Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам ва Украіну
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня накіраваўся з афіцыйным візітам ва Украіну.
Чакаецца, што 18 чэрвеня Кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе перагаворы са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам у вузкім і пашыраным складах, на якіх будзе абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Па выніках перагавораў плануецца падпісанне шэрага дакументаў.
Беларусь разглядае Украіну як прыярытэтнага партнёра, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай галіне. Украіна з'яўляецца для Беларусі трэцім па аб'ёмах тавараабароту і экспарту гандлёвым партнёрам у свеце. Беларусь у знешнегандлёвым абароце Украіны займае чацвёртае месца пасля Расіі, Кітая і Германіі. Пры гэтым Беларусь мае стабільна дадатнае сальда двухбаковага гандлю.
У 2012 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягнуў рэкорднай адзнакі $7,9 млрд. Пры гэтым аб'ём беларускага экспарту склаў $5,6 млрд. Ва Украіне функцыянуюць больш як 100 структур тавараправоднай сеткі, якія папулярызуюць на рынку беларускую прадукцыю, і іх колькасць пастаянна расце.