Афіцыйны візіт Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Ільхама Аліева
- 16
Азербайджан заўсёды можа разлічваць на Беларусь, абедзве краіны былі і застаюцца надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі Ільхамам Аліевым.
Кіраўнікі дзвюх дзяржаў правялі перагаворы спачатку ў вузкім складзе, затым у пашыраным з удзелам дэлегацый дзвюх краін.
"Мы помнім, калі ў цяжкі час вы падставілі нам плячо, не аглядваючыся прытым. І калі-небудзь можна ў нюансах гэта ўсё расказаць, як можна вырашаць пытанні дружалюбна на працягу некалькіх дзён, у тым ліку і з вялікімі фінансамі", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы заўсёды былі абавязковымі людзьмі. Вы ў гэтым яшчэ раз пераканаліся, - дадаў ён. - Але тым не менш я вам вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу, асабліва ў цяжкі час".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Азербайджану і народу гэтай краіны, каб пры ўсіх нягодах ён быў на вышыні і пераадолеў усялякія цяжкасці, калі ён з імі сутыкнецца. "І ведайце, што тут у вас ёсць сябры", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў бакоў усталявалася практыка штогадовага абмену візітамі на вышэйшым узроўні.
"Калі мы ўзяліся цесна за беларуска-азербайджанскія адносіны, у нас і тавараабарот пайшоў, зніклі ўсялякія праблемныя палітычныя пытанні, у нас у асабістых адносінах - дай бог, каб у мяне былі з кожным кіраўніком такія адносіны, - адзначыў беларускі лідар. - Мы настроены, і дамовіліся ў свой час, на максімум".
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у цяжкі час у плане эканомікі дзве краіны захоўваюць тавараабарот на ранейшым узроўні, хоць з іншымі дзяржавамі адбыўся значны спад у гандлі.
"Мы зрабілі вялікі зачын, стварылі добры фундамент для нашых адносін", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Ільхаму Аліеву за ўсё тое, што азербайджанскі бок робіць для дзвюх краін, за супрацоўніцтва, якое падтрымліваецца ва ўсіх сферах. "У гэты няпросты для ўсяго свету, напэўна, а для нас тым больш, час рады вітаць вас у Беларусі. Мне вельмі прыемна, калі вы прыязджаейце, наш аднадумца, мой вялікі сябар, у Беларусі гэта ведаюць, сябар наогул беларускага народа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Азербайджана абсалютна няма ніякіх насцярожанасцей і закрытых тэм. "Мы з вамі супрацоўнічаем як у Беларусі вобласць з вобласцю. Вось такі ўзровень супрацоўніцтва, - адзначыў беларускі лідар. - Калі некаму не падабаецца, гэта іх праблемы. У нас забароненых тэм няма".
"Таму вы можаце заўсёды разлічваць на Беларусь", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ільхам Аліеў у сваю чаргу канстатаваў, што Азербайджан бачыць пазітыўную дынаміку і рэзультатыўнасць па ўсіх напрамках супрацоўніцтва з Беларуссю.
Ён канстатаваў, што Беларусь на шляху бурнага эканамічнага росту, у краіне актыўна вырашаюцца пытанні сацыяльнага дабрабыту. "Час цяпер няпросты ні для адной краіны, але тым не менш Беларусь захоўвае пазітыўную дынаміку развіцця, забяспечваецца грамадска-палітычная стабільнасць. Усе мы перажываем эканамічны крызіс, тым не менш Беларусь - адна з тых краін, якая найменш падпала пад уздзеянне гэтай з'явы", - сказаў Прэзідэнт Азербайджана.
Ільхам Аліеў падкрэсліў, што будзе вельмі рады ў наступным годзе зноў прымаць з афіцыйным візітам Аляксандра Лукашэнку. "Кожны візіт - гэта яшчэ адно палітычнае пацвярджэнне стратэгічнага характару нашых адносін. Вельмі шмат пытанняў, якія мы вырашаем па ўсіх напрамках у палітычнай сферы, сферы знешняй палітыкі, эканоміцы, прамысловасці", - сказаў Прэзідэнт Азербайджана.
Ад імя азербайджанскага народа ён пажадаў Беларусі новых дасягненняў. "І мы як сябры заўсёды будзем побач, заўсёды будзем радавацца вашым поспехам", - падкрэсліў Ільхам Аліеў.
Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана на сустрэчы ў вузкім складзе дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ад ваенна-прамысловага комплексу да нафтахіміі.
"Сэнс адзін: няма нічога закрытага. Мы абсалютна адкрыты для сваіх сяброў з Азербайджана", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбныя, брацкія адносіны дзвюх краін. "І толькі Ільхам Аліеў ведае, колькі нам трэба было часу і працы, каб выбудаваць гэтыя адносіны. І страціць мы іх не можам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Свет звар'яцеў. Вы бачыце, што адбываецца. І ў гэтым бурным, непрадказальным свеце нам сёння жыць, дакладней нават выжываць, і мы павінны трымацца адзін аднаго для таго, каб процістаяць тым пагрозам, якія сёння існуюць у свеце", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларусь і Азербайджан выказалі зацікаўленасць у нарошчванні магутнасцей сумесных вытворчасцей і пашырэнні мадэльнага рада тэхнікі, што збіраецца ў Азербайджане, а таксама ў стварэнні новых кааперацыйных вытворчасцей з азербайджанскімі кампаніямі з выкарыстаннем вырабленых на месцы дэталей і камплектуючых.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў высокую рэзультатыўнасць сумеснага з Азербайджанам праекта па зборцы беларускіх трактароў МТЗ, тэхнікі МАЗ і МЗКТ на Гянджынскім аўтамабільным заводзе. З 2007 года на яго плошчах сабрана больш за 6 тыс. трактароў "Беларус" і каля 3 тыс. аўтамабіляў і прычэпаў.
На думку беларускага лідара, нямала магчымасцей для пашырэння двухбаковага ўзаемадзеяння і ў іншых сферах. Так, беларускі бок можа прапанаваць недарагія, але надзейныя аўтобусы МАЗ малога і сярэдняга класа для ўдасканалення транспартных зносін, а таксама чыгуначныя пасажырскія паязды, што выпускаюцца сумесна са швейцарскай кампаніяй "Штадлер". Для гарадскіх перавозак - камфартабельныя аўтобусы на экалагічных газагенератарных рухавіках, зборку якіх можна наладзіць у Азербайджане.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускі ўдзел будзе карысным і ў далейшым удасканаленні транспартнай інфраструктуры Азербайджана. Напрыклад, у праектаванні ліній і пастаўцы абсталявання для арганізацыі руху хуткаснага гарадскога рэйкавага транспарту паміж цэнтрам Баку і яго прыгарадамі. У тым ліку ў забеспячэнні дадатковых камфортных умоў зносін з аэрапортам імя Гейдара Аліева.
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў Ільхаму Аліеву з улікам крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы акцэнтаваць увагу на новых ідэях і напрамках узаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін.
"Час патрабуе ад нас хуткіх, эфектыўных рашэнняў для нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння, у тым ліку і на рынках трэціх краін", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў разгледзець з удзелам дзелавых колаў Азербайджана кааператыўныя магчымасці ў галіне нафтахіміі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што істотныя рэзервы ёсць у развіцці сустрэчных паставак тытуню і цыгарэт. Паводле яго слоў, такія адносіны трэба ствараць на доўгатэрміновай аснове.
На думку беларускага лідара, асаблівую актуальнасць у сучасным свеце мае сфера інфармацыйных тэхналогій і абароны інфармацыі. Ён лічыць неабходным прадаўжаць працаваць над пошукам сумесных праектаў у гэтай галіне.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэта сустрэча на вышэйшым узроўні надасць дадатковы імпульс працэсу развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, напоўніць яго новым канкрэтным зместам.
"Азербайджан быў і застаецца надзейным сябрам і партнёрам Беларусі, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы гэтак жа шчыра і адкрыта садзейнічаць пашырэнню вашых інтарэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, калі вам гэта будзе выгадна".
Прэзідэнт Беларусі лічыць перспектыўным напрамкам стварэнне ў Беларусі кааперацыйных вытворчасцей па перапрацоўцы азербайджанскай сыравіны і паўфабрыкатаў з наступным выхадам на рынкі трэціх краін, у тым ліку Еўрапейскага саюза, улічваючы геаграфічнае месцазнаходжанне Беларусі і яе членства ў Еўразійскім эканамічным саюзе.
Урадам Беларусі і Азербайджана будуць дадзены адпаведныя даручэнні па дэталёвай прапрацоўцы гэтых і іншых напрамкаў.
Прэзідэнты абмеркавалі перспектывы актывізацыі супрацоўніцтва ў сферы вытворчай кааперацыі, рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў, прыцягнення інвестыцый і шмат іншага.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы былі вельмі канструктыўныя і плённыя. Бакі пацвердзілі стратэгічны характар двухбаковых адносін і канстатавалі адсутнасць праблем або разыходжанняў паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Сугучныя і падыходы да далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах стагнацыі сусветнай эканомікі і неадназначных прагнозаў развіцця міжнароднай сітуацыі.
У гэтым кантэксце прэзідэнты выказалі цвёрды намер надаць беларуска-азербайджанскім адносінам дадатковую дынаміку. Перш за ўсё гэта датычыцца гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
Бакі таксама выйшлі на новыя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных, нана-, біятэхналогій, ваенна-прамысловага комплексу, навуковых даследванняў.
Па выніках перагавораў прэзідэнты падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой пацвердзілі намер садзейнічаць развіццю палітычнага дыялогу паміж краінамі, умацаванню высокага ўзроўню даверу, узаемаразумення і шматпланавага супрацоўніцтва.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны дагавор і праграма аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Азербайджана да 2025.
Акрамя таго, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Дзяржаўным фондам сацыяльнай абароны Азербайджана падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне абавязковага дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі таксама нацыянальныя акадэміі навук дзвюх краін, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў і Фонд развіцця навукі пры Прэзідэнце Азербайджана.
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, рэалізацыя падпісаных дакументаў будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню ўзаемавыгадных беларуска-азербайджанскіх сувязей у палітычным, гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве.
"На заканчэнне яшчэ раз падкрэсліваю, што паміж Мінскам і Баку няма нявырашаных і невырашаемых пытанняў. Закрытых тэм для абмеркавання таксама няма. Мы былі і застаёмся надзейнымі стратэгічнымі партнёрамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"І нашы азербайджанскія сябры, нашы браты ў Азербайджане павінны ведаць, што ў Беларусі мы ўсё зробім для Азербайджана, на што мы здольныя. Мы заўсёды будзем помніць тую ролю, якую вы адыгралі ў адпаведныя цяжкія часы, падставіўшы нам плячо. Мы гэта добра помнім. І мы народ удзячны, заўсёды будзем гэтак жа падстаўляць сваё плячо азербайджанскаму народу, калі гэта спатрэбіцца", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны першаму намесніку прэм'ер-міністра Азербайджана Ягубу Эюбаву і старшыні наглядальнага савета вытворчага аб'яднання "Гянджынскі аўтамабільны завод" Ханлару Фаціеву. Высокай узнагароды яны ўдастоены за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам.