Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю буйнейшым сербскім сродкам масавай інфармацыі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня даў інтэрв'ю буйнейшым сербскім сродкам масавай інфармацыі - грамадска-палітычнаму штодзённіку "Политика" і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Радыё і тэлебачанне Сербіі".

    Кіраўнік дзяржавы адказаў на шырокае кола пытанняў, якія датычыліся прычын устойлівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на фоне крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы, узаемаадносін Беларусі з ЕС і НАТА, стану і перспектыў беларуска-сербскіх адносін.

    Закранаючы крытыку Захаду праводзімай у Беларусі палітыкі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Чаго мне крыўдзіцца на Захад? Я ж разумею, чаго яны хочуць ад мяне і чаго яны хочуць ад Беларусі. Я ніколі на гэта не пайду і не дазволю ім тут гаспадарыць".

    "Дзякуючы гэтаму мы неяк развіваемся і больш-менш утрымліваем стабільнасць у краіне. Для мяне значна важней, я часта аб гэтым гавару, каб маладая маці выйшла позна вечарам і вывезла на калясачцы сваё дзіця, не баючыся таго, што нейкія марадзёры-жывадзёры яе спыняць і будуць здзекавацца. Каб нармальна жылі сем'і, каб нараджалі дзяцей. Для мяне гэта больш важна, чым паехаць у Еўрасаюз і там паўсміхацца адзін аднаму", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Асаблівая ўвага ў час інтэрв'ю была ўдзелена далейшай эвалюцыі Еўразійскага эканамічнага саюза, яго прывабнасці для іншых дзяржаў.

    Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Еўразійскага эканамічнага саюза вялікія перспектывы. Аднак для таго, каб да яго захацелі далучыцца іншыя краіны, ЕАЭС "неабходна прадэманстраваць з пункту гледжання эканомікі нармальныя перспектывы, паказаць усім, што гэта сапраўды жыццяздольнае аб'яднанне".

    "Ужо на стадыі заключэння гэтага дагавора паміж трыма дзяржавамі інтарэс да яго каласальны. Я не кажу пра Кітай, мы ўжо з імі размаўляем, супрацоўнічаем, сёння В'етнам, Індыя заявілі аб гэтым, іншыя дзяржавы, вы сябе там бачыце. Я ўпэўнены, што Украіна нікуды не дзенецца ад супрацоўніцтва з гэтым саюзам", - сказаў беларускі лідар.

    "Гэта значыць ужо на стадыі фарміравання да яго вялікі інтарэс. І гэта правільна, таму што зараджаецца, як я разумею, новы цэнтр сілы. Можа быць, гэта дадатковы ўклад у шматпалярнасць свету", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама выклаў сваё бачанне вытокаў унутрыпалітычнага крызісу ва Украіне.

    Пасля інтэрв'ю сербскія журналісты цёпла падзякавалі Кіраўніку дзяржавы за дапамогу, аказаную Беларуссю ў пераадоленні наступстваў нядаўняй разбуральнай паводкі ў Сербіі.

    Штодзённік "Политика" з'яўляецца старэйшай газетай на Балканах, якая заснавана ў 1904 годзе. Яна арыентавана на шырокае кола чытачоў, папулярная ў палітычных, дзелавых і акадэмічных колах Сербіі.

    Дзяржаўная тэлерадыёкампанія "Радыё і тэлебачанне Сербіі" - нацыянальны медыяхолдынг Сербіі, буйнейшы вяшчальнік на тэрыторыі былой Югаславіі і Балкан.