Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі "Мір"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка надае вялікае значэнне далейшаму існаванню і развіццю Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 4 кастрычніка ў інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір".
Усяго Прэзідэнту Беларусі было зададзена больш як 10 пытанняў аб розных аспектах як унутранай, так і знешняй палітыкі, удзелу ў інтэграцыйных аб'яднаннях, адносінах з Расіяй і краінамі СНД, Еўрасаюзам. У ходзе інтэрв'ю былі закрануты і некаторыя асабістыя для беларускага лідара тэмы.
Адказваючы на пытанне, у чым заслуга СНД за 20 гадоў існавання, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Перш за ўсё заслуга ў тым, што мы пасля распаду СССР не разбегліся на гэтай вялікай пляцоўцы, зразумелі, у якім свеце мы жывём і што нам рабіць далей".
На думку Прэзідэнта Беларусі, СНД – аснова, на якой у далейшым на постсавецкай прасторы былі створаны ўсе інтэграцыйныя структуры больш цеснага характару. "Першым з'явіўся Саюз Беларусі і Расіі, і мы палічылі неабходным перайсці да другога этапу – будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Потым Еўразійскае эканамічнае супольніцтва, на базе якога вельмі інтэнсіўна за апошнія гады, дзякуючы перш за ўсё пазіцыі Расійскай Федэрацыі, з'явілася такое інтэграцыйнае эканамічнае ўтварэнне, як АЭП. АДКБ – гэта ваенна-палітычны блок", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І ў СНД засталася пляцоўка для абмеркавання больш значных, цікавых палітычных пытанняў. Так я вызначыў бы ролю і месца СНД. Такім чынам значэнне СНД вельмі вялікае", – упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанне, ці будзе Беларусь садзейнічаць вяртанню Грузіі ў СНД хаця б у якасці асацыіраванага члена. " Я актыўны прыхільнік гэтага", – сказаў Прэзідэнт.
"Па-першае, калі гаварыць аб уражаннях ад грузінскіх выбараў, я не чакаў ад Саакашвілі такіх паводзін, ён проста пераступіў праз сябе. Наконт гэтага хачу сказаць, што ён малайчына. Усё ж такі прызнаць сваё паражэнне, калі ён да апошняй хвіліны быў упэўнены, што яго ўвесь народ стапрацэнтна падтрымае – гэта дарагога каштуе. Дарэчы, гэта ацанілі ўсе, і расіяне, і грузіны, і знешнія наглядальнікі", – адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Сапраўды, мы маем з Грузіяй нядрэнныя эканамічныя адносіны (хоць гэта несупастаўныя аб'ёмы) і з Расійскай Федэрацыяй. Але з Грузіяй мы мелі і некаторыя палітычныя кантакты, нягледзячы на тое, што мы, вядома, падтрымлівалі Расійскую Федэрацыю ва ўсіх гэтых канфліктах, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы мелі гэтыя палітычныя кантакты, і мы ўдзячны, я гэта адкрыта гаварыў і Міхеілу Саакашвілі, і ўсім грузінскім палітыкам, якія нас падтрымлівалі на міжнароднай арэне – ва Усходнім партнёрстве, ААН, перад амерыканцамі, еўрапейцамі. Саакашвілі наогул быў правадніком беларускай палітыкі, і гэта была праўда. Я яму за гэта ўдзячны, і ўжо не аднойчы публічна аб гэтым гаварыў".
"Таму факт ёсць факт. Там практычна раўнавага, невялікая перавага "Грузінскай мары" – блока Іванішвілі. Але сёння я паслухаў яго інтэрв'ю. Ён нічога новага не сказаў у параўнанні з тым, што рабіў Міхеіл Саакашвілі – пераважная арыентацыя на еўраатлантычныя структуры. Першы візіт пасля іх выбараў, ён сказаў, будзе ў Вашынгтон і гэтак далей, – заўважыў Кіраўнік дзяржавы. – А ўсе гаварылі, што гэта расійскі стаўленік. Гэта ніякі не стаўленік. Мне здаецца, прагрузінскі палітык, цвёрды палітык, які будзе абараняць інтарэсы Грузіі. А інтарэсы Грузіі сёння і ў напрамку Расійскай Федэрацыі, аб чым ён і гаворыць: так, захаваецца гэты курс, але мы павінны нармалізаваць адносіны з Расійскай Федэрацыяй".
"Абсалютна перакананы, што так і будзе, таму што і расійскае кіраўніцтва добра разумее, што грузіны – людзі не чужыя. Так, быў канфлікт, непрыемныя для брацкіх народаў сутыкненні, але калісьці гэту старонку трэба перагортваць, нікуды ад гэтага не дзенешся. Я ўпэўнены, што і Уладзімір Пуцін, і Дзмітрый Мядзведзеў гэта цудоўна разумеюць, хоць яны былі ўдзельнікамі гэтага канфлікту. І я практычна перакананы, што калі будуць крокі з боку Грузіі насустрач Расіі, яны будуць успрыняты станоўча, і мы станем сведкамі, напэўна, у будучым годзе нармалізацыі адносін паміж гэтымі дзвюма брацкімі дзяржавамі", – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"А што датычыцца ўвогуле палітыкі Грузіі на постсавецкай прасторы, мне здаецца, што ў наступным годзе саміт СНД, хутчэй за ўсё, збярэцца ў Мінску. Таму я ўсяляк буду ініцыіраваць, гэта ўжо мая будзе функцыя (калі Мінск стане месцам правядзення саміту), вяртанне Грузіі ў СНД", – заявіў Прэзідэнт.
"Гэта невялікая нагрузка для грузінскіх палітыкаў. Я ўпэўнены, калі б нават Саакашвілі застаўся, партыя яго перамагла б (ён жа нікуды не знік, ён пакуль Прэзідэнт), я перакананы, што Грузія была б членам Садружнасці Незалежных Дзяржаў у будучым годзе. Перакананы. І ў гэтым напрамку Беларусь будзе працаваць. Мы не павінны страціць Грузію", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб выгаднасці інтэграцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы "тройкі", Прэзідэнт падкрэсліў экспартаарыентаванасць беларускай эканомікі. "І калі нам ствараліся бар'еры пры пастаўках прадукцыі, як гэта было з Расіяй, то наша эканоміка несла адчувальны ўрон, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Хоць і станоўчыя былі фактары, якія заключаліся ў тым, што мы шукалі новыя рынкі і знайшлі іх".
"Але страчваць традыцыйныя рынкі, такія як Расія, мы не маглі. І гэтыя бар'еры балюча білі па нашай эканоміцы. Сёння гэтага няма, у асноўным няма, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Бывае, што яшчэ сёй-той хацеў бы нейкія выключэнні, нейкія новыя правілы ўстанавіць для нечага. На гэта наклалася ўступленне Расіі ў СГА. Тут мы яшчэ, можа, не ўсе праблемы бачым, але адчуваем, што тут будуць праблемы. Але яны пераадольныя. Рана ці позна мы да гэтага прыйшлі б".
"Але гэтых бар'ераў няма. Суб'екты гаспадарання могуць свабодна гандляваць на гэтай прасторы, з'явілася свабода для бізнесу, прадпрыемстваў. Гэта значыць эканоміка пачынае працаваць, як у адной дзяржаве. Згадзіцеся, гэта дарагога каштуе. І гэта Беларусь атрымала таксама, як гэта атрымалі і Расія, і Казахстан", – дадаў Прэзідэнт Беларусі.
МТРК "Мір" заснавана ў кастрычніку 1992 года. Яе сузаснавальнікамі з'яўляюцца краіны СНД. Задача кампаніі – асвятленне палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД, фарміраванне агульнай інфармацыйнай прасторы, садзейнічанне міжнароднаму абмену інфармацыяй.
Кампанія вядзе кругласутачнае тэлевяшчанне на тэрыторыях усіх краін СНД (за выключэннем Туркменістана), а таксама Грузіі і краін Балтыі і ахоплівае больш як 60 млн. чалавек патэнцыяльнай аўдыторыі. Зона непасрэднага спадарожнікавага вяшчання МТРК "Мір" займае тэрыторыю ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Вяшчанне таксама вядзецца ў рэжыме анлайн ў Інтэрнэце.
Штаб-кватэра МТРК "Мір" знаходзіцца ў Маскве, а нацыянальныя філіялы і прадстаўніцтвы працуюць у дзевяці краінах. Прадстаўніцтва ў Беларусі – адно з самых вялікіх і творча моцных структурных падраздзяленняў тэлерадыёкампаніі. Тэлеканал ажыццяўляе лічбавае эфірнае і кабельнае вяшчанне больш як у 70 гарадах Беларусі. Акрамя таго, з 1997 года працуе радыёстанцыя "Мір-Беларусь" у FM-дыяпазоне з кругласутачным аб'ёмам вяшчання.