Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Шапіру Сямёна Барысавіча старшынёй Мінскага аблвыканкама;
Краўцова Уладзіміра Васільевіча старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.
Назначаючы Сямёна Шапіру на пасаду губернатара Мінскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на асаблівай значнасці развіцця сталічнага рэгіёна ў маштабах усёй краіны: "Буду шчыры, калі нам удасца Мінскую вобласць падцягнуць да ўзроўню Гродзенскай, то ў бліжэйшым будучым новае пакаленне нашых людзей, якія жывуць у Беларусі, не будзе мець ніякіх праблем, перш за ўсё ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці".
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што вопыт, атрыманы Сямёнам Шапірам на розных кіруючых пасадах, і даволі малады для губернатара ўзрост будуць садзейнічаць дасягненню жаданых вынікаў. "У Вас яшчэ ёсць вялікі зарад бадзёрасці, настрою і, самае галоўнае, вопыту", - сказаў беларускі лідар.
"У даволі маладым узросце Вы сталі губернатарам вельмі праблемнай вобласці. Так, гэта самая развітая ў вытворчых адносінах, але ў грамадска-палітычным плане - гэта самая складаная вобласць, - адзначыў Прэзідэнт. - Ёсць пытанні, якія мы пастаянна павінны трымаць у полі зроку. Асабліва тое, што гэта прыграніная з Еўрасаюзам і НАТА вобласць. Там праходзіць граніца, і гэтым усё сказана. Зразумела, у тым узросце і не маючы вопыту работы на ключавой пасадзе, у любога чалавека ёсць памылкі. Яны былі і ў вас. Многія з іх маюць аб'ектыўны характар. Але, тым не менш, набіваючы гузы, Вы навучыліся працаваць і сталі, я лічу, нармальным губернатарам".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Мінскай вобласці, у тым ліку дзякуючы намаганням папярэдняга губернатара Барыса Батуры, створана неабходная для далейшага развіцця база. "Я ўжо гаварыў, Барыс Батура нямала зрабіў. З усіх губернатараў нашай навейшай гісторыі, напэўна, гэта быў самы эфектыўны. Я гэта кажу не для таго, каб чарговы раз пахваліць Батуру, але там (у Мінскай вобласці) створаны фундамент, на якім можна будаваць будынак, падобны на Гродзеншчыну", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, перавод Сямёна Шапіры на аналагічную, па сутнасці, пасаду, але з большым спектрам задач, дае магчымасць выбудаваць работу з "чыстага ліста", улічваючы папярэдні вопыт і дапушчаныя памылкі. "Гэта дае Вам магчымасць зрабіць пэўныя вывады, перавесці дух і, можна сказаць, з "чыстага ліста" пісаць сваю біяграфію ў цэнтры краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Немалаважна і тое, што Сямён Шапіра з'яўляецца выхадцам з Мінскай вобласці. "Вы працавалі тут, многіх помніце і ведаеце кадры. Гэта таксама прыемны факт. Я лічу, Вам лягчэй будзе сарыентавацца ў гэтай сітуацыі, - заўважыў беларускі лідар. - Адзінае, аб чым я папрасіў бы, - не сячыце з-за пляча. Сячыце толькі тады, калі вы цвёрда перакананы. Калі трэба, парайцеся лішні раз. Нельга ламаць чалавечыя лёсы ні за што, ні пра што. У любой сітуацыі чалавеку трэба даць шанц. Калі ён гэтым шанцам не скарыстаўся, значыць, патрэбны іншыя ініцыятыўныя энергічныя людзі".
"Нас чакае няпросты час, і ў эканоміцы. Мы з'яўляемся членамі Мытнага саюза. Апладзіраваць гэтаму можна, але не трэба забываць, што ў сувязі з гэтым узмацняецца канкурэнцыя, перш за ўсё трох дзяржаў. Мы на парозе ўступлення ў СГА. Мы рана ці позна ўступім, а наогул дэ-факта мы ўжо ў СГА. Таму ў эканоміцы канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. І гэта будзе накладаць пэўны адбітак на ўсю вашу дзейнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да назначаных губернатараў.
Прэзідэнт таксама заклікаў новых кіраўнікоў рэгіёнаў беражліва адносіцца да дзяржаўнай уласнасці: "Як бы мы ні рыдалі, ні стагналі наконт прыватнай уласнасці, гэта добра, калі яна створана сваёй працай. А калі яна дасталася проста так, і яшчэ незразумела як, вядома, не за тую цану, якую яна каштавала ў свой час, гэта ўжо пытанне. Таму не трэба спяшацца разбазарваць уласнасць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць арганізацыі сістэмнай работы і правільнага размеркавання задач паміж падначаленымі. "Гэта вельмі важна. Калі сябе загрузіць і на сабе ўсё цягнуць - ніколі не справішся. Людзі павінны працаваць эфектыўна, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце дамовімся, што ні ў адной, ні ў другой вобласці мы нічога не будзем ламаць з пляча, разбяромся. Вядома, зацягваць ніякія працэсы не трэба, у тым ліку і кадравыя пытанні, калі яны наспелі. Але вырашаць не спяшаючыся, і вельмі добра ўнікаючы ў тыя ці іншыя пытанні".
Звяртаючыся да Уладзіміра Краўцова, Прэзідэнт параіў яму выбудоўваць работу на новай пасадзе ў больш спакойным ключы. "Таксама скажу шчыра, Сямёну Барысавічу ўласцівы рэзкаваты стыль работы. Напэўна, пасля такога часу строгага кіравання вобласцю (а гэта было неабходна) будзе нядрэнным больш спакойны стыль, уласцівы Краўцову, скажам, больш інтэлігентны. Шапіра па стылі прыкладна як Прэзідэнт, вельмі рэзкі, строгі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вам патрэбны больш спакойны стыль у Гродзенскай вобласці. Там крыху іншыя людзі, чым на Міншчыне".
"Вось сёння ў Мінскай вобласці трэба наводзіць строгі парадак. Трэба дабаўляць у гэтым плане. Яго (Сямёна Шапіры) стыль тут уласцівы, адкідаючы тыя памылкі, якія былі", - адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і Уладзіміру Краўцову, нягледзячы на знешні спакой, уласціва ўменне дабівацца рэалізацыі прынятага рашэння.
"Ну а наогул, што датыцца вашых назначэнняў, гэта нармальна, калі ідзе ратацыя кадраў. Мы часта забывалі аб гэтым і атрымлівалі негатыўныя вынікі. Таму гэта нармальны працэс. На Шапіры і Краўцове ён не завяршаецца. Ратацыя кадраў будзе ісці і далей, і, магчыма, больш актыўна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Я, вядома, Сямёна Барысавіча бачыў ва ўрадзе, але ён хоча займацца жывой работай. Гэта, напэўна, характарыстыка для ўрада, што ён у нас нежывы, - заўважыў беларускі лідар. - Але калі ён хоча займацца ў сваім зусім маладым узросце яшчэ гэтай работай, я гэта вітаю".
"Там стыль работы іншы", - адрэагаваў Сямён Шапіра.
"Галоўнае, каб быў вынік, ні справаздачы, ні самасправаздачы. Навучыцеся дзейнічаць канкрэтна, без усялякіх лішніх нарад, не дай бог у рабочы час, без тузання кадраў. Запрасіце кіраўнікоў адміністрацый у гарадах, старшынь райвыканкамаў, вашых непасрэдных падначаленых і дамоўцеся з імі аб тым, як вы будзеце рэалізоўваць тыя задачы, якія перад вамі стаяць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што губернатар павінен займацца ў сваёй вобласці і пытаннямі развіцця прадпрыемстваў, нягледзячы на ведамасную падпарадкаванасць. "Я вельмі спадзяюся, што губернатар не будзе гаварыць, што, напрыклад, "БелАЗ" - гэта ў веданні Сямашкі або Мясніковіча. Ён ваш перш за ўсё, і праблемы "БелАЗа" перш за ўсё вашы. Умейце нагружаць урад для вырашэння пытанняў у іх зоне адказнасці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай вырашаюць. Але вы павінны церабіць іх, пачынаючы ад правоў работніка, зарплаты да рэалізацыі прадукцыі. І самі падключайцеся".
"Барыс Батура таксама можа сказаць: вы ведаеце, дрэваапрацоўка - гэта Сямашкі, "Барысаўдрэў" і гэтак далей - гэта не маё. Яго! І я гэтым самым паказаў, што гэта, перш за ўсё, губернатара аб'ект. Тым больш, калі ты мне гэта абяцаў", - дадаў беларускі лідар.
"Вы, як Прэзідэнт, адказваеце за гэту зямлю, вам дадзены вялікія правы. Дзейнічайце! Вы падсправаздачныя толькі Прэзідэнту. Парайцеся з Урадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта, калі трэба, з міністрамі. Але калі вы выпрацавалі рашэнне і гэта кансалідаванае меркаванне, вы павінны што б там ні было дабіцца выканання гэтага рашэння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я нічога новага вам не сказаў. Мы з вамі людзі аднаго пакалення, проста жыццё і лёс расставілі нас на розныя прыступкі службовай лесвіцы. Але адказваць нам, колькі тут да выбараў засталося. Выберуць нас, не выберуць, давераць людзі, не давераць - гэта справа дзясятая, але ацэньваць нас будуць абавязкова. І мы штосьці павінны людзям прад'явіць. Таму я вельмі вас прашу, каб вы прынялі гэта пад увагу", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў праз некаторы час наведаць абедзве вобласці і выслухаць прапановы аб далейшых шляхах развіцця гэтых рэгіёнаў. Пакуль жа губернатараў прадставяць на новых пасадах прэм'ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. "Я прыеду да вас, калі вы ўступіце на пасаду, разберацеся са сваімі пытаннямі. Напэўна, гэта будзе студзень або пачатак лютага. І я вас не з кветкамі буду там прадстаўляць, гэта зробяць ужо гэтымі днямі мае прадстаўнікі, а я буду слухаць ваша бачанне перспектыў развіцця Гродзенскай і Мінскай абласцей. Я крыху змяніў у гэтым плане тактыку. Лічу, гэта будзе правільна", - рэзюмаваў беларускі лідар.