Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу "Венесалана дэ Тэлевісьён"
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні маючага адбыцца візіту ў Венесуэлу даў інтэрв'ю тэлеканалу "Венесалана дэ Тэлевісьён".
У ходзе паўтарагадзіннай сустрэчы размова ішла як аб двухбаковым супрацоўніцтве Беларусі і Венесуэлы, так і палітыцы ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі, у цэлым міжнароднай сітуацыі.
Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што за кароткі прамежак часу ў Венесуэле з удзелам беларускіх спецыялістаў былі рэалізаваны буйныя праекты, пабудаваны прадпрыемствы і немалая колькасць жылля.
"Мы з самага пачатку дамовіліся з Чавесам, што, купляючы ў вас і здабываючы разам з вамі прыродныя выкапні па вашых законах, мы будзем прымаць актыўны ўдзел у стварэнні індустрыяльнай асновы вашай дзяржавы. Мы гатовы ўдзельнічаць у развіцці Венесуэлы, каб засцерагчы вас ад сыравіннай залежнасці, стварыць магутны прамысловы і аграпрамысловы комплекс вашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да журналіста тэлеканала.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь гатова таксама ўдзельнічаць у рэалізацыі новых праектаў у Венесуэле.
"Мы гатовы і ў далейшым развіваць у вас будаўніцтва прадпрыемстваў па хіміі, нафтахіміі, бытавой тэхніцы, тэлевізійныя заводы. Наперадзе будаўніцтва ў Венесуэле цеплаэлектрастанцыі, газаправодаў, вялікай колькасці жылля", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў планах развіццё з удзелам Беларусі ў Венесуэле здабычы прыродных выкапняў, у прыватнасці фасфарытаў, а ў перспектыве і вытворчасць азотных угнаенняў. З улікам таго, што Беларусь вырабляе шмат калійных угнаенняў, яна гатова стварыць у Венесуэле вялікі цэнтр па змешванню ўгнаенняў і продажы іх на ўвесь рэгіён Лацінскай Амерыкі. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, патрэбнасць у гэтым вялікая.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Венесуэле пачата стварэнне сумесных з Беларуссю гандлёвых прадпрыемстваў для рэалізацыі прадукцыі ва ўсёй Лацінскай Амерыцы.
"Такім чынам, мы рэалізуем рашэнні Чавеса па дыверсіфікацыі вашай эканомікі. І я ўпэўнены, што на працягу пяцігодкі мы атрымаем значныя вынікі, якія яшчэ больш зменяць Венесуэлу", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Венесуэлу як плацдарм для работы ва ўсім рэгіёне Лацінскай Амерыкі. "Калі гаварыць аб нашым інтарэсе, то я разглядаў Венесуэлу як вялікі плацдарм, з якога мы можам працаваць на ўсю Лацінскую Амерыку, і я прапаноўваў свайму сябру Чавесу, каб ён разглядаў Беларусь як плацдарм, у добрым сэнсе, для эканамічнай экспансіі ў Еўропу", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Аб'ектыўная аснова нашага супрацоўніцтва ў эканоміцы і заключана ў тым, што мы патрэбны адзін аднаму, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Патрэбнасць адзін у адным заключаецца ў тым, што ў нас узаемадапаўняльныя эканомікі і гэта аб'ектыўна падштурхнула нас да супрацоўніцтва".
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь, супрацоўнічаючы з Венесуэлай, апіраецца таксама на магчымасці такіх буйных сусветных ігракоў, як Расія, Кітай, Іран, многія краіны Азіі і Афрыкі. "Таму так ці інакш да нашага супрацоўніцтва прывязаны іншыя магутныя дзяржавы, і гэта апора дае нам упэўненасць у будучым", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такое цеснае супрацоўніцтва дзвюх краін не нясе пагрозы іншым дзяржавам. "Мы не сябруем супраць каго-небудзь. Мы не збіраемся ні з кім канфліктаваць, ваяваць, мы хочам забяспечыць незалежнасць і працвітанне сваіх дзяржаў і народаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.