Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры санаторыя "Беларусь" у Сочы і Краснай Паляне

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з рабочым візітам у Расійскай Федэрацыі, азнаёміўся з перспектывамі завяршэння будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры санаторыя "Беларусь" у Сочы і комплексу адпачынку гэтага санаторыя ў пасёлку Красная Паляна.

    Кіраўнік спраў Прэзідэнта Віктар Шэйман далажыў Кіраўніку дзяржавы аб тым, што плануецца зрабіць на гэтых аб'ектах, каб яны максімальна прыносілі прыбытак дзяржаве.

    "Пытанне адно: нам трэба завяршыць пачатую справу, завяршыць усе гэтыя будоўлі. Трэба зрабіць усё, каб санаторый у Сочы прывесці ў парадак", - сказаў Прэзідэнт.

    "Што датычыцца Краснай Паляны, то часу ў нас на разварушванне практычна няма. У прынцыпе, задача была пастаўлена даўно, і вы павінны былі думаць, што тут зрабіць такім чынам, каб гэты аб'ект прыносіў грошы. Але самыя вялікія грошы - гэта Алімпійскія гульні, якія будуць праходзіць тут роўна праз год", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо сёння беларускія аб'екты прыносяць нядрэнны прыбытак, гасцініца размешчана ў ідэальным месцы і карыстаецца вялікім попытам. "Але палавіна той зямлі, якую расіяне адвялі нам тут для будаўніцтва, яшчэ свабодна. Таму трэба падумаць, што мы тут будзем рабіць. Тэрыторыя тут - а гэта лепшае ў Краснай Паляне - павінна быць узорна-паказальнай, як усе аб'екты ў Беларусі. У ідэальным стане, нават калі нам трэба будзе прывесці ў парадак пад'язныя дарогі, якія сюды ідуць непасрэдна ад цэнтральнай трасы", - падкрэсліў Прэзідэнт.