Наведванне ААТ "БелАЗ"
- 10
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка наведаў ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг".
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыйна-тэхналагічнай структурай холдынга, вытворчым, фінансава-эканамічным станам і перспектывамі развіцця прадпрыемства.
"БелАЗ-Холдынг" быў створаны ў 2012 годзе ў мэтах аптымізацыі структуры кіравання. У яго склад уваходзяць ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг", СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод", ААТ "БелАЗ-Сэрвіс", ААТ "Старадарожскі механічны завод", ААТ "Кавліцмаш", ААТ "Слуцкі завод пад'ёмна-транспартнага абсталявання".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці апраўданым было такое зліццё. Як далажыў генеральны дырэктар холдынга Пётр Пархомчык, аб'яднанне ў холдынг дало магчымасць значна палепшыць паказчыкі работы прадпрыемстваў, на іх рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, праходзіць мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне. У цэлым рэнтабельнасць работы холдынга ў бягучым годзе складае больш як 14%. У параўнанні з мінулым годам адбыўся некаторы спад паказчыкаў, аднак гэта звязана з агульнай сітуацыяй на сусветным рынку і характэрна для ўсіх вытворцаў кар'ернай тэхнікі. У прыватнасці, у першым паўгоддзі 2013 года зменшыліся пастаўкі такіх буйных вытворцаў кар'ерных самазвалаў, як Caterpillаr (на 29%), Liebherr (на 57%), Hitachi (на 61%), Komatsu (на 62%). На заводах Caterpillаr адбылося значнае скарачэнне работнікаў.
"Не вельмі супакойвае, што ў канкурэнтаў не лепш. Трэба, каб у нас было добра", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Пятра Пархомчыка, ААТ "БелАЗ" праводзіць актыўную работу па разгрузцы складоў, асвойвае новыя рынкі, вядзе перагаворы з буйнымі сусветнымі пакупнікамі. У прыватнасці, да канца года плануюцца пастаўкі тэхнікі ў краіны Лацінскай Амерыкі.
Пры рэалізацыі прадукцыі на экспарт ААТ "БелАЗ" выкарыстоўвае суб'екты ўласнай тавараправоднай сеткі. У Расіі, краінах СНД і далёкага замежжа створана 45 сэрвісных цэнтраў і дзве зборачныя вытворчасці. Пачата стварэнне сэрвіснага цэнтра ў Манголіі, вядуцца падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву сэрвіснага цэнтра ў Індыі, куды ў 2013-2014 гадах плануецца нарасціць пастаўкі кар'ернай тэхнікі БелАЗ.
Прэзідэнт падрабязна цікавіўся сітуацыяй на кожным прадпрыемстве, якое ўваходзіць у холдынг, эфектыўнасцю рэалізуемых на іх інвестыцыйных праектаў.
Так, на ААТ "Кавліцмаш" у 2013-2015 гадах рэалізуецца праект па арганізацыі кольцараскатнай вытворчасці і выпуску абадоў кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 130-450 т. Аб'ём інвестыцый плануецца ў суме $80 млн.
СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод" праводзіць мадэрнізацыю і тэхнічнае дааснашчэнне для стварэння вытворчых магутнасцей па выпуску грузавых вагонаў у колькасці 5 тыс. адзінак у год да 2018 года. Гэта дасць магчымасць забяспечыць прадпрыемствы краіны паўвагонамі, а таксама спецыялізаваным рухомым саставам айчыннай вытворчасці для арганізацыі перавозак мінеральных угнаенняў, цэменту, збожжавых культур.
На ААТ "Слуцкі завод ПТА" плануецца асвоіць выпуск кранаў апорных (падвесных) грузападымальнасцю звыш 10 т, на базе ААТ "Старадарожскі механічны завод" - тармазных калодак і іншых фрыкцыйных вырабаў, а таксама вытворчасці фільтраў і фільтраэлементаў.
У 2014-2017 гадах у ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" будзе рэалізаваны інвестпраект па арганізацыі вытворчасці буйнагабарытнага чыгуначнага ліцця магутнасцю да 7 тыс. вагона-камплектаў у год па тэхналогіі вырабу ліцейных форм з выкарыстаннем пясчана-гліністых сумесей (ПГС). У выніку ў краіне будзе створана ўласная матэрыяльная база для развіцця вагонабудаўнічай галіны, забяспечаны патрэбнасці ў буйным ліцці.
Як адзначыў Пётр Пархомчык, рэалізацыя гэтых праектаў накіравана на развіццё вытворчых магутнасцей, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, вырашэнне пытанняў імпартазамяшчэння, лакалізацыю вытворчасці на прадпрыемствах холдынга.
Прэзідэнту далажылі таксама аб інавацыйных праектах, якія рэалізуюцца ў прамысловасці.
Усяго ў сістэме Мінпрама працуюць 220 прадпрыемстваў, усе яны ахоплены комплекснай мадэрнізацыяй. Міністэрства прамысловасці рэалізуе 13 буйных інвестыцыйных праектаў і 34 інавацыйныя. Як адзначыў Міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, за 2001-2012 гады ў абнаўленне асноўных фондаў у прамысловасці ўкладзена $36 млрд.
Кіраўніка дзяржавы таксама азнаёмілі з сітуацыяй па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
Самы буйны праект рэалізуецца ў ААТ "Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат" з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый. Іх аб'ём ацэньваецца ў $860 млн. Як далажыў першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, усе работы ідуць па графіку, плануецца ўжо да канца 2015 года ўвесці новыя магутнасці. Чакаецца, што з запускам новай вытворчасці выпрацоўка на аднага занятага павялічыцца ў шэсць разоў.
Што датычыцца ААТ "Івацэвічдрэў", то пасля завяршэння мадэрнізацыі выпрацоўка на аднаго занятага вырасла ў дзесяць разоў, сярэдняя зарплата павялічылася з $270 у эквіваленце да $715. Прадпрыемства прадае ўсю выпушчаную прадукцыю, пагашае крэдытныя абавязацельствы, не мае пратэрмінаванай запазычанасці плацяжоў.
"Ці не атрымаецца так, што мы ўкладваем вельмі вялікія сродкі, а потым будзем гераічна змагацца, каб прадаць прадукцыю?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Як запэўніў Уладзімір Сямашка, усе праекты эканамічна падлічаны і ёсць патэнцыяльныя рынкі збыту. Плануецца, што каля 60% прадукцыі будзе рэалізоўвацца ўнутры краіны і 40% пойдзе на экспарт.
Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у сімвалічным адкрыцці цэха вытворчасці звышцяжкіх машын ААТ "БелАЗ" і азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці.
Прэзідэнту прадставілі новы кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т. Гэта самы вялікі ў свеце самазвал, ён прызначаны для перавозкі горнай масы ў складаных горнатэхнічных умовах глыбокіх кар'ераў, на адкрытых распрацоўках радовішчаў карысных выкапняў па тэхналагічных дарогах у розных кліматычных умовах эксплуатацыі пры тэмпературы паветра ад мінус 50 да плюс 50 градусаў. Агульная маса гружанага самазвала складае 810 т.
Аляксандр Лукашэнка вырашыў асабіста пратэсціраваць новы самазвал і зрабіў пробную паездку па выпрабавальным палігоне.
Прэзідэнт застаўся задаволены ўбачаным і пахваліў інжынераў, канструктараў і ўсіх, хто меў дачыненне да стварэння гэтай машыны.
"Гэта аўтамабіль заўтрашняга дня. І галоўнае - што мы першыя яго зрабілі. За гэта малайцы!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён падкрэсліў, што вырабіць - недастаткова, важна - прадаць. Як далажылі Прэзідэнту, выхад на дробнасерыйную вытворчасць кар'ернага самазвала грузападымальнасцю 450 т плануецца ў першым паўгоддзі 2015 года.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з працоўным калектывам ААТ "БелАЗ".
Прэзідэнт пацікавіўся тым, якія праблемы хвалююць людзей.
Адной з самых актуальных для работнікаў стала тэма аплаты бальнічных лістоў па новаму механізму. У прыватнасці, спецыялісты, якія прапрацавалі на прадпрыемстве менш як паўгода, у выпадку хваробы атрымліваюць невысокую выплату.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў вяртання да ранейшага механізма аплаты бальнічных лістоў.
"Мы можам вярнуцца да таго, што было, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але не трэба спяшацца, давайце паглядзім, што атрымаецца. Калі гэта будзе на шкоду людзям і сацыяльнай палітыцы, тады адменім".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець варыянт аказання работніку, які захварэў, матэрыяльнай падтрымкі тым прадпрыемствам, на якім ён працуе. "А там, на прадпрыемстве, разбяруцца, каго падтрымаць", - сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу на крызісную сітуацыю ў сусветнай эканоміцы. Паводле яго слоў, калі крызіс скончыцца, Беларусь павінна выглядаць прыстойна: "У цяжкі час мы не спыняліся. Мы жывём з рэальнага сектара эканомікі, а не нафты і газу. І калі крызіс скончыцца, мы будзем выглядаць прыстойна".
"Вы крычыце: цэны вельмі высокія. Я пачынаю націскаць: давайце зніжаць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць трымаем цэны на нізкім узроўні, а зарплату раздулі. Вынікі вы добра ведаеце. Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя або не будзе? Калі будзе дэвальвацыя - вы яе зробіце".
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама іншую тэму: "Прэзідэнт сказаў, а мы ж едзем апранацца ў імпартнае адзенне, паколькі наша па якасці горшае. Ды не аб гэтым размова. Пагранічнікі дакладваюць, што некаторыя дзеячы па 700 разоў ездзяць туды і назад. Што яны там робяць? Скупляюць валюту, якую мы зарабляем, вывозяць туды і прывозяць адзенне. Так, Еўрасаюз вам падкіне гэта танней, усё гэта смецце будзе за $3 млрд. скідваць".
Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтыя пытанні неабходна глядзець шырэй. "Для мяне галоўнае, калі ў чалавека вочы свецяцца, ён задаволены, яму добра жывецца. Нічога мне не трэба, каб толькі вам было добра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама закрануў тэму падрымкі сем'яў з дзецьмі. Паводле яго слоў, у Беларусі распрацоўваецца праект "Вялікая сям'я", які прадугледжвае розныя варыянты падтрымкі сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць адкрыцця рахунку, на які будуць налічвацца сродкі пры нараджэнні дзіцяці. Прычым плануецца, што гэта сума будзе значна павялічвацца пры з'яўленні ў сям'і кожнага наступнага дзіцяці.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і сёння шматдзетным сем'ям дзяржава аказвае істотную падтрымку, у прыватнасці прадастаўляецца бясплатнае жыллё.
"Любым чынам трэба падтрымліваць сем'і, каб у іх нараджалася па трое дзяцей. Дзеці - гэта галоўнае, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ў нас не будзе дастаткова насельніцтва, тады няма чаго гаварыць аб незалежнасці".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у плане нараджальнасці ўжо дэманструе нядрэнныя вынікі. Паводле яго слоў, у наступным годзе краіна выйдзе на нулявы паказчык суадносін смяротнасці і нараджальнасці.