Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам
- 12
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапануе выпрацаваць новую "дарожную карту" беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 16 ліпеня ў Пекіне на перагаворах са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у пашыраным складзе.
"Вы вельмі дакладна сёння сказалі аб тым, што мы выходзім на новую ступень нашых адносін, ступень стратэгічнага партнёрства. Для гэтага трэба выпрацаваць на перспектыву новую праграму - "дарожную карту". Гэта тое, што нам сёння трэба. І я ўпэўнены, што да канца года нашы ведамствы, урады змогуць прапанаваць такую праграму далейшага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і КНР", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за запрашэнне наведаць Кітай, а таксама за гасціннасць, аказаную беларускай дэлегацыі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў вялікую адкрытасць і змястоўнасць двухбаковых перагавораў, што лідары дзвюх краін правялі ў вузкім складзе. "Асаблівасць гэтых перагавораў, якія вельмі зацягнуліся ў вузкім складзе, але былі на карысць нашым адносінам, у тым, што яны маюць беспрэцэдэнтную адкрытасць. Гэта нашы асабістыя адносіны, якія ўжо маюць сваю гісторыю, няхай і невялікую", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу, Сі Цзіньпін заявіў, што адносіны Кітая і Беларусі выйшлі на бэспрэцэдэнтна высокі ўзровень: "Нашы адносіны няўхільна развіваюцца, пераадольваючы ступені адну за адной. Цяпер нашы адносіны фактычна выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень. Настаў новы этап імклівага развіцця двухбаковых адносін".
Старшыня КНР падкрэсліў, што беларускі Прэзідэнт з'яўляецца вялікім сябрам кітайскага народа. "Вы ўнеслі вельмі вялікі ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін. У гэты гістарычны момант, калі нашы адносіны выходзяць на якасна новы этап развіцця, Ваш візіт, я ўпэўнены, абавязкова надасць дадатковы стымул далейшаму развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - сказаў Сі Цзіньпін.
Кітайскі лідар таксама адзначыў, што ў ходзе перагавораў з Кіраўніком беларускай дзяржавы ў вузкім складзе бакі абмяняліся думкамі па розных пытаннях двухбаковых адносін і дасягнулі шматлікіх важных дамоўленасцей.
Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі дэкларацыю аб устанаўленні паміж Беларуссю і Кітаем адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.
Кіраўнікі дзяржаў з задавальненнем адзначылі, што з 20 студзеня 1992 года - дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і КНР пастаянна захоўваецца дынаміка ўстойлівага і здаровага развіцця двухбаковых адносін.
У сумеснай дэкларацыі заяўлена аб рашэнні ўстанавіць адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і гатоўнасці прадаўжаць умацаванне палітычнага ўзаемадаверу, актывізаваць каардынацыю і ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, паглыбляць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, нарошчваць гуманітарныя сувязі, а таксама кантакты па лініі грамадскасці. "Бакі маюць намер распрацаваць Праграму развіцця адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і КНР", - гаворыцца ў дакуменце.
Беларусь і Кітай таксама дамовіліся нарошчваць кантакты на вышэйшым, высокім і іншых узроўнях, актывізаваць сувязі і супрацоўніцтва па лініі заканадаўчых органаў дзвюх краін, пашыраць і паглыбляць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.
У дэкларацыі падкрэсліваецца, што рашучая ўзаемная падтрымка і цеснае ўзаемадзеянне па пытаннях, якія закранаюць дзяржаўную незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасці, інтарэсы нацыянальнай бяспекі і развіцця, з'яўляюцца важным складальнікам усебаковага стратэгічнага партнёрства.
Беларускі бок зноў пацвердзіў сваю прыхільнасць палітыцы "аднаго Кітая" і прызнае, што Урад КНР з'яўляецца адзіным законным Урадам, які прадстаўляе ўвесь Кітай, а Тайвань - неад'емнай часткай тэрыторыі Кітая.
У сваю чаргу кітайскі бок пацвердзіў, што з разуменнем і павагай ставіцца да незалежнай унутранай і знешняй палітыкі, якая праводзіцца Рэспублікай Беларусь, і выбранага краінай шляху развіцця, падтрымлівае намаганні Беларусі, накіраваныя на абарону дзяржаўнай незалежнасці, суверэнітэту, забеспячэнне сацыяльна-палітычнай стабільнасці і развіццё народнай гаспадаркі, выступае супраць знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі з якой бы там ні было прычыны.
У дакуменце адзначаецца, што краевугольным каменем кітайска-беларускага супрацоўніцтва з'яўляецца эканамічнае ўзаемадзеянне, уключаючы гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае. Бакі дамовіліся прымаць дзейсныя меры па нарошчванню маштабу гандлю, паляпшэнню гандлёвай структуры, павышэнню ў ёй долі прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю і высокатэхналагічнай прадукцыі.
Беларусь і Кітай таксама будуць заахвочваць стварэнне на тэрыторыях дзвюх краін новых сумесных прадпрыемстваў і зборачных вытворчасцей, умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы інфраструктурнага будаўніцтва, машынабудавання, тэлекамунікацый, будматэрыялаў, энергетыкі, хімічнай прамысловасці, фінансаў і іншых сферах, прыкладаць намаганні да паляпшэння інвестыцыйнага клімату для інвестараў бакоў.
Заяўлена таксама аб гатоўнасці паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Бакі маюць намер абмеркаваць распрацоўку пагаднення і двухбаковай праграмы супрацоўніцтва ў гэтай сферы, а таксама магчымасць фінансавай падтрымкі, у тым ліку льготнага крэдытавання, для рэалізацыі праектаў, якія будуць уключаны ў праграму.
Бакі дамовіліся прыкласці вялікія намаганні для развіцця шматпланавага гуманітарнага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах і на розных узроўнях, пацвердзілі адзінства або падабенства поглядаў і падыходаў да сучасных міжнародных і рэгіянальных пытанняў, выказалі гатоўнасць умацоўваць узаемадзеянне ў рамках ААН, ШАС і іншых шматбаковых арганізацый.
Беларусь і Кітай выступаюць супраць умяшання ў знешнія справы дзяржаў з выкарыстаннем праблематыкі правоў чалавека. "Бакі лічаць, што ўніверсальны прынцып правоў чалавека павінен сумяшчацца з нацыянальнымі асаблівасцямі розных краін, што любая дзяржава мае права выбраць сабе такі шлях развіцця правоў чалавека, які адпавядае сваім унутраным рэаліям, а таксама яго гістарычным і культурным традыцыям", - адзначаецца ў сумеснай дэкларацыі.
Прымяняльна да развіцця падзей у рэгіёне Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу заяўлена аб падтрымцы краін і народаў рэгіёна ў іх імкненні самастойна вызначаць шлях развіцця, які адпавядае нацыянальным асаблівасцям, заахвочванні зацікаўленых бакоў урэгуляваць рознагалоссі шляхам інклюзіўнага палітычнага дыялогу. Што датычыцца іранскай ядзернай праблемы і сірыйскай праблемы, то, на думку Беларусі і Кітая, яны павінны вырашацца палітыка-дыпламатычнымі сродкамі.
Бакі таксама выступілі супраць любых спроб пераглядзець гістарычныя вынікі Другой сусветнай вайны.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Сі Цзіньпіна наведаць Беларусь з візітам у зручны час.
Прадукцыйныя перагаворы ў Пекіне правялі і члены афіцыйнай беларускай дэлегацыі. У многім іх вынікам стала падпісанне ў прысутнасці лідараў Беларусі і Кітая значнага пакета дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.
Бакі заключылі міжурадавыя пагадненні аб рэалізацыі праекта па будаўніцтву тэрапеўтычнага корпуса ва ўстанове аховы здароўя "Мінская цэнтральная раённая бальніца"; аб рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь праекта па будаўніцтву студэнцкага інтэрната; аб тэхніка-эканамічным супрацоўніцтве.
Генеральная пракуратура Беларусі і Вярхоўная народная пракуратура КНР заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Падпісана пагадненне паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Дзяржаўнай адміністрацыяй абарончых тэхналогій і прамысловасці КНР аб супрацоўніцтве ў галіне касмічных і абарончых тэхналогій.
Заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з правінцыяй Гуандун па Кітайска-беларускаму індустрыяльнаму парку і аб стварэнні субпарку горада Харбіна на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.
Паміж Мінскам і горадам Шэньчжэнь падпісана пагадненне аб устанаўленні дружалюбных абменаў і супрацоўніцтва.
Заключана крэдытнае пагадненне аб прадастаўленні льготнага пакупніцкага крэдыту для рэалізацыі праекта "Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай".
Таксама падпісана генеральнае пагадненне паміж Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі і CITIC Construction Co., Ltd. (КНР) аб супрацоўніцтве па рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.
Паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і карпарацыяй Zhejiang Geely Holding Group заключана пагадненне аб арганізацыі серыйнай вытворчасці легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
На 17 ліпеня ў Пекіне запланаваны сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам і Старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнам. Актыўныя кантакты і перагаворы з кітайскімі партнёрамі прадоўжацца і на ўзроўні членаў дэлегацыі. Да падпісання дадаткова рыхтуюцца каля 20 двухбаковых дакументаў, рэалізацыя якіх у канчатковым выніку будзе садзейнічаць стварэнню новых рабочых месц у абедзвюх краінах і павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння па розных напрамках. Усяго ў дні афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР плануецца заключыць кантрактаў і пагадненняў на $1,5 млрд.