Наведванне 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння
- 6
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць перспектыўным развіццё сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 13 снежня, наведваючы 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння.
Паводле ацэнкі ваенных спецыялістаў, гэта элітнае злучэнне з'яўляецца адным з найбольш падрыхтаваных і баяздольных. Асабовы склад брыгады ўдзельнічаў ва ўсіх буйнамаштабных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб задачах і баявых магчымасцях брыгады, стане і перспектывах развіцця ўзбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі сіл спецыяльных аперацый, сродкаў сувязі, вадалазнай амуніцыі і экіпіроўкі.
На вайсковым стрэльбішчы Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння сіл спецыяльных аперацый, у тым ліку яму была прадэманстравана адпрацоўка розных элементаў стральбы.
Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Алег Белаконеў далажыў аб задачах злучэння, яго баявых магчымасцях, а таксама ўзбраенні, аснашчэнні і экіпіроўцы падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый. Згодна з дзяржаўнай праграмай узбраення праведзена перааснашчэнне падраздзяленняў сіл спецаперацый. Адбылася замена аўтамабільнай тэхнікі на новыя ўзоры айчыннай вытворчасці высокай праходнасці сямейства МАЗ, прыняты на ўзбраенне лёгкабраніраваныя аўтамабілі павышанай праходнасці "Волат", закуплена найноўшая стралковая зброя і боепрыпасы да яе. Для часцей спецыяльнага прызначэння закуплены кіруемыя парашуты, альпінісцкае і вадалазнае абсталяванне і амуніцыя, комплексы радыёэлектроннай разведкі.
Прэзідэнт азнаёміўся з выстаўкай найноўшай амуніцыі і стралковай зброі, тэхнікі, у тым ліку айчыннай вытворчасці.
Потым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў ваенны гарадок, дзе яму было даложана аб стане і магчымасцях вучэбнай матэрыяльнай базы брыгады, умовах пражывання і арганізацыі быту асабовага складу. Як паведамілі Прэзідэнту, расійскія калегі высока ацэньваюць створаныя ў 5-й брыгадзе ўмовы для падрыхтоўкі ваеннаслужачых. І ўмовы гэтыя створаны нездарма: спецназ паказвае высокія вынікі. Аб гэтым сведчаць і больш як дзясятак медалёў, заваяваных на чэмпіянаце свету па парашутным спорце сярод ваеннаслужачых у бягучым годзе.
Прэзідэнт наведаў вучэбны корпус - лінгафонны клас, класы агульнавайсковай падрыхтоўкі, ваеннай тапаграфіі і спартыўную залу. У абноўленых карпусах армейскіх казармаў Кіраўніку дзяржавы паказалі, як уладкаваны побыт і адпачынак ваеннаслужачых.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў камандавання, як складваюцца ўнутрыкалектыўныя адносіны ў падраздзяленнях, ці з'яўляецца актуальнай праблема нестатутных адносін. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што нічога падобнага няма. Прэзідэнт падкрэсліў, што ні ў якім выпадку не павінна быць ніякіх негатыўных праяў, а ў воінскіх калектывах павінен падтрымлівацца добры мікраклімат. Ён адзначыў, што дзедаўшчына недапушчальна.
Прэзідэнт высока ацаніў патэнцыял моладзі, якая атрымала тут добрую армейскую загартоўку, і звярнуў увагу на неабходнасць яго выкарыстання пасля службы. "Нам не хапае такой моладзі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэтыя хлопцы не павінны знікнуць, яны павінны абавязкова заняць сваё дастойнае месца ў цывільным жыцці".
У час наведвання ваеннага гарадка Прэзідэнта праінфармавалі, што ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай добраўпарадкавання ваенных гарадкоў на працягу 2012-2013 гадоў у гэтай воінскай часці завершана добраўпарадкаванне тэрыторыі ваеннага гарадка, ажыццёўлена поўная замена інжынерных сетак і камунікацый, прыведзена ў належны стан больш як 60 аб'ектаў, у тым ліку 19 аб'ектаў казарменна-жыллёвага, службовага фонду і гаспадарчага прызначэння, 5 аб'ектаў культурна-бытавога прызначэння, 16 аб'ектаў паркавай зоны, 14 - баявой падрыхтоўкі.
Як далажыў Міністр абароны Юрый Жадобін, для далейшага добраўпарадкавання ваенных гарадкоў зацверджана дзяржпраграма на 2014-2018 гады. У гэты перыяд плануецца ўладкаваць яшчэ чатыры ваенныя гарадкі. Рэалізацыя дзяржпраграм дасць магчымасць стварыць аптымальныя ўмовы для размяшчэння войскаў, забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі.
Падводзячы вынікі наведвання брыгады, Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў убачанае і адзначыў: "Можа, не трэба столькі механізаваных часцей, а лепш мець вось такія. Магчыма, для Беларусі такія сілы спецыяльных аперацый - перспектыва". Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Вы гэта павінны ўсё дакладна падлічыць і вызначыцца, як будзем развівацца ў будучым".
Прэзідэнт папярэдзіў, што ўбачанае ім павінна быць рэальнасцю сіл спецыяльных аперацый, а не паказным. "Глядзіце, каб тое, што мы бачылі, як хлопцы трэніруюцца, было не толькі паказальным мерапрыемствам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна рацыянальна распараджацца вызваленымі тэрыторыямі каля ваенных гарадкоў і запатрабаваў, каб землі пры неабходнасці ўключаліся ў севазварот або выкарыстоўваліся як прамысловыя пляцоўкі.
На заканчэнне спецназаўцы ўручылі Прэзідэнту падарункі - цяльняшку, берэт і баявы нож.