прадпрыемства ў 2011 годзе атрымала чыстую страту Br1,2 млрд. У 2012 годзе сітуацыя пагоршылася. За студзень-лістапад вытворчасць прадукцыі ў фактычных цэнах склала Br75,6 млрд. За гэты перыяд выраблена ўсяго толькі 1,1 млн. пагонных метраў тканін, 441 т пражы. За студзень-кастрычнік чыстыя страты склалі Br9,5 млрд., рэнтабельнасць - мінус 3,7%. На 1 лістапада крэдыторская запазычанасць дасягнула Br31,4 млрд., у тым ліку пратэрмінаваная Br21,7 млрд. Крэдыторская запазычанасць і пратэрмінаваная яе частка павялічыліся ў параўнанні з пачаткам года ў 1,7 раза.
"Хапаюць любыя грошы, не думаючы, як будуць вяртаць. Навошта вы іх бераце?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да генеральнага дырэктара ААТ "Камволь" Святланы Стрыжак. Як адзначыла кіраўнік прадпрыемства, на гэтыя меры вымушаны ісці, каб нарасціць вытворчасць, утрымаць аб'ёмы, выканаць існуючыя заказы. "Як вы працуеце з пакупнікамі, мне часткова знаёма, - сказаў Прэзідэнт. - Яны кажуць: барані бог нас звязвацца з Мінскам. Вось як вы працуеце з пакупнікамі. Я гэта ведаю". "Напрыклад, у Казахстане фабрыка "Бальшавічка" брала ў вас пад дзяржзаказ, ваенным, МНС, тканіны. Вы ім паабяцалі і... паспяхова гэта правалілі. І яны вам прад'яўляюць прэтэнзіі. Ужо на ўзровень Прэзідэнта гэта выйшла. Вось як вы працуеце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што новыя крэдыты для папаўнення абаротных сродкаў фактычна заганяюць прадпрыемства ў яшчэ больш глыбокую фінансавую яму і толькі пагаршаюць крызіс.
Як адзначыў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, прадпрыемства знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Тэхналагічная адсталаць вытворчасці і зношанасць абсталявання не даюць магчымасці тут выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю як па якасці, так і па цане. Калі ў савецкі час тут выпускалася каля 22 млн. пагонных метраў тканін, то сёння толькі 2 млн.м. Колькасць работнікаў на прадпрыемстве ў той час складала 7 тыс. чалавек, сёння - менш за тысячу. "Па сутнасці, тут нічога не засталося", - канстатаваў ён. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве складае амаль Br2 млн., што ніжэй, чым у цэлым па галіне.
Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка ў сваю чаргу заўважыў, што такая сітуацыя характэрна для ўсіх такіх прадпрыемстваў гэтага профілю.
"Мяне постсавецкія прадпрыемствы не цікавяць, мяне цікавіць беларускае", - рэзка заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вам з Мясніковічам - гэта апошні званок, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі. - Мне вашы апраўданні не патрэбны! Я сюды не за апраўданнямі прыехаў. Я добра ведаю, што адбываецца на "Камволі". "Таму расказваць аб тым, якія вы добрыя, мне не трэба".
"Калі людзі без зарплаты сядзяць, калі людзі ў халодных цэхах працуюць, вы сваякоў, жонку сюды не адправілі працаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што спецыяльна адкладваў з наведваннем гэтага прадпрыемства. "Адкладваў, спадзяваючыся на тое, што тут нешта зробяць па сутнасці. Як я пераканаўся, гэта мяне ўразіла: тут нічога не зроблена - як было, так і было", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, дзе цяпер знаходзіцца папярэдні кіраўнік прадпрыемства Андрэй Мытнік. На пасадзе намесніка старшыні канцэрна "Беллегпрам", ён таксама прысутнічаў на ААТ "Камволь".
"Вы давялі прадпрыемства да ручкі? - звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка. - Вы ведаеце, што пра вас гавораць у вашым канцэрне? Навошта яго сюды ўзялі? Ён жа не прымае ніякіх рашэнняў! Ніякіх! І перашкаджае іншым працаваць. У яго рукі дрыжаць, ён баіцца ўсіх, а сваім падначаленым забараняе да кіраўніка заходзіць нават: не лезьце, не ідзіце. Ён нават не чытае дакументы, просіць сваіх падначаленых: вы мне птушачкі пастаўце, дзе я павінен прачытаць. Вы гэта ведаеце?"
Аляксандр Лукашэнка прайшоў па цэхах прадпрыемства, паглядзеў, на якім абсталяванні і ў якіх умовах працуюць людзі. Узровень зносу актыўнай часткі асноўных сродкаў складае 95,1%, у тым ліку асноўнага тэхналагічнага абсталявання - 88,4%. Пры гэтым на долю абсталявання старэйшага за 20 гадоў прыпадае 82,5% агульнай колькасці абсталявання. Канструктыўныя асаблівасці будынкаў, у прыватнасці вышыня столі ў вытворчых памяшканнях да 13 м, спецыфічнае размяшчэнне сістэм ацяплення - батарэі знаходзяцца пад столлю, што абумоўлівае значныя энергазатраты. У памяшканнях не намнога цяплей, чым на вуліцы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2008 - 2010 гадах прадпрыемству аказвалася дапамога, на якую былі куплены новыя адзінкі вытворчага абсталявання, на іх сёння і трымаецца прадпрыемства. Прэзідэнт актыўна цікавіўся, чаму да гэтага часу ніхто па-гаспадарску не распарадзіўся плошчамі прадпрыемства, не пачалі работы па рэканструкцыі будынкаў.
Урад прапануе пабудаваць новую вытворчасць камвольных тканін, рэалізаваўшы там інвестыцыйны праект па стварэнню новага высокатэхналагічнага комплексу па выпрацоўцы 4 млн. пагонных метраў камвольных тканін за год. Праект прадугледжвае будаўніцтва на існуючай пляцоўцы прадпрыемства новага корпуса з устаноўкай 281 адзінкі тэхналагічнага абсталявання, у асноўным еўрапейскага. У кастрычніку прадпрыемства сумесна з канцэрнам "Беллегпрам" зацвердзіла бізнес-план інвестпраекта, які плануецца рэалізаваць без спынення дзеючай вытворчасці. У якасці сувыканаўца інвестыцыйнага праекта разглядаецца турэцкая кампанія.
Аднак Кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца думкі, што неабходна аднаўляць ужо існуючыя прадпрыемствы, а не будаваць новыя. "Шкада губіць такое, пакуль новае пабудуем - столькі часу мінуе!" - сказаў ён. "Гэта капітальнае збудаванне. Трэба паглядзець: дах прарэвізаваць, умацаваць, дзе трэба, падвесіць столь. Завозь новае абсталяванне і пачынай працаваць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэты камбінат трэба паглядзець па-гаспадарску: "Мне патрэбны адказ на пытанне: што будзем рабіць з гэтымі капітальнымі памяшканнямі?"
"Тое, што я тут убачыў, - гэта злачынная безадказнасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ну як жа гэта: разбітыя шыбы, холад такі - і жанчыны працуюць?! Тут і Ладуцька хадзіў, і Сямашка, і Мясніковіч. Гэта злачынства! І за гэта трэба прыцягнуць да адказнасці".
За значныя хібы ў рабоце Прэзідэнт распарадзіўся зняць з пасады генеральнага дырэктара ААТ "Камволь" Святлану Стрыжак, назначыўшы кіраваць прадпрыемствам яго галоўнага інжынера Віктара Гаўрыленку. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта яго шанс аднавіць прадпрыемства. "Не зробіш - пасаджу! Выбачай, што я так кажу, але выбару няма. Але я не хачу, каб ты сядзеў. Ты мне патрэбны тут як дырэктар, і ты павінен зрабіць гэта прадпрыемства, павінен па-гаспадарску разабрацца, як будзе ісці мадэрнізацыя".
Аляксандр Лукашэнка звольніў таксама старшыню канцэрна "Беллегпрам" Генадзя Вырко і яго намесніка Андрэя Мытніка. У канцэрне нямала недаглядаў і недапрацовак не толькі ў частцы, што датычыцца ААТ "Камволь". Кіраўнік дзяржавы даручыў да новага года ўнесці прапановы па кандыдатуры новага кіраўніка "Беллегпрама".
"Кіраўніка канцэрна і былога дырэктара, які праваліў тут усё, і якога ён сабе намеснікам узяў, - выгнаць з работы да вечара. І да новага года ўнесці прапановы па назначэнню кіраўніка "Беллегпрама", - сказаў Прэзідэнт. - Ён стаў такім міністрам, што да яго нават людзі не могуць зайсці, якія хочуць нешта сказаць. Гэта я ведаю дакладна. Ён узяў старога дырэктара, які давёў да ручкі прадпрыемства, і пасадзіў сабе намеснікам. Праўда, і новы дырэктар нічога не зрабіла. Абуральнае стаўленне да людзей!"
"Не надумайцеся яшчэ назначыць лодара якога выконваючым на гэты час, інакш пойдзе Кабякоў сюды працаваць (у канцэрн "Беллегпрам")", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"І паглядзіце ўважліва на гэты канцэрн. Там трэба чыстку, напэўна, правесці значную. Але там ёсць і добрыя людзі, якія хочуць працаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне мэру Мінска Мікалаю Ладуцьку разам з будучым кіраўніком канцэрна "Беллегпрам" неадкладна ўнесці прапановы наконт далейшага лёсу прадпрыемства: "Якім чынам будзем праводзіць тут мадэрнізацыю, можа, паэтапна будзем вычляняць часткі корпуса для рэканструкцыі і ставіць новае абсталяванне".
"Вы страчваеце рынак. Трэба - загрузіце ў пяць змен тут работай і "выціскайце" ўсё, каб захаваць рынкі і даць работу людзям", - даручыў Прэзідэнт.
"За гэта прадпрыемства разам з тым шлейфам, які сёння трэба аднаўляць, адказвае Русы. Сямашка адказвае за Аршанскі льнокамбінат, яго мадэрнізацыю, а Мясніковіч - за Баранавіцкае ВБА", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Таму мы яшчэ паглядзім, можа, у пачатку наступнага года, што зрабіў Мясніковіч на адказным прадпрыемстве, а вясной, можа, летам, паглядзім ільнокамбінат", - адзначыў Прэзідэнт.
"Я не ведаю, як давяраць Ураду далей аб'ёмы гэтай работы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму сёння так важна не страціць гэта прадпрыемства.
"Тая краіна мае права на жыццё, якая можа, па-першае, накарміць народ, па-другое, абуць і апрануць. Накарміць, я ўжо гаварыў, мы людзей накармілі, удосталь. Сельская гаспадарка павінна паступова развівацца пры невялікай падтрымцы. Па абутку мы таксама дамовіліся. Нядаўна была нарада па гарбарна-абутковай прамысловасці, мы дамовіліся, як будзем дзейнічаць. Урад павінен далажыць свой пункт гледжання, вынік, на які ён выйшаў. Пакуль гэтага пункту гледжання Кабякоў мне на стол не паклаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб недапушчальнасці зрыву тэрмінаў, пастаўленых на нарадзе. Прэзідэнт чакае, што яму будуць прадстаўлены прапановы, дзе будзе адноўлена перапрацоўка скур, дзе будуць шыцца тыя мільёны пар, якія патрэбны народу.
Развіццё камвольнай вытворчасці ідзе як прадаўжэнне пастаўленых мэт у час Усебеларускага народнага сходу, адзначыў Прэзідэнт. "Гэта адзенне народу патрэбна, без гэтага нельга", - сказаў ён. "Больш таго, кажуць, што вакол ужо ўсё знішчана, толькі Турцыя, Туркменістан і яшчэ нехта вырабляюць гэтыя тканіны. У Расіі няма гэтых вытворчасцей. Дык чаму сёння не вырабляць бы гэтыя тканіны? Нават калі не хапае ўласнай сыравіны, закупляць і прадаваць? Попыт шалёны. Але вельмі дрэнна працуеце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб другой канцэптуальнай рэчы - неабходнасці дыверсіфікацыі эканомікі, арыентацыі яе на мясцовую сыравіну. Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна развіваць авечкагадоўлю, каб мець уласную сыравіну для камвольнай вытворчасці. Ён нагадаў, што ў Віцебскай вобласці сёння ўжо будуецца 21 авечкагадоўчая ферма. "Мы развядзём авечак, атрымаем воўну, а астатняе дазакупім на знешніх рынках. А калі будзе вялікі попыт - масава можам купляць на знешнім рынку воўну і вырабляць цудоўныя тканіны, якія тут могуць рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Такім чынам, мы прадаўжаем дыверсіфікацыю эканомікі, прывязваемся да сваёй сыравіны і вырабляем тут тканіну. Гэта цэлая галіна лёгкай прамысловасці. Вось у чым сэнс усёй гэтай рэканструкцыі - аршанскага, баранавіцкага і мінскага прадпрыемстваў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы можам рабіць цудоўныя тканіны. Людзі ёсць, школа ёсць, сыравіны пакуль не хапае, але яе шмат на міжнародных рынках можна купіць. Мы павінны сваю сыравіну мець. І гэта мы павінны зрабіць на працягу гэтай пяцігодкі", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
ААТ "Камволь" - адзінае ў краіне прадпрыемства па вытворчасці камвольных тканін. Яно спецыялізуецца на выпуску чысташарсцяных і паўшарсцяных тканін касцюмнага і плаццевага прызначэння, прадукцыі для сілавых структур.
Вытворчыя магутнасці прадпрыемства даюць магчымасць вырабляць за год пры двухзменным рэжыме работы 3,7 тыс.т пражы і 6,7 млн. пагонных метраў камвольных тканін. Прадпрыемства тэхналагічна істотна прайграе сучасным сусветным вытворцам шарсцяных і паўшарсцяных камвольных тканін. Гадавая патрэбнасць прадпрыемстваў канцэрна ў шарсцяным валакне 3,25 тыс.т. Асноўнымі пастаўшчыкамі шарсцянога валакна з'яўляюцца фабрыкі па першаснай апрацоўцы воўны Расійскай Федэрацыі.
Прэзідэнт лічыць, што прадпрыемства можа выпускаць 5 млн. пагонных метраў тканіны, а ў далейшым і ўсе 10 млн.м.
Аляксандр Лукашэнка даручыў да 2015 года завяршыць рэканструкцыю ААТ "Камволь". "Гэта флагман быў. А цяпер усё загублена. Але мы адновім гэта прадпрыемства. І мы гэта робім комплексна. Мы не толькі робім прадпрыемства, а заўтра будзем шукаць, дзе купіць воўну: у Расіі або Іране. Мы павінны сваю авечкагадоўлю развіваць і забяспечваць камбінат хоць бы працэнтаў на 70-80 сваёй воўнай. Астатнія 20% купім, на рынку дастаткова гэтай воўны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама даручыў стварыць нармальныя ўмовы для работы ўжо з гэтага дня. "Трэба цяпер працуючых людзей абараніць. Падумайце, як гэта зрабіць, але неадкладна рабіце, каб людзям было нармальна працаваць, можа, пастаўце на рабочых месцах якія-небудзь лёгкія, не затратныя ўцяпляльнікі, але стварыце нармальную абстаноўку для людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з работнікамі прадпрыемства і паабяцаў, што ААТ "Камволь" будзе адноўлена. "Прадпрыемства мы зробім, я вам абяцаю, да наступнай зімы, - сказаў Прэзідэнт. - Або адновім гэта, або зробім новае. Але я больш прытрымліваюся таго, каб аднавіць гэта".
Пасля наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў. У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, чаму ён асабіста вымушаны ездзіць па канкрэтных прадпрыемствах і займацца пытаннямі развіцця адпаведных галін, прымаючы часам непапулярныя рашэнні.
"Калі Прэзідэнт не будзе хадзіць па цэхах і ўнікаць у вытворчыя працэсы, значыць, гэта не Прэзідэнт. Для Беларусі - адназначна, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Прэзідэнт павінен ведаць асноўныя галіны і пажадана асноўныя тэхналагічныя працэсы. Па-другое, Прэзідэнт ходзіць таму, што лодарнічаюць іншыя. Але я не хачу паўстаць перад народам нейкім героем. Гэта звязана з працэсам мадэрнізацыі. Я аб гэтым адкрыта сказаў, назначаючы на пасаду (памочніка Прэзідэнта) Пятра Пракаповіча, які пакуль яшчэ не спраўляецца з ёю. Ён павінен адказваць і мяне інфармаваць аб тым, як ідзе мадэрнізацыя прадпрыемстваў".
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб сваім патрабаванні, каб на кожным прадпрыемстве, малым або вялікім, быў свой план мадэрнізацыі.
У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў ільняную галіну, дзе "ідзе мадэрнізацыя ад поля да льнокамбіната". Аналагічна плануецца развіваць і камвольны камбінат - паралельна з тэхпераўзбраеннем вытворчасці будзе стварацца неабходная сыравінная база. "У нас ёсць людзі, якія могуць рабіць цудоўны прадукт, запатрабаваны на рынку. Я націскаю і прыспешваю, таму што рынкі свабодныя. Радавацца трэба - непачаты край работы. Але мы злачынна спазняемся, - заўважыў Прэзідэнт. - Паспеем, тысячы людзей атрымаюць добрую работу і цудоўную зарплату, а краіна - валюту. Мы не толькі адзенем свой народ, але і прададзім значную колькасць тканін на экспарт".
Прадстаўнікі СМІ таксама спыталі ў Прэзідэнта, ці не з'яўляецца мадэрнізацыя, якая цяпер праводзіцца ў розных галінах прамысловасці, у тым ліку тэкстыльнай, дрэваапрацоўцы, якраз тымі структурнымі рэформамі, аб неабходнасці якіх гавораць у Міжнародным валютным фондзе.
"Гэта структурныя рэформы, але не ў інтарэсах тых, хто трымае МВФ. Ім было б лепш, калі б мы гэтыя прадпрыемствы заўтра распрадалі, не важна каму, нават грамадзянам Беларусі. Яны купяць у грамадзян, як гэта было на "Камунарцы". Гэта ім, напэўна, трэба", - лічыць Прэзідэнт.
"МВФ - гэта палітычная арганізацыя, вось і ўсё. Таму гавораць, раяць дзесьці, мы слухаем. Нейкая доля справядлівай крытыкі, нармальных прапаноў ёсць - мы выкарыстоўваем. Але жыць будзем сваімі мазгамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, ужо да наступнай зімы будзе відаць канкрэтныя вынікі мадэрнізацыі і тэхпераўзбраення на прамысловых прадпрыемствах. У частцы дрэваапрацоўкі - гэта 9 магутнейшых, самых сучасных кампаній. "Мы ўжо сёння гаворым аб тым, каб нам хапіла спелага лесу. Хутка буду глядзець, як выканалі праграму лесаразвядзення. Але пакуль у нас частка лесу прападае на пні, мы яго поўнасцю не выкарыстоўваем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму мы зробім усё самі. Дапаможа нам МВФ - дзякуй. Дапамаглі невялікім крэдытам, мы ім сказалі дзякуй, абслугоўваем, вернем своечасова. Не дапамогуць - абыдземся без іх", - заявіў Прэзідэнт.
"Вы ведаеце, што такое дапамога. Ніхто вам пад 2-3% крэдыт не дасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Жылі мы без МВФ і будзем жыць. Спакойна, не трэба асабліва перажываць. Не загінем, як некаму хацелася б".
"Але нас хочуць падзяліць, хочуць, каб мы хутка прадалі. МВФ у інтарэсах Захаду і Амерыкі будзе працаваць - яны асноўныя заснавальнікі. Мы таксама гэта разумеем. Гэта нармальна. Але нармальна для іх. А для нас нармальна, калі гэта будзе нармальна для беларусаў. І ў гэтым ключы я буду дзейнічаць, чаго гэта мне ні каштавала б, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я беларускі Прэзідэнт, а не кіраўнік МВФ або падручны ЗША або Еўрасаюза. Беларускім Прэзідэнтам і застануся".