Наведванне 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў ППА

  • 9

Узброеныя Сілы Беларусі ў бліжэйшы час будуць правераны на боегатоўнасць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 18 лістапада ў час наведвання 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб арганізацыі баявога дзяжурства ва Узброеных Сілах, перспектывах будаўніцтва і развіцця ВПС і войскаў ППА, парадку нясення баявога дзяжурства па ППА ў авіяцыйнай базе, стане і перспектывах развіцця і ўтрымання ўзбраення і ваеннай тэхнікі ВПС і войскаў ППА, разведкі, радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і навігацыі.

Прэзідэнт наведаў месца нясення службы дзяжурных экіпажаў, праверыў гатоўнасць да выканання задач баявога дзяжурства.

Нечакана дзяжурнаму звяну была дадзена каманда "паветра", пасля чаго дзяжурны экіпаж ажыццявіў дзеянні па падрыхтоўцы самалёта МіГ-29 да выканання пастаўленых задач, якія былі рэалізаваны ва ўстаноўлены час. Тэхнічны персанал выканаў усе дзеянні па падрыхтоўцы самалёта да вылету, лётчык запусціў рухавік і прадэманстраваў гатоўнасць да вырашэння задач.

Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены вынікамі і растлумачыў: "Я хацеў праверыць, ці не паказуха гэта - самалёты дзяжурныя стаяць. Шэсць з палавінай мінут - і самалёт быў ужо на ўзлёце. Малайцы". Прэзідэнт адзначыў, што адпаведны нарматыў ва Узброеных Сілах Расіі складае 18 мінут, Украіны - 15, Польшчы - каля 15 мінут.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік Міністра абароны Беларусі Пётр Ціханоўскі далажыў Прэзідэнту аб арганізацыі баявога дзяжурства ва Узброеных Сілах.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі беларускай арміі.

Намеснік камандуючага ВПС і войскамі ППА Ігар Голуб праінфармаваў аб авіяцыйнай тэхніцы Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, што знаходзіцца на ўзбраенні, яе спраўнасці, астатнім рэсурсе і парадку далейшай эксплуатацыі. Аляксандру Лукашэнку быў прадэманстраваны вучэбна-баявы самалёт Як-130, які плануецца паставіць на ўзбраенне беларускай арміі.

Акрамя таго, Кіраўніку дзяржавы паказалі беспілотныя лятальныя комплексы, у тым ліку беларускай вытворчасці. Прадстаўнікі галоўнага штаба ВПС і войскаў ППА, ваенна-прамысловага комплексу расказалі аб тактыка-тэхнічных характарыстыках і магчымасцях іх прымянення.

Была паказана таксама зенітная ракетная тэхніка, тэхніка радыётэхнічных войскаў.

На нарадзе, якая прайшла на рухомым цэнтры стратэгічнага кіравання Узброеных Сіл, Прэзідэнт заслухаў даклад Міністра абароны Юрыя Жадобіна аб стане ВПА і войскаў ППА, сістэмах баявога забеспячэння Узброеных Сіл і перспектывах іх развіцця. Кіраўнік дзяржавы таксама падвёў вынікі наведвання авіяцыйнай базы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам аб сваіх уражаннях пасля азнаямлення з узорамі баявой тэхнікі і ўзбраенняў, а таксама перспектыўнымі мадэлямі.

"Выстаўленая лінейка тэхнікі і ўзбраенняў - гэта для таго, каб вас уразіць і паказаць, што мы ў Беларусі штосьці можам рабіць. Добра можам тэхніку і вырабляць, і мадэрнізаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, цяпер многія дзяржавы ў свеце займаюцца мадэрнізацыяй і аднаўленнем ваеннай тэхнікі, паколькі яе закупка - гэта вельмі дорага.

"Дапусцім, танк Т-72 - добры танк, які ўсюды выкарыстоўваецца і яшчэ доўга будзе выкарыстоўвацца. Навошта новы купляць, калі можна аднавіць і мадэрнізаваць? Мы ўсё гэта можам рабіць у Беларусі. У нас ёсць завод у добрым стане. Мы можам аднаўляць, мадэрнізаваць самалёты, верталёты. Таму яны тут у лінейцы прадстаўленай тэхнікі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Што ж датычыцца паказаных сродкаў разведкі, сувязі, то размова ідзе не проста аб мадэрнізацыі, а аб наладжанай у Беларусі вытворчасці суперсучасных сістэм. "Што такое самалёт без сучасных сродкаў пошуку, разведкі? А мы іх можам рабіць", - сказаў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на такі важны напрамак развіцця Узброеных Сіл, як беспілотныя лятальныя апараты. "Гэта вялікая перспектыва, і мы гэта таксама асвоілі ў сябе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што яго паездка ў 61-ю знішчальную авіяцыйную базу была даўно запланаванай. "Першы этап - гэта прапрацоўка мадэрнізацыі і забеспячэння Узброеных Сіл Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сёння Міністр абароны далажыў аб сваім бачанні таго, колькі, зыходзячы з сучасных умоў, павінна быць сістэм ППА, якія яны павінны быць, колькі патрэбна мець бранятэхнікі, самалётаў, верталётаў.

"Мы вызначаліся, колькі павінна быць ваенных гарадкоў (сёння іх каля 250), а таксама часцей - колькі павінна быць вось такіх магутных баз, як гэта, колькі і якіх сістэм пошуку і разведкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння мы ў палявых умовах паспрабавалі кінуць позірк на нашу армію і якой яна павінна быць заўтра, якая цана пытання. І практычна мы прынялі рашэнне, за выключэннем некалькіх нюансаў", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт удакладніў, што, напрыклад, абмяркоўвалася такое пытанне: ці трэба выводзіць самалёты Су-27 са складу ВПС і войскаў ППА. "Дапусцім, ці патрэбны нам Су-27 - магутны дарагі самалёт? У нас два дзясяткі гэтых самалётаў. Я выказаўся за тое, што нам трэба падумаць і ўсё ж такі захаваць гэтыя самалёты на нейкі, дапусцім, пагражальны перыяд, як бы дорага гэта ні было", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, зыходзячы з вопыту войнаў у рэгіёне арабскай дугі, не трэба спяшацца выводзіць з сістэмы абароны Беларусі некаторыя віды тэхнікі.

"Мы не сталі сёння падымаць, хоць была задума, іншыя часці і выводзіць іх з тэхнікай з месц размяшчэння. Але ў бліжэйшы час мы вельмі сур'ёзна праверым на боегатоўнасць Узброеныя Сілы", - падкрэсліў Прэзідэнт.