Аляксандр Лукашэнка даручыў аператыўна дапрацаваць праект Указа аб зацвярджэнні новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка
даручыў аператыўна дапрацаваць праект Указа аб зацвярджэнні новай рэдакцыі
правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ з тым, каб яны
ўступілі ў сілу ў сакавіку. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 11 сакавіка
на нарадзе па ўдасканаленні сістэмы і работы па прыёме ў ВНУ і ССНУ. Пры гэтым
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякіх рэвалюцый у арганізацыі прыёму не
будзе, а новая рэдакцыя правіл пойдзе толькі на паляпшэнне сітуацыі.
Паводле слоў Прэзідэнта, пры разглядзе праекта Указа ім было прынята рашэнне абмеркаваць гэта важнае сацыяльнае пытанне з шырокім удзелам усіх зацікаўленых. "На жаль, замест снежня гэта размова адбылася ў сакавіку, аб чым ужо гавораць усе ў краіне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі расце попыт на кваліфікаваных спецыялістаў. Там, дзе раней спраўляўся тэхнік або практык, сёння патрэбны інжынер. Таму ў Беларусі, як і ў іншых развітых краінах, адбываецца паступовы пераход да масавай вышэйшай адукацыі. "Якой гэта вышэйшая адукацыя павінна быць - тэма асобнай асаблівай размовы, але ў дэталях мы ўжо вызначыліся. Мною даваліся даручэнні адпаведным службовым асобам аб тым, што мы павінны адаптаваць вышэйшую адукацыю і па тэрмінах, і па змесце да патрабаванняў сённяшняга дня", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што размова, у прыватнасці, ідзе аб неабходнасці пашырэння вытворчай практыкі ў час вучобы, каб, з аднаго боку, падрыхтаваць студэнтаў і вучняў да будучай работы, а з іншага - даць магчымасць ацаніць усе плюсы і мінусы выбранай прафесіі. Гэта дасць магчымасць маладым людзям раней зразумець, што яны, магчыма, зрабілі памылку ў выбары спецыяльнасці, і знайсці сабе прымяненне ў іншай сферы.
"Мы дамовіліся, што без рэвалюцый, наскокаў і абвалаў будзем удасканальваць сістэму вышэйшай адукацыі, падчысцім праграмы, выключым усё лішняе, што чалавеку не трэба будзе ў жыцці наогул. Паспрабуем пазбавіцца ад такіх настрояў, як здаў залік або экзамен, ацэнку ў залікоўцы паставілі і дзякуй богу, назаўтра ўсё забыў, - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта пытанне звязана з тэмай цяперашняй нарады, але будзе разгледжана асобна ў далейшым. Ён запатрабаваў ад урада і міністра адукацыі ў бліжэйшы час далажыць, што канкрэтна зроблена ў гэтым напрамку. "Не павінна быць ніякага прыхарошвання і замазвання праблемы, - папярэдзіў беларускі лідар. - Вучыць абы чаму, а тым больш непатрэбнаму, сотні тысяч маладых людзей у нас, прынамсі, для гэтага няма сродкаў".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што трымае гэта пытанне на кантролі, і даручыў запланаваць з удзелам Прэзідэнта сур'ёзнае кантрольнае мерапрыемства на гэту тэму, дзе адказныя асобы дадуць справаздачу аб праведзенай рабоце.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў сучасных выпускнікоў школ змяніліся матывы, якія ўплываюць на выбар iмi жыццёвага шляху. "Раней, напрыклад, для выпускніка быў важны і прэстыжны сам факт паступлення ў ВНУ. А цяпер прагматычная моладзь імкнецца выбіраць спецыяльнасці, якія ў будучым дадуць добры заработак. Акрамя вучобы ў яе з'явіліся і іншыя прывабныя варыянты жыццеўладкавання, напрыклад прадпрымальніцтва", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што многія, скончыўшы ВНУ, лічаць сябе гатовымі бізнесменамі або адразу разлічваюць на высокі заработак. "Нават калі не бізнесмен, то растапырыўшы пальцы веерам, у яго павінны быць напакаваны "зялёнай капустай" кішэні і яшчэ недзе быць рахункі, не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, - адзначыў Прэзідэнт. - Далёка не кожны малады чалавек можа быць паспяховым прадпрымальнікам і бізнесменам. Гэта вельмі цяжкая работа".
На думку Аляксандра Лукашэнкі, тое, што маладыя людзі, скончыўшы ВНУ, ужо бачаць сябе бізнесменамі, нейкімі "ракфелерамі сучаснасці", у некаторай ступені дрэнна. "Ускаквае ў гэту нішу, а потым аказваецца, што ён нікчэмны прадпрымальнік. І атрымліваецца, што моладзь, сутыкнуўшыся з гэтым, пачынае скардзіцца і крыўдзіцца, што ўлада не стварыла, бачыце, нейкіх умоў і ў нас у краіне ўсё дрэнна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму моладзі трэба ўбіць у галаву, што мы не супраць, прадпрымальніцтва - гэта добра, але паспяховае прадпрымальніцтва і бізнес - вельмі цяжкая работа, і не кожнаму гэта дадзена", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы закрануў праблему прыцягнення абітурыентаў не толькі ў ВНУ, але таксама ў вучылішчы, каледжы і тэхнікумы, якія рыхтуюць рабочыя кадры і спецыялістаў сярэдняга звяна. "Сёння трэба кропкава, прыцэльна змагацца за кожнага студэнта і вучня. Аднак мы не ўлічваем гэтыя абставіны пры арганізацыі ўступнай кампаніі. Напрыклад, у 2013 годзе з-за павышэння ніжняга парогавага значэння тэставага бала каля 36 працэнтаў усіх абітурыентаў не былі дапушчаны да конкурсу", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сумным вынікам прыёмнай кампаніі мінулага года сталі сотні незапоўненых бюджэтных месц. "Мы павінны дакладна разабрацца, чаму так адбылося. Можа, кадры, якіх рыхтуюць у ВНУ, не запатрабаваны? Жыццё сведчыць, што гэта не так. Значыць, галоўная прычына заключаецца ў нізкай папулярнасці некаторых спецыяльнасцей у моладзі", - лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў меркаванне шэрага экспертаў аб тым, што эфектыўным сродкам прыцягнення абітурыентаў магла б стаць ранняя прафесійная арыентацыя. Гэтыя эксперты, у прыватнасці, прапануюць разгледзець магчымасць укаранення профільнага навучання, а таксама адкрыцця спецыялізаваных класаў і школ з ухілам.
"Я аб гэтым сказаў, але я не разумею, якая больш ранняя прафарыентацыя і якія класы з ухілам патрэбны для таго, каб агітаваць і прыцягнуць вучняў школ да паступлення ў педагагічныя ВНУ. Якая тут яшчэ патрэбна прафарыентацыя, калі самі школы з першага па апошні клас выконваюць гэту функцыю?! Яны бачаць з 6-7 гадоў тое, чым трэба будзе займацца сённяшняму вучню, а заўтра - настаўніку. Але тым не менш настаўнікаў у нас не хапае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сістэма ранняй прафарыентацыі прапануецца без якога-небудзь аналізу таго, які ад гэтага будзе вынік.
Тое ж датычыцца і набору на ваенныя спецыяльнасці. "Міністр абароны Юрый Жадобін сёння скажа, як ён выканаў маё даручэнне, калі я яму сказаў: не займайцеся глупствам, а едзьце ў вёску і там знойдзеце добрых курсантаў, у будучым цудоўных генералаў", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што моладзь у Беларусі дастаткова арыентуецца на тое, каб у будучым, магчыма, звязаць кар'еру з ваеннай службай. Гэтаму садзейнічаюць як мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні, так і вялікая колькасць розных памятных мясцін, якія вучні так ці інакш наведваюць у школьныя гады.
"Дык пры чым жа тут ранняя прафарыентацыя? Тут патрэбна іншае - карпатлівая работа па адборы кожны год у педуніверсітэты і ваенныя навучальныя ўстановы. І я ўпэўнены, што мы такіх юнакоў і дзяўчат знойдзем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што галоўнае значэнне мае нават не высокі ўзровень ведаў у момант паступлення, а жаданне і здольнасць працаваць, дабівацца выніку ў працэсе вучобы. "Патрэбны падбор, мэтавыя накіраванні. Лёгка ж вызначыць будучага педагога, будучага ваеннага, які ганарыўся б тым, што ён носіць пагоны, што ён будзе абараняць Радзіму, - лічыць Прэзідэнт. - Мы хочам канкрэтную работу падмяніць нейкай прафарыентацыяй, балбатнёй. А на самай справе нічога гэтага не будзе, усё як было, так і застанецца".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў веданні многіх міністэрстваў ёсць свае профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі, якія ў свой час было вырашана пакінуць менавіта ў гэтых ведамствах, а не перадаваць Міністэрству адукацыі. "Але вы і адкажаце за напаўненне гэтых ВНУ. Вось галоўная ваша задача", - падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да прысутных міністраў.
"Не дай бог мы ў вашых ВНУ выявім нейкую там карупцыю. Толькі ідыёт пасля падзей ва Украіне не зробіць адпаведных вывадаў", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
"Развал краіны, які адбыўся ва Украіне, у яго аснове развал эканомікі і страшная карупцыя. Вось дзве прычыны, якія разбурылі дзяржаву", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што якім бы ні быў стан эканомікі ў дзяржаве, карупцыя з'яўляецца той іржой, якая будзе раз'ядаць усё.
"Больш таго, мы ў бліжэйшы час агучым усе факты. Мы неяк перасталі ў СМІ гаварыць аб жуліках і карупцыянерах", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што сёння ў месцах зняволення знаходзіцца нямала тых, хто займаў высокія кіруючыя пасады. "Вось толькі што мне далажылі, памятаеце, па Волкаву (былы намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Волкаў) ішла размова. Няхай суддзі не палічаць, што я ўмешваюся ў следчы працэс. Абаронцы, памятаеце, прэм'ер, першы віцэ-прэм'ер гаварылі: "Волкаў - святы чалавек!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Восем або адзінаццаць хабараў зафіксавана толькі тэхнічна. Як кажуць, плёнку на стол і глядзі".
"І шмат такіх. Я ў бліжэйшы час аб гэтым скажу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў у пытанні мэтавага набору займацца канкрэтнай справай: "Дамовіліся з бацькамі, з дзяўчынай або хлопцам: хочаш быць настаўнікам - вось табе мэтавае накіраванне, ты павінен здаць дастойна экзамен. Я не гавару атрымаць там найвышэйшы бал".
На думку Кіраўніка дзяржавы, пэўную долю адказнасці павінна несці школа, дзе настаўнікі маюць магчымасць дасканала вызначыць здольнасці кожнага з вучняў. "І гэту сістэму трэба стварыць, каб дырэктар з намеснікам дырэктара школы, падпісваючы накіраванне, разам адказвалі за гэта дзіця. І каб гэта дзіця, якое падпісвае дагавор, скончыўшы ВНУ, вярнулася туды, куды нам трэба. І я ўпэўнены, што мы знойдзем вельмі шмат людзей і для ваенных, і для педагогаў, і гэта праблема здымецца раз і назаўсёды", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адным са сродкаў павышэння прывабнасці вострадэфіцытных спецыяльнасцей магло б стаць увядзенне дадатковых прэферэнцый для маладых спецыялістаў. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, што могуць зрабіць у гэтым напрамку арганізацыі і мясцовыя ўлады.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне аб мэтазгоднасці змянення правіл прыёму і іх якасці. "Калі прынцыпова нічога не мяняецца, ці трэба наогул прымаць новую рэдакцыю гэтых правіл і бударажыць людзей? Ці забяспечаць яны якаснае паляпшэнне прыёмнай кампаніі?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч лічыць, што існуючы механізм прыёму ў ВНУ і ССНУ, закладзены ў 2006 годзе, забяспечвае аднолькавыя магчымасці грамадзян пры паступленні. Паводле яго слоў, дзеючыя правілы прыёму даюць магчымасць на конкурснай аснове па выніках цэнтралізаванага тэсціравання адабраць лепшых для навучання за сродкі дзяржбюджэту. Для тых, хто не прайшоў па конкурсе на бюджэтныя месцы, ёсць магчымасць навучацца за ўласныя сродкі.
Як адзначыў міністр, цяпер якіх-небудзь вострых праблем у арганізацыі прыёмнай кампаніі няма. Разам з тым з-за дэмаграфічнай сітуацыі ў апошнія гады істотна зменшылася колькасць выпускнікоў школ, што ўжо знаходзіць адбітак на забяспечанасці асобных галін эканомікі працоўнымі рэсурсамі. Так, з 2006 года колькасць выпускнікоў базавай школы зменшылася з 147 тыс. да 87 тыс., сярэдняй школы - з 96 тыс. да 60 тыс. Для краіны асаблівае значэнне мае рацыянальнае збалансаванае забеспячэнне эканомікі рабочымі і спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, падкрэсліў Сяргей Маскевіч.
Міністр адзначыў, што прапанаваныя ў новай рэдакцыі правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ абнаўленні накіраваны на тое, каб стымуляваць паступленне моладзі на запатрабаваныя эканомікай краіны спецыяльнасці, забяспечыць развіццё прынцыпу сацыяльнай справядлівасці і дадаткова падтрымаць таленавітую і адораную моладзь.
У прыватнасці, прапануецца прадаставіць абітурыентам незалежна ад месца іх пражывання магчымасць удзельнічаць у конкурсе па мэтавай падрыхтоўцы, а таксама павялічыць мэтавы прыём абітурыентаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па іншых спецыяльнасцях - да 40 працэнтаў, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі па сельскагаспадарчых, медыцынскіх спецыяльнасцях да 60 працэнтаў, па іншых спецыяльнасцях - да 30 працэнтаў.
Акрамя таго, прапануецца прадаставіць права залічэння без уступных іспытаў або па-за конкурсам пры паступленні на ваенныя спецыяльнасці выпускнікам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС і кадэцкіх вучылішчаў.
Абітурыентам плануецца прадаставіць права выбару здачы ўступных іспытаў у ВНУ або прадастаўленне сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
Прапануецца прадаставіць абітурыентам - пераможцам абласнога, Мінскага гарадскога этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах і асобам, якія ўзнагароджаны залатым, сярэбраным медалём або маюць дыплом з адзнакай - права залічэння без уступных іспытаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці пры наяўнасці рэкамендацый педагагічных саветаў устаноў, якія яны скончылі.
Плануецца ўзгадняць з заснавальнікамі і Міністэрствам адукацыі лічбы прыёму на навучанне на платнай аснове для дзяржаўных і прыватных устаноў вышэйшай адукацыі.
Акрамя таго, ідзе размова аб тым, каб увесці норму, што ўстанаўлівае магчымасць абітурыентам, не прайшоўшым па конкурсе, паступаць на іншую спецыяльнасць у той жа або іншай ВНУ на вакантныя бюджэтныя месцы, якія засталіся.
Прапануецца таксама змяніць умовы залічэння пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і асоб, узнагароджаных нагрудным знакам лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта, пры паступленні на самыя прэстыжныя спецыяльнасці: міжнародныя адносіны, міжнароднае права, правазнаўства, эканамічнае права, дзяржаўнае кіраванне і права. На гэтыя спецыяльнасці залічэнне будзе ажыццяўляцца толькі на конкурснай аснове.
Пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве будуць вызвалены ад здачы ўступнага іспыту па адпаведным прадмеце з выстаўленнем ім 100 балаў.
Акрамя таго, плануецца адмяніць раздзельны для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ конкурс, які стымулюе адток моладзі з сельскай мясцовасці і не забяспечвае яе сацыяльнай падтрымкі.
У новай рэдакцыі правіл прапануецца выкарыстоўваць адзіную для ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі методыку падліку балаў пры паступленні на творчыя спецыяльнасці, з тым, каб 2/3 ад агульнай сумы набраных балаў складала ўдзельная вага ўступнага іспыту па творчым экзамене. Такая схема, на думку спецыялістаў, будзе садзейнічаць прытоку таленавітай моладзі на спецыяльнасці культуры і мастацтва.
Абітурыентам - пераможцам, прызёрам і ўдзельнікам Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, а таксама пераможцам і прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы сярод інвалідаў плануецца прадаставіць пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту права залічэння без уступных іспытаў, а таксама вызваліць ад здачы ўступнага іспыту па фізічнай культуры з выстаўленнем 100 балаў пры паступленні на спецыяльнасці фізкультуры і спорту майстроў спорту.
Плануецца прадаставіць магчымасць абітурыентам - спартсменам, якія ўключаны ў склад зборных каманд краіны, атрымліваць за кошт сродкаў дзяржбюджэту вышэйшую адукацыю на завочнай форме па спецыяльнасцях, не звязаных з фізічнай культурай і спортам.
Для павышэння эфектыўнасці ўступных іспытаў, забеспячэння больш гібкага і аператыўнага рэгулявання парадку правядзення ўступнай кампаніі прапануецца адмяніць прафесійна-псіхалагічную гутарку для абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці дзяржкіравання, права і журналістыкі.
Як адзначыў Сяргей Маскевіч, праект правіл прыёму ў новай рэдакцыі распрацаваны з улікам меркавання ўсіх органаў дзяржаўнага кіравання, што маюць у падпарадкаванні ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, рэспубліканскага савета рэктараў, дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў і ўрада.
На думку міністра, прапануемая рэдакцыя правіл істотна пашырае магчымасці абітурыентаў, ніякім чынам не стварае ім новых праблем на этапе здачы ўступных іспытаў і можа быць ужо ў гэтым годзе выкарыстана на практыцы.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым закрануў пытанне якасці адукацыі ў прыватных ВНУ. Ён падкрэсліў, што патрабаванні і для прыватных ВНУ, і для дзяржаўных павінны быць аднолькавымі.
"Падцягвайце якасць адукацыі ў прыватных ВНУ да дзяржаўных. Каб грошы не беглі наперадзе якасці адукацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што гэта будзе на асаблівым кантролі ў бліжэйшы перыяд.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў выказаў сваё меркаванне аб цяперашнім стане сістэмы прыёму ў ВНУ і ССНУ. Ён лічыць правільным прынятае ў свой час рашэнне аб адмове ад сумешчанага выпускнога дзяржаўнага экзамену ў школах і прыёмнага ў ВНУ. Паводле яго слоў, цэнтралізаванае тэсціраванне таксама апраўдала сябе, даўшы магчымасць цалкам вырашыць задачу выкаранення карупцыі ў гэтай сферы. Анатоль Рубінаў адзначыў, што правілы ўстаяліся, грамадства іх прыняло, прынцыповых змяненняў у іх не патрабуецца, аднак патрэбна некаторае іх удасканаленне. У прыватнасці, Анатоль Рубінаў прапанаваў пры паступленні на творчыя спецыяльнасці ўвесці абавязковы відэа-, аўдыязапіс экзамену (па вакале, танцах, акцёрскім майстэрстве і гэтак далей). Ён таксама лічыць неабходным дапрацаваць структуру і змест тэставых заданняў, скараціўшы ў іх заданні групы А і павялічыўшы групы В, дзе патрабуецца праяўленне рэальных ведаў. Акрамя таго, Анатоль Рубінаў прапанаваў укараніць сістэму камп'ютарнага, аўтаматызаванага залічэння абітурыентаў у ВНУ.
На нараду былі запрошаны рэктары практычна ўсіх беларускіх ВНУ, у тым ліку і прадстаўнікі прыватных навучальных устаноў. Прэзідэнт запрасіў іх да дыскусіі па абазначаных праблемных пытаннях.
Рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў у цэлым падтрымаў праект новых правіл. У якасці заўваг ён прапанаваў не спяшацца з навацыямі па залічэнні абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. "Не думаю, што сёння ва ўмовах узмацнення канкурэнтнай барацьбы як на ўнутраным, так і на знешнім рынках, дамінавання эканомікі, заснаванай на ведах, існуе строгі імператыў мэтавай падрыхтоўкі па ўсіх без выключэння спецыяльнасцях", - сказаў ён. На думку рэктара, мэтавы набор апраўданы для пэўнага кола спецыяльнасцей, на якія ў апошнія гады адзначаецца нізкі попыт з боку абітурыентаў, а патрэбнасць работадаўцаў расце і яе незадаволенасць павялічваецца. Ён лічыць мэтазгодным вызначэнне і абнаўленне пераліку гэтых спецыяльнасцей замацаваць за Міністэрствам адукацыі на аснове даных галіновых міністэрстваў і патрэбнасці рынку працы. "Гэта зробіць правілы значна больш гібкімі, дасць магчымасць вышэйшай школе аператыўна рэагаваць на патрэбнасці эканомікі ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй рознага профілю", - лічыць Уладзімір Шымаў. Акрамя таго, на яго думку, пашырэнне прыёму па мэтавым наборы ўзмоцніць карупцыйны складальнік працэсу, павялічыць праблему якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.
"Не думаю таксама, што апраўдана залічэнне ў сельгасустановы вышэйшай адукацыі на скарочаны тэрмін навучання абітурыентаў толькі па двух уступных іспытах па профільных прадметах. Ці спецыяліст з вышэйшай адукацыяй не павінен умець правільна, лагічна, сістэмна выкладаць свае прафесійныя меркаванні на адной з дзяржаўных моў?" - задаў рытарычнае пытанне рэктар.
У якасці вырашэння праблемы з наборам на непапулярныя спецыяльнасці абітурыентаў Уладзімір Шымаў прапанаваў значна павялічыць стыпендыі, у першую чаргу за кошт зацікаўленых міністэрстваў і рэгіянальных органаў улады, а таксама цалкам забяспечваць іншагародніх студэнтаў месцамі ў інтэрнатах. "Мы не павінны вырашаць праблему набору на некаторыя спецыяльнасці за кошт рэзкага пагаршэння якасці адабранага кантынгенту. Навукай устаноўлена, што толькі 45-50 працэнтаў ад кожнага школьнага выпуску здольны эфектыўна асвойваць вучэбныя праграмы вышэйшай школы. На гэту лічбу і трэба арыентавацца па колькасці месц для набору ў ВНУ", - лічыць рэктар.
Ён таксама прызнаў, што правілы павінны быць больш стабільнымі і вядомымі абітурыентам ужо ў верасні-кастрычніку года, які папярэднічае паступленню. На яго думку, гэта істотна спросціць падрыхтоўку абітурыентаў для паступлення ў ВНУ, здыме непатрэбную сацыяльна-псіхалагічную напружанасць у грамадстве, істотна спросціць прафарыентацыйную работу. Рэктар лічыць аптымальным пяцігадовы інтэрвал дзеяння правіл.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Іван Шыла лічыць, што ўносімыя змяненні ў правілы прыёму адпавядаюць рэаліям сённяшняга дня і будуць садзейнічаць замацаванню кадраў на вытворчасці.
Іван Шыла адзначыў, што БДАТУ мае 15-гадовы вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі. На гэты час каля 30 працэнтаў студэнтаў дзённай формы навучання з'яўляюцца выпускнікамі аграрных каледжаў. Інтэграваўшы вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, універсітэт павялічвае прыём найбольш падрыхтаванай сельскай моладзі з каледжаў, на паўтара года скарачае перыяд навучання і на 30 працэнтаў - кошт падрыхтоўкі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Паводле слоў рэктара, замацаванне такіх выпускнікоў складае не менш за 90 працэнтаў. З улікам таго, што выпускнікі каледжаў з'яўляюцца прафесійна арыентаванымі, маюць высокае замацаванне на вытворчасці, але не заўсёды маюць магчымасць рэгістравацца і здаваць уступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання, Іван Шыла прапанаваў дазволіць пры паступленні ў аграрныя ўстановы вышэйшай адукацыі на скарочаны тэрмін навучання здаваць толькі два ўступныя іспыты па профільных прадметах, паколькі ў гэты перыяд праходзіць пераддыпломная практыка і падрыхтоўка дыпломаў.
Іван Шыла адзначыў, што важнае значэнне для замацавання спецыялістаў у вёсцы таксама мае мэтавая падрыхтоўка, і, паводле яго слоў, не таму, што спецыялістам даводзіцца пасля навучання адпрацоўваць не менш за 5 гадоў, станоўчую ролю адыгрывае той факт, што выпускнікі размяркоўваюцца яшчэ па месцы жыхарства і значна ўзрастае замацаванне ў вёсцы.
У той жа час рэктар звярнуў увагу на тое, што значнае скарачэнне за апошнія гады колькасці выпускнікоў сельскіх школ, далейшае павелічэнне аб'ёмаў мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў толькі за кошт сельскай моладзі стала практычна немагчымым. У сувязі з гэтым узнікла патрэба распаўсюдзіць умовы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў на моладзь, якая пражывае ў гарадскіх населеных пунктах і ў перспектыве жадае звязаць сваю працоўную дзейнасць з работай у вёсцы.
Іван Шыла адзначыў, што вынікі прыёмнай кампаніі 2013 года паказалі, што з павелічэннем ніжняй мяжы тэставых балаў ва ўмовах існуючай дэмаграфічнай сітуацыі ўзніклі праблемы з наборам студэнтаў па многіх спецыяльнасцях сельскагаспадарчага профілю. Таму рэальна давесці аб'ёмы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў да 60 працэнтаў магчыма, калі дазволіць абітурыентам, якія паступаюць на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, здаваць усе ўступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі або прадстаўляць сертыфікаты цэнтралізавага тэсціравання. Такая практыка ў сельгасустановах адукацыі існуе пры прыёме абітурыентаў на завочную форму навучання.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц таксама выказаў згодуз прапанаванымі ў праекце нормамі, якія датычацца аграрных ВНУ. У той жа час ён выказаў пажаданне, каб на завочным навучанні вялася падрыхтоўка па сельгасспецыяльнасцях за кошт бюджэту толькі тых асоб, хто непасрэдна працуе ў сельскай гаспадарцы.
Рэктар Мазырскага дзяржаўнага педадагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Валянцін Валетаў адзначыў, што ВНУ рэзультатыўна вырашае пытанні забеспячэння педагагічнымі кадрамі перш за ўсё раёнаў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паводле яго слоў, раёны паспяхова развіваюцца і ім неабходны якасна падрыхтаваныя настаўніцкія кадры. На сённяшні дзень ВНУ ажыццяўляе 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў перш за ўсё для гэтых рэгіёнаў. За ўсе гады ва ўніверсітэце навучаліся не менш за 40 працэнтаў студэнтаў з гэтых раёнаў. Акрамя таго, ВНУ ўзяты курс на тое, каб студэнты платнай формы навучання таксама размяркоўваліся ў дзяржаўныя ўстановы пасля заканчэння ўніверсітэта. Паводле слоў рэктара, па асобных спецыяльнасцях да 15 працэнтаў такіх студэнтаў выказваюць жаданне працаваць па размеркаванні, у выніку чаго замацаванне складае не менш за 95 працэнтаў. Ён адзначыў, што вядзецца работа сумесна з мясцовымі органамі ўлады, якія прадастаўляюць выпускнікам добрыя ўмовы для жыцця. Для таго каб прыцягнуць абітурыентаў у ВНУ, адкрываюцца новыя спецыяльнасці, вядзецца работа з будучымі выпускнікамі школ, створаны імянны банк даных школьнікаў, якія выказалі жаданне паступаць у ВНУ.
Начальнік Ваеннай акадэміі Сяргей Бобрыкаў адзначыў, што па выніках прыёмнай кампаніі мінулага года план набору быў выкананы на 65 працэнтаў, аднак у далейшым запрасілі неабходную колькасць абітурыентаў з тых, хто не вельмі паспяхова прайшоў уступныя іспыты. Паводле слоў начальніка акадэміі, у працэсе навучання некаторыя ўсё ж былі адлічаны, аднак студэнты, які засталіся, матываваныя на вучобу. Ён таксама ўзняў пытанне з парогавымі баламі пры цэтралізаваным тэсціраванні, адзначыўшы неабходнасць іх зніжэння для абітурыентаў Ваеннай акадэміі. Сяргей Бобрыкаў лічыць, што ў працэсе навучання ўсё роўна адбудзецца адсейванне слабых студэнтаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх рэвалюцый у арганізацыі прыёму ў ВНУ і ССНУ не будзе.
Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што існуючыя падыходы ў цэлым апраўдваюць сябе. Ён адзначыў, што дзякуючы цэнтралізаванаму тэсціраванню ўдалося выкараніць карупцыю і скандалы пры правядзенні ўступных іспытаў, а прыёмная кампанія ў беларускіх ВНУ і ССНУ стала адной з самых прагрэсіўных на тэрыторыі СНД. "Трэба не спыняцца і ісці далей", - лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што дзеючыя правілы падтрымліваюцца грамадствам. Паводле даных сацапытанняў, яны задавольваюць 60 працэнтаў абітурыентаў і іх бацькоў.
"Людзі баяцца іншага - кардынальных змяненняў правіл за некалькі месяцаў да ўступнай кампаніі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Меркаванне грамадзян - галоўнае, чым мы павінны кіравацца пры прыняцці рашэнняў. Але мы гаворым нашым грамадзянам - вучням, бацькам, што ВНУ - гэта вельмі адказна, гэта вельмі высокая ступень адукацыі і туды павінны ісці і мець магчымасць трапіць тыя, хто гэтаму ўзроўню адпавядае. ВНУ - гэта не прахадны двор".
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта аператыўна дапрацаваць праект Указа аб зацвярджэнні новай рэдакцыі правіл прыёму, з тым каб ён ужо ў сакавіку ўступіў у сілу.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выкананню планаў мэтавага набору на вострадэфіцытныя спецыяльнасці. "Персанальную адказнасць за гэта нясуць міністры і кіраўнікі мясцовых органаў улады, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца арганізацыі - заказчыкі кадраў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"У гэтым годзе нам трэба выключыць выпадкі недабору на патрэбныя краіне прафесіі. Таму Міністэрству адукацыі трэба перагледзець падыходы да вызначэння ніжніх парогавых значэнняў тэставага бала. Распрацуйце такую схему, каб будучыя матэматыкі або аграномы не аказваліся за парогам ВНУ з-за адзнак па няпрофільным прадмеце", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для замацавання маладых спецыялістаў трэба прыцягнуць у ВНУ і ССНУ людзей, якія зрабілі свядомы прафесійны выбар. Прэзідэнт са шкадаваннем заўважыў, што цяперашняя школа не зусім спраўляецца з падрыхтоўкай выпускнікоў да вырашэння гэтай важнейшай жыццёвай задачы. Ён таксама дадаў, што шмат пытанняў да якасці адукацыі і ў ВНУ.
Кіраўнік дзяржавы не выключыў магчымасці прыняцця мер для павышэння эфектыўнасці ранняй прафарыентацыі вучняў, у тым ліку шляхам адкрыцця спецыялізаваных школ і класаў, выкарыстання профільнага навучання ў старшых класах сярэдняй школы. "Тут могуць быць розныя варыянты - галоўнае, каб на самацёк не пускалі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў ураду сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і мясцовымі ўладамі распрацаваць комплексны падыход да вырашэння праблем замацавання маладых спецыялістаў, асабліва па вострадэфіцытных спецыяльнасцях. "Стаўку трэба рабіць не толькі на павелічэнне тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні і іншыя адміністрацыйныя меры, але і на павышэнне асабістай зацікаўленасці ўчарашніх выпускнікоў у сваім першым рабочым месцы шляхам устанаўлення для іх даплат, аказання дапамогі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, садзейнічання ў павышэнні кваліфікацыі і кар'ерным росце", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Фінансавыя сродкі і рэсурсы для рэалізацыі гэтых мер неабходна шукаць і на месцах. Паказчыкі замацавання маладых спецыялістаў будуць улічвацца пры ацэнцы работы старшынь выканкамаў і кіраўнікоў арганізацый", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў краіне патрэбны кваліфікаваныя рабочыя кадры. А таму пры вырашэнні праблемы набору ў ВНУ не павінны заставацца без абітурыентаў вучылішчы, каледжы і тэхнікумы.
"Міністэрству адукацыі сумесна з усімі зацікаўленымі неабходна комплексна разгледзець пытанне аб вызначэнні аптымальных лічбаў прыёму абітурыентаў на ўсе ступені прафесійнай адукацыі - ад прафтэхвучылішча да ВНУ - з улікам перспектыўных патрэб краіны ў кадрах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама праблемнае пытанне з заработнай платай настаўнікаў.
"Мы гаварылі аб тым, што з павелічэннем нагрузкі вырасце зарплата настаўнікаў. Мы гэта зрабілі, усё, што сэканомілі, аддалі, але рост аказаўся нязначным", - адзначыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму знайсці магчымасці і істотна павысіць заработную плату педагогам школ пачынаючы з наступнага навучальнага года, а таксама работнікам дзіцячых садоў.
"Тут трэба задзейнічаць усе існуючыя рэзервы, - лічыць Прэзідэнт. - Паглядзіце, на што трацяцца грошы, выключце ўсё лішняе, вы сэканоміце грошы і аддасце тым, каму трэба сёння дабавіць заработную плату".
"Настаўнікаў крыўдзіць нельга. Яны складаюць адну з самых актыўных частак грамадства, галоўную апору ўлады на месцах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Да старту прыёмнай кампаніі засталося няшмат часу. Таму ўсё, аб чым мы з вамі дамовіліся сёння, павінна быць аператыўна ажыццёўлена", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.
Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць шырокую дыскусію, растлумачэнне новых правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ ў сродках масавай інфармацыі.