Афіцыйны візіт ў Расійскую Федэрацыю

  • 19
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў афіцыйны візіт у Расійскую Федэрацыю.

14 снежня самалёт Кіраўніка беларускай дзяржавы прыбыў у аэрапорт Унукава.

15 снежня Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата ў Маскве. У гэты ж дзень прайшлі перагаворы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.  

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін. У прыватнасці, значная ўвага на перагаворах была ўдзелена развіццю інтэграцыйных адносін. "Эканамічныя выклікі, з якімі мы сутыкаемся ў цяперашні няпросты час, не павінны весці да раз'яднанасці дзяржаў - удзельніц дагавораў аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і аб Еўразійскім эканамічным саюзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнты падрабязна абмеркавалі таксама пытанні роўнага доступу беларускіх тавараў на расійскі рынак. Уладзімір Пуцін выказаў Беларусі падтрымку ў гэтым плане.

У беларускіх вытворцаў добрая рэпутацыя на рынку Расіі. "Мы гатовы ўсямерна садзейнічаць у задавальненні патрэбнасцей расійскага рынку па тых групах тавараў, якія мы можам вырабляць канкурэнтна па цане і якасці", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён нагадаў, што шэраг ключавых экспартных пазіцый Беларусі вырабляецца з расійскіх камплектуючых, расійскай сыравіны, гэта значыць з'яўляецца рэальным прадуктам беларуска-расійскай кааперацыі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праграма імпартазамяшчэння Расіі - гэта рух у абсалютна правільным напрамку. "Вынік будзе, і літаральна ў бліжэйшым будучым, - перакананы Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Але гэта праграма ні ў якім разе не павінна пагаршаць магчымасці і ўмовы дзеяння нашых сумесных прадпрыемстваў, тым больш паставак беларускіх тавараў і паслуг". Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што такія роўныя магчымасці і ўмовы паставак беларускіх тавараў і паслуг замацаваны двухбаковымі пагадненнямі і нормамі ЕАЭС.

Акрамя таго, прэзідэнты абмеркавалі міжнародны парадак дня, у тым ліку сітуацыю ва Украіне, на Блізкім Усходзе, у іншых гарачых кропках планеты. "Беларусь па-суседску зацікаўлена ў міры на ўкраінскай зямлі", - сказаў лідар беларускай дзяржавы. Такой жа пазіцыі краіна прытрымліваецца і наконт сітуацыі на Блізкім Усходзе. "І разыходжанняў у нас з Прэзідэнтам Расіі абсалютна няма па гэтых праблемах", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі перагавораў, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў іх канструктыўны характар. "У нас няма закрытых тэм для абмеркавання, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы абсалютна давяраем адзін аднаму і адкрыта выказваем свой пункт гледжання на нашых перагаворах".
 
Кіраўнікі дзяржаў падпісалі 15 снежня сумесную заяву, у якой, у прыватнасці, выказалі намер скаардынаваць намаганні ў Саюзнай дзяржаве і Еўразійскім эканамічным саюзе па стварэнні дадатковых умоў для павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю і павышэння дзелавой актыўнасці рэальнага сектара эканомік дзвюх дзяржаў. У сумеснай заяве пацверджаны асноўныя прынцыпы ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства краін, вызначаны прыярытэт развіцця беларуска-расійскіх адносін.