Дзяржаўны візіт у Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам

  • 24

Беларусь разглядае В'етнам як аднаго з важнейшых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 снежня на перагаворах з Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Чыонг Тан Шангам, якія адбыліся ў рамках дзяржаўнага візіту беларускага лідара ў В’етнам.

"Мы ганарымся тым, што нашы адносіны выходзяць на новы ўзровень глыбокага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Як і В'етнам, Беларусь праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, накіраваную на павышэнне якасці жыцця людзей. Пазіцыі дзвюх краін абсалютна супадаюць па большасці пытанняў міжнароднага парадку дня.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў дзвюх краін ёсць вялікія рэзервы для далейшага развіцця адносін. Перш за ўсё, гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай сферы.

Аляксандр Лукашэнка не першы раз ужо знаходзіцца ў В'етнаме. "І я не пазнаю ваш В'етнам. Ён мяняецца на вачах. І  мы рады за вас. І мяне не пакідае пачуццё таго, што я прыехаў на родную зямлю", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт В'етнама, Беларусь паслядоўна прадаўжае свой шлях развіцця. "Я цвёрда ўпэўнены, што беларускі народ пад Вашым кіраўніцтвам будзе дасягаць новых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, што дапаможа палепшыць жыццё людзей і павысіць пазіцыю Беларусі ў Еўропе і на міжнароднай арэне", - лічыць Чыонг Тан Шанг.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках праведзеных перагавораў, Беларусь разглядае В'етнам у якасці плацдарма ў Паўднёва-Усходняй Азіі. "В'етнам - наш стратэгічны партнёр, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - В'етнам з'яўляецца нашым надзейным сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, калі хочаце - плацдармам, з якога мы гатовы супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі рэгіёна".

Прэзідэнты грунтоўна і дэталёва абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва, канстатуючы адсутнасць рознагалоссяў як па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, так і па міжнародным парадку дня. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіны супрацоўнічаюць у ААН, Руху недалучэння і па самых злабадзённых пытаннях парадку дня. "Мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго і ў далейшым будзем дзейнічаць у такім рэжыме", - сказаў беларускі лідар.

Бакі таксама актыўна падтрымліваюць міжурадавыя і міжпарламенцкія кантакты. Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся са сваім калегам аб неабходнасці павялічыць абмен дэлегацыямі на розных узроўнях з тым, каб супрацоўніцтва паміж краінамі выходзіла на больш высокі ўзровень.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што Беларусі і В'етнаму трэба паглыбляць гуманітарнае супрацоўніцтва, адносіны ў сферы культуры, адукацыі, спорту. На яго думку, у краін існуюць вялікія рэзервы для міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што ўзровень тавараабароту паміж дзвюма краінамі ў памеры $190 млн недастаткова высокі, калі ўлічваць патэнцыялы Беларусі і В'етнама. Беларускі лідар адзначыў, што ў час гэтага візіту падпісаны ўжо шэраг кантрактаў, якія будуць садзейнічаць нарошчванню аб'ёму ўзаемнага гандлю. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся са сваім в'етнамскім калегам, што неабходна павышаць узровень міжурадавай камісіі, каб у бліжэйшыя два гады тавараабарот паміж краінамі дасягнуў і перасягнуў $0,5 млрд.

Беларускі бок прапанаваў актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы нафтахіміі, аўтамабілебудавання, па лініі сумесных зборачных вытворчасцей у В'етнаме. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, для гэтага створана добрая аснова, падпісаны двухбаковыя дакументы, пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам. Беларусь і В'етнам дамовіліся актыўна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і інвестыцыям, ураўнаважыць гандлёвы баланс.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у разведцы і здабычы карысных выкапняў у В'етнаме і пастаўляць для гэтага неабходнае абсталяванне і тэхніку. Акрамя таго, на перагаворах размова ішла аб магчымасцях больш шырокай падрыхтоўкі спецыялістаў для народнай гаспадаркі, навукі В'етнама ў ВНУ Беларусі."Мы будзем рабіць усё магчымае, каб традыцыйна падтрымліваць узровень адукацыі ў В'етнаме, навучаючы ў нашых ВНУ будучых вучоных, фізікаў, ІТ-спецыялістаў і іншых", - запэўніў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, бакі вялікую ўвагу ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі. "Мы абсалютна падтрымліваем думку аб паглыбленні гэтага супрацоўніцтва. Забаронных тэм у адносінах па лініі ВПК няма, і мы будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі ў далейшым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і В'етнама прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносін паміж краінамі. Беларусь і В'етнам таксама падпісалі праграму супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, адукацыйнай і культурнай сферах на перыяд 2016-2018 гадоў. Акрамя таго, шэраг дакументаў падпісаны на міжведамасным узроўні.

Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся таксама з генеральным сакратаром ЦК Камуністычнай партыі В'етнама Нгуен Фу Чонгам. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, Беларусі і В'етнаму патрэбны новыя ідэі, якія выведуць дзяржавы на больш высокі ўзровень развіцця.   

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра помніць візіт генеральнага сакратара ў Беларусь. "У нас вельмі шмат агульнага, як у народаў, так і па напрамках развіцця, якіх прытрымліваецца В'етнам", - сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі адбудзецца Усебеларускі сход, на якім будуць выпрацаваны арыенціры развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку, а В'етнам рыхтуецца да правядзення ХІІ з'езда Камуністычнай партыі, дзе таксама будуць вызначаны напрамкі развіцця краіны. "І нам, і вам патрэбны новыя ідэі, якія выведуць нашы дзяржавы на больш высокі ўзровень развіцця". - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што Беларусі і В'етнаму на гэтым этапе важна не страціць той узровень супрацоўніцтва, якога дасягнулі краіны.

У сваю чаргу Нгуен Фу Чонг выказаў упэўненасць, што гэты візіт Прэзідэнта Беларусі ў В'етнам надасць новы імпульс двухбаковым адносінам і прынясе выгады бакам.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага сходу
В'етнама Нгуен Шынь Хунгам і прэм'ер-міністрам гэтай краіны Нгуен Тан Зунгам.

Прэзідэнт Беларусі таксама ўсклаў вянкі да Манумента Загінулым Героям і да Маўзалея Хо Шы Міна - першага Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам.